20 Лістапада

Прадухіліць непапраўнае. Эксперты аб прычынах дэпрэсіі і думках пра суіцыд сярод моладзі

Здароўе дзяцей
146 0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для многіх падлеткавы ўзрост і першыя дарослыя гады – вельмі цікавы час. Але, разам з тым, гэта час хваляванняў і стрэсаў. А перажыванні могуць прывесці да развіцця псіхічных расстройстваў, якія без належнага лячэння могуць зрабіцца прычынай дэпрэсій і нават суіцыдальных думак. Па дадзеных СААЗ, палова ўсіх псіхічных хваробаў пачынаецца ва ўзросце каля 14 гадоў.

Прэс-канферэнцыя па падлеткавых суіцыдах.

Так, па словах кіраўніка Краінавага офіса СААЗ у Беларусі Батыра Бердыклычава, кожныя 40 секунд у свеце адбываецца адзін выпадак самагубства (сярод усіх узростаў). Разам з тым, суіцыды – другая вядучая прычына смяротнасці для ўзроставай катэгорыі ад 15 да 29 гадоў. А падобныя выпадкі можна прадухіліць, упэўнены прадстаўнік СААЗ.

Даследаванне сярод беларускіх падлеткаў

У 2018-2019 гадах Міністэрства аховы здароўя пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ у нашай краіне правялі даследаванне, мэтай якога стаў аналіз сітуацыі па пытаннях псіхічнага здароўя і суіцыдальных паводзінаў сярод падлеткаў і моладзі. Былі апытаныя 3 тысячы 600 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Анкетаванне прайшло ў больш чым 156 установах адукацыі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Як распавяла старэйшы каардынатар праграмы па здароўю і развіццю дзяцей, падлеткаў і моладзі прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Вікторыя Лазюк, дадзенае даследаванне ў нашай краіне было праведзенае ўпершыню.

 
Вікторыя Лазюк
Старэйшы каардынатар праграмы па здароўю і развіццю дзяцей, падлеткаў і моладзі прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі
Унікальнасць даследавання ў тым, што выкарыстоўваліся псіхалагічныя тэсты, якія былі ўключаныя ў анкетаванне падлеткаў. Дадзеныя, што былі атрыманыя, заснаваныя на самаацэнцы рэспандэнтаў. Сярод усіх апытаных 46% склалі юнакі і 54% – дзяўчаты.

Вынікі анкетавання такія:

У 26,15 апытаных былі думкі пра суіцыд, прычым у 18% рэспандэнтаў такія думкі ўзнікалі неаднаразова. Сярод прычынаў, якія правакавалі падобнае жаданне, – напружаныя адносіны з татам, асабліва сярод юнакоў, фізічны і псіхалагічны гвалт, ужыванне алкаголю, пачуццё адзіноты, канфлікты з бацькамі, адсутнасць сэнсу жыцця, няшчаснае каханне, непрыемнасці з вучобай і канфлікты з аднагодкамі, страта блізкага чалавека.

Адным з самых моцных фактараў суіцыдальных думак стала дэпрэсія. Пры гэтым вынікі даследавання паказалі, што 18,2% падлеткаў і маладых людзей мелі дэпрэсіўную сімптаматыку ад лёгкай да цяжкай ступені выяўленасці. Сярод фактараў яе развіцця – схільнасць да трывожнасці, ужыванне наркатычных рэчываў, напружаныя адносіны з бацькамі, адсутнасць жыццёвых мэтаў.

Падлетак у дэпрэсіі.

 
Вікторыя Лазюк
Старэйшы каардынатар праграмы па здароўю і развіццю дзяцей, падлеткаў і моладзі прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі
Пры гэтым на пытанне, ці хапае падлеткам інфармацыі, ці ведаюць яны, куды трэба звяртацца ў стрэсавай сітуацыі, 46% апытаных адказалі адмоўна. Акрамя таго, 44% адзначылі, што ў іх недастаткова ведаў аб прыкметах крызісных станаў, 46% – аб метадах павышэння ўстойлівасці да фактараў рызыкі і крызісных станаў. 41% рэспандэнтаў не ведалі пра існуючыя даступныя паслугі і магчымасць атрымання падтрымкі ў спецыялістаў.

Дарэчы, ведамі пра тое, куды трэба звяртацца ў цяжкай сітуацыі, не валодалі якраз такі тыя, у каго былі выяўленыя дэпрэсіўныя станы і суіцыдальныя думкі.

Даследаванне пацвердзіла, што да гэтага часу існуе пэўны ўзровень стыгмы ў дачыненні да атрымання псіхалагічнай дапамогі. Так, бацькі падлеткаў адзначалі высокі ўзровень недаверу, а таксама наяўнасць стэрэатыпаў, звязаных з псіхалагічнай і псіхатэрапеўтычнай дапамогай. Яны не звярталіся па прафесійную дапамогу ў сувязі з дэпрэсіўнымі ці крызіснымі станамі ў сваіх дзяцей, бо не давяралі спецыялістам ці не лічылі неабходным, адзначыла эксперт.

Адзінота падлеткаў.

Даступнасць і віды псіхалагічнай дапамогі

Псіхалагічная дапамога ў вырашэнні цяжкіх сітуацый, упэўненая галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Вольга Літвінава, павінна быць своечасовай. І адзін з такіх хуткіх і даступных экстраных варыянтаў дапамогі – дапамога па тэлефоне. Так, з 1 снежня 2017 года ў Беларусі функцыянуе агульнанацыянальная дзіцячая лінія экстранай дапамогі, спецыялісты якой кансультуюць 24 гадзіны ў суткі 7 дзён у тыдзень.

Нумар тэлефоннай лініі экстранай дапамогі: 8 (801) 100 16 11.

На працягу першага года функцыянавання агульнанацыянальнай лініі па дапамогу звярнуліся 1 тысяча 077 чалавек, за 9 месяцаў гэтага года – ужо 1 тысяча 300.

Зварот на тэлефонную лінію псіхалагічнай дапамогі.

Акрамя экстранай дапамогі, распавяла Вольга Літвінава, падлеткам і маладым людзям аказваецца вочная дапамога. У вялікіх гарадах даступная кансультацыя псіхіятраў, псіхатэрапеўтаў і псіхолагаў, у малых гарадах, там, дзе гэта магчыма, уводзяцца асобныя пасады для псіхіятраў, нарколагаў, псіхатэрапеўтаў. Дзе няма такой магчымасці, даросламу і дзіцячаму насельніцтву дапамога аказваецца адным урачом (прыём арганізаваны ў розны час). У рэспубліцы таксама дзейнічаюць 345 стацыянарных ложкаў для аказання псіхіятрычнай дапамогі, 30 з іх – рэабілітацыйныя для сумеснага знаходжання дзяцей з бацькамі.

Што тычыцца праблемы суіцыдаў сярод падлеткаў і маладых людзей, спецыяліст адзначыла, што сітуацыя носіць хвалепадобны характар: у 2015 годзе было зарэгістравана 18 выпадкаў гібелі непаўналетніх, у 2016 – 29, у 2017 – 18, у 2018 – 28 выпадкаў.

 
Вольга Літвінава
Галоўны пазаштатны дзіцячы псіхіятр Міністэрства аховы здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера
Вялікая ўвага надаецца выяўленню непаўналетніх, якія здзейснілі спробу самагубства і засталіся жывымі. Гэта выяўленне не дзеля выяўлення, а для аказання ім дапамогі. Мы не навязваем, а прапануем. Калі непаўналетні згаджаецца на такую дапамогу, дык можа яе атрымаць у поўным аб'ёме.

Акрамя гэтага, распавяла Вольга Літвінава, актыўна праводзіцца работа з падлеткамі і моладдзю ў навучальных установах. Дзяцей, а таксама іх бацькоў і педагогаў навучаюць методыкам, як правільна выходзіць з тых ці іншых крызісных сітуацый, спраўляцца са стрэсам і г.д.

Суіцыдальныя думкі падлеткаў.

У сваю чаргу, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алеся Бераснева распавяла, што на пачатку кожнага навучальнага года навучэнцы праходзяць анкетаванне і дыягностыку на выяўленне суіцыдальных рызык. У выпадку дыягнаставання тых ці іншых паказчыкаў, напрыклад, трывожнасці, псіхолагі сацыяльна-педагагічнай службы арганізоўваюць для такіх падлеткаў індывідуальныя і групавыя заняткі.

З красавіка 2019 года функцыянуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Ён з'яўляецца ўстановай, якое каардынуе дзейнасць педагогаў і псіхолагаў, аказвае дапамогу непаўналетнім. Асноўная мэта – работа з крызіснымі сітуацыямі. З моманту адкрыцця цэнтра па дапамогу звярнуліся больш за 300 непаўналетніх з бацькамі.

