12 Ліпеня
12.07.2019

Падгузкі, стрынгі, абразанне і першы сэкс. Усё, што вы хацелі ведаць, але баяліся спытацца ў дзіцячага ўролага (+відэа)

logo
Здароўе дзяцей
46 0 54
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Чым лепей падмывацца хлопчыку? Ці праўда, што няправільна падабраная бялізна здольная ўплываць на мужчынскае здароўе? Ці можна візуальна вызначыць, ці ўсё ў парадку з палавым развіццём юнака? Да якога ўзросту сачыць за здароўем вонкавых палавых органаў сына – прэрагатыва бацькоў? Як пагаварыць пра палюцыі і першы сэкс? На гэтыя і многія іншыя (не менш цікавыя) пытанні адказаў у студыі 24health.by галоўны пазаштатны дзіцячы ўролаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аляксей Кабяк у рамках новага праекта «Я толькі спытацца».

«Спонсарам» каверзных пытанняў разам з журналістам партала Здаровыя людзі стала мама двух сыноў Наталля Самсонава.

Агляду баяцца – але да ўролага хадзіць

Аляксей, ці можна сказаць, што дзіцячая ўралагічная паталогія расце?

Так. Гэта адбываецца за кошт таго, што паляпшаецца яе дыягностыка і выяўляльнасць. Больш за ўсё праблемаў (анамаліі ў развіцці) мы назіраем з боку вонкавых палавых органаў. Гэта разнастайныя грыжы, вадзянкі яечка, крыптархізмы, вострыя станы, звязаныя з запаленнем або з траўмай, гіпаспадыя. Гэта прыроджаныя парушэнні, прычыны якіх могуць быць звязаныя і з генетыкай, і з экалогіяй, і з ужываннем прадуктаў з эстрагенамі ды інш. Важна, што паталогіі, якія выяўляюцца, пры адсутнасці лячэння напрамую ўплываюць на рэпрадуктыўную функцыю.

Як часта хлопчыкаў трэба паказваць дзіцячаму ўролагу? Бывае так, што яны трапляюць на агляд толькі перад ваенкаматам і вельмі баяцца гэтага працэсу.

Сапраўды, такая сумная тэндэнцыя ёсць. Асабліва ў тых месцах, дзе адсутнічаюць вузкія спецыялісты. Таму хлопчыка аглядаюць не дзіцячыя ўролагі, а хірургі, траўматолагі. Гэта праблема. Калі весці гаворку пра планавыя медагляды, дык яны павінны адбыцца ў хлопчыка ва ўзросце 1 года, перад паступленнем у дзіцячы садок, затым у 10 гадоў і падчас прызыўной камісіі ў ваенкамаце. Бывае, што бацькі самі могуць выявіць пэўную праблему падчас купання, падмывання, пераапранання, догляду дзяцей. Тады яны могуць запісацца на кансультацыю.

На жаль, вузкіх спецыялістаў мала, але дапамога даступная. У Мінску, у прыватнасці, вядзецца 2 кансультатыўныя прыёмы. Адзін з іх – у 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы на базе кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення. Тут штодня па прынцыпе паліклінікі прымаюць 2 дзіцячыя ўролагі. Да іх можна трапіць па накірунку педыятраў або хірургаў участковых паліклінік па месцы жыхарства альбо на платнай аснове. Дакладна такі ж прыём вядзецца на базе РНПЦ «Маці і дзіця». Ёсць магчымасць звярнуцца і ў прыватныя медцэнтры.

Ці можа падлетак прыйсці на прыём сам?

Тэарэтычна можа. Але практычна да 18 гадоў ён юрыдычна недзеяздольны. Згоду на ўсякія маніпуляцыі, тым больш аператыўныя ўмяшанні, даюць бацькі або юрыдычна адказныя за яго асобы. На прыёме ўсё ж лепей быць з дарослымі. Бо толькі яны могуць даць згоду на аператыўнае і іншае ўмяшанне.

Што сабой уяўляе агляд у дзіцячага ўролага і чаму не трэба яго баяцца?

Як вучаць студэнтаў у інстытуце: агляд, збор анамнэзу, пальпацыя, перкусія. Паглядзелі, спыталіся, што турбуе, памацалі. Трэба высветліць, ці ўсё на месцы, ці няма дадатковых паталагічных утварэнняў у прыдатках або саміх яечках, у машонцы...

Гэта балюча?

Не. Прыкметай здароўя з'яўляецца пальпацыя без болю – чаго б там ні было. Калі яечка не балiць само па сабе, не перекручанае, не запаленае, дык болю не будзе.

Як рыхтавацца да агляду? Штосьці яшчэ трэба, акрамя чыстай бялізны?

Ванна, душ, чыстая бялізна. Нічога спецыяльнага рабіць не трэба.

Чым лепей падмывацца? Вадой, вадкім мылам, гелем для душа?

Хтосьці любіць мыла, хтосьці гелі, у тым ліку для інтымнай гігіены. Я па вялікім рахунку не бачу асаблівай розніцы паміж імі. Хутчэй гэта даніна модзе ці рэкламе. Калі хлопчык турбуецца пра чысціню палавых органаў рэгулярна і штодня (хаця б раз у 2 дні), дык мыцца можна проста вадой.

Гігіена сына – вотчына таты

Як правіла, падлеткі вельмі саромеюцца абмяркоўваць з дарослымі свае інтымныя скаргі. Яны лепей будуць сядзець ціха да апошняга...

Часцей за ўсё так і адбываецца. Гэта хутчэй даніна нашай ментальнасці. Мы як дзіцячыя ўролагі закранаем вобласць фізічнага здароўя, г.зн. анамалій з боку мочавыводзячых шляхоў, нырак, вонкавых палавых органаў. Праблемы псіхаэмацыянальнай уласцівасці не зусім наша прэрагатыва, з імі рэдка да нас звяртаюцца. Часцей за ўсё да нас прыходзяць, калі здарыўся першы палавы кантакт, штосьці не атрымалася, ёсць боль, надрыў, разрыў. Гэта тое, што павінна лячыцца, аперыравацца, але не абмяркоўвацца ў плане своечасовасці, карысці, рызыкі. Гэта доля бацькоў, у прыватнасці, таты. Лічу, што тата павінен паказваць сыну на ўласным прыкладзе. Мы ўсе вучым дзяцей чысціць зубы, мыць вушы. Дакладна гэтак жа тата або старэйшы мужчына ў сям'і павінен растлумачыць нюансы падмывання. Гэта не справа мамы, у яе такой «штукі» няма. А калі мама ў 5 гадоў прывяла на прыём да доктара і той зрабіў дзіцяці балюча, адкрыўшы галоўку, ніколі ў жыцці дзіця гэтага рабіць не будзе. У яго сфармуецца негатыўнае стаўленне да гэтай працэдуры.

Да якога ўзросту хтосьці з бацькоў можа знаходзіцца з дзіцем у ванным пакоі і кантраляваць працэс догляду вонкавых палавых органаў? Калі гэтая працэдура павінна быць адпушчаная пад самастойную адказнасць дзіцяці?

Да перыяду сарамлівасці, гэта прыкладна гадоў 7. У гэтым узросце ўжо альбо ёсць праблема, якая патрабуе рашэння, альбо ўсё нармальна.

На што павінны звяртаць увагу бацькі, ацэньваючы стан здароўя вонкавых палавых органаў хлопчыка?

На нармальную анатомію: 2 яечкі ў машонцы і роўны, правільнай формы палавы член. Калі ў дзіцяці няма ніякіх анамалій і адхіленняў, да пэўнага ўзросту ў любога здаровага хлопчыка, які нарадзіўся ў тэрмін, галоўка палавога члена шчыльна зачыненая крайняй плоццю. Гэта называецца фізіялагічны фімоз, які не патрабуе да пары спецыяльнага лячэння, у тым ліку аператыўнага. Часта мамы палохаюцца, але гэта нармальны стан для маленькага хлопчыка. Заўсёды прыводжу прыклад, што дзяўчынка да пэўнага ўзросту павінна мець цнатлівую пляву. Аналаг яе – крайняя плоць, якая абараняе галоўку ад механічных пашкоджанняў і інфекцый мачавых шляхоў. Фізіялагічны фімоз азначае, што ён ніяк не павінен парушаць акт мачаспускання і не з'яўляецца прычынай частых запаленняў з боку галоўкі палавога члена і крайняй плоці. Калі скаргаў няма, дык многія мае калегі лічаць фімоз фізіялагічным ледзь не да перыяду палавога выспявання. Хаця мой пункт гледжання, што галоўка павінна адкрыцца да ўзросту 7 гадоў.

А калі гэтага не здарылася?

Тады трэба ісці да спецыяліста і высвятляць, ці вымагае фімоз аператыўнага лячэння. Можа, патрэбныя кансерватыўныя методыкі або проста яшчэ пачакаць.

Вышэй за тату і дзеда з памерам не скокнеш

Як ацаніць проста візуальна, ці гарманічна працякае палавое развіццё падлетка: ці дастатковая для яго ўзросту даўжыня палавога члена, ці ўсё добра з палавымі гармонамі?

Усё індывідуальна. Многія пытаюцца пра 5-гадовага сына: а як у яго ўсё будзе праз 15 гадоў, падчас пубертату. Аднак пакуль перыяд палавога выспявання не скончыцца, ніхто пра гэта не скажа з поўнай упэўненасцю. Калі ў таты і дзеда ўсё ў парадку з памерам, дык, значыць, будзе ў каго расці і хлопчыку. Узровень палавых гармонаў ацаніць адэкватна немагчыма да таго часу, пакуль яны не запрацавалі па прызначэнню. Палавыя гармоны выпрацоўваюць не толькі яечкі, але і наднырачнікі. Тут праблемы бываюць на стыку спецыяльнасцяў, калі хлопчык быццам вялікі, а другасныя палавыя прыкметы не фарміруюцца ці яечкі не растуць. Гэта першасны або другасны гіпаганадызм, які лечыцца эндакрынолагамі. Уролаг у такой сітуацыі падключаецца толькі тады, калі яечка не на сваім месцы.

Ад падгузкаў – да стрынгаў

Часта бацькі сутыкаюцца з інфармацыяй пра тое, што падгузкі шкодныя і ўплываюць ў будучым на мужчынскае рэпрадуктыўнае здароўе....

Калі камусьці падабаецца мыць пялюшкі – на здароўе. У чым розніца паміж падгузкам і тымі ж баваўнянымі анучкамі? Той жа кампрэс. Ёсць падгузкі, якія дыхаюць. Гэта сучасны, вельмі зручны і просты спосаб. Адзінае, што падгузак, вядома, трэба своечасова мяняць. Але ў ім нічога не пераграваецца. Тым больш, што казаць пра перагрэў наогул важна ў той час, калі гонады інтэнсіўна растуць альбо спрабуюць функцыянаваць. Ад 0 да 3-5 гадоў яечкі знаходзяцца ў спячым стане. Яны проста павялічваюцца ў памерах – і ўсё.

Ці можа паўплываць на мужчынскае здароўе няправільна падабраная ніжняя бялізна?

Так. Калі яна цесная, вузкая, сінтэтычная, г.зн. перашкаджае нармальнай тэрмарэгуляцыі.

А што можаце сказаць пра модныя вузенькія штаны?

Напэўна, гэта больш актуальна для дзяўчынкі, у якой фарміруецца звужаны таз. Не думаю, што хлопчык будзе насіць настолькі вузкую вопратку, каб яму там усё сціскала і ён трываў гэты боль. Гэтая мода прыйшла не ўчора, але мы не бачым нейкага ўсплёску захворвання, звязанага з ёй.

Плаўкі, сямейныя трусы ці баксёры? Што лепей для здароўя?

Гэта справа густу. Галоўнае, каб не было сінтэтыкі, форма не такая важная. Хоць стрынгі.

Палюцыі і першы сэкс

Пасля першага палавога акта ў хлопчыка могуць выявіцца пэўныя ўралагічныя праблемы, якія былі невядомыя да гэтага?

Могуць. Палавы акт прадугледжвае эрэкцыю, калі палавы член у разы павялічваецца ў памерах. І калі ў стане спакою галоўка можа адкрыцца вонкі, крайняя плоць яе прапускае, дык пры эрэкцыі бывае ўшчамленне, парывы або надрывы вуздэчкі і крайняй плоці. Выявіць перадумовы да такой праблемы можна яшчэ да першага палавога кантакту. Бо ў хлопчыкаў здараецца спантанная эрэкцыя. Часта гэта здзіўляе бацькоў. Але гэта нармальны момант выспявання нервовай сістэмы, нервова-мышачных сувязяў, падрыхтоўка органа да дарослага жыцця. Калі малады чалавек заўважае, што ў стане спакою вельмі складана адкрываецца галоўка, дык лагічна выказаць здагадку, што пры эрэкцыі ў яго будуць праблемы. На аглядзе мы папярэджваем пра такую верагоднасць. Часам лепей зрабіць пластычную аперацыю, каб павялічыць дыяметр крайняй плоці.

Ці ўсе хлопчыкі сутыкаюцца з палюцыямі і як далікатна пагаварыць пра іх?

Усе. І хлопчыкі, і дарослыя мужчыны пры доўгім сэксуальным устрыманні. Трэба проста сказаць пра тое, што гэта сталенне. Большасць юнакоў гіперсэксуальныя, у іх у гэты перыяд бурная фантазія. Многія бачаць эратычныя сны, якія суправаджаюцца міжвольнымі эякуляцыямі.

Ці павінны вы паведамляць пра тое, што юнак пачаў жыць палавым жыццём?

Толькі бацькам. Я не прыхільнік нейкіх пакаранняў за ранні пачатак палавога жыцця. Рэзананс ідзе таму, што многія падлеткі робяць гэта няграматна, не задумваюцца пра наступствы. Таму расце колькасць палавых інфекцый і ранніх цяжарнасцяў. Калі ж усё адбываецца граматна, з адказнасцю, разуменнем сутнасці таго, што адбываецца, па згодзе і каханню, на здароўе. Раней пра такія рэчы наогул не казалі. І назвы ўжывалі: «сараматнае месца», «сорам». Але жыццё мяняецца. Маральныя асновы, догмы і табу пераглядаюцца. І тое, што было непрымальна дзесяцігоддзе таму, робіцца нормай.

Поўны варыянт гутаркі глядзіце на відэа.

Фота – Яўген Крэч.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

46 0 54

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх