19 Кастрычніка
19.10.2019

Палечым малыша... чароўнай вадзіцай

logo
Жывыя напоі
127 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Не сакрэт, што дзеці не вельмі любяць лячыцца: таблеткі і ўколы ім відавочна не ў радасць. А калі палечым іх мінеральнай вадой? Як і ў якіх выпадках лячэнне мінеральнай вадой пойдзе на карысць і будзе прыемным для дзіцяці? Пра гэта распавядае кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры педыятрыі ГрДМУ Таццяна Роўбуць.

Таццяна Іванаўна, як вядома, для нармальнай жыццядзейнасці органаў і сістэм малыша мае значэнне не толькі колькасць вадкасці, але і яе мінеральны склад. У чым спецыфіка мінеральнага абмену ў дзіцячым узросце?

Паступленне соляў у арганізм малыша, як правіла, перавышае іх выдзяленне, бо для росту і фарміравання арганізма дзіцяці патрабуецца засваенне вялікай колькасці мінеральных рэчываў. Макра- і мікраэлементы, якія паступаюць у дзіцячы арганізм з ежай і вадой, вызначаюць актыўнасць ферментаў, біяхімічныя працэсы ў арганізме, імунітэт, сінтэз гармонаў і іншых актыўных рэчываў.

Тканкі і органы дзіцячага арганізма ўтрымліваюць значна больш вады, чым дарослага. Па меры росту дзіцяці агульнае ўтрыманне вады ў арганізме памяншаецца. Нягледзячы на тое, што ў раннім узросце на адзінку масы цела прыпадае больш вады, дзіцячы арганізм горш за дарослы пераносіць страту вадкасці. Водна-электралітны абмен у дзяцей надзвычай лабільны. У іх лёгка ўзнікаюць станы як гіпер-, так і дэгідратацыі, таму вельмі важна захоўваць правільны пітны рэжым, не парушаючы пры гэтым мінеральны абмен у арганізме.

У чым асноўныя перавагі мінеральнай вады для дзіцячага арганізма?

Гэта адна з асноўных крыніц неабходных мінеральных рэчываў, у якіх востра маюць патрэбу зубы, сэрца і косці дзіцяці, якія растуць. У гэтай вадзе няма фарбавальнікаў, араматызатараў, цукру ды іншых некарысных дабавак.

Мабыць, бацькам трэба для пачатку прайсці лікбез, пазнаёміцца з класіфікацыяй чароўнай вадзіцы?

Абавязкова. Трэба ведаць, што ў залежнасці ад канцэнтрацыі соляў прыродная мінеральная вада дзеліцца на некалькі відаў.

  • Сталовая  – утрыманне соляў не перавышае 1 г на літр вады. Падыходзіць для штодзённага ўжывання. Як правіла, мяккая і прыемная на смак, без старонняга паху.
  • У лячэбна-сталовай утрымліваецца ад 1 да 10 г солі на літр. Такую ваду можна ўжываць як сталовы напой і сістэматычна – для лячэння.
  • Лячэбная – самая насычаная па солевым складзе. Яе мінералізацыя – больш за 10 г на літр. Яе можна піць строга па рэцэпце ўрача.

Якую мінеральную ваду і ў якой колькасці можна піць дзіцяці без шкоды для здароўя?

Дзецям можна штодня піць сталовую мінеральную ваду. Яна не прынясе шкоды, калі не злоўжываць. У залежнасці ад узросту можна выпіваць да 5 шклянак у суткі.

Яна адрозніваецца ад звычайнай пітной вады павышаным утрыманнем соляў, мікраэлементаў і ў нязначных колькасцях – біялагічна актыўных кампанентаў, якія вызначаюць яе карысныя ўласцівасці. Гэтыя рэчывы паляпшаюць абменныя працэсы, кровазварот, дапамагаюць абнаўляцца клеткам арганізма, аднаўляцца слізістай абалонцы ўнутраных органаў.

Яе могуць прымяняць для лячэння дзяцей да года. Галоўнае, каб мінеральная вада была натуральнага паходжання.

Якія паказанні для лячэння лячэбна-сталовай вадой?

Лячэнне такой вадой прызначае доктар для дзяцей, старэйшых за тры гады: пры хваробах стрававальнай сістэмы, алергічных захворваннях, вегета-сасудзістай дыстаніі, імунадэфіцытных станах, пры алергічных захворваннях. Рэкамендуецца вада слабай і сярэдняй мінералізацыі.

А супрацьпаказанні ёсць?

Вострая стадыя захворванняў СКТ, крывацёкі, хваробы, якія суправаджаюцца ацёкамі.

Ці існуюць агульныя прынцыпы прызначэння мінеральнай вады дзецям?

  • Не рэкамендуецца прымаць лячэбна-сталовую ваду з-за высокага ўтрымання ў ёй (звыш 10 мг) актыўных мікраэлементаў. Да прыкладу, мыш'яку або брому.
  • Не рэкамендуецца прызначаць сульфатную ваду дзецям і падлеткам, бо сульфаты перашкаджаюць росту касцей.
  • Не прызначаецца дзецям газаваная мінеральная вада: газ парушае працу страўніка і кішэчніка, памяншае колькасць карысных бактэрый.
  • Не рэкамендуецца халодная і гарачая мінеральная вада.

Якія метады лячэння выкарыстоўваюць?

  • Пітное лячэнне. Перад ужываннем ваду награваюць да 26-32 градусаў. Звычайна прызначаюць у цёплым выглядзе за 1-1,5 гадзіны да ежы тры разы на дзень. Аднак у залежнасці ад выгляду хваробы, формы яе працякання час прыёму можа быць іншым. Ужываць ваду трэба штодня на працягу 20-30 дзён, затым рабіць перапынак на 3-4 месяцы.
  • Выкарыстоўваюць мінеральныя ванны, робяць прамыванне страўніка, дванаццаціперснай кішкі, арашэнне слізістых абалонак, «сляпое зандаванне» або цюбаж, мікраклізмы.
  • У выглядзе інгаляцый. Выкарыстоўваюць вызваленую ад газу ваду: у выніку макрота робіцца менш вязкай і лягчэй выводзіцца з арганізма. Інгаляцыі праводзяць пры лячэнні адэноідаў, фарынгітах, ларынгітах, гаймарыце, пнеўманіі, рыніце інфекцыйнай або алергічнай этыялогіі. Гэты метад лячэння супрацьпаказаны пры частых насавых крывацёках, сардэчна-сасудзiстых парушэннях, пры тэмпературы цела, вышэйшай за 37,5°С.

Працягласць і якасць працэдур залежыць ад узросту дзіцяці, ад віду хваробы і стадыі яе працякання.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

127 0 18

Журналіст
Наверх