16 Верасня
16.09.2017

Погляд знутры, ці Чаму мяне навучыла армія

logo
Знайдзі сябе
742 0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Разважаць пра армію: яе асновы, правілы, традыцыі, абрады, чалавеку, які не служыў, які не пазбаўляўся пэўнай свабоды, хай і на час, можна па-рознаму. Седзячы ў вузкім сямейным коле ці сярод блізкіх сяброў, лёгка смела, адкрыта, гучна гаварыць пра мноства праблем, непарадкаў, звязаных з ваеннай арганізацыяй і, як вынік, нежаданне служыць. Але калі вам злёсілася прымерыць зялёнае адзенне з пагонамі на плячах, адчуць смак салдацкай долі, а таксама кашы, забудзьцеся на тое, што было раней. Наперадзе ў вас доўгі і насычаны шлях. Адначасова цярністы і запамінальны, напоўнены як цяжкімі перашкодамі, так і нястрымнай весялосцю. Братка, ты ў арміі!

Мне давялося аднойчы пачуць гэты бравы покліч, што азнаменаваў пачатак прыгод, якія расцягнуліся на год. Многія таварышы па службе (некаторыя і дагэтуль застаюцца ў арміі) заўзята абураліся: “маўляў чаму яны, кіроўцы трактараў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, працаўнікі, важныя, заслужаныя людзі ў сваім пасёлку вымушаны служыць паўтары гады, а я, маладзён з вялікага горада, нейкі там журналіст, хай сабе і з вышэйшай адукацыяй, беларучка, які дагэтуль не зведаў сапраўднай працы, адкручуся ўсяго толькі адным?” На гэта пытанне, па-праўдзе, я і сам адказу не ведаў, і папросту разгублена паціскаў плячыма. Адносіны з хлопцамі з часам, безумоўна, выправіліся, але нейкая зайздрасць у іх сэрцах, мяркую, усё ж засталася.

Першае і самае галоўнае, што вы павінны зразумець, — забудзьцеся на сваё становішча на цывільнай службе, кім вы былі і чым займаліся.

Паважаць сябе, адчуваць пэўны гонар за былыя залугі, дасягненні, безумоўна, варта. Інакш ніяк. Калі не будзеце паважаць сябе самі, ніколі не ўбачыце павагу ў вачах іншых. Атрымаеце ў армейскім асяроддзі аўтарытэт такога сабе паслухмянага сабачкі, якога можна дрэсіраваць, якім дазваляецца кіраваць і маніпуліраваць. Вось толькі моцна выхваляцца мінулымі здзяйсненнямі таксама не варта. Армія – гэта сапраўдны зрэз грамадства, тут кожны, паспяховы і не вельмі, служачы і працоўны, усяго толькі частка, дробная дэталь агромністага вайсковага механізму. Дапусцім, вы, паводле вашага сціплага меркавання, чалавек паважаны. Доўга знаходзіліся ў знатным культурным грамадстве. Мяркуеце, што са звычайным вясковым прасцяком вас нічога не аб’ядноўвае і гутарыць з ім няма пра што. Але паверце, калі гэты хлопец пачне рэгулярна частаваць вас галоднага, а значыць і злога, салам, у арміі гэты прадукт папулярны, вы дакладна падабрэеце і зменіце пункт гледжання. І прычына гэтага не ў смачнай страве альбо вашай карыслівасці, а ў яднанні малазнаёмых людзей, узаемнай падтрымцы, дапамозе. Хутчэй за ўсё, гэты вясковы філантроп увогуле стане вашым добрым прыяцелем. Так усё працуе!

Другое. Заўжды заставайцеся самім сабой.

Сапраўдным, простым, шчырым. Як бы ні было цяжка. Прымайце рашэнні ўзважліва і самастойна, абапіраючыся на свае ўяўленні пра жыццё. Несумненна, у нейкіх сітуацыях вам будзе нялёгка. Але менавіта так вы зможаце загартаваць характар, узняцца над уласнымі слабасцямі, страхамі, знішчыць іх, займець сапраўдных сяброў. Запомніце, павагі заслугоўвае толькі той, хто не баіцца адстойваць свае погляды, прынцыпы, перакананні. Абараняць іх любой цаной, а калі трэба, і сілай. Па-мойму, гэта галоўная місія арміі: тут юнак абавязаны стаць мужчынам. Годна пераадолеўшы ўсе складанасці, дома вам не будзе сорамна ўзгадаць армейскія будні, не схлусіўшы падзяліцца імі з блізкімі людзьмі. Некаторыя, аднак, становяцца акцёрамі, прафесійна прымерваюць і перыядычна мяняюць разнастайныя маскі. Зручная мадэль паводзінаў для крывадушных. Так, ім прасцей, для іх робяць паслабленні, яны здольныя ўваходзіць у замкнёныя для іншых дзверы. Але калі сустрэнеце такіх людзей на цывільнай службе, вам не захочацца паціскаць ім руку. Лепш абыйсці іх. А кім быць, вырашаць толькі вам!

Трэцяе. Захоўвайце самавалоданне.

Надта важна быць псіхалагічна ўстойлівым да розных сцэнарыяў. Безумоўна, у стрэсавых умовах часта эмоцыі пераважаюць над розумам, але чысты і цвярозы погляд павінен быць вашай галоўнай зброяй. Не варта бесперапынна думаць, чаму вы тут знаходзіцеся. Успрымайце армію, як адзін са значных жыццёвых этапаў, які трэба годна і з гонарам пераадолець. Не пачынайце вострыя звадкі з афіцэрамі. Вы на іх тэрыторыі, і вымушаныя гуляць па іх правілах. Пры гэтым у любы момант будзьце гатовыя зрабіць канкрэтныя прапановы, растлумачыць сваю пазіцыю, абгрунтаваць уласнае меркаванне. Такім чынам вы пакажаце сябе ў камунікацыі з афіцэрамі спакойным, разважлівым чалавекам, з цвярозым розумам. Вы будуеце выдатны плацдарм для калі не сяброўскіх, то паважлівых і раўнапраўных адносін.

Чацвёртае. Разумна праяўляйце ініцыятыву.

Падрыхтуйцеся да таго, што вашу працу не заўсёды ацэняць, адзначаць, а тым больш узнагародзяць. У арміі доля прыбіральшчыка снегу, посуду, казармы чакае кожнага, вось толькі больш за іншых працаваць не варта. Неўтаймоўнае жаданне ўсімі сіламі заслужыць ухваленне і прызнанне — няправільная стратэгія, утапічнае рашэнне. Правільна размяркоўвайце сілы, улічвайце ўласныя магчымасці. Ці распавядаць пра свае навыкі, таленты, ці ўсё ж замоўчваць іх — пытанне спрэчнае. Да прыкладу, салдат-мастак можа займацца партрэтам афіцэрскай жонкі падчас напружанай, цяжкай працы таварышаў па службе, але існуе верагоднасць, што і ў моманты салодкага, моцнага сну астатніх. Выбар, як палонны, цалкам вам залежны ад вас.

Пятае. Атрымлівайце задавальненне ад усяго, што адбываецца.

Відавочна, вы чалавек падуладны, абмежаваны ў свабодзе дзеянняў, учынкаў. Але калі яшчэ вы атрымаеце асалоду ад смаку халвы, пазмагаецеся з вопытнымі мужчынамі ў спаборніцтвах па зімовым футболе, з захапленнем паглядзіце ў гарадскім кінатэатры бессэнсоўны заходні баявік? Самотная хатняя талерка, якую не заўжды хочацца мыць, магічным чынам ператворыцца ў сотню такога ж кшталту прылад на армейскай кухні, а добра намаляваную ў камп’ютарнай гульні зброю заменіць сапраўдны аўтамат, замацаваны за вамі асабіста. Ён, нібы дзяўчына, патрабуе ўвагі, клопату, пяшчоты. Аднак, выдатная трэніроўка перад будучымі адносінамі.

У арміі пільная ўвага фізічнай падрыхтоўцы. Гарантавана вы станеце больш моцным, трывалым, але не забывайцеся інтэлектуальна развівацца, чытаць і камунікаваць з разумнымі людзьмі.

Не выключаю, што мае парады не надта правільныя, павярхоўныя, адарваныя ад жыцця. Я праходзіў службу ў войску ваенна-паветранных сiл і супрцьпаветранай абароны, не ўсвядоміў сапраўдных цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца юнакі з дэсантных падраздзяленняў, сіл спецыяльнага прызначэння. Скажу толькі, ва ўсіх сітуацыях заставайцеся перш за ўсё чалавекам, і людзі дакладна да вас пацягнуцца.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

742 0 46

Наверх