 
Алеся Бераснева
Кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі
Асноўная маса тых, хто звярнуўся, а гэта прыкладна 30%, – педагогі ўстаноў адукацыі, якія прыходзяць па дапамогу і кансультацыю, а таксама па канкрэтныя рэкамендацыі па рабоце з той ці іншай сям'ёй. Пакуль атрымаць дапамогу вочна могуць жыхары Мінска і бліжэйшых рэгіёнаў. Жыхароў іншых абласных цэнтраў і гарадоў кансультуюць па тэлефоне альбо анлайн.

Погляд знутры

Сваё меркаванне наконт таго, чаму пачынаюцца тыя ці іншыя праблемы ў падлеткаў і моладзі, у тым ліку з алкаголем ці ўжываннем наркотыкаў, выказала валанцёр Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў «Давер», які размешчаны на базе 8 гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска, студэнтка БДМУ Аляксандра Туроўская. На яе думку, многія праблемы бяруць свой пачатак з-за нудоты.

 
Аляксандра Туроўская
Валанцёр Цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў «Давер» (размешчаны на базе 8 гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска), студэнтка БДМУ
На жаль, дзецям часта проста няма чым заняцца. Настаўнікі распавядаюць тэму, задаюць велізарную колькасць хатніх заданняў і сыходзяць. Не ўсе падлеткі хочуць у вольны час наведваць гурткі і секцыі. Дзеці прадстаўленыя самі сабе. Многія не давяраюць сваім настаўнікам і класным кіраўнікам. Не ідзе нават гаворкі пра тое, каб са сваімі праблемамі звярнуцца да школьнага псіхолага, бо, на іх думку, пра гэта будзе ведаць уся школа.

Аляксандра адзначыла, што валанцёры актыўна працуюць у школах, распавядаюць пра тое, што ёсць цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў, арганізаваныя ананімныя тэлефонныя лініі. І гэта працуе. Непаўналетнія прыходзяць, не адразу, але паступова адкрываюцца, дзеляцца сваімі праблемамі, вучацца выказваць уласныя эмоцыі і думкі.

Аб'яднаўшы намаганні

Праблемы псіхічнага здароўя ў падлеткаў не могуць быць вырашаныя намаганнямі толькі адной сістэмы аховы здароўя, упэўнены прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. Толькі аб'яднаўшы магчымасці розных міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, іншых зацікаўленых, атрымаецца змяніць сітуацыю.

 
Рашэд Мустафа Сарвар
Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі
Псіхічнае здароўе – глабальная праблема. На гэтую тэму і зараз існуе пэўнае табу. Часцяком патрэбная сапраўды значная прычына, каб людзі ўсё ж звярнуліся да псіхолага.

Не менш важная роля бацькоў у псіхалагічным камфорце дзяцей, падкрэсліў Рашэд Мустафа Сарвар. Менавіта атмасфера ў сям'і, адказнае бацькоўства – асноўнае ў вырашэнні праблемы. Гэта пацвердзіла і даследаванне. Большасць рэспандэнтаў адзначылі праблему адзіноты як прычыну дэпрэсіўных станаў і суіцыдальных думак.

Кіраўнік праграмаў псіхічнага здароўя Аддзела неінфекцыйных захворванняў і ўмацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця Еўрапейскага Бюро (ЕРБ) СААЗ Даніэль Чысхольм паведаміў, што даследаванне дазволіла выявіць важныя фактары і рызыкі, якія могуць прыводзіць да дэпрэсій і схільнасці да суіцыду ў падлеткаў і моладзі. Сярод іх – залежнасць псіхалагічнага здароўя непаўналетніх ад сацыяльна-эканамічнага становішча сям'і, узаемаадносінаў паміж сямейнікамі, гвалт (фізічны, сэксуальны і на словах), ужыванне алкаголю і наркатычных рэчываў.

Даніэль Чысхольм
Кіраўнік праграмаў псіхічнага здароўя Аддзела неінфекцыйных захворванняў і ўмацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця Еўрапейскага Бюро (ЕРБ) СААЗ
Улічваючы, што дадзеная праблема абумоўленая такім мноствам разнастайных фактараў, якія з'яўляюцца складанымі, сама палітыка па змяненні сітуацыі павінна быць комплекснай. Гаворка не ідзе пра якіясьці простыя рашэнні. Таму акцэнт – на распрацоўцы міжведамасных мераў.

Фота з Нацыянальнага прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

146 0 31

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх