19 Чэрвеня

Самы лепшы падарунак. Частка 3

Самы лепшы падарунак
44 0 50
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Жаніх з партрэтам 

Танечка выходзіць замуж…

Не за Валю, канечне. Навошта ёй Валя? Яны ўжо тыдзень не размаўляюць. І ніколі больш напэўна не будуць размаўляць. Чаму?

Таму што Валя не захацеў гуляць у вяселле. З ёй не захацеў. Вось калі б Каця была нявестай… Гэта ён так сказаў. Вось хай цяпер з ёй і гуляе. Хаця пакуль, канечне, не можа – Каця хварэе і не ходзіць у садок. А ў яе, Танечкі, будзе проста цудоўны жаніх – Лёкса. Новенькі, які прыйшоў у іх групу месяц таму. Танечка ўвагі на яго раней не звяртала. А тут прыгледзелася: ну і што, што руды, затое малюе добра!

– Намалюеш мой партрэт? – Танечка ўсміхаецца Лёксу, а сама скоса не-не ды зірне ў кут, дзе складае канструктар Валя. 

– Ну… Сядай. Толькі пастарайся не рухацца, – Лёкса ўважліва аглядае Танечку.

– А ты ў сваім былым садку маляваць навучыўся? – цікавіцца Танечка.

– Не, канечне, – чмыхае Лёкса. – У мяне тата – мастак. Я яму заўжды ў майстэрні дапамагаю!

– Майстэрня – гэта што? – не разумее Танечка.

– Гэта такая кватэра пад самым дахам, дзе мой тата малюе карціны, – з гонарам распавядае Лёкса. – Да яго прыходзяць розныя страшныя цёткі, а ён малюе іх, нібыта яны казачныя красуні…

– Гэта ж падман! – абураецца Танечка.

– Ніякі гэта не падман, – не згодны Лёкса. – Гэта называецца мастацкае бачанне.

– Як гэта?

– Ну, ён так іх бачыць, – Лёкса злуецца, што Танечка не разумее такую простую рэч. – Ну, напрыклад, калі я намалюю табе доўгія валася і вялікія вочы, гэта ж не значыць, што ты насамрэч прыгажуня. Проста я так цябе бачу…

– Хочаш сказаць, што на самай справе я – страшная?! Тады ідзі і малюй Светку – яна ў нас заўжды іграе прынцэс на ранішніках. А я пайшла! І замуж за цябе не выйду – не прасі!

Танечка горда сыходзіць, узмахнуўшы сваімі доўгімі-доўгімі (а вось яна так бачыць!) валасамі, а Лёкса застаецца разгублена стаяць, не выпускаючы з рук альбом і аловак.

– А я хіба прапаноўваў? – кажа ён сам сабе. А пасля шыбуе да Святланы, якая пра нешта шэпчацца з сяброўкай, і пытаецца:

– Хочаш, я цябе намалюю?

Светка чырванее і ківае. Сяброўка хіхікае, зацікаўлена сочыць, як Лёкса малюе ў альбоме вялізныя вочы з доўгімі вейкамі і ўхвальна ківае.

Але Танечка гэтага не бачыць, бо рашуча накіроўваецца да Валі, кажучы сабе, што наступным разам добра падумае перад тым як выходзіць замуж!

Каму патрэбна гэта мора?

 Каця хутка паправілася. Хто ж хварэе доўга, калі на вуліцы – так цёпла! Але Каціна мама сказала, што ім трэба – «памяняць клімат» – і Каця праз тыдзень паляціць на мора.

Валя паехаў на вёску да Бабулі – на ўсё лета! А Танечка нікуды не паехала, бо яе Бабуля жыве ў горадзе, а мама кажа, што каб паехаць на мора, трэба шмат грошай, а ў іх няма.

– Тады давай я паеду разам з Кацяй і яе мамай – у іх жа грошы ёсць! – прапануе Танечка.

Мама сумна ўсміхаецца, апошнім часам яна наогул усміхаецца толькі сумна, і тлумачыць:

– У Каці і яе мамы – толькі іх грошы. З табой яны іх дзяліць не павінны.

– Чаму? Калі ў мяне ёсць цукеркі, я ж дзялюся з Кацяй!

– Цукеркі – іншае. Імі якраз можна падзяліцца. А вось грошы кожны мусіць зарабляць сам, працаваць…

– Але ж Каціна мама не працуе. Мне Каця сама казала, – не супакойваецца Танечка.

– Значыць, працуе іх тата. Ён шмат працуе і зарабляе грошы дзеля сваёй сям'і. Таму Каця і яе мама могуць паехаць на мора.

– Ты таксама шмат працуеш! – не разумее Танечка.

– У нас розныя працы, – уздыхае мама. І чамусьці вельмі строга кажа Танечцы, каб тая ішла ў свой пакой і прыбірала цацкі.

Танечка паслухмяна ідзе. Яна пачынае прыбіраць мядзьведзіка, якога ёй падарыў тата. Танечка гаворыць яму:

– Гэта, Міхаська, таму, што тата пайшоў ад нас. Калі б застаўся, то мама б не працавала так шмат і часцей усміхалася. Мы і раней ніколі не ездзілі на мора! Затое нам было весела разам: і ў заапарк мы хадзілі, і ў кіно, і на атракцыёны. Навошта трэба гэтае мора, Міхаська?! Я б пагадзілася ніколі не пабачыць яго, калі б тата зноў жыў з намі…

Мядзьведзік не адказвае. Напэўна, ён таксама мяркуе, што мора – не самае галоўнае ў жыцці…

Самая прыгожая

Танечку апранулі ў святочную сукенку. Нелюбімую. У вялікія пунсовыя кветкі. Танечцы здаецца, што яна падобная на вялізны букет. Асабліва з гэтымі жудаснымі чырвонымі бантамі на галаве!

І ўсе пакуты з-за таго, што да мамы ў госці прыйдзе яе начальнік.

Бабуля кажа маме, што гэта яе шанец.

А мама нічога не кажа. Яна прасуе сабе блузку. Сінюю. Святочную. 

Танечка памятае, як мама апранала яе на дзень народзінаў таты. А тата казаў, што яна – самая прыгожая. Мама тады сапраўды была неверагодна прыгожая і смяялася… Танечка не разумее, чаму трэба апранаць такую добрую блузку дзеля нейкага там начальніка. І не разумее, пры чым тут яе банты…

– Таццяна, не смей расплятаць валасы! Я ж цябе гадзіну прычэсвала! Пакаранне нейкае, а не дзіця.

Мама сварыцца на Танечку, а прас стаіць на блузцы.

Пра яго ўспамінаюць толькі тады, калі на пах гарэлага прыбягае з кухні Бабуля.

Мама глядзіць на прапаленую блузку, і ад яе пагляду Танечцы хочацца схавацца ў шафу. Мама ўзмахвае блузкай і Танечка адчувае на сваёй шчацэ бліскучыя халодныя гузікі. Яна бяжыць у свой пакой і падае на ложак, мнучы ненавісную сукенку, і плача – не ад болю, а ад крыўды на тое, што мама больш ніколі не апране гэтую блузку і не будзе так шчасліва смяяцца…

Калі мама заходзіць у пакой, Танечка нават гэтага не чуе спачатку. Толькі адчувае, як мама гладзіць яе па галаве, развязвае стужкі, а потым моцна прыціскае да сябе.

– Прабач мне, калі ласка, – Танечка стараецца не ўсхліпваць, але атрымліваецца кепска.

– Ты не вінаватая, – шэпча мама. – Мне не трэба было… Даруй мне, дзяўчынка мая. Я больш ніколі не буду…

Ад нечаканасці ў Танечкі нават высыхаюць слёзы. Мама просіць у яе прабачэння. Але ж гэта з-за яе згарэла блузка! Танечка моцна абдымае маму і шэпча, што вырасце і абавязкова купіць ёй такую самую сінюю блузку. А пакуль яна і так – самая прыгожая мама на свеце!

А начальнік мамін чамусці так да іх і недайшоў.

Горкая капуста

Танечка  любіць цукеркі. А капусту не любіць. Зусім. 

Тушаную дык проста бачыць не можа.

А ў садку апошнім часам гэтая страва на абед – амаль штодня. А сёння – дык яшчэ і на сняданак!

Танечка вырашыла.

– Я аб’яўляю галадоўку! Не буду есці капусту!

Іншыя дзеці ўхвальна загрукалі лыжкамі па талерках.

– Я таксама не буду, – падтрымаў сяброўку Валя.

– І мне яна абрыдла, – узрадавалася нагодзе не даядаць Каця.

– І я не буду… І я… – гучна загаманілі дзеці.

Выхавацелька агледзела ўсіх і сказала:

– Добра. Не хочаце есці, можаце ісці на вуліцу, – і выйшла з пакоя. 

Дзеці, не верачы свайму шчасцю, пабеглі гуляць.

Восень яшчэ толькі пачыналася. І так хораша было было шукаць першае залатое лісце ў зялёнай пакуль траве. З вішнёвымі лісцікамі Танечка прапанавала гуляць у краму.

– Прадаецца гэты рамонак! Кошт – дзесяць лісцікаў, – аб’явіла яна.

– Чаму так дорага? – абурыўся Валя, у якога было толькі сем.

– Ну… Таму што ён прыгожы – гэта раз! – загнула палец Танечка. – На ім можна варажыць – гэта два. А яшчэ… Яго можна падарыць каму-небудзь.

– Аддаць усе грошы, каб падарыць некаму мой рамонак. А сэнс?! – Валя відавочна не цяміў.

– Эх, ты! – Каця пералічыла наяўныя лісцікі. – Сэнс у тым, каб зрабіць прыемнае таму, хто табе падабаецца. Вось табе, напрыклад, хто падабаецца? – Каця ўперлася пальчыкам у грудзі хлопца.

Валя пачырванеў і ледзь чутна выціснуў:

– Ну, ты…

– Праўда?.. – цяпер зачырванелася Каця. – Тады ты можаш падарыць яго мне, – дзяўчынка пазірала са спадзяваннем на заціснутыя ў руках Валі лісцікі.

– Я не магу, – уздыхнуў той, – у мяне не хапае грошай.

Каця запытальна зірнула на Танечку.

– Можа, зробіш зніжку?

Танечка адмоўна пакруціла галавой.

– А давай я сама яго куплю, а ты мне падорыш?! – запытала Каця.

Валя радасна пагадзіўся. І ўсе былі шчаслівыя: Танечка прадала рамонак. Каця атрымала яго ў падарунак. А ў Валі засталося сем лісцікаў, і ён захоплена прапанаваў:

– Давайце яшчэ што-небудзь купляць і прадаваць!

Але тут Выхавацелька паклікала на абед.

Там усіх чакала… КАПУСТА!!!

– Я не буду! – Танечка ў апошні момант успомніла пра сваю галадоўку.

– А больш нічога няма, – спакойна сказала Выхавацелька. – Так што тыя, хто не хоча есці капусту, могуць адразу ісці спаць.

– Нельга класці спаць дзяцей галоднымі! – выгукнуў Валя і, успомніўшны фразу, якую часта чуў па тэлебачанні, сур’ёзна дадаў: Вы парушаеце нашыя правы!

Выхавацелька зірнула на Валю так, нібыта бачыла ўпершыню:

– Правы?.. А можа, гэта вы не выконваеце свае абавязкі, малады чалавек? У дзіцячым садку вы павінны есці тое, што вам даюць, а правы – гэта дома, з мамай. Ешце альбо ідзіце спаць!

Танечка зірнула на Валю і зразумела, што з-за яе сябрук застанецца галодным.

– Хочаш я аддам табе свае дзесяць лісцікаў, каб ты з’еў капусту?

Валя не адказаў. Ён падняўся і пайшоў у спальны пакой. Каця, крыху павагаўшыся, пайшла за ім.

Больш ніхто есці капусту не адмовіўся.

Толькі Танечцы яна падалася горкай, так што яна не здолела праглынуць і дзвюх лыжак. Проста сядзела і чакала, пакуль усе паелі і пайшлі класціся спаць.

– Валя, Каця, вы малайцы, праўда. А я гэтую капусту таксама не ела. Амаль… Чуеце?

Валя ляжаў, адвярнуўшыся тварам да сцяны і маўчаў. Каця ўздыхнула і заплюшчыла вочы.

Танечцы падалося, што яна засталася адна. Зусім. Яна вырашыла, што вечарам таксама адмовіцца ад капусты. Абавязкова!

Вечарам была каша.

А на наступны дзень Валю прывёў бацька. Ён доўга гаварыў пра нешта з Выхавацелькай і дырэктаркай садка.

Пасля гэтага капусту ім давалі вельмі рэдка. І ўсе дзеці казалі, што яна стала вельмі смачная. Толькі Танечцы яна чамусьці ўсё адно здавалася горкай. Хаця з Валем яны памірыліся, канечне. Хоць і не сварыліся, здаецца…

Паляцелі?

У Танечкі дзень народзінаў – праз тыдзень.

Але рыхтуецца яна да яго даўно. Сукенку выбрала. З мамай цукерак купілі, каб у садку ўсіх пачаставаць. Нават верш вясёлы вывучыла – Выхавацельцы прачытаць.

Усё падрыхтавала, а ён не надыходзіць і не надыходзіць, дзень гэты.

І вось жа дзіва, калі не чакаеш нечага альбо не хочаш, прыкладам, зуб лячыць, то гэты час раз – і тут. А вось дзень народзінаў – справа іншая. Яго цэлы год чакаць трэба.

Тым больш, Танечка не проста так яго чакае. У яе – патрэба.

Усім вядома, што калі адначасова задзьмуць свечкі на торце і паспець загадаць жаданне – яно абавязкова здзейсніцца. Танечцы вельмі трэба, каб яно здзейснілася – гэта самае важнае жаданне. Але яна нікому пра яго не гаворыць. Нельга.

Застаецца чакаць.

І Таня чакае…

А тут Бабуля зноў прыехала ў госці. Яны разам глядзяць тэлевізар. Там паказваюць нейкага дзядзьку, які лятае – без крылаў. Танечка зачаравана сочыць, як ён лёгка адрываецца ад зямлі – і ўзнімаецца над людзьмі і над дахамі… Яшчэ і цётку нейкую на руках трымае!

Танечка думае, вось бы і ёй так… Не, цётку б яна не ўтрымала, але так хочацца ўзляцець высока-высока, паглядзець зверху на іх горад, на садок, на дзяцей… Яны б здзівіліся, канечне! А Валя з Кацяй махалі б ёй рукамі. Потым яна б і іх навучыла, каб ляталі разам!

А дзядзька з тэлевізара кажа, што вучыўся гэтаму дзесяць гадоў.

Гэта занадта доўга, мяркуе Танечка. Гэта ён не моцна стараўся. Вось ёй хопіць і месяца – яна ж здольная, пра гэта кажа нават Выхавацелька ў садку! І Танечка пастанаўляе, што з гэтага дня будзе вучыцца! Штодня трэба трэніравацца па некалькі гадзін – і Танечка трэніруецца. Пакуль Бабуля займаецца на кухні, Танечка глядзіць на карціну на сцяне і ўяўляе, як ногі яе адрываюцца ад падлогі. На карціне намаляваная вельмі прыгожая жанчына ў блакітнай сукенцы, у руках жанчына трымае маленькае дзіця (рыхтык як мама трымае Танечку на старых фотаздымках), і Танечцы падаецца, што жанчына ўсміхаецца ёй і абяцае, што ўсё атрымаецца. Танечка адчувае, што яшчэ імгненне – і яна здолее, узнімаецца на пальчыкі… Яшчэ трошкі… Яшчэ…

Час цяпер ідзе шпарчэй, і неўзабаве надыходзіць Той Самы Дзень.

Танечка спяшаецца ў садок, каб распавесці сябрам пра свой сакрэт.

Ледзь датрываўшы да канца сняданка, яна з загадкавым тварам адводзіць іх у кут і расказвае ўсё: і пра дзядзьку-чараўніка, і пра свае трэніроўкі…

Валя з недаверам пазірае на Танечку.

– А можа гэта ўсё, як у кіно? Там жа таксама героі лятаюць часам, толькі гэта не па праўдзе…

Каця, у адрозненне ад сябрука, глядзіць з захапленнем:

– Ань, а мяне ты навучыш?

– А ты здольная?

– Канечне! Мне мама заўжды кажа, што я – таленавітая!

– Добра, тады навучу.

Валя, аднак, хоча пабачыць палёт на ўласныя вочы:

– Пакажы!

Танечка абсалютна ўпэўненая, што гэтым разам у яе атрымаецца. Яна ж цэлы тыдзень трэніравалася, так што нават не спыняе Кацю, калі тая кліча іншых дзяцей, каб падышлі бліжэй.

Танечка засяроджваецца. Заплюшчвае вочы. Бачыць жанчыну з партрэта, якая ўсміхаецца ёй, і…

– І што? – не вытрымлівае Данік. – Доўга нам тут яшчэ стаяць? Палёт адменены з–за надвор’я?!

Дзеці пачынаюць смяяцца з Танечкі, а ёй хочацца плакаць: нават не з-за таго, што смяюцца, а таму, што зноў не атрымалася…

– Нічога… – шэпча Каця. – Можа, наступным разам…

– Табе проста трэба больш практыкавацца, – нечакана суцяшае Валя.

У гэты момант у пакой заходзіць Выхавацелька і абвяшчае, што ў Танечкі сёння дзень народзінаў, так што трэба павіншаваць імянінніцу, а Танечка пачастуе ўсіх цукеркамі.

Дзеці адразу перастаюць смяяцца і пачынаюць бязладна крычаць: «З днём народзінаў, Танечка!»

Танечцы, канечне, не надта хочацца частаваць Даніка і астатніх, але ж правіла ёсць правіла – цукеркі павінны атрымаць усе…

Калі з пакунка знікае апошняя, дзеці разыходзяцца па сваіх кутах.

Валя круціць у руках бліскучую паперку.

– Ведаеш, я б таксама не адмовіўся навучыцца лятаць, – сур'ёзна кажа ён. – Але можна стаць лётчыкам – больш надзейна…

– А я тады буду сцюардэсай! Яны ўсе вельмі прыгожыя, – заяўляе Каця і запытальна глядзіць на Танечку.

Танечка не хоча быць сцюардэсай, і лётчыкам – таксама не хоча. Бо яны лятаюць надта высока і, напэўна, не могуць разгледзець сяброў, што машуць ім з зямлі…

Танечка ўсміхаецца і запрашае Валю і Кацю вечарам у госці – мама купіць торт, і яны разам будуць піць гарбату…

Калі Танечка задзьмувае свечкі на торце, яна загадвае сваё самае вялікае жаданне. І што з таго, што яно не пра тое, каб навучыцца лятаць?! Галоўнае – каб спраўдзілася!

Адзінокая Хвароба

Танечка ізноў захварэла. Ёй баліць горла. Не таму, канечне, што пазаўчора яна правярала, якія на смак ледзяшы, што Валя збіў з дрэва снежкай. І не таму, што яны з Кацяй гадзіну не хацелі сыходзіць з горкі пасля садка. А таму…

Проста таму, што Хвароба – гэта такая злая цётка, якая прыйшла, каб сапсаваць Танечцы Новы год!

Танечка ўяўляе: вось яна заходзіць – такая высокая, худая, абавязкова ў вялізным капелюшы – строга глядзіць на Танечку праз круглыя акуляры на ручцы, уздыхае (амаль як Бабуля, калі Танечка зноў не прыбрала цацкі) і сядае за стол:

– Ну, давай пагаворым, мая даражэнькая!

– Давайце, спадарыня Хвароба, – смела адказвае ёй Танечка.

– Значыць, кажаш, ледзяшы тут ні пры чым, – задумліва, як быццам сама сабе прамаўляе Хвароба.

– Не… – не зусім упэўнена адказвае Танечка.

– І на горцы ты не так доўга коўзалася? – мармыча ізноў цётка.

– Усяго гадзінку…

– Тады навошта ты мяне клікала? – Хвароба ўважліва чакае адказу ад Танечкі, як часам робіць гэта Выхавацелька, калі пытаецца, хто накарміў рыбак печывам.

– Я не клікала! – Танечка ад абурэння пачынае кашляць.

– Хочаш сказаць, я сама прыйшла? – Хвароба пасміхаецца.

Танечка і хацела б сказаць, што так, але неяк не атрымліваецца – кашаль не адпускае.

У пакой заходзіць мама – яна прынесла Танечцы лекі і цёплае малако з мёдам, а таксама градуснік.

– Колькі там? – пытаецца Танечка. Але мама не адказвае, а захутвае Танечку ў коўдру і ідзе да тэлефона.

Хвароба крывіць вусны, але маўчыць да самага мамінага вяртання.

– Мама, скажы ёй, каб яна сышла, – просіць Танечка.

– Каму? – не разумее мама.

– Хваробе.

– Скажу, Танечка. Ты паспі, а яна сыйдзе. Я абяцаю…

Хвароба адварочваецца да акна. І Танечцы раптам робіцца яе вельмі шкада. Кепска быць тым, каго ніхто не хоча бачыць, каго заўжды праганяюць… А можа, Хвароба і сама хворая – на адзіноту?

– Вы можаце пакуль пагуляць з маімі цацкамі, – шэпча Танечка.

Мама кратае ёй лоб і ўстрывожана глядзіць на гадзіннік.

Хвароба самотна ўсміхаецца…

Танечка прачынаецца, калі да яе дакранаюцца рукі цётачкі ў белым халаце. Яна просіць Танечку сказаць «а-а-а», слухае яе дыханне і піша нешта на лістку паперы, які аддае маме.

Запалення няма, але антыбіётыкі лепш папіць…

Яны гавораць яшчэ пра нешта, ды Танечка не слухае, яна абводзіць позіркам пакой, у якім больш нікога няма…

Ува сне яны гуляюць у парку разам з надзвычай прыгожай высокай худой жанчынай. Жанчына смяецца і Танечка смяецца таксама…

Новы год

Пад самы Новы год Танечка паправілася. Яна нават дапамагае маме рыхтаваць святочны стол. Галоўнае, канечне, правільна змяшаць крэм для торта. Гэта Танечка ўмее рабіць лепш за ўсіх! Асабліва прыемна аблізваць лыжку, пакуль мама не бачыць.

А яшчэ… Павінен прыйсці Дзядуля Мароз!

Так! Танечка напісала яму ліст – яшчэ некалькі тыдняў таму. Гэтым разам яна папрасіла толькі пра адно… Не, шчанюка яна, зразумела, таксама хоча. Але…

Пра сваё самае вялікае жаданне яна не кажа нават маме. Тая і так амаль не ўсміхаецца апошнім часам. А сёння ранкам, Танечка выпадкова пачула, мама плакала – у ваннай. Калі бяжыць вада нічога не чуваць. Калі, канечне, не прыціснуцца вухам да дзвярэй…

У мамы таксама на вечар падрыхтаваная сукенка – прыгожая, доўгая. Калі Танечка вырасце, у яе будзе такая самая. А пакуль Бабуля падарыла ёй вязаную – цёплую, бо Танечка пасля хваробы, – але таксама прыўкрасную: з вясёлым вушастым зайцам спераду. Тата часта называў Танечку «мой заяц»: «Ну што, – сурова пытаўся ён, – мой заяц добра сябе паводзіў сёння?» Танечка крычала: «Так!», і тата выцягваў з-за спіны падрыхтаваную шакаладку…

Танечка шморгае носам і ідзе ў пакой – трэба ж Бабулі дапамагчы ўпрыгожыць ёлку, а то яна адна не справіцца – цацак вельмі шмат. І ўсе такія цудоўныя. Асабліва анёлак, якога трэба пасадзіць на саму вершаліну! Калі запальваюцца аганькі гірлянды, здаецца, што анёлак падміргвае Танечцы…

Вечарам, калі стол накрыты, сукенкі апранутыя, а Бабуля з некім размаўляе па тэлефоне, Танечка знаходзіць маму ў цёмнай кухні. Мама стаіць каля акна. Танечка прыхінаецца да яе, і цяпер яны абедзьве глядзяць, як у доме насупраць мігцяць каляровыя лямпачкі, як у небе запальваюцца салюты, як людзі спяшаюцца дамоў з прыгожымі пакункамі…

Можа, у гэты самы момант, думае Танечка, нехта адтуль таксама глядзіць на іх. А можа, там таксама некага чакаюць…

– Ён прыйдзе, – шэпча Танечка маме. – Я ведаю. Я загадала, калі задзьмувала свечкі на торце ў дзень народзінаў. І Дзядулю Мароза я папрасіла… Ты толькі не плач, мамачка!.. Ён абавязкова прыйдзе!

Танечка ідзе ў школу

Танечка ўжо дарослая. Заўтра яна ўпершыню пойдзе ў школу. Мама з бабуляй усё патрэбнае падрыхтавалі: і прыгожы касцюмчык адпрасавалі, і заплечнік напакавалі, і кветкі бабуля прывезла – прыгожыя астры стаяць у вазе і, здаецца, усміхаюцца Танечцы ды шэпчуць: “Заўтра ў школу”.

Столькі чакаць, – амаль усё лета! – а гэтае “заўтра” аніяк не надыходзіць…  Танечка сноўдаецца па кватэры і займаецца вельмі дарослай справай – думае. Пра што?

Нават сказаць адразу цяжка – думак вельмі шмат, і яны, як казюркі з рукі, бягуць з галавы ў розныя бакі… Як будзе ў школе? Ці патрапяць яе сябры Валя і Каця ў адзін з ёю клас? Як выглядае настаўніца? Ці строгая? Ці будзе яна сварыцца на Танечку? Не, на яе, канечне, няма чаго сварыцца… Пакуль… Але раптам ёй стане сумна на ўроку? З класа ж нельга выйсці, калі захочаш… І цацак там не будзе. Хаця Танечка ж дарослая – навошта ёй цацкі?..

На вочы дзяўчынцы патрапляе пакет, якія яны з Мамай яшчэ ўчора напакавалі, каб аддаць у садок – “для маленькіх” . З пакета адным вокам сочыць за Танечкай кот Муркот. Кончык яго хваста таксама вытыркаецца з пакета, і адна лапа… “Нібыта ён хоча выбрацца і не можа, – думае Танечка. – Ну, як мы без ката? Кот – гэта ж не цацка нават, а хатняя жывёла, хай і са штучнага футра…” Танечка ўзгадвае, як радавалася, калі Тата падарыў ёй ката, як прыдумляла яму імя, як засынала, кладучы яго побач, каб ахоўваў і мурчаў… Не! Кот застаецца дома!

Танечка цішком выцягвае Муркота з пакета, гладзіць і хавае пад коўдру.

Трэба ж завязаць, як было, каб Мама не заўважыла… Танечка зноў набліжаецца да пакета, але, пэўна, пакуль яна адыходзіла, цацкі вырашылі праверыць, куды падзеўся кот. Пакет ляжыць на падлозе, і з яго тырчаць вушы Зайца па мянушцы Морква, хвост Баязлівага Ільва (так! з казкі, якую Танечцы чытала Мама) і рука яе любімай лялькі Настассі…

- Я не магу вас пакінуць тут, – шэпча Танечка. – Я заўтра іду ў школу, разумееце? А туды з лялькамі не пускаюць!

Танечцы здаецца, што ў пакеце нехта ўсхліпнуў.

- Я дарослая! Вы мне не патрэбныя больш! – Танечка злуецца. Толькі вось чамусьці ад гэтай злосці свярбіць у носе і вочы вільгатнеюць.

У пакеце нехта ціхенька ўздыхае.

Танечка прымае рашэнне. Дарослае.

Раніцай Танечка ідзе ў школу. З кветкамі і заплечнікам. Мама крочыць побач, але за руку не трымае. Яна ж дарослая…

На лінейцы Танечка стаіць побач з Валем і Кацяй. Сябры трымаюць даўжэзныя букеты – гладыёлусы. Яны ў руках амаль ва ўсіх першакласнікаў. “Тата сказаў, што астры – кветкі з агародчыку – надта танныя, такія першай настаўніцы не дораць”, – з гонарам прыціскае да сябе вялікі букет пунсовых ружаў дзяўчынка злева ад Танечкі. Дзяўчынка яшчэ і апранута не так, як усе, – у модную джынсавую спадніцу і бялюткую блузачку з бантам. Танечцы яны адразу не падабаюцца: ні блузачка, ні кірпатаносая дзяўчынка. Але іх ужо клічуць у клас…

Танечка сядзіць за першай партай сярэдняга раду разам з Кацяй. Валя – ззаду. А дзяўчынка з ружамі – на першай парце злева – бліжэй за ўсіх да Настаўніцы…

Калі напрыканцы ўсе дораць букеты, Танечка падыходзіць апошняй. Яна хоча проста пакласці яго на стол, але Настаўніца бярэ з яе рук астры і шырока ўсміхаецца: “Мае любімыя кветкі…”

“Але ж яны… Танныя…” – ледзь чутна шэпча Танечка.

“У маёй мамы ў агародчыку – такія самыя, – нібыта не чуе Настаўніца. – Я іх з дзяцінства люблю. Некалі іх сваёй першай настаўніцы падарыла…”

У Танечкі раптам робіцца ўнутры лёгка-лёгка, нібыта ўнутры яе распусціліся цудоўныя астры, якія казычуць сваімі пялёсткамі. Яна ўсміхаецца Настаўніцы і разумее, што ёй вельмі падабаецца ў школе…

“Давай аднясем твае цацкі, калі ты, канечне, не перадумала”, – кажа Мама пасля вячэры.

Танечка з гонарам чмыхае і незаўважна глядзіць у бок свайго ложка, дзе з-пад коўдры (зноў гэты Муркот!) вытыркаецца хвост. Але Мама, здаецца, нічога не заўважае, бярэ пакет, у якім раптам нешта звініць. Мама няўцямна пазірае спачатку на Танечку, а пасля ў пакет і пачынае смяяцца…

Танечка спачатку спалохана глядзіць на Маму, а пасля далучаецца да гарэзлівага смеху. У пакеце – лялечны посуд. Але яго ў Танечкі няшмат, таму давялося пакласці туды рондаль і патэльню (у Мамы ж іх цэлых тры! яна і не заўважыць…), а яшчэ колькі лыжак (трэба ж лялькам нечым есці кашу!) і пару кубкаў…

А цацкі… Можа, Танечцы яны і не трэба.

Але яна ім – дакладна! Яна ж дарослая. Яна будзе пра іх клапаціцца. Каб не плакалі…

Малюнкi Ганны Раманоўскай

44 0 50

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Член Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх