27 Верасня

Пяць крокаў быць бліжэй да дзіцяці, калі вы ўвесь час занятыя

Ствары асобу
3 0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гісторыя з гомельскім школьнікам ускалыхнула беларускіх бацькоў і прымусіла задумацца пра тую атмасферу, у якой дзеці знаходзяцца штодня падчас вучобы. А вось калі б так па-сумленнаму дзеці выклалі б у сетку тое, што адбываецца дома? Па-сапраўднаму страшна робіцца ад усведамлення, што многія не могуць знайсці аддушыну не толькі ў казённых сценах, але і сярод самых блізкіх людзей. І нават калі з выгляду ўсё паважна-высакародна, ніхто не крычыць, бацькі нярэдка прысутнічаюць побач з дзецьмі толькі фізічна, не турбуючыся пра спробы наладзіць блізкія стасункі (пытанні пра ежу, вопратку, сон і ўрокі не лічацца). Страшны дзіцячы самотны свет сярод дарослых...

Насамрэч цёплы кантакт з дзіцем не патрабуе велізарнай колькасці часу. Нашы простыя рэкамендацыі дапамогуць вам падтрымліваць эмацыянальную сувязь, нават калі вы ўвесь час занятыя і не бавіце з дзiцем кожную вольную хвіліну. А гэтага і не трэба.

Для чаго патрэбны кантакт?

Нягледзячы на тое, што артыкулы на тэму псіхалогіі даносяцца з кожнага праса, не ўсе бацькі робяць сабе справаздачу ў тым, што недаатрыманую ў дзяцінстве ўвагу немагчыма да канца кампенсаваць у больш сталым узросце. І гэта не пра тое, што трэба закінуць усе свае інтарэсы і шчыльна займацца толькі справамі дзіцяці. Ад такога падыходу не выйграе ніхто. На выхадзе атрымаецца раздражнёны і нерэалізаваны бацька ці маці і дзіця, якое адчувае пастаяннае пачуццё віны. Гаворка ідзе пра якасць узаемадзеяння ў той момант, калі ў вас атрымліваецца правесці час разам.

Крок 1. Вочы ў вочы. Правіла першых трох хвілін.

Доўгі зрокавы кантакт дапамагае фарміраванню ўстойлівай прыхільнасці. Тут добра працуе «Правіла першых трох хвілін». Штораз, калі вы рыхтуецеся ўбачыць сваё дзіця – раніцай, пасля ўрокаў, увечары, пасля любога расстання, сустракайце яго, як самага дарагога сябра.

Натуральна, уявіце прыемнага вам дарослага чалавека. Хутчэй за ўсё вы адлюстроўваеце прыветны выгляд і не накідваецеся на яго з патокамі незадаволенасці і крытыкі. Такога ж стаўлення заслугоўвае і дзіця. У першыя тры хвіліны сустрэчы паспрабуйце хаця б намаганнем волі ўсміхнуцца, забыцца пра ўрокі, праблемы ў школе, асабістым жыцці, на працы.

Паглядзіце свайму дзіцяці прама ў вочы і скажыце яму пра тое, як вы рады яго бачыць. Запэцканыя штаны, хатнія заданні ды іншае паспееце абмеркаваць пазней. Спачатку – атмасфера даверу, потым ужо выхаванне. На разбураным падмурку даверу і прыхільнасці дысцыпліна дрэнна прыжываецца.

Крок 2. Дванаццаць абдымкаў у дзень.

– Лёва, як ты думаеш, колькі разоў у дзень трэба абдымаць дзіця? – спыталася я ў свайго 7-гадовага сына.

– Восемсот! – не задумваючыся, хуценька адказаў ён.

Дзецям (зрэшты, як і дарослым) абдымкі жыццёва неабходныя. І гэта не перабольшанне. Добра вядомае паняцце «шпіталізм», якое ўвёў ва ўжытак аўстра-амерыканскі псіхааналітык Р.Спітэ яшчэ ў 1945 годзе. Ён заўважыў, што дзеці, якія доўгі час знаходзіліся ў бальніцы без мамы, пачыналі адставаць у псіхічным і фізічным развіцці, часцей хварэлі. Высветлілася, што такія ж наступствы могуць узнікнуць у сем'ях, дзе маці не любяць дзяцей або не надаюць ім увагі. Ад падобных эмацыянальных дзірак людзі пакутуюць усё жыццё, а часам шпіталізм прыводзіць нават да смерці.

Любячыя абдымкі здольныя тварыць цуды. Яны замыкаюць дзіця ў цёплае кола родных рук і дапамагаюць умацаваць не толькі псіхалагічнае, але і фізічнае здароўе.

Чым карысныя абдымкі:

  • узнімаюць самаацэнку і ўпэўненасць у сабе;
  • дапамагаюць лягчэй выбудоўваць кантакт з іншымі людзьмі;
  • даюць сілы супрацьстаяць стрэсу;
  • падтрымліваюць імунітэт;
  • надаюць энергію і здымаюць стомленасць;
  • пазітыўна ўплываюць на якасць начнога сну;
  • незаменныя ў прафілактыцы дэпрэсіі або спрыяюць больш хуткаму выхаду з яе;
  • дазваляюць даўжэй захоўваць маладосць.

На думку вядомага сямейнага тэрапеўта Вірджыніі Сатыр, 4 абдымкі неабходныя кожнаму проста для выжывання, 8 – для захавання добрага самаадчування, а 12 – каб расці і развівацца.

Тычыцца правіла і падлеткаў. Хаця яны нібыта не любяць, калі іх кранаюць і «ціскаюць» бацькі, аднак дотыкі і абдымкі ім вельмі патрэбныя.

Крок 3. Пятнаццаць хвілін душэўнай размовы без гаджэтаў.

Калі ў бацькоў пытаюцца пра тое, колькі, на іх думку, трэба мець стасункаў у дзень з дзіцем, каб яно адчувала сябе добра, амаль усе называюць касмічныя лічбы: 5 гадзін у дзень, 3 гадзіны ў дзень. Для працуючых і занятых людзей гэта нерэальна. Адказныя людзі ежма сябе ядуць, пачынаюць пакутаваць, што яны не дастаткова добрыя бацькі, спрабуюць кампенсаваць адсутнасць часу дарагімі цацкамі, гаджэтамі або неверагоднай колькасцю гурткоў.

Даследаванні паказалі: дастаткова ўсяго... 15 хвілін у дзень. 15-30 хвілін, калі вы не пазіраеце ў тэлефон і камп'ютар, не ківаеце паміж справай, а цалкам прысвячаеце ўвагу дзіцяці (і гаворка, зноў жа, не пра бытавыя размовы накшталт «паеў», «паспаў»). Вельмі важна не страціць тую каштоўную нітку даверу, калі маленькі чалавечак гатовы падзяліцца з вамі сапраўды важнымі перажываннямі са свайго жыцця ці запрасіць у любімую гульню. Не хвалюйцеся, што не лепіце з пластыліну ці не малюеце з дзiцем гадзінамі. У дзіцяці, як правіла, досыць сваіх інтарэсаў і спраў. Калі ён ведае, што ў вас ёсць спецыяльны час толькі для яго, эмацыянальнае насычэнне адбываецца хутка.

Крок 4. «Давай разам».

Гэтыя чароўныя словы марыць пачуць кожнае дзіця, нават калі яно – яршысты падлетак. Інтарэсы з узростам змяняюцца, ды ў цэлым гэта і не самае галоўнае. Блізкасць і больш даверлівыя стасункі вельмі добра фарміруюцца тады, калі вы занятыя пэўнай агульнай справай. Дазваляйце сабе часам зняць «касцюм» дарослага і ад душы парадавацца вясёлай гульні або ўзяць удзел у калекцыянаванні магніцікаў. І нават калі часу катастрафічна не хапае, нітачка сумесных захапленняў будзе аб'ядноўваць вас.

Крок 5. Маленькія сумесныя рытуалы.

Хочам мы ці не, ежа адыгрывае вялікую ролю ў нашым жыцці. Сумесныя пасядзелкі за сталом, як бы да іх ні ставіліся, – важны і аб'ядноўваючы рытуал. Добра было б прыдумаць невялікую традыцыю і для вас: сумесныя сняданкі, блінцы па нядзелях і інш. Здаецца, проста і глупства. А пачуццё бяспекі і блізкасці такія «дробязі» даюць каласальнае.

Усе крокі па выбудоўванні блізкасці з дзіцем грунтуюцца на простых пастулатах: шчодра дзяліцца пяшчотай і выдаваць яе пастаянна, а не па запыце. Калі дзіця перакананае ў вашай прыхільнасці і любові, яно здольнае лепей спраўляцца з любымі стрэсамі. Бо ў яго заўсёды ёсць месца, дзе яго прымаюць і абдымаюць нават з «двойкай» і дрэнным настроем.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

3 0 34

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх