8 Жніўня
08.08.2019

«Пыл асядзе. Я – не». Як хлопец на інваліднай калясцы ламае стэрэатыпы

logo
Знайдзі сябе
6 0 35
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Віктар Захар'еў – гэта разрыў шаблону. Яму не знаёмае слова «дэпрэсія». І ён не можа ўявіць, як гэта – сядзець дзень пры дні дома, абмежаваўшы свой сусвет выглядам з акна. 20 гадоў у інвалідным крэсле зусім не адбіліся на ладзе жыцця хлопца. Ён абсалютна вольны ў сваіх марах і рухах, а пад напорам яго энергіі ўмоўнасці і стэрэатыпы ў дачыненні да людзей з інваліднасцю рассыпаюцца, як картачны домік. Пры сустрэчы з ім мінакі не могуць адвесці позірк і азіраюцца.

У эксклюзіўным інтэрв'ю інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі Віктар Захар'еў упершыню праўдзіва распавёў, як прайшоў шлях ад «хлапчаняці-блазнюка» да першага ў Беларусі інструктара па інклюзіўным кросфіце, чаму пераносіць не можа слова «інвалід» і за што нарвежцы празвалі яго «грозны Сталін». А яшчэ пра асабістае жыццё, безбар'ернае асяроддзе і шчасце жыць тут і цяпер.

Пакуль вы не прачыталі гэтае інтэрв'ю, працягвайце ілюзорна ўяўляць, быццам ведаеце ўсё пра людзей з інваліднасцю.

Узорны хуліган

Мы сустрэліся ў буйным гандлёвым цэнтры ў самым сэрцы Мінска – на праспекце Пераможцаў. Да гэтага Віктар паспеў правесці пару гадзін на трэніроўцы, адкатаць на калясцы 20 кіламетраў па горадзе і прагуляцца па крамах.

І як у нас, Віця, з безбар'ерным асяроддзем?

У Мінску нармальна. Не сказаць, што ідэальна, але ў параўнанні з маім Барысавам – неба і зямля. Але тут, разумееш, такая справа: я актыўны. Жыву на другім паверсе і заўсёды ўзнімаюся-спускаюся сам. Калі ёсць парэнчы, мне пандусы не патрэбныя: два махі – і ўжо наверсе. Хаця трапляюцца такія месцы, якія нават я без старонняй дапамогі не адолею. На нейкай станцыі метро звярнуў увагу: пандус ёсць, а парэнчы з іншага боку. Ну што рабіць, пайшоў двух міліцыянераў напружыў. Кажу: ідзіце, падштурхоўвайце мяне. Ну, і штурхалі.

Раскажы, калі, як і дзе ты атрымаў траўму?

Я раней саромеўся казаць пра гэта. Але пытанняў задаюць шмат, напэўна, час прыйшоў расказаць праўду. У 2001 годзе атрымаў агнястрэльнае раненне.

Дык ты хуліган?!

Так. Але гэта было ў мінулым жыцці, як той казаў.

Я нарадзіўся ў Барысаве. Сям'я добрая, без праблем. Але мяне з дзяцінства цягнула на прыгоды. Дысцыпліна – не маё.

Тата прафесійна займаўся хакеем – і мяне «падсадзіў». З 7 гадоў аддаў у секцыю да сябра, з якім яны калісьці разам гулялі. Пазней мяне перавялі ў іншую ўзроставую групу, памяняўся трэнер, там і пачаліся праблемы. З трэнерам не сышліся, як кажуць, характарамі, і хакей я кінуў. І ўзрост небяспечны падышоў, і час неспакойны. У сярэдзіне 90-х усё пад адхон і пакацілася. У 14 гадоў – першая судзімасць умоўна, у 15 – другая, рэальная, на 2,5 года дзіцячай папраўчай калоніі. Вызваліўся – яшчэ 18 не было, але куды ўжо з такой рэпутацыяй?

Высновы не зрабіў, на шлях выпраўлення не ўстаў?

Можна і так сказаць. Зноў жа, сябры чакалі і ўсё такое. Ты не падумай, цяжкіх артыкулаў у мяне не было. Я проста машыны вельмі любіў, адна праблема – чужыя.

У 2001 годзе з сябрамі прыехалі на сустрэчу. Скончылася яна стрэлам. Куля прабіла абодва лёгкія, выйшла ззаду каля ныркі, не зачапіўшы пазваночнік. Але выбуховай хваляй пашкодзіла спінны мозг. Памятаю свае адчуванні ў момант стрэлу: як быццам токам у 5000 вольт жахнула. Устаць адразу спрабаваў, а не мог.

Спачатку ў Барысаве ляжаў, аперацыю зрабілі, потым накіравалі ў Мінск у НДІ траўматалогіі. Аднавіўся хутка – за 3 месяцы. Але ног не адчуваў. Не было ні дэпрэсіі, ні крыўды, на сябе злаваўся вельмі: чаму хачу ўстаць, а не атрымліваецца. Не ўсведамляў свайго стану, ды і мне доўгі час казалі, што проста ўдар моцны. Баяліся, напэўна, што нараблю спраў.

З Мінска дадому на калясцы вярнуўся?

Не. Каляску я першыя 2 гады наогул не браў – упэўнены быў, што аднаўлюся. Займаўся дома па 10 гадзін у дзень. Плюс добрая фізпадрыхтоўка да ўсіх гэтых падзей. Яшчэ ў «малалетцы» я цяжкай атлетыкай захварэў. Прыкол быў у тым, што садзіўся худзенькім, а вызваліўся моцна складзеным хлопцам.

Дома побыт прыстасавалі пад мяне. Замовілі з Масквы трэнажор Дыкуля. Але праз 2 гады прыйшло ўсведамленне, што зрухаў няма, хаця надзеі заставаліся (чуў, што і праз 5 гадоў людзі ўставалі).

З'явілася каляска. Трапіў упершыню на рэабілітацыйныя зборы ад раённай арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК).

Але праз 3 гады пасля траўмы я яшчэ раз трапіў за краты за старыя справы, адседзеў на калясцы 2 гады. Вось калі вярнуўся, тады іншае жыццё і пачалося па-сапраўднаму.

О, спорт! Ты – жыццё!

Я вельмі ўдзячны людзям, якія ў той момант былі са мной побач – таварышам і хлопцам з РАІК. Ніхто не кінуў, усе падтрымлівалі. Напэўна, таму ў мяне дэпрэсіі ніколі і не было.

Калі вярнуўся, мяне ўзялі ў РАІК на зборы трэнерам па цяжкай атлетыцы, цяпер я яшчэ і інструктар па плаванні.

Зборы маюць на мэце актыўную рэабілітацыю людзей з інваліднасцю. Асноўны ўпор робіцца на фізічную падрыхтоўку (тэніс, плаванне, атлетыка). Таксама людзей з інваліднасцю навучаюць навыкам самаабслугоўвання, арганізацыі побыту, тэхніцы язды на калясцы. Дарэчы, менавіта на зборах Віктар навучыўся правільна ўзнімацца і спускацца па лесвіцы. Там жа чытаюць лекцыі па прафілактыцы захворванняў, сексуальнаму і рэпрадуктыўнаму здароўю людзей з інваліднасцю. Зборы актыўнай рэабілітацыі праводзяцца 1 раз у год працягласцю 2 тыдні і збіраюць да 50 курсантаў розных узростаў, уключаючы інструктараў і лектараў.

Раней ушчыльную зборамі займалася РАІК. Да 2007 года яны праводзіліся ў Барысаве на базе санаторыя «Бярэзіна», спонсарам выступала шведская грамадская арганізацыя. Потым ініцыятыву прыкрылі і да 2011 года праводзілі 2-дзённыя курсы за дзяржаўны кошт. Не было ад іх карысці, калі шчыра. Там толькі на калясцы вучылі ездзіць. Але не пройдзеш іх, пасведчанне не атрымаеш – не дадуць актыўную каляску.

Цяпер пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму актыўная рэабілітацыя аднавілася. Праводзіцца на базе пратэзна-артапедычнага завода ў Мінску. Там, вядома, інфраструктура цалкам прыстасаваная да людзей з інваліднасцю: і гасцініца, і душ, і прыбіральня – няма прэтэнзій. Але па-ранейшаму 1 раз у год. У наступным годзе плануем дзіцячыя зборы арганізаваць. Бо ўзяць тых жа шведаў: у іх зборы ідуць цэлы год: жаночыя, дзіцячыя, для спінальнікаў, для шэйнікаў…

А я на зборах людзей сустракаю, якія па 10-15 гадоў з хаты не выходзілі, уяўляеш? Бо жывуць на 5-м паверсе, іх туды зацягнулі, а спусціцца – сяброў няма, бацькі старыя, ці ўвогуле нікога побач. І рэальна зрабіць яны нічога не змогуць. Ну, будуць у лепшым выпадку пісаць лісты ў інстанцыі.

А ты пісаў?

Не пісаў і не пішу. Першыя два гады нават пенсію не афармляў – быццам бы сорамна было. Не ведаў, якія льготы ёсць і не цікавіўся гэтым.

Віця, сорамна чаму?

Да каляскі ў мяне было зусім іншае жыццё, усё давалася лёгка. А потым ператварыцца ў «гэта»... Камплексаваў шмат у чым. Я да гэтага часу слова «інвалід» на дух не пераношу. Як трэба? Чалавек з інваліднасцю. Чалавек з абмежаванымі магчымасцямі таксама няправільна, бо мы ўсе з абмежаванымі магчымасцямі.

У цябе ў сацыяльных сетках стаіць подпіс: «Смерць – не самая вялікая страта ў жыцці. Самая вялікая страта – гэта тое, што памірае ў нас, пакуль мы жывыя. Ніколі не здавайцеся». Гэта дэвіз па жыцці?

Вядома. Я разумею, што мне ўжо 41 год, і няхай я яшчэ 10-15 гадоў парухаюся ў такім тэмпе... Але ў нас забываецца ўсё вельмі хутка. І людзі забываюцца хутка. Таму ў мяне мэта: пакуль ёсць яшчэ сілы, рухацца напоўніцу, не спыняцца і ніколі не здавацца.

З бізнэсам у мяне адносіны неяк не вельмі, спрабаваў – гэта сумна, манатонна. А вось спорт – гэта рух. Я вельмі люблю экстрэмальныя віды.

Мой сябар Дзяніс Васілевіч (актыўны грамадскі работнік, універсальны інструктар па фізічнай падрыхтоўцы ў РАІК. – заўв.В.М.) летась выйграў конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend з праектам «Асаблівы падыход». Тэма – адаптаваць водныя віды спорту да людзей з інваліднасцю. На прызавыя грошы купілі водны матацыкл, лыжы спецыяльныя, «ватрушкі». Сёлета адкрывалі сезон, каталі на матацыкле мінчан з РАІК, інструктараў.

Зноў жа сёлета, дзякуючы Дзянісу, нас запрасілі ў Нарвегію. Там мяне навучылі экстрэмальнаму спуску на горных лыжах. І цяпер у планах запусціць такі ж праект у Сілічах.

Але я пакуль не магу ўключыцца ў поўнай меры – заняты кросфітам у Лідзе.

Так, тое, што ты першы кросфіт-трэнер, анансавалі практычна ўсе СМІ. Як прыйшло гэтае рашэнне? Як табе ў новым амплуа і ў Лідзе?

Саша (Аляксандр Аўдзевіч – старшыня Лідскага міжраённага аб'яднання РАІК. – заўв.В.М.) даўно вуду закідваў, але я спачатку не асабліва хацеў. Стаць трэнерам – гэта значыць, асесці, разумееш? А пакуль у мяне ёсць запал, я хачу рухацца, штосьці новае для сябе спрабаваць. Трэнерам заўсёды стаць паспею. Бо яму, умоўна кажучы, не абавязкова самому лезці на турнік, трэба проста правільна паказаць, растлумачыць, пракантраляваць.

Але справа была перад зімой, і я пагадзіўся. З таго моманту пачаў мэтанакіравана трэніравацца пад кіраўніцтвам Андрэя Сявашкі ў «Пандзе» (сталічны спартклуб. – заўв.В.М.), з упорам на тэхніку, каб самому можна было выкладаць. Я і зараз кожныя выхадныя езджу ў Мінск на трэніроўкі. Вельмі ўдзячны майму сябру і трэнеру Андрэю за падтрымку і матывацыю, за дапамогу і актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта інклюзіўнага кросфіту ў Лідзе.

У Ліду я прыехаў 12 красавіка, а праз 3 дні правёў першыя трэніроўкі.

Горад мне адразу спадабаўся. І хлопцы-калясачнікі добрыя, пасябравалі. Але што да спартзалы, нават цяпер, пасля афіцыйнага адкрыцця, пытанняў яшчэ шмат. Кросфіт – гэта не цяжкая атлетыка, калі зрабіў адзін падыход і некалькі хвілін адпачываеш. Гэта кругавая трэніроўка, г.зн. трэба некалькі набораў гантэляў, камплект мячоў, штангі... У мяне з групы толькі адзін падцягвацца можа, гэта значыць астатнім пакуль турнікі, кольцы быццам і не патрэбныя, пра канат наогул казаць не варта.

Але сама па сабе ідэя інклюзіўнай спартзалы добрая. Калі яе развіваць, можа і іншыя гарады падцягнуцца.

Віця, ты сам што можаш? Колькі разоў падцягваешся?

З каляскай, калі на свежыя сілы – 15 разоў лёгка. Без каляскі – у два разы больш. На брусах магу адціснуцца 35 разоў дакладна, без каляскі – разоў 70.

Вось у мяне часта пытаюцца: а чаго ты ў паралімпійскі спорт не пайшоў? Не прываблівае. Гэта лад жыцця. Рэжым, рамкі, абмежаванні, пастаянныя зборы, трэніроўкі. А я люблю падарожнічаць, бавіць час з сябрамі. Магу ў любую хвіліну сарвацца. «Віця, айда на паляванне!» – ды не пытанне. «Паехалі на водных лыжах катацца!» – лёгка…

«Я добры, калі я рухаюся»

Кумір ў цябе ёсць? Разумею, слова не вельмі. Але можа на кагосьці раўняешся?

Спявак Шакур Тупак. Гэта, дарэчы, яго словы пра смерць. Але кумір – нельга сказаць. Я любіў яго музыку, але сам я не музыкант. Мне ён падабаўся сваім характарам, у яго заўсёды была ўласная кропка гледжання – і ён умеў яе адстойваць.

Татуіроўкі твае што-небудзь азначаюць? Дзе біў?

Штосьці з малалеткі прыйшло. А на руцэ татуіроўка не нясе асаблівага сэнсу. Гэта проста прыгожа. Ну не біць жа кветачкі... У Нарвегіі была гісторыя. Там па тэхніцы язды на горных лыжах трэба было вучыцца віляць, а мне так хацелася пранесціся на хуткасці па прамой, каб вецер у твар. Дык нарвежцы там мяне называлі – «грозны Сталін», па тыпу – бясстрашны і суровы. Бясстрашны – зразумела, а суровы чаму? Я англійскую мову дрэнна ведаю, не разумеў, пра што яны там размаўляюць, таму і ўсміхаўся мала.

Раскажы пра асабістае жыццё. Дзяўчына ў цябе ёсць?

Ёсць, Лена завуць. Яна мяне на пляцоўцы варкаўту ў Лідзе ўбачыла, а потым знайшла ў сацыяльных сетках і напісала.

 Можа, ажэнішся?

Можа, і ажанюся (смяецца).

У мяне і раней дзяўчаты былі, і ажаніцца мог. Але заўсёды адна праблема была – рэўнасць. Маё жыццё ў руху, а гэта новыя месцы, новыя знаёмствы. А дзяўчаты лічаць, што калі мы з табой пара, дык ты толькі мой і больш нічый. Атрымліваецца, трэба ўсё кінуць і сесці побач дома? Гэта ж хутка надакучыць. Я сам у такім становішчы сядзячым вельмі хутка надакучу. Я добры, калі рухаюся.

Напружвае, што мне ў 41 год даводзіцца апраўдвацца, тлумачыць элементарныя рэчы. Я проста ведаю, што калі на пачатковай стадыі не давяраць, дык далей будзе толькі горш.

А Лена іншая?

Іншая. Яна вясёлая, такая ж лёгкая на пад'ём, як я.

Каб закрыць пытанне асабістага жыцця... Ты з тых людзей, для каго шлюб – гэта раз і назаўсёды?

Так, я хацеў бы менавіта так. Але не хачу спыняцца ў руху. Калі дзяўчына будзе падзяляць маю пазіцыю – усё будзе ок.

Давай бліц. Што ты цэніш у людзях?

Прыстойнасць.

Што не прымаеш катэгарычна?

Пазёрства. Зрабіў на грош, а раздзьмуў на мільярд.

Яшчэ цярпець не магу баязлівасць, калі моцнага баяцца зачапіць, а чапляюць тых, хто слабейшы.

Пра што марыш?

Пра сям’ю, дзяцей.

Планы на бліжэйшы год?

Хачу ў Мінску адкрыць спартзалу па інклюзіўным кросфіце. Да хлопцаў з інваліднасцю хачу звярнуцца: не закрывайцеся ў сабе, шукайце магчымасці, выязджайце на вуліцы, рухайцеся, няхай усе бачаць, што вы ёсць!

Любімая машына?

BMW.

Колер?

Чорны. І сіні, насычаны.

Калі жыццё – зебра, якая ў цябе паласа цяпер?

Нармальная, беленькая.

А чорных было шмат?

Ды пастаянна. Але я іх не заўважаю. Калясачнік пастаянна сутыкаецца з пэўнымі праблемамі. Ну не можа быць гладка. Гладка – гэта дома каля тэлевізара. А калі рухацца, абавязкова будуць перашкоды... Але без цяжкасцяў сумна. Гэта досвед.

Гадаванец у цябе ёсць?

Пітбуль па мянушцы Фёрджы, 9 гадоў. Выхаваны. Нікога ніколі не кусаў. Дзяцей любіць. Я заўсёды ім займаўся, цэлыя дні праводзіў. Цяпер дадому ў Барысаў не езджу, каб яго не траўмаваць – не есць пасля майго ад'езду некалькі дзён, сумуе. Забраць не магу – сам пакуль на птушыных правах.

Ёсць рэчы, якіх ты баішся?

Баюся заўтра памерці. Не хочацца. Неяк рана яшчэ.

У чым сэнс жыцця, ведаеш?

Калі шчыра, напэўна, яшчэ не зразумеў. Я ўсведамляю зараз, што ў свой час трэба было больш надаваць увагі блізкім, бацькам. А я надаваў яе нейкім выпадковым людзям. Праводзіў з імі час. Столькі было страчана. І калі б, калі ўсё здарылася, я адразу адмовіўся ад мінулага і пачаў рухацца ў напрамку, у якім рухаюся цяпер, думаю, было б нашмат больш правільна – больш паспеў бы зрабіць таго, чым мае родныя і сябры могуць ганарыцца.

Фота – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

6 0 35

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх