2 Ліпеня
02.07.2019

Піжма – ад глістоў, падбел – ад аблысення: чым лячыліся нашы продкі

logo
Тэхагляд арганізма
4 0 94
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З 7 чэрвеня па 7 ліпеня нашы продкі хадзілі па лясах, палях і збіралі лячэбныя травы (зёлкі), каб забяспечыць сябе лекамі на наступны год. Лічылася, што найбольшай сілай яны валодаюць менавіта ў дні летняга сонцастаяння. Збіралі не толькі травы і ягады, але і дзіўныя часткі дрэў з адтулінамі, якія нагадваюць вока, – для зняцця сурокаў.

Як лячыліся нашы бабулі і дзядулі, журналісту партала Здаровыя людзі распавёў дырэктар унікальнага музея СШ №3 г.Міёры, што на Віцебшчыне, краязнаўца Вітольд Ермалёнак.

«Лячэбныя» абярэгі

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
У нашым музеі «Сялянская хата» знаходзіцца драўляная рэч у выглядзе кола з караня сасны. Яе перадала ў музей Барбара Ермалёнак, 1925 года нараджэння, з вёскі Жэймяны Браслаўскага раёна. Паводле яе аповеду, гэты прадмет выкарыстоўваў яе бацька, Адам Крумін, для зняцця сурокаў з жывёлы. Праз адтуліну ў карані лілі на жывёлу замоўленую або асвечаную на Вялікдзень ваду. Па ўспамінах жыхароў, таксама падобныя прадметы выкарыстоўвалі для зняцця сурокаў і з людзей: лілі звычайную ваду праз гэты прадмет на клямку дзвярэй і казалі замову: «Як вада сцякае, так і порча хай сцякае». Потым гэтай вадой змывалі чалавека, якога сурочылі. У нашым музеі тры такія прадметы, у тым ліку ў выглядзе двух цесна сплеценых паміж сабою каранёў сасны. Па звестках Алесі Пацеенак, якая перадала гэтую рэч, праз сплецены корань лілі ваду на хворую жывёлу або чалавека і казалі замову.

ТОП-17 гаючых траў

 У этнаграфічным музеі сабраная вялікая калекцыя раслін, якія выкарыстоўваліся для лячэння.

Святаяннік

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
На Беларусі святаяннікам называюць «зверобой». Лекары мінулага сцвярджалі, што зёлка лечыць «ад 99 хваробаў». Яго заварваюць і п’юць пры страўнікава-кішэчных захворваннях, хваробах печані, крыві, скуры.

Чарніцы

Зараз якраз сезон чарніц. Нашы продкі нарыхтоўвалі іх цэлымі бочкамі. Чаму?

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Іх ужывалі пры хваробах страўніка, кішэчніку і пры паносах. Вялікая эфектыўнасць ад прыёму свежых ягад чарніц пры падагры, рэўматызме, пры парушаным абмене рэчываў.

Брусніцы

Брусніцы нашы продкі выкарыстоўвалі пры катары страўніка з недастатковай страўнікавай кіслотнасцю, пры паносах, рэўматызме, падагры.

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Ягады дзейнічаюць вельмі мачагонна і, як лічаць, без шкоды для нырак, нават пры вялікіх дозах.

Журавіны

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
25% нашага раёна займаюць балоты, дзе растуць гэтыя ягады. У народнай медыцыне журавіны ўжываюць пры гіпертаніі і паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку. Нашы продкі на зіму проста залівалі ягады вадой у цэбрах, і на працягу амаль 10 месяцаў яны былі, як свежыя.

Падбел

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Продкі скарыстоўвалі лісце падбелу разам з кветкамі пры кашлі, бранхіце, адсутнасці апетыту. Здробненае свежае лісце дапамагае пры запаленні венаў ног. Сумессю лісця падбелу і крапівы мыюць галаву пры выпадзенні валасоў.

Чыстацел

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
У Беларусі яго яшчэ называюць «падтыннік», ці «ластаўчына трава». Чыстацел выкарыстоўвалі для лячэння мазалёў, захворванняў скуры, печані. Падтыннік яшчэ называюць бародаўнікам, жоўтамалочнікам, рудзянцом, бо сокам гэтай расліны з поспехам выводзяць бародаўкі, мазалі, лечаць пухліны.

Дзівасіл

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
У народзе лічаць, што «дзевяць чароўных сіл» расліны паляпшаюць стан здароўя пры многіх захворваннях. 3 даўніх часоў дзівасіл вядомы як сродак лячэння ліхаманкі, запалення верхніх дыхальных шляхоў, ужываецца для паляпшэння стрававання і абмену рэчываў. Настой з дзівасілу засцерагае ад гастрыту, язвы.

Скрыпень

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Скрыпень здаўна ўжываюць у якасці заспакаяльнага сродку, як валяр’яну, пры гастрыце з павышанай кіслотнасцю, язвавай хваробе. Парашком з лісця пасыпаюць абмарожаныя месцы. Скрыпень ужываюць і ў ежу. Маладыя каранёвыя парасткі адварваюць, як спаржу, ядуць і сырымі.

Разак

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Ёсць у музеі трава «крываўнік» (руск. «тысячелистник»). У нашых мясцінах за ёй замацавалася назва «серпарэз», або «парэзнік». Яе назвалі так таму, што жанчыны, якія жалі жыта сярпом, часта мелі парэзы. Менавіта серпарэз хутка спыняў кроў і загойваў раны.

Бяссмертнік

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Бяссмертнік, цмен, або сухацвет. Народныя назвы гэтай зёлкі – кацялапкі, сухазелле. Цмен дапамагае пры неўралгіі, захворваннях печані, нырак.

Крапіва

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Крапіву спрадвеку нашы продкі шанавалі, бо часта яна ратавала ад смерці. Калі вясною сялянам не хапала хлеба, дык крапіва з лебядою ўжываліся ў ежу. Пасля зімы жыгучка дапамагала ад авітамінозу. Гэтая зёлка павялічвае колькасць гемаглабіну пры лячэнні малакроўя, добра загойвае раны.

Чабор

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Чабор ратуе ад кашлю, лечыць бранхіт і іншыя прастудныя захворванні. Карысная расліна пры захворваннях суставаў, мышцаў, нервовай сістэмы.

Палын

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Трава расліны лічылася вельмі гаючай і ўжывалася пры захворваннях нырак, як супрацьяддзе пры атручваннях. Гэтай травой лечаць пры захворваннях суставаў, бранхіяльнай астме, язве страўніка, выкарыстоўваюць для ўмацавання валасоў.

Рамонак

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Рамонкі валодаюць супрацьзапаленчым, супрацьалергічным дзеяннем. Каб надаць валасам залацістае адценне, пры мыцці нашы продкі заўсёды выкарыстоўвалі рамонкі.

Трыпутнік

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Трыпутнікам падарожнікі абкладвалі ногі, падэшвы, каб суняць стомленасць, залячыць мазалі і раны. У мінулыя часы чароўныя ўласцівасці зёлкі скарыстоўвалі пры захворваннях лёгкіх, страўніка, вачэй і вушэй. Увесну пры авітамінозе маладыя лісточкі трыпутніку можна дадаваць у салаты.

Верас

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Вялікую карысць для здароўя мае не толькі верасовы мёд, але і сам верас. Яго ўжываюць пры бяссонніцы ды іншых нервовых захворваннях. Лечаць верасам печань, ныркі, а яшчэ заварваюць траву і п'юць, як чай.

Піжма

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
Піжма з моцным камфорным пахам. Напой з яе кветак (20 г на 1 л вады) прымаюць у народзе пры болях у страўніку, пры паносах, як гарачкапаніжальны, патагонны сродак і той, што добра ўплывае на кішэчнік. Магчыма, што піжма ў шэрагу выпадкаў дзейнічае, дзякуючы ўтрыманню ў ёй горкіх рэчываў. Аднак ужываюць расліну галоўным чынам як глістагонны сродак супраць аскарыд, а таксама як сродак супраць блыхі, мухі.

Журавіны як брэнд

Нядаўна Міёрскі райвыканкам атрымаў грант Еўрапейскага Саюза на мільён еўра для рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна. Дзякуючы праекту, плануецца палепшыць развіццё базавай інфраструктуры, сацыяльных і экалагічных аб'ектаў, у тым ліку абсталяваць спартыўныя пляцоўкі, кемпінгі, мадэрнізаваць паслугі і інфраструктуру сістэмы аховы здароўя, падтрымаць грамадскія ініцыятывы насельніцтва. Важная частка праекта – развіццё мясцовасці на аснове сваіх брэндаў «Жураўлі і журавіны». У раёне знаходзіцца буйное балота Ельня, камора журавінаў.

Магчыма, гэты праект і не абыякавыя да сваёй спадчыны жыхары адродзяць забытыя веды продкаў, і журавіны зробяцца беларускім фірмовым БАДам.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

4 0 94

Журналіст
Наверх