15 Снежня

Стрэс, уцякай! Бо я кнігу чытаю – папяровую… 6 хвілін:)

Думкі ўслых
149 0 94
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заканчэнне тыдня. А хутка і заканчэнне месяца. І нават – ажно вымавіць страшна! – заканчэнне года! Справы-заданні ўсё накручваюцца і накручваюцца на снежныя камякі, лепячы з саміх сябе якогасьці гіганцкага – пад самае неба! – снегавіка. Віртуальнага, вядома ж. А стрэс радасна пацірае рукі і толькі спраўляецца наведвацца шмат да каго з нас. І што ж рабіць? Калі перапыніць тыя справы проста няма магчымасці? А з-за стрэсу ўжо настолькі змарыліся…

Як казала ўжо калісьці, спакайней, спакайней, шаноўныя сябры! Бо вы ў сябе адны! Галоўнае – усведамляць сваю проста сусветную нейкую зморанасць. І той факт, што зрабіць перапынак усё ж варта.

А даследчыкі ўсяго свету, між іншым, даўно ўжо знаходзяцца ў пошуках эфектыўнага сродку ад стрэсу. Але такога, каб для ўсіх і адразу вынікова на ўсе 100%, на жаль, яшчэ не вынайшлі.

Затое вось які цікавы факт высветлілі брытанскія вучоныя. Асабіста для мяне – даволі нечаканы. Што лепей за іншыя віды дзейнасці зніжае ўзровень стрэсу (ажно на 68%!!!)… чытанне кніг! Прычым папяровых.

Кнігі. Чытанне. Зняцце стрэсу.

Якую кнігу вы возьмеце, не мае значэнне. Галоўнае, каб яна змагла вас захапіць і павесці за сабой. Усяго 6 хвілін чытання – і павінен нармалізавацца пульс, расслабіцца мышцы. Ух ты! Трэба абавязкова праверыць наступным разам такі тэрапеўтычны эфект!

Дык вось чаму я, аказваецца, з дзяцінства так люблю чытаць! 🙂 І вось чаму ў мяне дзень без чытання хаця б на працягу тых жа 6 хвілін (але насамрэч атрымліваецца значна болей, часцей за ўсё перад сном) – дзень, у пэўным сэнсе пражыты марна.

А ці любіце вы чытаць, як люблю гэтую справу я?! Прычым люблю менавіта сам працэс. І вось зараз, даведаўшыся, што ён яшчэ і стрэс змяншае, пачынаю аналізаваць. А і праўда! Калі падумаць, расслабляешся падчас чытання. І так хораша робіцца на душы. Асабліва, калі кніга сапраўды захапляльная.

Кнігі. Захапляльныя. Чытанне змяншае стрэс.

Вось многія зараз дрэнна кажуць пра так званае лёгкае чытанне. Дэтэктывы, жаночыя раманы… Маўляў, гэта не літаратура. Але я з гэтым не пагаджуся. Бо для адпачынку якраз-такі і выбіраю менавіта такія кнігі. А каб чытаць сур’ёзныя, трэба мець адпаведны настрой і сілы, бо гэта – тая ж праца. Прынамсі, для мяне.

А так… Гэта не проста лёгкае і прыемнае чытанне. Гэта ў любым выпадку – пазнавальна. Гэта – гумар і смех. Гэта дзесьці мімаходзь – карысныя парады. Гэта – падабенства жыццёвых сітуацый і калі-нікалі нават падказкі, як пераадолець цяжкасці. У мяне ўвогуле ў жыцці так часта бывала… Калі думаеш-думаеш, дзе ж выйсце. А тады – раз! Дык вось жа яно – прачытанае ў кнізе ці часопісе.

Кнігі. Знімаем стрэс.

Калі кніга захапляльная, я магу прачытаць яе, не адрываючыся, за адзін вечар. І такіх кніг хапае, між іншым! А пасля яна яшчэ доўга будзе прыгадвацца, у розных сітуацыях. Дык ці да думак тут пра сваю «гаротную долю», калі ты цалкам захоплены іншым жыццём, іншым светам, іншымі турботамі – герояў кнігі?! J Ды пра стрэс ужо нават і не ўзгадаеш! А падчас чытання адчуваеш толькі прыемныя эмоцыі. Хіба не так?!

А вы памятаеце сваю самую першую кнігу? І тое, у колькі гадоў навучыліся чытаць? Я памятаю, што ў 5, яшчэ да школы. А першая кніга і зараз перад вачыма – Павел Бажоў «Сярэбраны капыток». Эх, якія ж цудоўныя тады, у 70-80-х гадах мінулага ўжо стагоддзя, былі кнігі для дзяцей!

Кнігі. Сярэбраны капыток.

Вось як пачалася мая любоў да чытання з таго капытка, так і зараз не заканчваецца… 🙂 І, апрача прыемнасцяў, аказваецца, яшчэ і для здароўя добра – кнігі чытаць!

Ну што – паспрабуем гэты сродак адмысловы для зняцця стрэсу?! Ды і проста для прыемнага баўлення часу. А трымаць у руках папяровую кнігу – найвялікшая асалода! Можаце паверыць аматару чытання са «стажам» – ого-го! – больш чым у 40 гадоў!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

149 0 94

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх