18 Красавіка
18.04.2017

Пабочным прадметам узлёт забаронены. Што можна і што нельга браць на борт самалёта

logo
Падарожнічай
165 0 5682
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гіганцкі мачэтэ, мех з вуграмі, электрашокер у выглядзе пачкі цыгарэт, залаты процівагаз, упрыгожаны гільзамі... Гэтыя прадметы ў розны час былі канфіскаваныя ў пасажыраў амерыканскіх авіяліній. Статут тлумачыць пасажырам, што можна і чаго нельга браць з сабой у палёт, амерыканскае Упраўленне транспартнай бяспекі стварыла акаўнт у сацыяльных сетках, куды выкладвае фота канфіскаваных прадметаў. Зараз любы, хто збіраецца здзейсніць авіяпадарожжа, можа параўнаць змест свайго багажу з фотаздымкамі. Калі падысці да справы без жартаў, то высветліцца, што многія пасажыры і на самай справе не ведаюць, якія рэчы можна праносіць на борт самалёта, а якія забаронена. Давайце расставім усе кропкі над I.

Ручная паклажа. Памер мае значэнне

Для пачатку вызначымся, што можна ўзяць з сабой у салон самалёта

Працягласць палёту часцей за ўсё невялікая – у большасці выпадкаў 2-3 гадзіны. Але і ў гэты час, напэўна, будзе неабходнасць і жаданне мець нейкія рэчы пад рукой: кнігу, напрыклад, ці туш для веек. Аднак памятайце, што ў якасці ручной паклажы можна ўзяць з сабой толькі невялікую сумку, габарыты якой не перавышаюць у вышыню 40 см, у даўжыню – 50 см, а ў шырыню – 20 см. Гэта стандарт, якім кіруюцца ўсе авіякампаніі свету. Купіўшы месца ў эканом-класе, з сабой можна ўзяць толькі адну такую сумку. Пасажырам бізнес-класа дазволена правозіць два месцы ручной паклажы, гэта значыць дзве сумкі, памеры якіх не перавышаюць названыя.

Таксама лімітуецца дапушчальная вага ручной паклажы. У некаторых авіякампаніях гэты паказчык можа нязначна адрознівацца, але, як правіла, не перавышае 8 кілаграмаў. У прыватнасці, такіх нормаў прытрымліваецца і наш найбуйнейшы авіяперавозчык «Белавія».

Дапушчальная вага багажу для пасажыраў эканом-класа

Авіякампанія Максімальная вага ручной паклажы (кг) Максимальная вага бясплатнай паклажы (кг)
Белавія 8 20
АirBaltic 8 20
Туркменскія авіялініі 5 20
Etihad Airways 7 30
Аэрафлот 10 23
МАУ 7 23
Austrian Airlines 8 23
Czech Airlines 8 23
LOT Polish Airlines 8 23
Lufthansa 8 23
Turkish Airlines 8 20
UTair Airlines 10 23
S7 Airlines 10 23

Авіякампаніі, што лятаюць з Мінска і ў Мінск

  • Белавія – нацыянальны авіяперавозчык
  • АirBaltic – латвійская авіякампанія
  • Авіякампанія Туркменскія авіялініі
  • Etihad Airways – нацыянальны перавозчык Аб'яднаных Арабскіх эміратаў
  • Аэрафлот – буйнейшая і самая вядомая расійская авіякампанія
  • Міжнародныя Авіялініі Украіны (МАУ)
  • Austrian Airlines – Аўстрыйскія авіялініі
  • Czech Airlines – Чэшскія авіялініі
  • LOT Polish Airlines – польскія авіялініі
  • Lufthansa (Люфтганза) – нямецкая авіякампанія
  • Turkish Airlines – Турэцкія авіялініі
  • UTair Airlines (ЮТэйр) – украінская авіякампанія
  • S7 Airlines (Сибирь) – расійская авіякампанія

З тэхнікай на борт можна

Недастаткова сачыць за вагой і габарытамі ручной паклажы. Прынцыпова важна ведаць, што можна і што нельга класці ў сумку, якую вы збіраецеся ўзяць з сабой у салон самалёта.

Перевозка багажа в самолетеБезумоўна, можна і трэба ўзяць каштоўныя рэчы: дакументы, упрыгажэнні. Таксама ў ручную паклажу дазваляецца браць практычна любую дробную лічбавую тэхніку, якая можа быць пашкоджана ў багажы:

  • плэер;
  • мабільны тэлефон і зарадная прылада да яго;

Выключэнне – смартфон Samsung Galaxy Note, забаронены да правозу на бартах самалётаў многімі авіякампаніямі свету. Справа ў тым, што толькі ў першы месяц продажаў гаджата было зафіксавана каля 40 выпадкаў самаадвольнага выбуху ці ўзгарання прылады.

  • планшэт, электронную кнігу;
  • фен, плойку;
  • электрабрытву і электрычную зубную шчотку;
  • ноўтбук, відэакамеру, фотаапарат і зарадныя прылады да іх.

Акрамя гэтага, у ручную паклажу дазваляецца браць рэчы, якія могуць спатрэбіцца непасрэдна пасля прызямлення самалёта: напрыклад, цёплую вопратку, паліто, калі вы ляціце з цёплай краіны ў халодную, плед, парасон (за выключэннем парасона-палкі). Для людзей з траўмамі дапускаюцца ў якасці ручной паклажы артапедычныя прыстасаванні: мыліцы, палачкі і г.д. Таксама дазваляецца браць у салон самалёта дзіцячае крэсла або калыску, вага якіх не перавышае дапушчальную. Не будуць пад забаронай прадукты для лёгкага перакусу: бутэрброды, арэхі, агародніна, шакалад, выпечка, чыпсы, цукеркі, печыва, садавіна і інш.

Аднак, у большасці авіякампаній у ручны багаж забаронена класці мясныя і малочныя прадукты: мяса, сыр, каўбасу, малако і іншае. І ўжо тым больш, калі гаворка ідзе пра прадукты без завадской упакоўкі. Іх нельга правозіць і ў зарэгістраваным багажы, калі вы ляціце ў Еўропу ці ЗША. У апошнюю, дарэчы, акрамя мясных і малочных прадуктаў, не прапусцяць яйкі, рыбу, шэраг гародніны і садавіны.

Спіртныя напоі можна браць на борт самалёта, толькі калі вы купілі іх у дзьюці-фры. Аднак ёсць авіякампаніі, якія ў прынцыпе забараняюць правозіць алкаголь на борце. А вось да цыгарэт авіякампаніі ставяцца лаяльна: і звычайныя, і электронныя правозіць у самалёце можна. Зрэшты, паліць на борце ўсё роўна не атрымаецца – практычна ўсе авіякампаніі забараняюць гэта рабіць з-за пажарабяспекі.

Збіраючы ў дарогу аптэчку, таксама будзьце ўважлівыя: па правілах правозу ручной паклажы ў самалёт нельга браць лекі з утрыманнем наркатычных рэчываў. Калі ж такія прэпараты вам жыццёва неабходныя і павінны быць пад рукой, варта загадзя паклапаціцца пра наяўнасць адпаведнай даведкі ад урача. Дарэчы, калі вы ляціце ў Еўропу, з сабой можна ўзяць не больш за 10 розных медпрэпаратаў. Не павінна быць праблем і з правозам градусніка, калі ён спакаваны ў чахол і змешчаны ў ручную паклажу, а не багаж.

Лепш не даліць, чым не даляцець

Асобнай увагі заслугоўвае пытанне правозу вадкасці ў ручной паклажы. Вось ужо больш за 10 гадоў да гэтай катэгорыі ручной паклажы прад'яўляецца асаблівы падыход і павышаныя патрабаванні. Жорсткі рэгламент на правоз вадкасці быў уведзены ў Еўрасаюзе пасля таго, як затрымалі тэрарыстаў, якія збіраліся падарваць самалёт вадкімі бомбамі.

Перевоз жидкостей в самолетеВарта ўдакладніць, што да вадкасцей у гэтым выпадку адносяцца не толькі напоі, але і духі, крэмы, гелі і пасты. Менавіта «вадкі» багаж работнікам аэрапортаў даводзіцца канфіскоўваць часцей за ўсё з-за невыканання правілаў яго правозу. Калі вы не хочаце, каб ваш любімы парфюм быў бязлітасна канфіскаваны ў аэрапорце, выконвайце правілы правозу вадкай ручной паклажы:

  1. Ёмістасць, у якой утрымліваецца вадкасць, не павінна перавышаць 100 мл.
  2. Калі ў вас некалькі слоічкаў або бутэлечак з напоямі і вадкімі касметычнымі сродкамі, паклапаціцеся пра тое, каб іх агульны аб'ём быў не большы за адзін літр, а ўся тара была запакаваная ў шчыльны файл з засцежкай.
  3. Пакладзіце ўсе слоічкі і бутэлькі ў адзін пакет памерам не больш як 20 на 20 см. І запомніце: вы можаце ўзяць на борт самалёта толькі адзін такі пакет з вадкасцямі.

Аднак, калі вы падарожнічаеце з малым, можаце не турбавацца пра наяўнасць лішніх вадкасцей у выглядзе дзіцячага харчавання. Іх можна спакойна браць у ручную паклажу ў самалёт і не пакаваць разам з астатнімі вадкасцямі.

Забаронены груз

А цяпер пра тое, што нельга браць з сабой на борт самалёта. Безумоўна, сярод забароненых да перавозкі прадметаў першым пунктам любой авіякампаніі значыцца зброя і прадметы, якія можна ўжыць у якасці зброі: нажы, сякеры, нажніцы, спіцы для вязання, пілачкі для пазногцей і іншыя колючыя і рэжучыя прадметы. Пад забаронай да правозу і дзіцячыя пісталеты, якія імітуюць сапраўдную зброю.

Не месца ў ручной паклажы і сталовым прыборам: відэльцам, лыжкам, штопару. Забаронены таксама правоз рэчываў, што лёгка ўзгараюцца, таксічных і хімічных: дэзадарантаў-спрэяў, лакаў для валасоў, вадкасці для зняцця лаку. Сумку для ручной паклажы таксама прыйдзецца вызваліць ад спартыўнага інвентару: біт, клюшак для гольфа і крыкета, гарналыжнай амуніцыі.

Багаж. Пакуем чамадан

Як правіла, у кожнай авіякампаніі свае нормы правозу багажу. Для таго каб не пераплачваць за лішнюю вагу, абавязкова дазнайцеся ў перавозчыка дапушчальную вагу (гл. табліцу). У сярэднім кожны пасажыр мае права бясплатнага правозу багажу вагой 20 кг, калі ён ляціць эканом-класам, і 30 кг пры пералёце ў бізнес-класе. Такія нормы ўстаноўлены і беларускай авіякампаніяй «Белавія». Габарыты валізкі не павінны перавышаць 50х50х100 см. Звярніце ўвагу і на той факт, што некаторыя авіякампаніі суміруюць вагу ручной паклажы і багажу, іншыя пры ўзважванні лічаць іх асобна.

Как правильно упаковать чемоданКалі вы ляціце сям'ёй, памятайце, што ўсталяваная норма правозу багажу разлічана на аднаго пасажыра, а значыць, чым вас больш, тым больш рэчаў вы можаце правезці бясплатна. Праўда, калі адзін з пасажыраў малодшы за 2 гады, то норма бясплатнага правозу багажу, разлічаная на яго, не перавышае 10 к.

І яшчэ некалькі саветаў, якія дапамогуць вам правільна аформіць багаж і пазбегнуць непрыемных нечаканасцей у аэрапорце:

  1. Прасачыце за тым, каб торба ці чамадан быў без пашкоджанняў і дзірак, з засцежкамі, што працуюць, і замкамі, інакш гэта можа абярнуцца стратай або пашкоджаннем багажу.
  2. Абгарніце сумку ці чамадан плёнкай дома альбо ў аэрапорце. Такім чынам вы мінімізуеце рызыку, што ваш багаж выпэцкаецца або пашкодзіцца пры перавозцы. Дарэчы, некаторыя авіякампаніі патрабуюць зрабіць гэта абавязкова.
  3. Калі памеры і вага багажу перавышае дапушчальныя нормы, рыхтуйцеся да дадатковых грашовых страт. Звычайна за кожны лішні кілаграм «перавагі» авіякампанія патрабуе даплаціць 1-2 працэнты ад кошту квітка.

Акрамя таго, у некаторых краінах існуюць забароны на вываз або ўвоз пэўных прадметаў. Напрыклад, з Егіпта нельга вывозіць каралы, калі яны не набытыя ў краме, а ў Гоа пад забаронай для вывазу мясцовая валюта. Так што абавязкова азнаёмцеся з правіламі правозу багажу перад наведваннем далёкіх краін. Спіс таго, што нельга браць у багаж, можа залежаць таксама ад тыпу самалёта і ўнутраных правілаў авіякампаніі. Каб не патрапіць у няёмкую сітуацыю, лепш загадзя азнаёміцца з правіламі правозу багажу і ручной паклажы авіякампаніяй, паслугамі якой вы збіраецеся карыстацца. Уся актуальная інфармацыя прадстаўлена на афіцыйных сайтах авіяперавозчыкаў.

Асцярожна, батарэя!

Як правіла, у багаж вы можаце пакласці ўсе дазволеныя да правозу рэчы, якія нельга ўзяць у якасці ручной паклажы. Не рэкамендуецца класці ў багаж толькі тыя прадметы, якія могуць быць пашкоджаны падчас транспарціроўкі – тэхніку, акуляры, далікатныя сувеніры. Асобна авіякампаніі папярэджваюць пра перавоз батарэй да тэлефонаў, ноўтбукаў і іншых прылад. Пры пашкоджанні літыевай батарэі можа здарыцца пажар, таму перавозчыкі рэкамендуюць ні ў якім разе не класці іх у багаж. Ці можна ўвогуле ўзяць у самалёт літыевую батарэю, залежыць ад яе магутнасці. У «Белавія» прапаноўваюць перад палётам азнаёміцца са спецыяльнай табліцай, па якой вы вызначыце, ці можна пакласці батарэю ў багаж або лепш узяць яе ў ручную паклажу.

Чацвераногіх таксама тычыцца

Калі вы збіраецеся ўзяць з сабой у палёт хатняга гадаванца, падрыхтуйцеся, што яго перавозка дадасць вам клопатаў. Пра свой намер ляцець з чацвераногім сябрам варта паведаміць ужо пры набыцці квітка. Затым за дзве гадзіны да рэгістрацыі рэйса, вам неабходна будзе звярнуцца да ветэрынарнага ўрача аэрапорта, прад'явіўшы адпаведныя дакументы на гадаванца. Калі вы ляціце ў краіны Еўрасаюза (за выключэннем Вялікабрытаніі, Мальты, Ірландыі або Швецыі), у вас абавязкова запатрабуюць мікрачып жывёлы, ветэрынарны пашпарт міжнароднага ўзору і сертыфікат, выдадзены галоўным ветэрынарным урачом горада ці раёна не раней, чым за 5 дзён да вылету. А вось у вышэйпералічаныя краіны вам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца ляцець без свайго ўлюбёнца. Гэтыя дзяржавы патрабуюць вынікі тэсту на наяўнасць антыцелаў віруса шаленства ў жывёлы, у Беларусі такі тэст не робяць. Пры перавозцы гадаванца ў іншыя краіны свету акрамя ветпаспарта міжнароднага ўзору спатрэбіцца і ветэрынарнае пасведчанне, якое выдаецца па месцы жыхарства.

Таксама трэба паклапаціцца аб кантэйнеры для транспарціроўкі жывёлы. Гэтае пытанне, як правіла, абмяркоўваецца з авіяперавозчыкам на стадыі набыцця квітка. Акрамя ўсяго іншага ў аэрапорце вашага гадаванца ўзважаць (разам з кантэйнерам) і папросяць аплаціць яго правоз па стаўках звышнарматыўнага багажу – за кожны кілаграм.

Аўтар дзякуе за прадстаўленую інфармацыю і садзейнічанне ў падрыхтоўцы матэрыялу аддзел рэкламы і камунікацый ААТ «Авіякампанія «Белавія».

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

165 0 5682

Наверх