3 Красавіка
03.04.2020

Прафілактыка каранавіруснай інфекцыі сярод анкапацыентаў

logo
Кантралюй здароўе
151 0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі каля 320 тысяч чалавек знаходзяцца на дыспансерным анкалагічным уліку. Больш чым у паловы з іх захворванне знаходзіцца ў стадыі ўстойлівай рэмісіі (г.зн. 5 гадоў і больш без рэцыдыву). Тым не менш, пацыенты з анказахворваннем у анамнэзе, па-за залежнасці ад лакалізацыі і стадыі хваробы, уваходзяць у групу рызыкі па інфіцыраванні віруснымі агентамі. Зараз асаблівую небяспеку для іх уяўляе новая каранавірусная інфекцыя.

Якія меры засцярогі варта прыняць, каб мінімізаваць рызыку заражэння? Як зберагчы блізкага чалавека ад магчымай інфекцыі, калі вы жывяце ў адной кватэры? Якія сімптомы могуць паказваць на далучэнне вострага віруснага захворвання? Мы падрыхтавалі для вас памятку з неабходнай інфармацыяй.

Каранавірус і анкапацыенты. Група рызыкі.

Агульныя правілы прафілактыкі

Агрэсіўная супрацьпухлінная тэрапія ў пераважнай большасці выпадкаў негатыўна адбіваецца на імунным статусе пацыента, робячы яго на парадак больш уразлівым перад патагеннымі мікраарганізмамі. Зніжэнне імунітэту захоўваецца як мінімум на працягу 12 месяцаў пасля пройдзенага курсу лячэння, а павышаная ўспрымальнасць да інфекцый застаецца на гады. Таму так важна з асаблівай дбайнасцю выконваць агульныя меры прафілактыкі вірусных захворванняў, уключаючы CОVID-19.

  • Не наведвайце масавыя мерапрыемствы і месцы вялікай колькасці людзей, па магчымасці не карыстайцеся грамадскім транспартам. Максімальна мінімізуйце выхады на вуліцу і кантакты з чужымі людзьмі. Аптымальна, калі клопат пра вас (забеспячэнне прадуктамі харчавання, прадметамі першай неабходнасці, лекамі і г.д.) возьмуць на сябе блізкія людзі.
  • Пры неабходнасці асабістых сустрэчаў ці выхаду з дому захоўвайце бяспечную дыстанцыю – не меней за 2 метры. Устрымайцеся ад поціскаў рукі, абдымкаў, пацалункаў.
  • Старанна мыйце рукі з мылам пасля кожнага наведвання грамадскіх месцаў і прагулак на вуліцы, выконваючы тэхніку і паслядоўнасць рухаў. Калі няма магчымасці вымыць рукі з мылам, карыстайцеся антысептыкам.
  • Пры першых прыкметах рэспіраторнага захворвання (насмарк, чханне, кашаль, уздым тэмпературы і г.д.) заставайцеся дома, выклічце ўрача.
  • Ні ў якім разе не спрабуйце лячыцца самастойна! Не прымайце ніякія лекавыя прэпараты, калі іх не прызначыў урач.

Справа ў тым, што прыём некаторых лекавых сродкаў, якія ўжываюцца ў комплекснай супрацьпухліннай тэрапіі і для прафілактыкі метастазавання, можа суправаджацца так званым грыпападобным сіндромам. Павышэнне тэмпературы цела, ліхаманка, дыскамфортныя адчуванні ў касцях могуць захоўвацца на працягу некалькіх дзён. Акрамя таго, прагрэсаванне анкалагічнага захворвання таксама можа суправаджацца сімптомамі, падобнымі да праявы віруснай інфекцыі: ліхаманкай, павышаным потавыдзяленнем падчас начнога сну і г.д.

Як зберагчы ад віруса анкахворага члена сям'і

Прынцыпова важна, каб меры засцярогі ад заражэння віруснай інфекцыяй, у тым ліку новым каранавірусам, выконвалі не толькі анкапацыенты, але і ўсе сямейнікі, якія пражываюць сумесна.

Варта зразумець і прыняць той факт, што «сацыяльнае дыстанцыяванне» нават у межах адной кватэры – вымушаная, але неабходная мера, каб звесці да мінімуму магчымую рызыку перадачы віруса. Для гэтага неабходна ўсім здаровым членам сям'і анкапацыента выконваць наступныя правілы:

  • Перш за ўсё ў думках (калі ёсць неабходнасць, можна і пазначыць) падзяліце пярэдні пакой (вітальню) на тры часткі. Самая небяспечная – зона прама ля ўваходных дзвярэй. Тут трэба здымаць і захоўваць вулічны абутак, апрацоўваючы падэшвы па вяртанні з вуліцы сродкамі, што ўтрымліваюць хлор. Другая зона – «прамежкавая». Тут павінны размяшчацца гардэроб або вешалка для верхняга адзення, кошыкі для захоўвання неабходных для выхаду рэчаў (сумак, ключоў, парасонаў і г.д.). У гэтай зоне неабходна захоўваць санітайзер для рук і дэзінфікуючыя сродкі для апрацоўкі ўсіх рэчаў, якія вы прыносіце з вуліцы дахаты. Трэцяя зона, самая далёкая ад ўваходных дзвярэй, – чыстая зона. Пры ўваходзе на яе варта надзець хатні абутак.

Каранавірус і анкапацыенты. Мыем абутак.

Чысцячы і дэзінфікуючы сродак для апрацоўкі рэчаў і паверхняў можна прыгатаваць самастойна. Для гэтага разводзяць 4 ч.л. хлоркі ў 1 літры вады.

  • Пражываючы ў адной кватэры з анкапацыентам, па вяртанні дадому старанна, на працягу 20 секунд мінімум, мыйце рукі з мылам. Штодня прымайце душ, надаючы асаблівую ўвагу тым часткам цела, якія маглі б падвяргацца ўздзеянню віруса.
  • Штодня ачышчайце сродкамі, якія ўтрымліваюць хлор, мыльным або спіртавым растворам усе рэчы і паверхні ў кватэры, да якіх вы рэгулярна дакранаецеся: дзвярныя ручкі, тумбачкі, працоўныя паверхні, сталы, спінкі крэслаў, падлакотнікі, выключальнікі, гаджаты, акуляры, пульты, ключы ад кватэры, кошыкі для захоўвання і г.д.
  • Падзяліце прадметы ўжытку (сталовы посуд, ручнікі і г.д.) і карыстайцеся толькі сваімі.
  • Як мага часцей мыйце верхнюю вопратку, пасцельную бялізну, ручнікі пры тэмпературы, калі гэта дапушчальна, 60⁰С і вышэй.
  • Пасля кожнага наведвання прыбіральні дэзінфікуйце ўнітаз хлоркай, працірайце паверхні сродкамі, якія ўтрымліваюць хлор.
  • Захоўвайце дыстанцыю ў 1,5-2 метры з тым членам сям'і, у якога ёсць анкалагічнае захворванне. Па магчымасці спіце ў розных пакоях або на розных ложках.
  • Часта і старанна праветрывайце кватэру.
  • Не радзей за 1 раз на дзень мыйце падлогі з дэзінфікуючымі сродкамі.

Каранавірус і анкапацыенты. Дэзінфікуем падлогу.

Вучоныя з НМІЦ анкалогіі імя Пятрова (Санкт-Пецярбург, РФ) сцвярджаюць, што ў перыяд пандэміі каранавіруснай інфекцыі ў анкапацыентаў ёсць перавага: яны больш эфектыўна спраўляюцца з эмацыянальным напружаннем, лепей кантралююць свае эмоцыі і ў меншай ступені схільныя да панікі. Прычына таму адна: яны ўжо маюць вопыт пражывання сітуацыі нявызначанасці, выкліканай анкалагічным дыягназам. Тым не менш, абсалютна неразумна падвяргаць родных людзей той небяспецы, якую мы ў сілах прадухіліць, праявіўшы адказнасць і прыклаўшы трохі намаганняў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

151 0 48

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх