8 Мая
08.05.2020

Прыбіранне, якое змяняе жыццё. Частка 2. Развітваемся з мінулым дзеля лепшай будучыні

logo
Знайдзі сябе
166 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Дома і сцены лечаць. Мы часта кажам так «на аўтамаце», інстынктыўна адчуваючы, што хатняя абстаноўка сапраўды дапамагае справіцца з перажываннямі. Чаму так адбываецца? Згодна з японскай філасофіяй, дом і ўсе рэчы, якія там знаходзяцца, літаральна напаўняюцца нашай энергіяй і робяцца як быццам асобным жывым арганізмам. Пры асцярожным і ўважлівым стаўленні да свайго жылля і арганізацыі чысціні ды ўтульнасці дом можа стаць месцам сілы. Пазбаўляючыся ад непатрэбных прадметаў, мы не здраджваем мінуламу, але цэнім яго ўрок і паляпшаем сваё сапраўднае. Як жа арганізаваць прастору правільна і разабрацца з мноствам рэчаў? Працягваем распавядаць пра метад змены свайго мыслення праз прыбіранне па парадах сусветна вядомага кансультанта па навядзенні парадку – японкі Мары Конда.

Мары Конда. Прыбіранне.

Усяму сваё... месца

Уявіце, што вы – лазневы халат. Як бы вы адчувалі сябе, калі б у вас не было свайго месца і вы ўвесь час валяліся б, дзе давядзецца? Не, гэта не пра «ад'ехаўшы дах» ад празмернага сядзення дома. Гэта пра абсалютна іншы, філасофскі падыход да рэчаў. Калі ўявіць іх як жывыя істоты, тады і з навядзеннем парадку ў доме стане нашмат меней праблемаў, лічаць японцы.

Сакрэт 1. Стаўцеся да дома і рэчаў, як да жывых. Штодня, вяртаючыся дадому, падзякуйце свайму жыллю за тое, што яно з'яўляецца вашым прытулкам у мітусні дзён, за тое, што вы заўсёды можаце знайсці тут спакой і адпачынак. А рэчам – за тое, што яны служаць вам і хочуць быць карыснымі.

Сакрэт 2. Адвядзіце кожнай рэчы сваё месца. Японцы вераць, што калі «спытаць» у свайго дома сэрцам, дык ён можа падказаць, як правільна размясціць рэчы ў доме так, каб вам жылося максімальна ўтульна і прыемна. А кожны прадмет пасля выканання функцыі мае патрэбу ў адпачынку і таксама заслугоўвае свайго «дома» – спецыяльна адведзенага для яго месца.

Мары Конда. Прыбіранне. Кожнай рэчы сваё месца.

Сакрэт 3. Для кожнага сямейніка – сваё месца для рэчаў. Часта прадметы кожнага з дамачадцаў размяшчаюцца па ўсім доме, у месцы найбольшай даступнасці. Мары Конда прапануе адвесці асобную прастору для кожнага, дзе будуць захоўвацца ўсе яго рэчы. Пасля карыстання імі іх трэба будзе пакласці назад. Так і будзе захоўвацца парадак.

Сакрэт 4. Мэта – дасканаласць. Хаця здаецца, што дамагчыся яе ў чым бы там ні было немагчыма, але навесці свой ідэальны парадак рэальна. Бо рэчаў не можа быць бясконца шмат, з імі магчыма справіцца. Мары Конда прыводзіць прыклад жанчыны, якая прыбіралася па яе метадзе і дом якой заўсёды быў у парадку. Але ў той жа час было адчуванне: штосьці не тое. Падрабязна вывучыўшы жыллё, Мары знайшла прычыну. На ўсіх бутэлечках, палічках былі рэкламныя налепкі са слоганамі. Яны засмечвалі прастору і рабілі яе «крыклівай». Пасля таго, як жанчына пазбавілася ад этыкетак, дом зрабіўся ідэальным у яе разуменні.

Сакрэт 5. Для пачатку пазбаўцеся ад непатрэбнага – адным махам. Пра гэты пункт мы шмат разважалі ў першай частцы матэрыялу. Адчуўшы эфект вельмі хуткага ачышчэння прасторы, людзі гатовыя пазбавіцца і ад ментальнага смецця. Бо жыць у якой бы там ні было захламленасці яны больш не хочуць.

Мары Конда. Прыбіранне. Ліквідуем хаос.

Сакрэт 6. Найлепшы спосаб вырашыць, што захаваць, а што выкінуць, – узяць кожны прадмет у рукі і спытацца ў сябе: «Ці выклікае гэта радасць?»

Ад вопраткі – да падарункаў

Прынцып паступовага прыбірання ад пакоя да пакоя не апраўдвае сябе, паколькі часта ў шафах і камодах па ўсім доме людзі захоўваюць падобныя рэчы. Таму лепшым рашэннем стане сартаванне па катэгорыях. Для гэтага патрабуецца сабраць абсалютна ўсе рэчы (напрыклад, катэгорыі «адзенне») у адным месцы. Для зручнасці іх таксама можна падзяліць. Мары Конда прапануе зрабіць гэта так.

Разбіраемся з адзеннем

  • Топы (кашулі, швэдры (світэры), талстоўкі і г.д.).
  • Ніжнія часткі адзення (штаны, спадніцы і г.д.).
  • З «плечыкамі» (курткі, пінжакі, касцюмы і г.д.). Для таго, каб шафа выглядала акуратна, а пры поглядзе на адзенне вы адчувалі стан лёгкасці, японцы рэкамендуюць вешаць цяжкія прадметы (з больш шчыльных матэрыялаў, а таксама цёмнага колеру) з левага боку, а больш лёгкія і светлыя – з правага. Рэчы ў такім выпадку як быццам «узлятаюць» направа. Дарэчы, Мары Конда рэкамендуе адмовіцца ад таго, каб «кансерваваць» зімовую або летнюю вопратку. Так, на яе думку, некаторыя прадметы гардэроба хутка страцяць выгляд, а некаторыя будуць і зусім забытыя.
  • Шкарпэткі і калготкі. Захоўванне шкарпэтак у камяку, а калготаў – перавязанымі пасярэдзіне псуе гэтыя рэчы і прыводзіць іх да стрэсу. Гэтыя прадметы гардэроба і так нясуць немалую нагрузку, варта паставіцца да іх з павагай. Правільным будзе складаць іх у некалькі слаёў і ставіць набок, як і вопратку.
  • Ніжняя бялізна.
  • Сумачкі і г.д. Для таго, каб сумачкі не валяліся па ўсім доме, некаторыя з іх можна захоўваць адна ў адной. Дарэчы, вытрасаць змесціва сумачкі і ставіць яе «на адпачынак» Мары Конда раіць штодня.
  • Дадатковыя прадметы (шалікі, паясы, шапкі і г.д.).
  • Спецыялізаванае адзенне (купальныя касцюмы, форменная вопратка і г.д.).
  • Абутак.

Мары Конда. Прыбіранне. Сартуем вопратку і абутак.

Часта падчас прыбірання ўзнікае спакуса перамясціць вопратку з катэгорыі «на выхад» да пункта «зручнае хатняе адзенне». Мары Конда перасцерагае ад гэтага кроку. Па словах Мары, хатні час – каштоўная частка жыцця. І ад таго, што нас можа ніхто не бачыць, важнасць яго не зніжаецца. Апранаючы спецыяльную прыгожую хатнюю вопратку, вы ўносіце ўклад у прыгажосць вашага дома, ствараеце настрой і падтрымліваеце пазітыўныя ўяўленні пра сябе. У перыяд актыўнага сядзення дома вельмі актуальна. Бо «пучок» на галаве і трэнікі штодня могуць стаць прычынай адсутнасці энергіі і прыгнечанага настрою.

Што тычыцца захоўвання адзення, дык Мары Конда ўпэўненая ў тым, што спецыяльныя прыстасаванні для захоўвання толькі адымаюць месца і павялічваюць захламленасць. Прастата – залог парадку. А вось навука, якой Мары заклікае навучыцца, – правільнае складванне рэчаў.

Якія кнігі пакінуць?

Складаны пункт для тых, хто імкнецца сабраць вялікую бібліятэку. Бо, на думку Мары Конда, кніг у доме не павінна быць занадта шмат. Некаторыя з іх вы прачыталі і ніколі больш да іх не вернецеся. Іншыя так ніколі і не разгорнеце. І ў гэтым і ёсць іх місія. Яны паказваюць нам, што насамрэч важна для нас.

Мары Конда. Прыбіранне. Разбіраем кнігі.

Для таго, каб зразумець, якія кнігі вы жадаеце пакінуць, неабходна раскласці ўсе іх на падлозе і па чарзе дакранацца рукою да кожнай. Што вы адчуваеце? Тыя кнігі, на якія адклікаецца ваша сэрца, вы пазнаеце адразу па трапятанні і задавальненні, што адчуеце. Калі адказ не прыходзіць ці вы пачынаеце вагацца, не бойцеся развітацца з гэтай рэччу. Хутчэй за ўсё, яе роля ў вашым жыцці ўжо адыграная.

У першай частцы матэрыялу мы ўспаміналі гісторыю дзяўчыны, якая пасля навядзення парадку ў кнігах заўважыла, што на яе паліцы засталіся выданні толькі дзіцяча-мацярынскай тэматыкі. І аказалася, што менавіта гэтая тэма для яе самая блізкая. Такая метамарфоза адбываецца з кожным. Калі мы чысцім прастору, наша сардэчная цікавасць і прызванне робяцца больш відавочнымі.

Як сартаваць дакументы?

Тут Мары Конда прапануе выкінуць усё (асабліва старыя канспекты, непатрэбныя сшыткі на выпадак «раптам спатрэбіцца»). Пакінуць трэба толькі дакументы трох катэгорый: якія выкарыстоўваюцца зараз, якія неабходныя на працягу абмежаванага перыяду часу і тыя, якія патрабуецца захоўваць неабмежавана доўга.

Мары Конда. Прыбіранне. Сартуем дакументы.

Што рабіць з дробязямі?

Для зручнасці гэтыя прадметы таксама можна падзяліць на групы. Прынцыпы навядзення парадку – такія ж. Па магчымасці ільвіную частку – выкінуць. Для пакінутых рэчаў вызначыць сваё месца і захоўваць прадметы з адной групы ў адным месцы.

  • CD і DVD.
  • Сродкі для догляду скуры, касметыка.
  • Аксэсуары.
  • Каштоўныя прадметы (пашпарты, крэдытныя карты і г.д.).
  • Электрычныя прыборы і прылады (лічбавыя камеры, электрашнуры, усё, што можна аднесці ў катэгорыю «электратавары»).
  • Прыстасаванні для вядзення хатняй гаспадаркі (канцылярскія і пісьмовыя прыналежнасці, наборы для шыцця і г.д.).
  • Хатнія запасы (такія расходныя матэрыялы, як лекі, мыйныя сродкі, папяровыя сурвэткі і г.д.).
  • Тавары для кухні і запасы прадуктаў.
  • Іншае.

Прадметы, якія маюць сентыментальную каштоўнасць

Самы складаны выбар – пакласці ў смеццевы пакет памятны падарунак, стары фотаздымак... Аднак тут, на думку Мары, трэба памятаць пра тое, што функцыя многіх з гэтых рэчаў была ў тым, каб даставіць нам радасць. Яна ўжо выкананая. Цяпер мы можам падзякаваць гэтым каштоўным прадметам. А заадно і развітацца з мінулым, цаніць свой сапраўдны дзень і сябе такімі, якія мы ёсць цяпер.

Мары Конда. Прыбіранне. Развітваемся з дробязямі.

«Калі я іх выкінула, у мяне было такое адчуванне, што я ўпершыню ў жыцці па-сапраўднаму зірнула ў твар свайму мінуламу, – піша Мары Конда. – Прывесці свае рэчы ў парадак азначае таксама прывесці ў парадак і сваё мінулае. Гэта значыць «перазагрузіць» сваё жыццё і разабрацца з «рахункамі», каб можна было зрабіць наступны крок наперад».

Цяжка ўявіць больш зручны час, чым цяперашні, для таго, каб навесці сапраўдны парадак у сябе дома. Пазбаўляючыся ад непатрэбных або старых рэчаў, мы не адмаўляемся ад мінулага і не здраджваем яму. Наадварот, мы гатовыя ўзяць увесь вопыт і веды для таго, каб быць той асобай, якой мы ўжо з'яўляемся і якой хочам быць. А чыстая ўтульная прастора, напоўненая прадметамі, якія мы сапраўды любім, можа дапамагчы нам у гэтым.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

166 0 18

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх