7 Снежня
07.12.2018

Пушыстая казка

logo
Думкі ўслых
77 0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вяртаючыся ўчора ўвечары дахаты, мы ехалі прама ў туман. І раптам падумалася: «А пасля гэтага ж ранкам можа быць шэрань!» І што ж атрымалася ў выніку?! Бы жаданне Дзеду Марозу загадала… Выйшла сёння з дому – і дыханне перахапіла ад такой прыгажосці! Літаральна ўсё, ад травы да самых высокіх дрэваў, было такім пушыстым і серабрыстым!

Сказаць, што наваколле змянілася да непазнавальнасці, – гэта не сказаць нічога. Усё сапраўды стала дзівосным і казачным. І звычайны куст шыпшыны з чырвонымі ягадкамі на ім…

І бярозы з доўгім голлем, якое пакрылася іскрынкамі. А пры бліжэйшым разглядзе аказалася, што гэта дробныя зубчыкі.

Самае цікавае, што і Мінск сустрэў такім жа хараством! Выйшла на станцыі метро «Каменная Горка» – і таксама захоплена ахнула! Такія ж бярозы, як і ў маім горадзе, з такім жа шчыльным слоем крышталікаў ільду на іх. Праходзячы пад адной, не вытрывала: падняла руку і пакратала галінку. Зубчыкі імгненна асыпаліся. Але адчуванне дакранання (у прамым сэнсе) да казкі засталося.

Так, гэтую пушыстасць, на жаль, не пагладзіш, як  цёплую поўсць коткі.

Затое паназіраць захопленымі вачыма – колькі заўгодна! І вось жа дзіва… Размова ідзе пра халодную зімовую прыгажосць, а на сэрцы ад яе цяплее… І настрой такі цудоўны! А ў вас?!

Нават звычайная памытая бялізна, якая сушыцца (сушыцца?! ці вымярзае?) на вуліцы, апранулася ў шэрань. І кадр атрымаўся стыльным. Ці не так?!

А калі ўзнялося сонца і зайграла, заіскрылася промнямі праз махнатыя лапы ялін, выдаўшы цэлы спектр, адчуванне радасці сталася такім поўным!

Праўда, гэтае ж сонца і лёгкі ветрык паціху абцярушваюць шэрань з дрэў…

І ўсё ж менавіта сёння так добра адчуваецца, што Новы год ужо дзесьці блізка… І Дзед Мароз правярае сваю запрэжку з аленямі. А тады разам са Снягуркай садзіцца чытаць чарговы шэраг лістоў ад дзетак і спакоўвае ў свой мяшок заяўкі-падарункі…

Пушыстая казка перад вачыма. Яна так патрэбна ўсім – і дзецям, і дарослым. І дзякуй таму, хто даслаў нам сёння такое ільдзіста-снежнае зімовае прывітанне…

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

77 0 37

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх