15 студзеня
15.01.2020

Псарыяз. Як і чым лячыць хваробу

logo
Трывожны сімптом
153 0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Існуе вялікая колькасць гіпотэзаў, якія мяркуюць аб прычыне развіцця псарыязу. Разам з тым, ні адна з іх не знайшла 100% пацверджання абсалютна ва ўсіх пацыентаў. Напрыклад, дакладна даказаная генетычная прырода хваробы, бо існуюць так званыя сямейныя выпадкі псарыязу. Калі хворая маці, рызыка перадачы захворвання дзецям даволі высокая – 25-28%, калі бацька – 3-5%. Шырокую распаўсюджанасць атрымала таксама стрэсагенная тэорыя развіцця псарыязу, калі хвароба стартуе пасля пэўнай значнай падзеі ў жыцці чалавека. Прычым гэта могуць быць як моцныя станоўчыя эмоцыі, так і адмоўныя.

Псарыяз.

Псарыяз часта асацыюецца са стрэптакокавай інфекцыяй. Гэты тып захворвання больш характэрны для дзяцей і маладых людзей. Даволі часта пачатак ці абвастрэнне эпізодаў псарыязу назіраецца пасля інфекцыйных захворванняў у цэлым і стрэптакокавай інфекцыі ў прыватнасці. Прычынай развіцця псарыязу можа стаць парушэнне гарманальнага фону, а таксама інтаксікацыя арганізма – у выніку тытунекурэння, злоўжывання алкаголем, прыёму наркатычных рэчываў або працы на шкоднай вытворчасці.

Улічваючы, што няма дакладнага разумення прычынаў развіцця псарыязу, няма і ўніверсальнага метаду лячэння захворвання. Кожнаму пацыенту неабходна падбіраць індывідуальную тэрапію. Пра асноўныя метады лячэння захворвання інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі распавёў загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар Алег Панкратаў.

Да кожнага выпадку псарыязу – свой падыход

Псарыяз.

Умоўна вылучаюць псарыяз 1-га і 2-га тыпу: хвароба, якая развілася да 40 гадоў, і захворванне, якое з'явілася пасля гэтага ўзросту. Першы тып, як правіла, залежыць ад спадчынных і інфекцыйных фактараў, другі – ад умоў жыцця і паводзінаў самога чалавека.

Асноўныя поспехі па лячэнні псарыязу атрыманыя ў сферы вывучэння і карэкцыі імуннага статусу пацыента, бо лічыцца, што псарыяз, у тым ліку, – імуннае захворванне скуры, а значыць, асноўныя яго праявы звязаныя з парушэннямі мясцовага і сістэмнага імунітэту.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Мы падыходзім да лячэння псарыязу не з этыялагічных, г.зн. прычынных пазіцый, а з патагенічных. Мы не ведаем дакладную прычыну, але ўжо канкрэтна ўяўляем, якія паталагічныя працэсы назіраюцца ў скуры.

Псарыяз. Паражэнне скуры.

Як растлумачыў эксперт, верхні пласт скуры – эпідэрміс – складаецца з пяці пластоў клетак. Зверху – рагавы пласт, прадстаўлены мёртвымі і бяз'ядзернымі лускавінкамі, якія шчыльна прылягаюць адна да адной. Сярэдні тэрмін уздыму клеткі ад базальнай мембраны (самы ніжні пласт эпідэрмісу) да рагавога пласта складае прыкладна 1 месяц. Пры псарыязе гэты тэрмін скарачаецца ў 5-7 разоў. Гэта значыць, што не праз месяц, а ўжо праз 5-7 дзён жывая клетка (нагадаем, у норме яна павінна быць ужо бяз'ядзернай) апынаецца на паверхні.

Асноўная задача тэрапіі захворвання – спыніць хуткі ўздым клеткі і зняць запаленчую рэакцыю, а таксама паменшыць, асабліва ў прагрэсавальнай стадыі, выяўленасць сімптомаў, напрыклад, свербу.

Псарыяз. Сверб.

Вылучаюць тры значныя стадыі захворвання:

  • стадыя, якая прагрэсуе  (з'яўляюцца новыя элементы). Па памеры яны меншыя за «старыя» вузельчыкі і бляшкі, якія, у сваю чаргу, растуць і зліваюцца. Магчымае лушчэнне ў цэнтры папулаў і бляшак. На перыферыі элементаў сыпу можа быць абадок без лускавінак. У гэтай стадыі пацыенты нярэдка адзначаюць сверб;
  • другая або стацыянарная стадыя. Псарыяз бы замірае і спыняецца;
  • трэцяя або стадыя рэгрэсу. Падчас гэтай стадыі, наадварот, можа з'явіцца перыферычнае лушчэнне, цэнтр разрашаецца, псарыятычныя папулы і бляшкі могуць прыняць форму кольца і змяніць колер.
 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Падыходы да лячэння залежаць ад стадыі лячэння. Падчас рэгрэсуючай стадыі і стадыі рэмісіі ніякага лячэння не патрабуецца, але важны і патрэбны граматны догляд скуры.

Лячэнне псарыязу

Псарыяз. Лячэнне.

Падчас стадыі прагрэсавання захворвання лячэнне пачынаецца з прызначэння вітамінна-мінеральных комплексаў, сасудзістых прэпаратаў, антыгістамінных і супрацьсвербных лекавых сродкаў. Гэта свайго роду аснова тэрапіі захворвання.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
У дадатак да асноўнай лініі тэрапіі прэпараты выбіраюцца пасля гутаркі з пацыентам і высвятлення магчымых прычынных фактараў. Калі гэта стрэс, прызначаюцца седатыўныя прэпараты. Пры выяўленні рызыкі таксікалагічных фактараў і парушэнні функцыі печані на дапамогу прыходзяць гепатапратэктары. Калі правакацыйным фактарам сталі адхіленні ў гарманальным статусе, уздзеянне накіраванае на рашэнне гэтай праблемы. Дзіця пасля ангіны, часцей выкліканай стрэптакокавай інфекцыяй, – у першы курс лекавай тэрапіі абавязкова ўключаюцца антыбіётыкі. У выпадку наяўнасці іншай інфекцыі таксама падбіраецца адпаведнае лячэнне.

У шэрагу выпадкаў могуць прымяняцца дэтаксікацыйныя мерапрыемствы. Гэта асабліва актуальна ў выпадку, калі прычынай абвастрэння з'яўляюцца, напрыклад, парушэнні ў дыеце або злоўжыванне алкаголем.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
На жаль, у тым, што стан пагоршыўся, бываюць вінаватыя і самі пацыенты. Пралячыўшыся ў стацыянары і вярнуўшыся дадому, яны бурна адзначаюць сваё выздараўленне і зноў трапляюць у бальніцу. Алкагольныя напоі тым, хто хворы на псарыяз, катэгарычна забароненыя!

Картыкастэроідныя прэпараты

Псарыяз. Да і пасля лячэння.Як адзначыў Алег Панкратаў, картыкастэроідныя гарманальныя прэпараты добра зарэкамендавалі сябе пры лячэнні запалення. Здавалася б, што прасцей: выпіў таблетку або нанёс мазь – і ўсё ў парадку. Але не ўсё так адназначна. Напрыклад, прымяненне сістэмных картыкастэроідаў пры няўскладненым псарыязе супрацьпаказанае. Часам пацыенты грашаць тым, што неапраўдана выкарыстоўваюць так званыя пралангаваныя картыкастэроіды (у ін'екцыях), дзеянне якіх можа доўжыцца да 2 тыдняў. Калі злоўжываць такім лячэннем, можа наступіць так званы сіндром рыкашэту: замест паляпшэння стан пагаршаецца шматкроць. Захворванне альбо пераходзіць у гнайнічковую форму, альбо развіваецца стэроідазалежны псарыяз.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Лакальныя стэроіды могуць выкарыстоўвацца толькі кароткімі курсамі – ад 3-7 дзён да двух тыдняў максімум. Калі чалавек скарыстаўся картыкастэроідамі, перапынак павінен быць не меншы за такі ж перыяд. Бяспечнымі лічацца суадносіны 1 да 2. Напрыклад, тыдзень карысталіся – два тыдні варта абыходзіцца без прэпарата.

Плюс прэпараты з саліцылавай кіслатой

У выпадку, калі на паверхні псарыятычных бляшак развілося моцнае лушчэнне, картыкастэроіды выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з кераталітыкамі. Гэтыя прэпараты ўтрымліваюць у сваім складзе саліцылавую кіслату. Яна выдаляе пласт гіперкератозу і дазваляе дзеючаму рэчыву картыкастэроіду лепей пранікаць у эпідэрміс.

Яшчэ адзін напрамак у лячэнні псарыязу, які асабліва падыходзіць для тых, хто хоча пазбегнуць прымянення гармонаў, – правітамін Д.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Разам з тым, у прэпарата, які змяшчае правітамін Д (міжнародная назва – кальцыпатрыёл), ёсць пэўныя абмежаванні, бо лекі могуць выклікаць раздражненне. Таму гэтыя сродкі не рэкамендуецца выкарыстоўваць на твар, у вобласць пахвінных складак, а таксама нельга ўжываць цяжарным жанчынам.

Псарыяз. Сустаўны псарыяз.

Варта таксама памятаць, што пры псарыязе любое пашкоджанне або раздражненне скуры можа прывесці да з'яўлення ў гэтым месцы новага псарыятычнага элемента. Нельга рабіць тату, пірсінг або мэтанакіравана пашкоджваць скуру, «згараць» на сонцы, пасля душа не варта насільна сціраць лускавінкі з паверхні бляшак. Любое непатрэбнае механічнае ўздзеянне прыводзіць да пагаршэння працэсу.

У 80-90% пацыентаў з псарыязам дыягнастуецца так званая зімовая форма захворвання. Гэта значыць, што абвастрэнні могуць узнікнуць у асенне-зімовы перыяд. Прычынай такой заканамернасці з'яўляецца зусім не тэмпературны фактар, а недахоп ультрафіялету.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Прыкладна ад 30 да 60% пацыентаў маюць патрэбу ў прызначэнні методык святлолячэння. Яны праводзяцца з дапамогай ультрафіялетавага выпраменьвання. У прыватнасці, выкарыстоўваецца методыка ультрафіялетавага караткахвалевага апрамянення 311 нанаметраў. Дадзеныя методыкі ў нашай краіне даступныя, у тым ліку і на абласным узроўні. Абсталяванне прадстаўленае як кабінамі, у якіх чалавек можа размясціцца ў поўны рост, так і апаратурай для апрамянення пэўных частак цела. Асаблівасць лячэння ў тым, што яно валодае патэнцыялам, у 6-7 разоў ніжэйшым па раздражняльнаму дзеянню і магчымасці выклікаць апёк.

Існуе метад лячэння псарыязу, пры якім выкарыстоўваецца фотасенсібілізатар (лекі прымаюцца ўнутр за некалькі гадзін да апраменьвання), а затым прызначаецца даўгахвалевае апрамяненне. Сёння ў Беларусі, распавёў эксперт, няма такога абсталявання, але ёсць планы па яго набыцці. Пакуль жа падобнае лячэнне можна прайсці ў Маскве.

У выпадку, калі не дапамагае мясцовае святлолячэнне, патрабуецца больш сур'ёзная сістэмная тэрапія. Як правіла, прымяняюцца цытастатыкі (супрацьпухлінныя прэпараты), якія тармозяць хуткі ўздым клеткі да эпідэрмісу. Асноўныя паказанні да такога лячэння – паражэнне больш за 10-20% паверхні цела, а таксама сустаўны псарыяз.

Найбольш значныя поспехі ў сусветнай дэрматалогіі сёння атрыманыя пры выкарыстанні так званай біялагічнай тэрапіі – асаблівай групы прэпаратаў геннай інжынерыі. У Беларусі пакуль зарэгістраваныя тры такія лекавыя сродкі. Лячэнне дарагое і прызначанае для тэрапіі сапраўды цяжкіх формаў псарыязу.

 
Алег Панкратаў
Загадчык кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі БелМАПА, член Еўрапейскай акадэміі дэрматалогіі і венералогіі, д.м.н., прафесар
Шмат што залежыць і ад пацыента. Калі ён разумее сутнасць праблемы, улічвае ўсе фактары, якія могуць справакаваць ускладненні, выконвае рэкамендацыі ўрача па лячэнні і абследаванні, дык і прагноз, як правіла, спрыяльны.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

153 0 21

Наверх