29 Мая
29.05.2020

Сцеражыцеся, рамонкі! Мы ідзем да вас! :)

logo
Думкі ўслых
159 0 28
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Раз, рамонак… Два, рамонак…» Ну хто з нас ні варажыў у дзяцінстве ды юнацтве на рамонках?! А зараз… Не-не, ды нахлыне штосьці. А ці ведаеце вы, што ёсць нават цэлы дзень, які спрыяльны для гэтай справы?! І ён менавіта сёння. 29 мая – Дзень варажбы на рамонках. Вось такое добрае і светлае свята прыдумалі калісьці…

Варажба на рамонках. Дзень варажбы на рамонках.

Між іншым, першапачаткова, кажуць, варажылі зусім не на рамонках, а на… маргарытках! Дакладна вядома пра Германію і Францыю. Хм… Маргарыткі і зараз у нас на дачнай сядзібе цвітуць напоўніцу. Прычым там, дзе самі хочуць… Рассеяліся па ўчастку… І далібог на іх глядзець прыемней, чым на тыя ж дзьмухаўцы… Я маю на ўвазе – менавіта на ўчастку.

Вось маргарыткі мне не хочацца «выкарчоўваць», нават калі яны і замінаюць… Гэта ж такія мілыя кветачкі… І пялёсткаў у іх пабольш, чым у рамонкаў. Толькі ж і больш дробныя яны. Мусіць, не так зручна варажыць. Не спрабавалі?! А праверце!

Раней мы іх нават спецыяльна сеялі і вырошчвалі на дачы пад акном нашага дома. Цяпер у гэтым няма патрэбы: як ужо зазначыла, самі рассейваюцца. А вы любіце маргарыткі?! А рамонкі?!

Калісьці мы яшчэ і рамонкі вырошчвалі. Розныя. Напачатку – для прыгажосці. Тыя, што вялікія, дэкаратыўныя. Але яны дужа разрасталіся. Таму былі перасаджаныя ў аддаленае месца. А потым і зусім звяліся. Але зараз я не супраць пасадзіць іх зноў! Ужо засумавала…

Варажба. Рамонкі садовыя.

Некалькі гадоў вырошчвалі і рамонак аптэчны. Затым збіралі, сушылі на печцы і выкарыстоўвалі ў лекавых мэтах, пра якія абавязкова напішу крыху пазней.

Калі я ў сезон бачу жытняе поле з валошкамі і рамонкамі, дык мяне найперш прыцягваюць валошкі. Яны проста скараюць сэрца! І калі збіраць у букет, дык толькі іх. А вось сэрца маёй меншай пляменніцы Юлі аддадзенае рамонкам!

Памятаю, як аднойчы са сваім братам і ёй, яго меншай дачкой, я паехала на радзіму таты, да цёткі, яго сястры, у госці. Па дарозе туды, у вёску Мрочкі Уздзенскага раёна, пляменніца нагледзела сабе рамонкаў, якія вырашыла сабраць на зваротным шляху. А на шляху зваротным…

Нас накрыла хмара, і такі дождж паліў… І што вы думаеце?! Юля ўсё роўна папрасіла тату спыніцца ля поля і пад дажджом пабегла рваць сабе рамонкі! Вярнулася абсалютна мокрая, але шчаслівая. Во гэта любоў да сціплых кветачак! 🙂

Варажба. Рамонкавае поле пад дажджом.

Але вернемся да варажбы. Ведаеце, нават карысныя парады ёсць для яе! Праўда, цікава?! І вось некалькі з іх.

  1. Для варажбы раяць выйсці ў поле. Ці кудысьці на прыроду, дзе гэтыя рамонкі сустракаюцца ў натуральным асяроддзі. Маўляў, дома ды на вуліцах горада – зусім не тое.
  2. Надвор’е павінна быць сонечным, каб рамонкі былі цалкам раскрытыя.
  3. Варожым жа на каханне, праўда?! На каханага чалавека ці на таго, хто падабаецца. Вось трэба некалькі хвілін думаць пра яго з прыязнасцю, уяўляць аблічча. Можна і з заплюшчанымі вачыма.
  4. Выбіраем кветку для варажбы. Каб была свежай і з цэлымі пялёсткамі. І менавіта тая, якая вам спадабаецца першай, на якой спыніцца позірк. Значыць, гэта ваша кветка! І яна не падмане…
  5. А далей – звыклае ўжо. Задаем пытанне («кахае – не кахае») і зрываем па адным пялёстку. Што прагучыць апошнім, тое і правільнае.

Іншыя ж раяць паваражыць на гарбаце з рамонку, як на гушчы з кавы. А вось гэта ўжо да нас бліжэй! Бо гарбата гэтая сапраўды лекавая і вельмі цэніцца ў народнай медыцыне!

Мая любімая мамачка практычна ўвесь час піла яе па сваіх паказаннях… Найчасцей – пакупную. І калі яе ўнучкі, а мае пляменніцы, адпачывалі на поўдні, дык прывезлі адтуль у падарунак рассыпны рамонак для заварвання. Многа… Мамачка вельмі яго любіла… І калі ў мяне раптам (хаця і вельмі рэдка) прыхопліваў страўнік, яна гатавала для мяне рамонак лекавы…

Варажба. Лекавая гарбата з рамонкаў.

У нас не так шмат месцаў, дзе расце ён, натуральны… Прывучаная бацькамі з дзяцінства, я таксама няблага навучылася разбірацца ў лекавых раслінах. І вось менавіта патрэбны гатунак рамонку таксама ўмею адрозніваць ад іншых… Але вырошчваць на ўласным участку, вядома ж, прасцей… Трэба будзе зноўку заняцца… Калі змагу…

А прымяняюць рамонак унутр у выглядзе настою, адвару ці гарбаты пры спазмах страўніка, хваробах печані, гастрыце, каліце, энтэрыце, хваравітых месячных, узбуджальнасці, бяссонніцы і (увага!) рэспіраторных інфекцыях. Зразумела, пералік далёка не поўны…

Таму сёння, выехаўшы-выбегшы на поле, паваражыўшы на рамонках, беражліва збіраем патрэбныя, лекавыя. Альбо набываем у аптэцы засушаныя. Ці ў крамах гатовую гарбату з дадаткамі. І няхай гэты дзень стане не толькі Днём варажбы на рамонках, але і Днём любові да рамонкаў лекавых!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

159 0 28

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх