21 Лютага
21.02.2020

Рассмяшыць хваробу. Гаючая смехатэрапія. Частка 2

logo
Перамажы стрэс
146 0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Смех – лякарства ад любых хваробаў. Пазітыўныя эмоцыі доктара «прапісваюць» як самы магутны сродак плюс да традыцыйных метадаў медыцынскай дапамогі. І гэта даказана! Прынамсі, у дачыненні да такога захворвання, як цукровы дыябет. У студзені 2018 года ў міжнародным часопісе Diabetes Research and Clinical Practice («Даследаванні дыябету і клінічная практыка») выйшаў артыкул «Гомеастатычны ўплыў смеху на дыябетычныя сардэчна-сасудзістыя ўскладненні: міф ператварыўся ў факт». У артыкуле прадстаўленыя дадзеныя даследаванні, пры якім урачы назіралі за ўплывам смеху на хворых на цукровы дыябет 2-га тыпу. Высновы аптымістычныя: смех сапраўды папярэджвае ўскладненні!

Смехатэрапія. Зніжае цукар у крыві.

З такімі высновамі згодныя і нашы ўрачы.

 
Анжаліка Сонцава
Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хваробаў БДМУ, д.м.н., галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя
Смех – старажытны прыроджаны фізіялагічны феномен. Па сіле і глыбіні ўздзеяння ён валодае велізарным аздараўленчым эфектам, які распаўсюджваецца як на саматычны стан дзіцяці, так і на яго псіхіку. У нашых стацыянарах мы ўсё часцей пачалі бачыць дзіцячых клоўнаў. Гэта адзін з паспяховых і запатрабаваных відаў псіхатэрапеўтычнай дапамогі – смехатэрапія. У Амерыцы і Еўропе першыя медыцынскія клоўны з'явіліся 25 гадоў таму. Эфектыўнасць такога вясёлага лячэння настолькі высокая, што ў некаторых краінах (напрыклад, Італіі) свой штатны клоўн маецца ў кожнай клініцы. Дактароў-клоўнаў дзеці і бацькі нязменна любяць і чакаюць. Клоўнатэрапія можа прымяняцца як самастойная форма працы з дзецьмі (для вырашэння псіхалагічных праблемаў), а таксама ў спалучэнні з іншымі відамі лячэння пры цукровым дыябеце. Калі мы смяемся, у арганізме адбываюцца дзіўныя працэсы: зніжаецца ўзровень выпрацоўкі «гармонаў стрэсу» – картызолу і адрэналіну. Гармонаў, якія валодаюць і контрінсулярным дзеяннем. У той час як «гармоны шчасця» – эндарфіны – актыўна паступаюць у нашу кроў. Яны і выклікаюць пачуццё задавальнення. Ад смеху паляпшаецца работа сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэмаў, органаў стрававання, імуннай сістэмы. Ну і, вядома, смех – выдатны душэўны лекар. Дзеці пасля смехатэрапіі з клоўнамі адчуваюць сябе больш разняволенымі, робяцца больш адкрытымі, у іх змяняецца погляд на навакольны свет і свой стан. Яны пачынаюць нармальна стасавацца з бацькамі, аднагодкамі. Вядома, што эмоцыі, якія мы перажываем, і дзеянні, якія яны выклікаюць, узаемазвязаныя. Паколькі дзіця не можа знаходзіцца адначасова ў стане дэпрэсіі і ў весялосці, дык, смеючыся, яно атрымлівае сапраўдны стан адкрытасці і радасці, што станоўча ўплывае на ўвесь працэс лячэння пры цукровым дыябеце.

Смехатэрапія. Бальнічныя клоўны.

 Смехатэрапія – гэта як?

