10 Сакавіка
10.03.2020

Анлайн-канферэнцыя «Дыягностыка і лячэнне гінекалагічных захворванняў»

logo
Вострае пытанне
173 0 129
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці можна захаваць яечнікі пры выдаленні эндаметрыёзных кістаў? Які спосаб дыягностыкі найбольш інфарматыўны для прафілактыкі раку палавых органаў? Пра якое захворванне могуць казаць балючыя вялікія месячныя або пеністыя выдзяленні? Чым небяспечны высокі пралакцін у біяхіміі? Ці трэба выдаляць яечнікі пасля выдалення грудзей?

На пытанні адказваюць:

  • Аляксандр Біч, галоўны ўрач Гарадской гінекалагічнай бальніцы г.Мінска, акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі, заслужаны ўрач Беларусі;
  • Святлана Шалковіч, дацэнт кафедры анкалогіі БелМАПА, кандыдат мед.навук, анколаг вышэйшай катэгорыі.

Мне 43 гады. На працягу некалькіх гадоў назіраецца павелічэнне менструальнага цыкла да 63 дзён перыядычна, 1-2 разы на год. Аналіз на гармоны добры, толькі пралакцін вышэйшы за норму – 747,1. З 2000 года – мастапатыя. Цяпер нічога не турбуе. УГД малочнай залозы ў норме. Як павышаны пралакцін уплывае на жаночае здароўе? Ці небяспечна гэта і што рабіць?

Аляксандр Біч: У вас пралакцін вышэйшы за норму. Неабходна прайсці абследаванне гіпофізу для выяўлення прычыны (МРТ галаўнога мозгу як варыянт). А затым наведаць гінеколага-эндакрынолага. Павышаны пралакцін уплывае на парушэнне менструальнага цыклу.

У мяне высокі пралакцін, п'ю кабергалін 0,75 таблеткі ў тыдзень. Але пасля спынення прыёму пралакцін зноў павышаецца да 1000. МРТ утварэнняў гіпофізу не выявіла. ТТГ раней быў павышаны – 4,2, цяпер у норме – 2,7. Ці магчымыя выпадкі, калі таблеткі не дапамагаюць і пралакцін заўсёды павышаны? Што ў гэтым выпадку рабіць? Наколькі моцна на ўзровень пралакціну ўплываюць заняткі спортам?

Аляксандр Біч, Святлана Шалковіч: Магчыма, вам трэба падабраць іншую дазіроўку прэпарата, бо ён павінен дапамагаць. Спорт ніякага ўплыву на ўзровень пралакціну не аказвае.

5 гадоў таму былі выдаленыя эндаметрыёзныя кісты. Нязначная частка яечнікаў была захаваная, але ў 38 гадоў надышоў клімакс. Адчуваю сябе добра, толькі часам (прыкладна раз у дзень) бываюць прылівы (раптоўнае адчуванне гарачыні, пачырваненне і ўзмацненне патлівасці). Ці трэба піць гармоны, каб падтрымліваць неабходны гарманальны фон?

Аляксандр Біч: Трэба праверыць асноўныя 4 гармоны: лютаінізуючы, фалікуластымулюючы, эстрадыёл і прагестэрон. Пасля гэтага прайсці кансультацыю гінеколага-эндакрынолага з мэтай вызначэння неабходнасці прымянення замяшчальнай гарманальнай тэрапіі.

Хацелася б пачуць ваша меркаванне аб працягласці прыёму замяшчальнай гарманальнай тэрапіі (ЗГТ). Ранні клімакс – у 36 гадоў, прыём фемастону ўжо каля 9 гадоў. Як гэты прэпарат уплывае на фіброзна-кістозную мастапатыю грудзей і дробную фібраадэному? Ці варта адмяняць пасля 9 гадоў прыёму або можна яшчэ пару гадоў прымаць?

Аляксандр Біч і Святлана Шалковіч: З улікам вашага ўзросту натуральнай прэменапаўзы пры адсутнасці клінічных праяў клімактэрычнага сіндрому можна адмовіцца ад ЗГТ, бо прэпарат можа неспрыяльна паўплываць на фіброзна-кістозную мастапатыю грудзей.

Мне 43 гады. З 18 гадоў стаіць дыягназ «хранічны двухбаковы аднэксіт». Лячыла шмат разоў, але да гэтага часу бывае востры боль у нізе жывата, магчымы нават ад невялікага пераахаладжэння. Ці можна вылечыць гэтую хваробу раз і назаўсёды?

Аляксандр Біч, Святлана Шалковіч: Пажадана ў перыяд абвастрэння болю прайсці поўнае клінічнае абследаванне ў гінеколага: мазок на ступень чысціні похвы, пасеў на бактэрыяльную флору з похвы, на ІППШ, УГД органаў малога таза, эндаскапічнае абследаванне кішэчніка (калонаскапія).

У маёй бабулі быў рак вульвы. Ці перадаецца гэты рак у спадчыну? Якія даследаванні і калі прайсці для прафілактыкі?

Святлана Шалковіч: Рак вульвы – неспадчыннае захворванне. Ён часцей бывае ў перыяд постменапаўзы, пасля згасання эстрагеннай функцыі арганізма, што з'яўляецца прычынай атрафіі вонкавых палавых органаў. Другая прычына раку вульвы – вірус папіломы чалавека. Таму ў маладым узросце варта праверыцца на ВПЧ. Пры наяўнасці дабраякасных утварэнняў вульвы варта іх лячыць своечасова.

Ці трэба пасля выдалення грудзей выдаляць яечнікі – прафілактычна? І як хутка?

Святлана Шалковіч: Неабходнасць выдалення яечнікаў павінен вырашаць анколаг індывідуальна – у залежнасці ад гісталагічнай формы раку малочнай залозы.

Ці абавязкова трэба выдаляць паліп у царвікальным канале? Ці ёсць іншыя метады выдалення, акрамя выскрабання пад агульным наркозам?

Аляксандр Біч: Выдаляць трэба ў абавязковым парадку з гісталагічным даследаваннем матэрыялу. На жаль, іншых спосабаў, акрамя выскрабання, не існуе.

Мне 38 гадоў. У 2018-ым правялі хіміяпрамянёвую тэрапію. Зараз пачала набіраць вагу без прычыны. Ці можна мне ўжываць гармоназамяшчальную тэрапію? Хочацца выглядаць добра, ды і косці трэба падтрымаць.

Святлана Шалковіч, Аляксандр Біч: Калі ў вас была негармоназалежная пухліна, тады прымяненне ЗГТ магчымае, але неабходная кансультацыя з вашым урачом.

Мне 34 гады. Каля 7 гадоў таму лячыла эрозію шыйкі маткі лазерным метадам. Вылечыла. Ці могуць у сувязі з гэтай аперацыяй быць праблемы з натуральнымі родамі?

Аляксандр Біч: Як правіла, лазерная тэрапія эрозіі шыйкі маткі не выклікае праблемаў з натуральнымі родамі.

Тры гады таму з-за вялікага эндаметрыю, апускання маткі яна была выдаленая разам з яечнікамі. Увесь гэты час карыстаюся вагінальнымі гарманальнымі свечкамі эстрынорм. Ці ёсць рызыка захварэць на рак грудзей?

Святлана Шалковіч: Выкарыстанне вагінальных гарманальных свечак у рэжыме 2 разы на тыдзень для лячэння атрафіі слізістай похвы мае мінімальныя рызыкі захворвання на рак грудзей.

Ці можа міёма маткі перарадзіцца ў злаякасную пухліну?

Святлана Шалковіч, Аляксандр Біч: Міёма маткі можа перарадзіцца ў саркому. Фактары рызыкі – хуткі рост фібраматознага вузла (павелічэнне яго ў два разы і больш на працягу года пры дынамічным назіранні).

Дачцэ 20 гадоў. Вельмі балючыя (часам вялікія) месячныя з самага пачатку менструацыі (першы дзень цыклу), суправаджаюцца болем у паясніцы, ванітамі, паносам, павышэннем тэмпературы цела, дрыжыкамі. Пры прыняцці болесуцяшальных таблетак у першую гадзіну пачатку менструацыі праходзяць амаль бязбольна. Цыкл рэгулярны. У падлеткавым узросце на УГД ставілі двухрогую матку, але ў 19 гадоў урач асаблівай паталогіі на УГД не заўважыла (магчыма, трохі седлападобная). Падкажыце, што праверыць і як палегчыць хваравітасць месячных? (Да родаў я таксама перыядычна пакутавала ад балючых месячных, пасля родаў усё прайшло).

Аляксандр Біч: Мяркуючы па ўсім, у вашай дачкі альгадысменарыя. Для памяншэння сімптомаў рэкамендуецца прымяняць абязбольвальныя прэпараты нестэроіднага раду і спазмалітыкі. Рэкамендую праходзіць раз на год абследаванне (УГД і палавыя гармоны).

На працягу года не праходзіць малочніца. Ні адны з прызначаных урачом лекаў не дапамагаюць. У чым прычына гэтага захворвання і наколькі небяспечная хранічная форма працякання для магчымасці зацяжарыць і нарадзіць у далейшым? Якія сродкі, абследаванні могуць дапамагчы?

Аляксандр Біч, Святлана Шалковіч: Часцей за ўсё малочніца – прыкмета імунадэфіцыту. Рэкамендую прайсці абследаванне (на ІППШ: фемафлор і на вірусныя інфекцыі, у тым ліку на ВПЧ і герпес). Непралечаная форма хранічнай малочніцы можа выклікаць праблемы з цяжарнасцю і яе цячэннем. Лячэнне любой гінекалагічнай інфекцыі павінна праходзіць сумесна з палавым партнёрам.

Як называецца генетычны аналіз, які можна здаць для вызначэння схільнасці да раку малочнай залозы і яечнікаў?

Святлана Шалковіч: Для вызначэння схільнасці да раку малочнай залозы і яечнікаў трэба здаваць генетычны аналіз на мутацыі ў генах BRCA1 BRCA2. Здаць гэтыя аналізы можна ў РПНЦ анкалогіі і анкадыспансеры г.Мінска.

Ці эфектыўныя аналізы на анкамаркеры альбо 100% гарантыі яны не даюць?

Святлана Шалковіч: Анкамаркеры не даюць стопрацэнтнай гарантыі па выяўленні раку. Яны не з'яўляюцца органаспецыфічнымі, акрамя маркера на выяўленне раку прадсталёвай залозы (прастатспецыфічнага антыгену (ПСА).

Як лепей правяраць малочную залозу (мне 34 гады): УГД ці МРТ?

Святлана Шалковіч: Для праверкі малочнай залозы існуе некалькі метадаў абследавання: УГД, мамаграфія, МРТ. Эфектыўнасць кожнага метаду залежыць ад узросту пацыенткі. У маладым узросце, калі тканка малочнай залозы мае жалезістую структуру, дастаткова эфектыўнае УГД. З узростам адбываецца замяшчэнне жалезістай тканкі на тлушчавую. Пры гэтай сітуацыі найбольш інфарматыўны метад – мамаграфія. Але самым эфектыўным метадам дыягностыкі ўтварэнняў малочнай залозы з'яўляецца МРТ з кантраставаннем – у любым узросце.

Ці ўплываюць як-небудзь палавыя гармоны на страваванне? На 5-10 дзень цыкла заўважаю, што няма апетыту і ежа ператраўліваецца вельмі цяжка (адчуваю цяжар). А на 18-21 дзень цыкла праяўляецца звярыны апетыт, і ўсё ператраўліваецца вельмі хутка.

Аляксандр Біч: Так, уплывае. Як правіла, пры нармальным менструальным цыкле могуць быць такія харчовыя праявы.

У мяне сіндром полікістозных яечнікаў (СПКЯ). Два гады пастаянна павышаны анкамаркер са-125. Індэкс Рома ў норме. УГД грудзей і органаў малога таза – норма. Ці варта ісці на прыём да анколага?

Святлана Шалковіч: Да анколага ісці не трэба. Неабходна назірацца ў гінеколага з кантрольным УГД органаў малога таза, бо пры сіндроме полікістозных яечнікаў ёсць рызыка ўзнікнення паталогіі эндаметрыю.

Мне 29 гадоў. Дыягназ: мікраадэнома гіпофізу. Раней піла гарманальныя прэпараты пры пастаноўцы дыягназу СПКЯ. Затым прэпараты адмянілі (УГД паказала норму). Праз некаторы час падаўжэлі дні непасрэдных месячных (пры нармальным цыкле), а ў сярэдзіне з'яўляюцца мазкі, якія працягваюцца 5-7 дзён. Ці трэба зноў піць гарманальныя прэпараты? І ці не прапушчу я больш сур'ёзны дыягназ? (Палавым жыццём не жыла).

Аляксандр Біч, Святлана Шалковіч: Рэкамендуем прайсці абследаванне з вызначэннем гармонаў шчытападобнай залозы, яечнікаў і наднырачнікаў, пасля чаго пракансультавацца ў гінеколага-эндакрынолага па пытанні прымянення гарманальных прэпаратаў.

У лістападзе выявілі вірус папіломы чалавека (ВПЧ) 51 тыпу (адносны Lg 2.4, абсалютны Lg 3.5). Пралячылася бетадынам і поліаксідоніем. Вынік біяпсіі: эпідэрмізаваная псеўдаэрозія, паракератоз і акантоз шматслойнага плоскага эпітэлію (МПЭ). У мужа таксама ВПЧ 51 тыпу (адносны Lg 3.9, абсалютны Lg 4.5). Якое лячэнне/прафілактыка неабходныя, каб «патушыць» вірус і бяспечна планаваць цяжарнасць?

Святлана Шалковіч, Аляксандр Біч: На жаль, лекаў супраць ВПЧ не існуе. Па выніках біяпсіі ў тканках эпітэлію шыйкі маткі ўжо існуюць паталагічныя змены, якія патрабуюць выканання павярхоўнай радыехвалевай канізацыі шыйкі маткі з наступным планаваннем цяжарнасці.

Мне 40 гадоў. Двое дзяцей. У апошні час пачала заўважаць: падчас авуляцыі (у сам дзень авуляцыі) у мяне ідуць крывяністыя вялікія выдзяленні. Гэта адбываецца праз месяц на працягу 4 месяцаў, раней такога не было. Гэта нармальна? У чым прычына?

Аляксандр Біч: Магчыма, гэта норма, але магчыма, і ёсць прычына. Таму рэкамендуем прайсці УГД органаў малога таза.

Мне 36 гадоў. Пасля нараджэння другога дзіцяці 2,5 гады таму я паставіла ўнутрыматачную спіраль (УМС). На працягу года перыядычна з'яўляўся дыскамфорт, сверб і смыленне ў вобласці похвы звонку, апошнія паўгода сімптомы ўзмацніліся. У студзені здала аналізы на ІПП (фемафлор скрын): інфекцый няма, але ў похве зусім няма бактэрый. Урач паставіла дыягназ «дысбіёз» і прызначыла таблеткі (вагілак, энтэражарміна). Падчас прыёму стан палепшыўся, пасля заканчэння курсу ўсё паўтарылася. Можа, варта выдаліць спіраль, а потым лячыць? І ці можна лячыць чымсьці іншым?

Аляксандр Біч: Больш лагічна было б выдаліць спіраль, узяць пайпель-біяпсію, паўтарыць фемафлор і ў залежнасці ад вынікаў прымаць рашэнне аб далейшым лячэнні.

Ці дастаткова вылечыць дысбіёз аднымі вагінальнымі прэпаратамі альбо неабходна лячэнне ўсяго арганізма?

Аляксандр Біч, Святлана Шалковіч: Дыягназ дысбіёзу ставіцца на падставе лабараторнага даследавання з выяўленнем пэўных відаў бактэрый і вірусаў, якія патрабуюць сістэмнага лячэння: як ужывання гарманальных вагінальных прэпаратаў, так і таблетаваных прэпаратаў.

У мяне дыягнастуюць эндаметрыёз маткі. Як лячыць? У мяне тры кесаравыя сячэнні, перавязаныя трубы i вельмi балючыя месячныя.

Аляксандр Біч: Лячэнне адэнаміёзу (эндаметрыёз маткі) залежыць ад ступені выяўленасці і яго формы. Часцей за ўсё патрабуецца прызначэнне гарманальных прэпаратаў. Таму рэкамендую кансультацыю ў гінеколага.

Мне 42 гады. У апошні час месячныя зрабіліся не такімі вялікімі, са згусткамі. Ці варта хвалявацца?

Святлана Шалковіч: Змена характару менструальнага цыклу патрабуе высвятлення прычыны, хаця б выканання УГД органаў малога таза для вызначэння стану эндаметрыю і яечнікаў.

Ці небяспечныя першыя роды пасля 40 гадоў?

Аляксандр Біч: Першая цяжарнасць пасля 40 гадоў патрабуе больш пільнага назірання ў жаночай кансультацыі (бо павялічваюцца перынатальныя рызыкі) і выпрацоўкі тактыкі вядзення родаў у стацыянары. Правільнае вядзенне цяжарнасці забяспечвае спрыяльны зыход родаў.

Ці мае сэнс рабіць прышчэпку ад ВПЧ пасля 40 гадоў?

Святлана Шалковіч: Першаснай мэтавай групай з'яўляюцца дзяўчынкі і хлопчыкі 9-14 гадоў. Гэта найбольш спрыяльны ўзрост. Другасная мэтавая група – жанчыны любога ўзросту, якія вядуць актыўнае сэксуальнае жыццё. Прышчэпка ў гэтых жанчын не вылечыць існуючую інфекцыю, але будзе гарантаванай абаронай ад наступных эпізодаў ВПЧ.

Мне 36 гадоў. Былі адны натуральныя роды ў 2008 годзе і адно кесарава сячэнне ў 2015-ым (двайняты). У апошні час вельмі часта пацягвае правы бок, спісваюць на магчымае ўтварэнне спаек пасля КС. У верасні 2019 года пры здачы аналізу крыві агульнага скрынінга «жаночае здароўе» ўсе паказчыкі былі ў норме, акрамя са125 – 44 адз/мл (пры норме 35). Гінеколаг сказаў, што нічога страшнага, рэкамендаваў пераздаць аналіз са125 праз 3 месяцы і кантроль УГД. У снежні аналіз са125 – 31.58 адз/мл, УГД – норма. Ці варта штосьці дадаткова здаваць або прайсці абследаванне? Ці трэба кантраляваць са125 і як часта? Ці звязана тое, што цягне правы бок, з гэтым паказчыкам?

Аляксандр Біч: Па прадстаўленых дадзеных я не бачу гінекалагічнай паталогіі, і кантраляваць са125 не трэба.

Фота – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

173 0 129

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх