14 Ліпеня
14.07.2017

Сонцаахоўны крэм для дзяцей: правілы выкарыстання

logo
Плануй свядома
129 0 9
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У дзяцей скура больш тонкая і адчувальная, чым у дарослых. Яна хутчэй высыхае на сонцы і абгарае. Малышы дрэнна абароненыя ад уздзеяння ўльтрафіялету, бо ў іх яшчэ канчаткова не сфарміраваныя клеткі, што выпрацоўваюць пігмент меланін. Ён адказвае за загар. Сонечныя пякучыя прамяні пачынаюць пашкоджваць далікатную скуру дзіцяці ўжо праз 5-7 хвілін — у тры разы хутчэй, чым у дарослых. Таму вельмі важна засцерагаць дзяцей ад сонца.

Пра тое, якія сродкі выкарыстоўваць і што рабіць, калі сонечныя апёкі ўсё ж атрыманыя, Здаровыя людзі пагутарылі з Таццянай Гнядзько.

 
Таццяна Гнядзько
Намеснік акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Рэспублікі Беларусь, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт
Асаблівасць дзіцячых сонечных апёкаў — яны з’яўляюцца не адразу. Малыш можа знаходзіцца на сонцы некалькі гадзін, перш чым дарослыя заўважаць пачырваненне скуры. Першыя сімптомы апёку ўзнікаюць праз 3-4 гадзіны пасля ўздзеяння ўльтрафіялету. На працягу прыкладна такога ж перыяду сімптомы прагрэсуюць. Калі прыкметы сонечнага апёку выяўленыя падчас шпацыру, праз некалькі гадзін стан дзіцяці пагоршыцца. Ні ў якім разе нельга самастойна раскрываць пухіры! У выпадку іх самаадвольнага раскрыцця варта акуратна зрэзаць змярцвелую скуру чыстымі нажніцамі. Неабходна тэрмінова паказаць дзіця ўрачу, калі яно моцна непакоіцца, павышаецца тэмпература, ёсць санлівасць, ці апёк скуры досыць вялікі.

Спосаб прадухілення сонечных апёкаў шмат у чым залежыць ад узросту дзіцяці.

0-3 года

З медыцынскага пункту гледжання такім малечам знаходзіцца пад адкрытымі сонечнымі прамянямі супрацьпаказана (заўв.: па версіі Амерыканскай акадэміі педыятрыі — мінімум да шасці месяцаў). Выкарыстанне спецыяльнай касметыкі таксама забаронена. Агрэсіўны хімічны склад можа пашкодзіць далікатную скуру або выклікаць алергію.

Гуляць з дзецьмі пажадана да 11 гадзін і пасля 17-ай. Калі ж з'яўлення на вуліцы ў небяспечны час не пазбегнуць, старайцеся быць у цяньку, апранайце дзіця ў лёгкае закрытае адзенне і не забывайцеся на галаўны ўбор.

3-5 гадоў

Большасць вытворцаў маркіруюць сонцаахоўную касметыку для дзяцей значком "3+". Дзіцячыя сонцаахоўныя сродкі маюць SPF — Sun Protecting Factor (з англійскай — «сонцаахоўны фактар») — ад 15 да 50, але значэнне вышэй за 50 небяспечна для малечы з-за высокай канцэнтрацыі актыўных рэчываў. Крэм можа выклікаць алергію. Дзецям ні ў якім разе нельга доўга знаходзіцца на сонцы, таму сэнсу ў сродках з такой высокай ступенню аховы няма.

Крэму з SPF 15 будзе дастаткова для невялікага шпацыру ў сонечны дзень. На пляжы можна выкарыстоўваць сродак з SPF 25-40. Акрамя значэння сонцаахоўнага фактару пры выбары крэму для дзіцяці варта звяртаць увагу яшчэ на абрэвіятуры UVA + UVB. Яны абазначаюць, што крэм ахоўвае скуру ад двух відаў ультрафіялетавых прамянёў: тыпу А (UVA) — даўгахвалевая частка ўльтрафіялетавага спектру (іх не затрымлівае ні адзенне, ні аконнае шкло. Яны пранікаюць у глыбокія слаі скуры і правакуюць яе фотапашкоджанне) і тыпу В (UVB) — сярэднія хвалі ўльтрафіялетавага выпраменьвання.

5 гадоў і больш

Дзецям, якім больш за 5 гадоў, можна выкарыстоўваць звычайныя сонцаахоўныя сродкі. Але ў крэме для ўсёй сям'і не павінна быць парабенаў, аддушак, спірту і рэзкага паху. Не варта забывацца на правілы выкарыстання крэму і яго тэрмін прыдатнасці.

Асноўныя парады карыстання сонцаахоўнымі сродкамі для дзяцей:

  1. Перш чым ужыць сродак, пераканайцеся, што ён не выклікае алергію ў дзіцяці. Выцісніце крыху крэму на запясце малечы, локцевы выгiн, скуру пад каленкай або за вухам. Калі на працягу сутак не з'явілася пачырваненне, сып ці сверб, сродак можна выкарыстоўваць.
  2. Нанасіць крэм на скуру дзіцяці варта за 15-20 хвілін да выхаду на вуліцу: сродку патрэбен час, каб пачаць дзейнічаць.
  3. Пасля купання, ці калі малыш спацеў, ахоўны слой неабходна абнавіць — нанесці сродак зноў (папярэдне насуха выцерці скуру).
  4. Аддавайце перавагу сродкам у выглядзе белага крэму. Гэта дапаможа ўбачыць участкі скуры без аховы. Акрамя таго, аэразолі і спрэі могуць шкодна паўплываць на неакрэплыя лёгкія дзіцяці (заўв.: па даных найбуйнейшай амерыканскай некамерцыйнай экалагічнай асацыяцыі EWG (Environmental Working Group) — экалагічнай працоўнай групы, якая даследуе шкоду таксічных хімічных рэчываў).

Памятайце, што летам сонечныя апёкі — не адзіная небяспека. Пра тое, як прадухіліць цеплавы ўдар у дзіцяці і што рабіць, калі бяда здарылася, Здаровыя людзі раскажуць у наступным матэрыяле.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

129 0 9

Наверх