 Упершыню пра смехатэрапію стала вядома ў 1970-х гадах мінулага стагоддзя. Выпрабаваць на сабе такі від лячэння адважыўся амерыканскі журналіст Норман Казінс. У гісторыю ён увайшоў як чалавек, які рассмяшыў смерць. Справа ў тым, што Казінс раптам захварэў. Тэмпература і ламота ва ўсім целе ўжо праз тыдзень прывялі да таго, што мужчыну стала цяжка рухацца. Дыягназ стаўся несуцяшальным – анкілазуючы спандыліт (хвароба Бехцерава).

Пры гэтай паталогіі адбываецца запаленне суставаў, абмежаванне іх рухомасці, косці зрастаюцца адна з адной, звязкі касцянеюць, пазваночнік можа цалкам страціць гнуткасць. Суправаджаецца працэс моцным болем. «Папраўляецца адзін з 500», – паведамілі Казінсу ўрачы.

Смехатэрапія. Норман Казінс. Хвароба Бехцерава.

Калі Норман Казінс усвядоміў увесь цяжар сітуацыі, ён вырашыў змагацца за сябе. Адважыўся на эксперымент пры падтрымцы свайго сябра, урача Хітцыга. Менавіта добры доктар распавёў пра тое, што арганізм мабілізуецца на барацьбу з хваробай, калі эндакрынная сістэма працуе на поўную моц. У той час як дэпрэсія, негатыўныя думкі выклікаюць выпрацоўку гармонаў стрэсу, што ў сваю чаргу прыгнятае імунную сістэму.

Тады Казінс выказаў здагадку, што калі роспач імунітэт аслабляе, дык станоўчыя эмоцыі павінны дзейнічаць на яго ўмацавальна. Ён адмовіўся лячыцца ў бальніцы і пераехаў у гасцінічны нумар. Побач з ім неадлучна знаходзіліся доктар Хітцыг і сядзелка. У пакоі Казінса ўсталявалі кінапраектар, на якім амаль кругласутачна круціліся кінакамедыі. Сеансы смехатэрапіі даходзілі да 6-ці гадзін у дзень!

Смехатэрапія. Норман Казінс.

Спачатку Казінс адзначаў, што яго сон палепшыўся, боль зменшыўся. А затым адбыўся сапраўдны цуд: Норман Казінс не проста ўстаў з ложка, але і вярнуўся да працы. І нават змог займацца спортам! А праз 10 гадоў выпадкова сустрэў на вуліцы доктара, які прарочыў яму хуткую смерць, і моцна паціснуў яму руку.

Пасля цяжкага выпрабавання Норман Казінс пачаў вывучаць біяхімію эмоцый, іх уплыў на хваробу і выздараўленне. Ён напісаў кнігі, якія зрабіліся сусветнымі бестсэлерамі: «Услаўленне жыцця», «Спадчыннасць», «Анатомія хваробы з пункту гледжання пацыента», «Сэрца, якое лечыць». «Арганізм чалавека здольны трансфармаваць надзею на выздараўленне ў адчувальныя біяхімічныя змены», – упэўнены Казінс.

Цела і псіхіка – гаючая каманда

Смехатэрапія. Смяяцца карысна.

 Пра ўплыў псіхікі на цела чалавека напісана нямала. Англійскі мысліцель Роберт Бёртан яшчэ ў XVII стагоддзі адзначаў у сваёй «Анатоміі меланхоліі»: «Смех чысціць кроў, амалоджвае цела, дапамагае пры сардэчных хваробах». Пра важнасць смеху як унікальнага сродку лячэння ў сваіх працах згадвалі Імануіл Кант, Зігмунд Фрэйд. Фрыдрых Ніцшэ пісаў: «Дзесяць разоў павінен ты смяяцца на працягу дня і быць вясёлым». Вядомы рускі пісьменнік Леў Талстой сцвярджаў, што смех нараджае бадзёрасць, а Максім Горкі пісаў, што «разумны смех – выдатны ўзбуджальнік энергіі».

Сучасны чэшскі і амерыканскі псіхолаг і псіхіятр Станіслаў Гроф адзначае: «Чалавек, настроены на розныя ўзроўні негатыўных матрыцаў, успрымае сябе і свет песімістычна, у той ці іншай ступені перажывае эмацыянальны і псіхасаматычны стрэс. Чалавек, які знаходзіцца пад уплывам пазітыўнай дынамічнай сістэмы, знаходзіцца ў стане эмацыянальнага дабрабыту і аптымальнага псіхасаматычнага функцыянавання».

Уплыў смеху на цела чалавека пачаў вывучацца асобнай навукай – гелаталогіяй. Высветліліся дзівосныя факты. Аказваецца, смех сапраўды:

  • зніжае артэрыяльны ціск;
  • памяншае ўзровень стрэсу;
  • дабратворна ўплывае на стан сардэчна-сасудзістай сістэмы (падчас прыступаў рогату кровазварот робіцца больш актыўным на 22%);
  • дапамагае пры праблемах з дыханнем;
  • нармалізуе працу кішэчніка;
  • павышае імунітэт;
  • валодае абязбольвальным эфектам;
  • паляпшае агульнае самаадчуванне.

Дарэчы, смех можна параўнаць з заняткамі фітнэсам. Бо падчас вясёлага рогату працуюць ажно 80 групаў мышцаў! Пры гэтым падлічана, што калі дзеці смяюцца каля 400 разоў у дзень, дык дарослыя ўсяго 15.

Смехатэрапія. Дзеці смяюцца.

Смех лечыць. Нават скрозь слёзы

Лёгка сказаць. Але як смяяцца, калі хварэеш і няма ніякіх душэўных сіл на звычайную ўсмешку? Калі страшна, дрэнна, сумна... Не ва ўсіх сіла духу такая ж, як у Нормана Казінса. А некаторых прыклады яго і іншых такіх жа герояў не натхняюць, а наадварот, кідаюць у роспач: «Я так не магу».

Але справа ў тым, што карысць ад смеху будзе выяўляцца нават у тым выпадку, калі вы ўсміхаецеся і прымушаеце сябе рагатаць сілком. Нават калі вы пачняце расцягваць свае вусны ва ўсмешцы пальцамі і здзяйсняць рухі, падобныя да смеху, – мозг атрымае гэты сігнал, і настрой пачне паляпшацца.

Смехатэрапія. Прымусіць сябе ўсміхацца.

Журнал Complementary Therapies in Medicine («Дадатковыя метады лячэння ў медыцыне») апублікаваў артыкул, у якім абмяркоўваўся ўплыў натуральнага і штучнага смеху на работу сардэчна-сасудзістай сістэмы. Аўтары матэрыялу распавялі пра эксперымент, у якім паўдзельнічалі 72 чалавекі. Людзей падзялілі на тры групы. У першай іх папрасілі паспрабаваць засмяяцца «фальшыва», у другой – натуральны смех быў выкліканы праглядам гумарыстычных фільмаў. Трэцяя група і ўвогуле глядзела дакументальнае кіно. У выніку было даказана, што спецыяльна зымітаваны смех не саступае па лячэбных якасцях натуральнаму, і нават пераўзыходзіць яго ў некаторых момантах. Напрыклад, яго колькасць можна кантраляваць.

«Гучанне» нашага цела залежыць ад тых думак, якімі мы да яго дакранаемся. Нездарма вучоныя ўжо шмат стагоддзяў кажуць пра бясспрэчную сувязь паміж целам і псіхікай, а ўрачы ў рэкамендацыях заўсёды раяць: «Пабольш пазітыву!» А ў кампаніі дарагіх людзей гэты эфект умацоўваецца. Дарэчы, калі вы ў апошні раз рагаталі ад душы? Можа, прыйшоў час для той самай любімай камедыі, якая здавалася пустым марнаваннем часу?! З гэтага дня можна афіцыйна лічыць яе сеансам лячэбнай смехатэрапіі!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

146 0 27

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх