20 Чэрвеня
20.06.2020

Спадчынная тромбафілія: каму і навошта варта праверыцца

logo
Плануй свядома
173 063
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёння ўрачы нярэдка рэкамендуюць перад прыёмам аральных кантрацэптываў, планаваннем цяжарнасці прайсці аналіз на наяўнасць спадчыннай тромбафіліі. Навошта гэта трэба і ад якіх ускладненняў уратуе? Разбіраем тэму са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнікам «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны».

Спадчыннымі тромбафіліямі (СТ) называюць прыроджаныя генетычныя асаблівасці, якія павышаюць рызыку трамбозаў.

– Важна разумець, што самі па сабе спадчынныя тромбафіліі – гэта не хвароба, а пэўны фонавы стан арганізма, калі пры з'яўленні дадатковых фактараў рызыкі з высокай верагоднасцю можа адбыцца трамбоз, – удакладняе эксперт.

Што ж гэта за фактары рызыкі?

1. Цяжарнасць.

– Падчас цяжарнасці змяняецца работа сістэмы гемастазу: узнікае гіперкаагуляцыя – павышэнне згусальнасці крыві. У норме гэта адбываецца, каб знізіць верагоднасць вялікага крывацёку ў родах і пасляродавым перыядзе. Аднак у спалучэнні з тромбафіліяй цяжарнасць робіцца адным з найбольш небяспечных фактараў рызыкі трамбозаў, – тлумачыць урач.

2. Прыём камбінаваных аральных кантрацэптываў і лекавых сродкаў для менапаўзальнай (замяшчальнай) гарманальнай тэрапіі.

3. Гарманальная стымуляцыя выспявання яйцаклетак у праграмах дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій.

4. Атлусценне.

5. Курэнне.

6. Варыкознае пашырэнне венаў.

7. Працяглая нерухомасць, напрыклад, пасля аперацыі.

8. Узрост, старэйшы за 35 гадоў.

Тромбафілія. Рызыка для цяжарных.

Асноўныя ўскладненні і рызыкі

 – Найбольш небяспечныя ўскладненні, якія можа выклікаць спадчынная тромбафілія, – артэрыяльныя і вянозныя трамбозы, калі сасуды «закаркоўваюцца» і перастаюць забяспечваць органы кіслародам. У выніку могуць наступаць вострыя парушэнні мазгавога кровазвароту, інфаркты міякарда; развівацца нырачная і пячоначная недастатковасць – ажно да смяротнага зыходу.

У жанчын, якія праходзяць гарманальную стымуляцыю пры экстракарпаральным апладненні, на фоне спадчынных тромбафілій нашмат цяжэй працякае сіндром гіперстымуляцыі яечнікаў (сур'ёзнае ўскладненне, якое выяўляецца ацёкамі, парушэннем функцыі нырак, трамбозамі).

Падчас цяжарнасці спадчынныя тромбафіліі павышаюць рызыку:

  • невыношвання цяжарнасці (асабліва характэрная чарада цяжарнасцяў, «якія замерлі»);
  • гіпаксіі і затрымкі развіцця плода (плод не адпавядае тэрміну цяжарнасці – дзеці нараджаюцца няспелыя, з нізкай масай цела);
  • унутрычэраўнай гібелі плоду;
  • праэклампсіі і HELLP-сіндрому (цяжкія ўскладненні ў другой палове цяжарнасці, якія характарызуюцца павышэннем артэрыяльнага ціску, ацёкамі, стратай бялку, пячоначнай недастатковасцю, разбурэннем эрытрацытаў);
  • заўчасным адслаеннем плацэнты.

Тромбафілія. Заміранне плода.

Рызыка ўскладненняў залежыць ад выгляду спадчыннай тромбафіліі. Існуюць тромбафіліі высокай і нізкай рызыкі.

Да спадчынных тромбафілій высокай рызыкі адносяцца:

  • гомазіготная мутацыя фактару Лейдэна;
  • гомазіготная мутацыя фактару II (гена пратрамбіну);
  • спалучэнне гетэразіготных мутацый фактару Лейдэна і фактару II (гена пратрамбіну);
  • дэфіцыт антытрамбіну III.

Гэтыя мутацыі павышаюць рызыку:

  • перапынення цяжарнасці на ранніх тэрмінах: у 1,5-2,7 раза;
  • звыклага невыношвання цяжарнасці: у 1,9-2,7 раза;
  • перапынення цяжарнасці ў 2-м і 3-м трыместрах: у 4-8 разоў;
  • развіцця трамбозаў на фоне прыёму кантрацэптываў: у 30-50 разоў.

– Таксама даказана, што менавіта спадчынныя тромбафіліі часта робяцца прычынай безвыніковых спробаў ЭКА, бо негатыўна ўплываюць на імплантацыю і развіццё эмбрыёна на самых ранніх стадыях, – удакладняе Святлана Жукоўская.

Тромбафілія. ЭКА не атрымліваецца.

Наяўнасць «дэфектнага» гена не азначае на 100%, што ўзнікнуць ускладненні – многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў арганізма.

Але рызыка сур'ёзных ускладненняў высокая. Пра гэта важна ведаць, бо своечасовыя прафілактычныя меры дазволяць засцерагчы жанчыну і яе будучае дзіця. Прафілактыка і лячэнне будуюцца на аналізе фактараў рызыкі і прызначэнні спецыяльных прэпаратаў – антыкаагулянтаў.

Каму паказанае даследаванне

 Абследаванне на спадчынныя тромбафіліі можа быць карыснае, калі:

  • у анамнэзе ўжо былі трамбозы;
  • у сваякоў былі трамбозы ў маладым узросце;
  • былі ўскладненні цяжарнасці: неаднаразовыя перапыненні на ранніх тэрмінах, цяжкая праэклампсія;
  • унутрычэраўная гібель плода.

– Таксама гэтае даследаванне можа засцерагчы жанчын ад сур'ёзных ускладненняў у выпадку прыёму камбінаваных аральных кантрацэптываў і замяшчальнай гарманальнай тэрапіі. І, безумоўна, перад правядзеннем гарманальнай стымуляцыі ў праграмах ЭКА, удакладняе спецыяліст.

Тромбафмлія. Здаем кроў з вены.

Да прыкладу, у Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны падобныя даследаванні праводзяцца абсалютна ўсім жанчынам, якія прыходзяць на ЭКА.

– Мы разумеем, што працуем з лекавымі сродкамі, якія на фоне спадчыннай тромбафіліі могуць прывесці да вельмі цяжкіх ускладненняў, асабліва пры ўзнікненні сіндрому гіперстымуляцыі яечнікаў. Ведаючы пра наяўнасць гэтай паталогіі, мы можам падбіраць больш бяспечныя схемы стымуляцыі, старанна кантраляваць аналізы падчас праграмы ЭКА, прызначаць спецыяльныя прэпараты для прафілактыкі. Больш за тое, такіх жанчын мы накіроўваем на кансультацыю да гематолога – гэта дазваляе быць упэўненымі ў бяспецы нашых працэдур. Менавіта дзякуючы гэтаму за апошнія 15 гадоў у нашай практыцы не было ніводнага выпадку цяжкіх формаў сіндрому гіперстымуляцыі яечнікаў, якія запатрабавалі б лячэння ў рэанімацыі, – тлумачыць рэпрадуктолаг.

Як праводзіцца даследаванне

 Гэта стандартны забор вянознай крыві. Спецыфічная падрыхтоўка не патрэбная. Затым выконваецца малекулярна-генетычны аналіз.

– Аналіз здаецца аднаразова: гэта генетычнае даследаванне, вынікі яго не могуць змяніцца, – тлумачыць Святлана Жукоўская. – У гэтым яго перавага. Да прыкладу, стандартны аналіз згусальнасці крыві (каагулаграма) паказвае стан «тут і цяпер», выявіць і ацаніць патэнцыяльныя рызыкі на яго падставе немагчыма.

Тромбафілія. Аналіз крыві.

Цяпер стала «модна» рабіць так званыя «генетычныя пашпарты», у тым ліку і пры невыношванні цяжарнасці. У такія комплексы могуць уваходзіць 10 і больш даследаванняў. Аднак рэкамендацыі вядучых міжнародных супольнасцяў кажуць пра тое, што толькі пэўныя мутацыі адыгрываюць даказаную ролю ў невыношванні цяжарнасці. Таму важна абапірацца на рэкамендацыі спецыялістаў, каб дарэмна не рабіць малаінфарматыўныя аналізы, – падкрэслівае ўрач.

Кошт даследавання на адну мутацыю ў Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны – 93 BYN. Але цяпер дзейнічае акцыя: у чэрвені і ліпені комплекс найбольш важных мутацый каштуе 191 BYN.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

173 0 63

Журналіст
Наверх