11 Лютага
11.02.2020

Лімфома «ад грудных імплантаў»: як распазнаць і лячыць

logo
Кантралюй здароўе
157 0 168
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Павелічэнне грудзей займае другое месца сярод усіх пластычных аперацый у Беларусі. У апошнія гады з'явілася шмат разрозненай інфармацыі пра рызыкі грудных імплантаў. З пластычным хірургам Мінскай абласной клінічнай бальніцы, аспірантам кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА Вячаславам Басалаем разбіраемся, што праўда, а што – перабольшанне, і як не прапусціць магчымыя ўскладненні.

врач басалай

Пра «хваробы грудных імплантаў»

Якія рызыкі і ўскладненні могуць выклікаць грудныя імпланты?

Павелічэнне або рэканструкцыя грудзей з выкарыстаннем імплантаў можа мець шэраг ускладненняў, як і любая іншая аперацыя. У ранні пасляаперацыйны перыяд даволі рэдка сустракаецца гематома. У гэтым выпадку можа спатрэбіцца паўторная аперацыя для спынення крывацёку, выдалення назапашанай крыві і паўторнай устаноўкі імпланта.

Яшчэ адно ўскладненне – серома (назапашванне серознай вадкасці), якая можа ўзнікнуць як у раннім пасляаперацыйным перыядзе, так і ў больш аддаленыя тэрміны (ранняя і позняя). Тады можа спатрэбіцца пункціраванне серомы і выдаленне назапашанай вадкасці. Таксама магчымая капсулярная кантрактура – патаўшчэнне злучальнатканкавай капсулы, якая ўтвараецца вакол імпланта, з прычыны чаго адбываецца яго дэфармацыя. У пацыенткі гэта можа выклікаць змену формы грудзей і болевы сіндром.

Існуе верагоднасць разрыву імпланта. У першыя гады пасля ўстаноўкі гэта практычна немагчыма. Тым не менш, па дадзеных некаторых даследаванняў, праз 8 гадоў верагоднасць разрыву імпланта павялічваецца. Аднак рызыка пранікнення яго змесціва ў арганізм мінімальная, бо ён абаронены злучальнатканкавай капсулай.

Імпланты. Грудныя імпланты.

Што тычыцца частаты ўскладненняў, дык можна прывесці прыклад маштабнага даследавання аднаго з вытворцаў імплантаў, якія мы выкарыстоўваем у сваёй практыцы. Яно праводзілася з 2010 па 2018 год з удзелам 580 тысяч пацыентак. Вынікі паказалі, што працэнт асноўных ускладненняў складае менш за 1% або роўны нулю. У доўгатэрміновым перыядзе частата аддаленых ускладненняў узрастае да 3-5%. Наша практыка гэта пацвярджае.

Перад аперацыяй мы абавязкова агучваем пацыентам усе магчымыя рызыкі і іх верагоднасць.

У год у Мінскай абласной клінічнай бальніцы адбываецца 300-400 аперацый па павелічэнні грудзей.

Ці звяртаюцца жанчыны з нагоды выдалення грудных імплантаў і з якой прычыны?

Перыядычна пацыенткі звяртаюцца з такімі просьбамі. Трэба разумець, што грудзі – нестабільная анатамічная структура, яна змяняецца з часам, што цягне і магчымыя пазіцыйныя змены імпланта (напрыклад, дэфармацыя па тыпу «мяч у шкарпэтцы» або «вадаспад»). Безумоўна, многія пацыенткі хочуць скарэктаваць змены, што адбыліся. Некаторыя жанчыны просяць выдаліць імпланты, бо яны проста надакучылі ці ў жыцці штосьці змянілася.

Імпланты. Выдаленне грудных імплантаў.

У некаторых краінах жанчыны пры выдаленні спасылаюцца на «хваробу грудных імплантаў» (breast implant illness). Ці існуе яна рэальна?

Афіцыйна такога захворвання няма. Гэта набор пэўных сімптомаў: павышаная стамляльнасць, сып, боль у суставах, звон у вушах, бяссонніца і інш. Яшчэ ў 90-я гады ў ЗША ў сувязі са скаргамі пацыентак і гіпотэзай, што пратэзы могуць правакаваць аўтаімунныя захворванні, была ўведзеная 10-гадовая забарона на сіліконавыя імпланты.

Пачаліся маштабныя даследаванні, у выніку якіх забарона была знятая, бо не было выяўлена ніякіх пераканаўчых навуковых дадзеных на карысць імпланта-асацыяваных захворванняў. Аналагічныя даследаванні праводзіліся і ў 2010, аднак узаемасувязь імплантаў і названых сімптомаў не была знойдзеная.

Не выключана, што некаторыя жанчыны могуць адчуваць псіхалагічны дыскамфорт, звязаны з груднымі імплантамі, і таму хочуць іх выдаліць. Пластычныя хірургі паважаюць гэтае рашэнне, і ніхто ў аперацыі не адмовіць. У маёй практыцы такіх скаргаў не было.

Калі і як правярацца, каб не прапусціць разрыў імплантаў і іншыя ўскладненні?

Мы рэкамендуем пацыенткам наведваць свайго пластычнага хірурга раз у год, а таксама не забывацца пра штогадовы агляд у мамолага, які павінна праходзіць кожная жанчына для прафілактыкі раку грудзей.

У выпадку недамагання таксама трэба адразу звяртацца да свайго хірурга, які прызначыць дадатковыя даследаванні. Разрыў імпланта, да прыкладу, вызначаецца з дапамогай УГД і МРТ.

Імпланты. Грудныя імпланты.

Пра анапластычную буйнаклетачную лімфому

Зараз FDA і СААЗ прызнаюць факт, што некаторыя грудныя імпланты могуць выклікаць развіццё злаякаснай пухліны ў злучальнатканкавай капсуле – анапластычнай буйнаклетачнай лімфомы (BIA-ALCL). Што  вядома па гэтым пытанні і ці зарэгістраваныя выпадкі гэтага раку ў Беларусі?

Упершыню BIA-ALCL была зафіксаваная ў 1997 годзе, і з таго часу зарэгістравана каля 600 выпадкаў. Для разумення важна ведаць: зараз у свеце тэкстураваныя імпланты ўсталяваныя 35 млн жанчын.

Імпланты дзеляцца на класы ў залежнасці ад тэкстуры: 1 клас – самыя гладкія, 4 клас – макратэкстураваныя (з шурпатай паверхняй). Было выразна прадэманстравана, што павышаная рызыка развіцця гэтага захворвання звязаная з імплантамі 3-4 класа. У 2019 годзе фармацэўтычная кампанія Allergan адклікала свае тэкстураваныя грудныя імпланты лінейкі BIOCELL. Зараз яны не выкарыстоўваюцца ў пластычнай хірургіі.

Імпланты. Шкодныя грудныя імпланты.

З-за невялікай колькасці тых, хто захварэў, немагчыма вызначыць частату гэтага захворвання. Тым не менш, навуковыя даследаванні ў гэтай галіне працягваюцца. Адно з найбольш маштабных даследаванняў, выкананае ў Аўстраліі, паказала, што BIA-ALCL можа мець сувязь з пэўнымі генамі, гэта значыць, да захворвання схільныя не ўсе, а пэўныя папуляцыі. Аднак пакуль гэта першасныя дадзеныя, якія патрабуюць дадатковага пацверджання.

Таксама ёсць папярэднія дадзеныя, што развіццё анапластычнай буйнаклетачнай лімфомы можа быць звязанае з бактэрыяльным абсемяненнем імпланта пры яго ўстаноўцы. Сусветнай навуковай супольнасцю распрацаваны план прафілактыкі гэтага ўскладнення, які складаецца з 14 пунктаў і з'яўляецца стандартам у пластычнай хірургіі.

BIA-ALCL – лакалізаванае захворванне з добрым прагнозам пры аператыўным умяшанні. Як правіла, захворванне ўзнікае праз 9-10 гадоў пасля ўстаноўкі імплантаў і выяўляецца ў выглядзе ацёчнасці і болю ў грудзях. Пры ўзнікненні такіх сімптомаў паказаная кансультацыя пластычнага хірурга з наступным выкананнем УГД. Калі па дадзеных УГД выяўляецца выпат або серома вакол пратэза, можна выказаць здагадку пра анапластычную буйнаклетачную лімфому.

Для пацверджання дыягназу выконваецца тонкаіголкавая аспірацыйная біяпсія, атрыманая вадкасць накіроўваецца на даследаванне (праточная цытаметрыя і імунагістахімічнае вызначэнне маркераў CD30 і ALK). Калі захворванне пацвярджаецца, імплант выдаляецца, злучальнатканкавая капсула цалкам сячэцца. У пераважнай колькасці выяўленых выпадкаў такое лячэнне мела 100% эфектыўнасці.

Імпланты. Біяпсія грудзей.

Дадаткова

У 2016 годзе Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ) папярэдне класіфікавала асацыяваную з грудным імплантам анапластычную буйнаклетачную лімфому як новую лімфому.

Нацыянальная комплексная анкалагічная сетка (NCCN) распрацавала кіруючыя прынцыпы для дыягностыкі і лячэння захворвання. Яны прызнаныя Упраўленнем па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША (FDA), а таксама нацыянальнымі таварыствамі пластычнай хірургіі.

Згодна з новымі рэкамендацыямі 2019 года, сярод магчымых сімптомаў захворвання адзначаюцца таксама пальпаванае ўтварэнне ў вобласці грудзей (8-24%), лімфадэнапатыя (4-12%), а таксама сып, павышаная тэмпература (менш за 5% выпадкаў).

Пры пацверджанні дыягназу BIA-ALCL паказаная рэзекцыя адзіным блокам: выдаленне капсулы і імпланта, а таксама паталагічнага разрастання і лімфатычных вузлоў (пашкоджаных або тых, што выклікаюць падазрэнне), калі ёсць апошняе. Няпоўная рэзекцыя звязаная з высокай частатой рэцыдываў.

Хіміятэрапія і прамянёвая тэрапія рэкамендуюцца, калі аперацыя не можа гарантаваць 100%-ы вынік ці рак пранік у грудную сценку.

Назіранне жанчын пасля лячэння ўключае наведванне ўрача кожныя 3-6 месяцаў на працягу 2-х гадоў. Рэкамендуецца візуалізацыя з дапамогай КТ з кантрастам або ПЭТ кожныя 6 месяцаў на працягу 2-х гадоў пасля лячэння – пры наяўнасці сімптомаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

157 0 168

Журналіст
Наверх