13 Жніўня

Салодкі холад на кончыку языка. 5 прычын з’есці марожанае зараз

Здаровае меню
86 0 95
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Давайце я паспрабую адгадаць, пра што вы цяпер марыце? Пра марожанае! Што растае ў роце салодкім задавальненнем, падбадзёрлівым халадком разліваецца па ўсім целе. Калі за акном спякота, марожанае ўяўляецца тым самым жаданым аазісам у гарачай пустыні. Хочацца прыпасці вуснамі да жыватворнай прахалоды і спыніць час. Але і ў дождж, калі цяпло яшчэ не выветрылася з будынкаў, яно таксама станецца чаканым ласункам.

5 прычын з’есці марожанае:

1. Класічнае марожанае гатуецца з сумесі натуральнага малака, вяршкоў, згушчанага ці сухога малака, сметанковага масла, цукру, вады, стабілізатараў-эмульгатараў (агар-агар, жэлацін, гуаравая камедзь і інш.) і розных смакавых ды водарных дадаткаў (какава, арэхі, разынкі, ванілін і інш.). З улікам таго, што ў аснове малако, прысмак, па сутнасці, мае ўсе яго якасці. У порцыі марожанага – каля 100 каштоўных для арганізма рэчываў: амінакіслоты, бялкі, вугляводы, вітаміны і мінералы , а таксама важныя для метабалізму ферменты. 100 г прадукту на 15% папаўняе сутачную патрэбу чалавека ў кальцыі. Акрамя таго, марожанае – ідэальны варыянт сумясціць прыемнае з карысным, калі вы абыякава ставіцеся да малака як самастойнага напою.


Ці ведаеце вы, што:

Радзіма марожанага – Старажытны Кітай. Яшчэ ў 3000 годзе да нашай эры на стол прыносілі фруктовыя сокі, змешаныя са снегам ці лёдам. У Еўропе марожанае з'явілася дзякуючы знакамітаму падарожніку XI стагоддзя Марку Пола. Вялікімі аматарамі салодкага былі Кацярына Медычы, Ганна Аўстрыйская, Напалеон Банапарт... Рэцэпты прыгатавання марожанага захоўваліся ў найвялікшым сакрэце. За выдаванне таямніцы яго прыгатавання палацавым кулінарам пагражала смяротнае пакаранне.


2. Марожанае – выдатны спосаб зняць стомленасць і пазбавіцца ад дрэннага настрою. Сакрэт у тым, што ў ледзяным ласунку змяшчаецца амінакіслата L-трыптафан, якая ўдзельнічае ва ўтварэнні сератаніну – гармону радасці. Паступленне ў арганізм L-трыптафану станоўча ўздзейнічае на нервовую сістэму і дапамагае змагацца з бяссонніцай. Так што калі дзень выдаўся цяжкім, стомленасць і дрэнны настрой забіраюць сілы, падтрымайце сябе порцыяй  марожанага – і жыццё зноў зайграе ўсімі фарбамі.


Ці ведаеце вы, што:

У ЗША ліпень афіцыйна абвешчаны нацыянальным месяцам марожанага.


3. Рэгулярна песціць сябе порцыяй пламбіру ці эскімо на палачцы не толькі прыемна, але і карысна для здароўя. Калі есці марожанае правільна – не спяшаючыся, маленькімі кавалачкамі, гэта дазволіць трэніраваць мясцовы імунітэт. Танзіліты, ангіны, ларынгіты будуць вас абыходзіць. Акрамя гэтага, марожанае ў цэлым добра ўплывае на ўмацаванне імунітэту, нармалізацыю артэрыяльнага ціску, умацоўвае касцявую тканку і прадухіляе ўтварэнне камянёў у нырках. А яшчэ яно валодае лёгкім абязбольвальным эфектам. Нездарма атарыналарынголагі рэкамендуюць есці злёгку падталае марожанае пацыентам пасля выдалення міндалін: па-першае, гэта зніжае непрыемныя болевыя адчуванні ў горле; па-другое, дзякуючы сваёй кансістэнцыі салодкае не траўмуе слізістую абалонку ротаглоткі і рану.


Ці ведаеце вы, што:

Марожанае мае кроваспыняльныя ўласцівасці. Напрыклад, каб прыпыніць насавы крывацёк, можна з'есці некалькі лыжак ледзянога марожанага. Нізкая тэмпература паўплывае на звужэнне сасудаў, і кроў перастане ісці.


4. Марожанае – не той прадукт, ад якога варта адмовіцца людзям, якія старанна сочаць за ўласнай вагой. Шарбет, фруктовы лёд ці садавінна-ягаднае марожанае маюць мінімум калорый, затое задавальненне ад іх з’ядання мала з чым параўнаецца. Аддаючы перавагу класічнаму малочнаму прадукту, звяртайце ўвагу на склад: максімум натуральных інгрэдыентаў – і порцыя-другая пламбіру не пашкодзяць вашай асінай таліі.


Ці ведаеце вы, што:

Рэкардсменамі па з’яданні марожанага з'яўляюцца амерыканцы: ажно 15 кілаграмаў за год на чалавека!


5. Марожанае — гэта смачны і падбадзёрлівы прысмак, выдатная і карысная альтэрнатыва салодкаму, чароўны дэсерт, які выступае заключным акордам сямейнага абеду ці вячэры.

Як прыгатаваць сапраўдны пламбір па-хатняму?

Тым, хто прызвычаіўся давяраць толькі сабе, прапануем прыгатаваць самы сапраўдны пламбір самастойна.

Спатрэбіцца:

  • вяршкі 33% – 300 г;
  • цукар – 100 г;
  • яечны жаўток – 3 шт.;
  • малако – 0,5 шклянкі.

Рэгуляваць салодкасць і тлустасць марожанага можна за кошт цукру, паклаўшы яго крыху больш ці менш, і малака з рознай колькасцю тлушчу.

Спосаб прыгатавання:

Малако давесці да кіпення, астудзіць. Дадаць 3 яечныя жаўткі і цукар, змяшаць. Затым на вадзяной лазні на невялікім агні, бесперапынна памешваючы, давесці масу да стану згушчонкі і пакінуць «адпачыць».

У асобным посудзе ўзбіць вяршкі да стану ўстойлівых пікаў. Затым асцярожна дадаць іх у малочную масу, перамяшаць да аднастайнасці. Калі ўсё будзе гатовае, разліць будучы пламбір у формачкі і адправіць у лядоўню для застывання.

Марожанае – пальчыкі абліжаш!

Тым, хто не любіць лішняй валтузні на кухні, можна проста змяшаць у міксеры 0,5 шклянкі малака, 100 г натуральнага ёгурта, 50-80 г цукру, дадаць любыя свежыя ці замарожаныя ягады, разліць па формачках і — на холад. Ласунак атрымаецца – што трэба!

А што думаюць пра марожанае нашы эксперты?

 
Алена Гузік
Загадчыца кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт
Марожанае як прадукт, зроблены на аснове малака, безумоўна, можа прысутнічаць у рацыёне і дзяцей, і дарослых. Адзінае, абавязкова варта звяртаць увагу на яго склад. Чым больш у марожаным натуральных інгрэдыентаў, менш цукру і тлушчу, тым карысці ад яго будзе больш. Зусім адмаўляцца ад ласунку не мае сэнсу, але і харчавацца адным марожаным таксама не варта. Усё добра ў меру.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

86 0 95

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх