20 Ліпеня
20.07.2019

«Рэцэпт маладосці і прыгажосці даўно вядомы. Карыстайцеся!» – трэнер Наташа Цыбульская пра цуды і праўду ператварэнняў

logo
Трэніруйся
6 0 108
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Шлях да сябе, цяперашняй, вядомы фітнэс-трэнер Наташа Цыбульская пачала пяць гадоў таму, у сорак гадоў. Закахалася, як дзяўчынка! У мужчыну, значна маладзейшага за сябе. Ён адказваў узаемнасцю, але Наташа ведала – падабаюцца яму стройныя спартыўныя жанчыны. Яна ж тады была далёкая ад жаданага вобразу. І калі аднойчы каханы пяшчотна спытаўся, абдымаючы яе са спіны і пагладжваючы жывоцік: «У нас там хтосьці жыве?», жыццё Наташы перавярнулася.

– Я не пагаджуся са сцвярджэннем, што мужчына павінен кахаць жанчыну такой, якая яна ёсць. Кожны чалавек абавязаны сачыць за сваім здароўем і фізічнай формай. Жанчыны – не выключэнне: і тыя, хто нараджаў, і тыя, каму даўно ўжо не дваццаць. Усё гэта – адгаворкі для лянівых, з усёй адказнасцю заяўляю, – кажа трэнер сёння.

А пяць гадоў таму яна не пайшла – кінулася ў трэнажорную залу. Здарылася гэта 14 мая 2014 года, і гэтую дату Наташа лічыць сваім другім днём народзінаў. Але яна сутыкнулася з праблемай: ніхто не браўся трэніраваць узроставую жанчыну з хранічнымі захворваннямі. А ў Наташы быў цэлы букет: апушчэнне нырак 2-й ступені, вострая хвароба нырак, піяланефрыт і скаліёз – худнець і падымаць цяжар больш за тры кілаграмы з такім станам здароўя забаронена!

Яна пачала трэніравацца самастойна, адшукваючы інфармацыю ў інтэрнэце.

– Я зрабіла мноства памылак у арганізацыі харчавання і трэніровак – цуд, што не ўгробіла здароўе канчаткова! – дзеліцца Наташа. – Хачу перасцерагчы тых, хто спадзяецца на такі шлях. Шукайце свайго трэнера, бо кожны арганізм індывідуальны, дасведчаны спецыяліст будзе вар'іраваць нагрузкі і складаць праграмы трэніровак, зыходзячы з вашай сітуацыі. Але ў мяне так склалася – даводзілася працаваць без трэнерскай падтрымкі.

Вашыя ўпартасць і настойлівасць далі проста фантастычны вынік! Не верыцца, што на фотаздымках «да» і «пасля» – адна і тая ж жанчына з розніцай у шэсць месяцаў. Вынік натхніў на трэнерскую працу?

– Калі я «зрабіла» цела, у трэнажорнай зале пачалі часта падыходзіць жанчыны, прасіць, каб я іх трэніравала – падабаўся мой вынік. Але як я магла ўзяць на сябе такую адказнасць, не маючы спецыяльнай адукацыі? Бог быў літасцівым, эксперымент над сабой скончыўся ўдала, але калі рухацца далей – трэба было вучыцца. Да таго ж, у сям'і здарылася няшчасце: мая дачка-падлетак атрымала траўму пазваночніка. Два гады яна правяла ў артапедычным інтэрнаце – ёй нельга было сядзець, яна вучылася лежачы. У інтэрнаце ёй кожны дзень рабілі масаж, яна займалася ЛФК, плавала ў басейне, але ўсё гэта не прыносіла патрэбнага выніку, развіваўся скаліёз. Неабходна было сфармаваць мышачны гарсэт, які трымаў бы пазваночнік.

Але як і ў выпадку з узроставымі жанчынамі, хворых людзей, дзяцей ніхто не браўся трэніраваць. Рашэнне атрымаць патрэбную адукацыю толькі ўмацавалася ў мяне! Я пачала шукаць навучальныя ўстановы ў Беларусі па падрыхтоўцы трэнераў для працы з узроставымі і хворымі людзьмі – аказалася, у нас ёсць толькі падрыхтоўка інструктараў ЛФК. На жаль, гэта не тое, што дапамагло б у маім выпадку. Патрэбныя навучальныя ўстановы па падрыхтоўцы трэнераў я знайшла ў Расіі. Скончыла спецыялізаваны каледж, затым павышала сваю кваліфікацыю ў Асацыяцыі прафесіяналаў фітнэсу і бодзібілдынгу, атрымала сертыфікат міжнароднага ўзору, які дазваляе мне працаваць і за мяжой. І вось зараз, маючы ў скарбонцы тры вышэйшыя адукацыі – тэхнічную, эканамічную і юрыдычную, – я працую фітнэс-трэнерам. Шчаслівая ад таго, што дапамагаю людзям і эстэтыку цела палепшыць, і здароўе ўмацаваць. Бо трэніраванае цела – гэта, у першую чаргу, здароўе, лішняя вага прыносіць шмат праблем: ад боляў у суставах да варыкозу і сардэчна-сасудзiстых захворванняў, вялікая рызыка набыцця міжпазваночнай грыжы і скаліёзу. Дачцэ таксама, дарэчы, дапамагла: мышачны гарсэт мы ёй зрабілі, яна адчувае сябе добра. І працягвае трэніравацца!

– З якімі праблемнымі падапечнымі вы яшчэ працуеце?

– Працую з людзьмі ад 17 да 70 гадоў. Розныя прыходзілі за гэты час, я скажу пра самых складаных, якіх трэнірую зараз. Жанчына, якой падчас аперацыі на тазасцегнавым суставе пашкодзілі мышцы – у выніку ў яе не рассоўваюцца ногі, расцягваем мышцы паволі, ёсць адчувальныя вынікі. І дзяўчынка 16 гадоў са скаліёзам, урачы прапісалі ёй насіць гарсэт – скрыўленне пазваночніка было 24 градусы. Праз год заняткаў скрыўленне выправілася да 12 градусаў!

– Наташа, пасля размовы з вамі трэнажорную залу хочацца прапісаць усім без выключэння!

– Ва ўсялякім выпадку – заняткі спортам, няхай кожны знойдзе сабе па душы. Я толькі падкрэслю, што пачаць займацца ніколі не позна! Рэгулярнымі, правільна арганізаванымі трэніроўкамі вы ўмацуеце мышачны гарсэт, а гэта і здароўе палепшыць, і знешні выгляд. Хачу звярнуцца і да людзей з хворым пазваночнікам. Жывучы стэрэатып, што трэніроўкі ў трэнажорнай зале забароненыя. Гэта не так! Менавіта ў трэнажорнай зале можна многае паправіць і аднавіць, стварыўшы мышачны гарсэт, які будзе трымаць пазваночнік. Але заўсёды трэба пачынаць трэніравацца пад наглядам дасведчанага трэнера, асабліва, калі ёсць праблемы са здароўем. Абавязкова сачыць за правільнай арганізацыяй харчавання – гэта 80% поспеху, незалежна ад мэты прыходу ў трэнажорную залу. Для скідвання вагі прапісваецца адно, для набору – зусім іншае. Самы вялікі зман: я буду есці меней, не буду есці пасля 18:00 – і буду худнець. Вы схуднееце, але як толькі вернецеся да звычайнага ладу жыцця, вага вернецца таксама. І добра, калі вы набераце не больш, чым страцілі. Усё вельмі проста і заканамерна: вы не даядаеце, і пры першым зрыве арганізм пачне фармаваць тлушчавае дэпо, на той выпадак, калі вы пачняце яшчэ меней есці, чым да гэтага – ці ўвогуле перастанеце.

Ежа павінна паступаць роўнымі порцыямі на працягу дня. Шмат людзей, якія ядуць 1-2 разы на дзень і не скідаюць вагу – арганізм трымае тлушчавае дэпо, яму не хапае калорый.

– Сфармулюеце сваю формулу прыгажосці і вобраз прыгожага цела?

– Вялікі ты ці дробны, цела павінна быць падцягнутым. Ні залішняя вага, ні худзізна не дадаюць здароўя. Харчаванне і фізічныя нагрузкі павінны быць на службе ў здароўя, а не наадварот. Паціху людзі пачынаюць разумець гэта, а не бяздумна імкнуцца сфармаваць вобраз «як на малюнку». І, вядома ж, працаваць над сабой трэба пастаянна! Клопат пра сваё цела, праца над падтрыманнем фізічнай формы павінна станавіцца нормай жыцця – па-мойму, гэта даўно вядомы ўсім рэцэпт маладосці і прыгажосці, трэба толькі пачынаць ім карыстацца.

Фота з архіву Наташы Цыбульскай

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

6 0 108

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Наверх