26 Жніўня
26.08.2019

Сэкс у сталым узросце. Хачу і магу

logo
SEX
1 0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«У ложку ўзрост не важны». Гэтая фраза, якая стала афарызмам, належыць адной з самых яркіх галівудскіх зорак 90-х Мішэль Пфайфер. Кінадзіва, якая размяняла сёмы дзясятак, мабыць, дакладна ведае, пра што гаворыць. Але ёсць і альтэрнатыўнае меркаванне. Менавіта ўзрост з'яўляецца адной з вядучых прычын эрэктыльнай дысфункцыі ў мужчын. Эпізадычнае або пастаяннае фіяска ў ложку адчувае кожны другі мужчына, якому за 50.

І ўсё ж, нягледзячы на тое, што з гадамі магчымасці і жаданні ўжо не тыя, што былі ў юнацтве, сэкс – не толькі для маладых. Падтрымліваць здаровае сэксуальнае жыццё цалкам магчыма нават у вельмі сталым узросце. Супрацоўнікі клінікі Меё, аднаго з самых вядомых і аўтарытэтных цэнтраў у галіне аховы здароўя і медыцынскіх даследаванняў, падрыхтавалі шэраг рэкамендацый, як захаваць мужчынскую сілу на доўгія гады.

Што змяняецца з узростам мужчыны?

Па меры старэння ў яго арганізме зніжаецца выпрацоўка тэстастэрону, адпаведна, фізіялагічныя змены сэксуальнай функцыі непазбежныя. Чым старэйшы мужчына, тым больш выяўленыя змены. Напрыклад:

  • патрабуецца больш намаганняў для дасягнення і падтрымання эрэкцыі і аргазму;
  • інтэнсіўнасць семявывяржэння зніжаецца;
  • памяншаецца аб'ём эякулята;
  • для дасягнення чарговай эрэкцыі пасля аргазму неабходны больш працяглы перапынак.

Большасць мужчын вельмі трапятліва ставяцца да сваёй сэксуальнай функцыі, і любыя змены з яе боку выклікаюць апраўданы неспакой. Тут два выйсці:

  • звярнуцца па кансультацыю да ўролага-андролага;
  • адаптаваць сваё сэксуальнае жыццё з улікам зменаў: лепей меней ды лепш – якраз пра гэта. Магчыма, ёсць сэнс звярнуцца і да дадатковых спосабаў стымуляцыі.

Сэкс і праблемы са здароўем

Стан здароўя – гэта, між іншым, яшчэ адна галоўная прычына, чаму сэкс у 50+ ужо не той, што быў у 20.

Усё, што нажытае за доўгія гады: праблемы з сэрцам і сасудамі, цукровы дыябет, хранічны прастатыт, хваробы суставаў і многае іншае – само па сабе не робіць сэксуальнае жыццё прасцейшым і лепшым. Дык яшчэ і некаторыя лекавыя сродкі, якія нармалізуюць артэрыяльны ціск, сардэчны рытм, гарманальны фон ды іншае, маюць пабочныя эфекты, якія негатыўна ўплываюць на лібіда і патэнцыю.

Калі хочацца даўжэй заставацца ў страі і адчуваць жыццё ва ўсёй яго паўнаце, давядзецца размаўляць пра жаданне захаваць сэксуальную актыўнасць нават з няпрофільнымі спецыялістамі: кардыёлагам, эндакрынолагам, тэрапеўтам... Па-першае, так вы атрымаеце рэкамендацыі, як арганізаваць сэксуальнае жыццё на фоне стану вашага здароўя . Па-другое, ва ўрача будзе магчымасць прызначыць прэпараты без пабочнага ўплыву на палавую функцыю.

Сэкс і эмацыянальныя праблемы сталага ўзросту

Стрэс, дрэнны настрой, фізічная стомленасць не спрыяюць сэксу ў любым узросце. АЛЕ ў кожнага ўзросту свае прычыны для эмацыянальных праблем.

З аднаго боку:

  • у сталых пар больш часу, што называецца, «для сябе»;
  • няма страху перад незапланаванай цяжарнасцю;
  • меней фактараў, якія адцягваюць увагу (напрыклад, маленькія дзеці, праблемы, звязаныя з працай, і г.д.).

Дарэчы, большасць людзей шаноўнага ўзросту, якія захавалі інтымную блізкасць, прызнаюцца, што менавіта па гэтых прычынах атрымліваюць ад сэксу больш задавальнення.

З другога боку:

  • не ўсе сталыя людзі гатовыя заставацца ўраўнаважанымі і спакойнымі з-за праблем са здароўем;
  • часам стан стрэсу абумоўлены зменамі ў ладзе жыцця, фінансавым становішчы і г.д.

Калі дэпрэсія або хандра зрабіліся перашкодай для таго, каб заставацца сэксуальна актыўнымі, пагаварыце са сваім урачом. Ёсць мноства спосабаў (уключаючы лекавыя сродкі) вярнуць сабе душэўны спакой, а значыць, магчымасць атрымліваць радасць і задавальненне ад жыцця і ўсіх яго складнікаў.

Як захаваць сэксуальную актыўнасць. Парады на кожны дзень

  1. Не бойцеся размаўляць. Гэта нармальна, калі з узростам змяняюцца сэксуальныя патрэбы. Будзьце ўпэўненыя, гэта тычыцца вашага партнёра ў не меншай ступені, чым вас. Нават калі цяжка казаць пра сэкс, адкрыты абмен патрэбамі і жаданнямі – ключ да таго, каб працягваць атрымліваць асалоду ад сэксу і блізкасці.
  2. Рэгулярна наведвайце доктара. Калі ў вас ёсць хранічныя захворванні, урач дапаможа трымаць хваробу пад кантролем і адкарэктуе тэрапію такім чынам, каб яна не ўплывала на ваша сексуальнае жыццё. Калі ўзніклі праблемы з падтрыманнем эрэкцыі, звярніцеся да ўролага-андролага. Эрэктыльная дысфункцыя ў пераважнай большасці выпадкаў паддаецца лячэнню.
  3. Сэксалогія – цэлая навука. Сэксолаг – кваліфікаваны спецыяліст, задача якога – дапамагаць вырашаць канкрэтныя праблемы сэксуальнага жыцця. Не варта яго пазбягаць, калі хочаце заставацца сэксуальна актыўным як мага даўжэй.
  4. Будзьце гнуткімі, навучыцеся не падладжвацца пад новыя ўмовы, а падбудоўваць іх пад сябе. Напрыклад, раніца – лепшы час для блізкасці. Бо вы поўныя сіл і энергіі, адчуваеце сябе адпачыўшым у адрозненне ад таго, як вы можаце сябе адчуваць напрыканцы доўгага дня.
  5. Не адмаўляйцеся ад рамантыкі. Палавы акт – толькі адзін са спосабаў паўнавартаснага сэксуальнага жыцця. Дотыкі, ласкі, пацалункі, пяшчота таксама з'яўляюцца складнікамі інтымнай блізкасці. Якога б сталага ўзросту ні дасягнулі вы ці ваш партнёр, ніхто не перарастае патрэбу ў эмацыянальнай блізкасці. І часцяком яна важнейшая за фізічны кантакт.

  1. Калі вы пачынаеце інтымныя адносіны з новым партнёрам, выкарыстоўвайце прэзерватыў. Узрост не абараняе ад рызыкі інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам.
  2. Беражыце сябе і заставайцеся здаровымі, наколькі гэта магчыма. Бо здаровае сэксуальнае жыццё не толькі прыносіць задавальненне. Яно карыснае для іншых аспектаў вашага жыцця, уключаючы фізічнае здароўе і пачуццё ўласнай годнасці.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

1 0 37

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх