15 Лістапада

Светлы амалоджвае? 6 міфаў пра валасы, якія самы час перагледзець

Стыль
154 0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці праўда, што кароткая стрыжка ператварае дзяўчыну ў цётку нявызначаных гадоў? Ці абавязкова ўсім жанчынам пасля 40 гадоў асвятляць валасы? Каму паказаная хімічная завіўка? Як часта рэкамендуецца змяняць колер валасоў? Ці праўда, што ў модзе сівізна? Ці трэба рабіць начос з трох валасінаў? На ўсе гэтыя пытанні журналісту партала Здаровыя людзі адказаў цырульнік-тэхнолаг Аляксей Яроцкі.

Міф 1. Светлы колер валасоў робіць маладзейшай.

На жаночых форумах і ў часопісах нярэдка можна ўбачыць «стопрацэнтную» параду: хочаш асвяжыць твар і выглядаць маладзейшай – зрабіся бландзінкай. Ці, прынамсі, дадай да прычоскі светлыя пасмы. Аднак спецыялісты з такімі абагульненнямі не згодныя.

Светлы колер валасоў робіць маладзейшай.

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Усе парады з часопісаў пра тое, што штосьці робіць маладзейшай, а іншае дадае ўзросту – часцей за ўсё надуманыя. Насамрэч усё вельмі індывідуальна. Кагосьці светлы колер сапраўды асвяжыць, а камусьці, наадварот, дадасць узросту. Усё залежыць ад канкрэтнага тыпажу. Калі ўзяць тыповую славянку, блакітнавокую, светла-русую, дык хутчэй за ўсё гэтае правіла спрацуе. Калі тыпаж паўднёвы, каўказскі – можа атрымацца горш. У гэтым плане добры прыклад – Моніка Белучы. Нядаўна яна асвятляла валасы – і адразу візуальна дадала гадоў дзесяць. На фота з розніцай у некалькі тыдняў – розніца каласальная. З пасмамі такая ж сітуацыя. Дадаваць іх неабавязкова, гэта яшчэ і справа густу ды перавагаў.

Міф 2. Кароткая стрыжка ператварае ў цётку.

Кароткія валасы ператвараюць у цётку.

Доўгія валасы нярэдка выклікаюць асацыяцыі з маладосцю і свежасцю. Таму шматлікія дзяўчыны іх узмоцнена адрошчваюць, нарошчваюць, выкарыстоўваюць накладныя пасмы ды іншае. Але рана ці позна амаль кожная сутыкаецца з дылемай: рэзаць ці не? У глыбіні душы кожнай дзяўчынкі, чыё дзяцінства хаця б крыху прыпала на перыяд СССР, ёсць страх ператварыцца ў тыповую цётку. Ну, такую: з аднолькавай для ўсіх стрыжкай «пад хлопчыка» і завіўкай «а-ля баран». Такі страх можа хаваць у сабе і псіхалагічную прычыну: нежаданне сталець і патрэба быць вечнай «дзяўчынкай». З нагоды сучаснай кароткай стрыжкі асцярогі залішнія: яна падбіраецца выключна індывідуальна і пры жаданні можа нават падкрэсліць жаноцкасць яе ўладальніцы.

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Усё залежыць ад формы стрыжкі, тыпу знешнасці, стылю ў вопратцы. Калі жанчына аддае перавагу спартыўнаму, дык кароткая стрыжка надасць ёй больш мужны выгляд. А калі дама на абцасіках і пры мэйкапе, дык, наадварот, падкрэсліць жаноцкасць. У сваёй працы я часцей сустракаю іншы міф: пасля пэўнага ўзросту нельга насіць доўгія валасы, абавязкова мець кароткую стрыжку. Тыповы малюнак, калі жанчына ва ўзросце з грузнай постаццю, масіўнай шыяй пачынае стрыгчыся коратка. Калі дадамо да гэтага вобразу яшчэ і спартыўную вопратку – са спіны можна пераблытаць з мужчынам. Таму, як і ў кожным пытанні, датычным стылю, тут усё індывідуальна.

Міф 3. Хатняе і салоннае афарбоўванне – адно і тое ж.

Хатняе афарбоўванне шкодзіць валасам.

«Навошта плаціць больш? Усюды падман. Што ў салоне прыгажосці, што дома – выгляд у валасоў аднолькавы. І вось жа па тэлевізары добрую фарбу рэкламуюць», – лічаць некаторыя дамы і не выдаткоўваюць грошы на паходы да спецыялістаў. Калі хаця б раз у некалькі месяцаў валасы падаглядае прафесіянал, асабліва прыкметнай шкоды тактыка можа і не прынесці. А вось заўсёды карыстацца толькі фарбамі з мас-маркету цягне за сабой небяспеку: валасы робяцца больш сухімі і губляюць шчыльнасць.

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Адназначна валасы, афарбаваныя дома, будуць выглядаць горш. Але калі пытанне ў тым, што бюджэт абмежаваны, дык чаму б і не. Брунэткі могуць выбіраць і такі варыянт. А вось бландзінкам не раю. На блондзе эканоміць нельга. Лепшы спосаб палепшыць знешні выгляд валасоў – хадзіць да добрага спецыяліста. Самая вялікая праблема ўзнікае, калі жанчына пачынае мітусіцца паміж двума-трыма рознымі цырульнікамі. Пры гэтым кожны цягне коўдру на сябе. Тады якасць валасоў пацерпіць. Лепей хадзіць да аднаго сярэдняга цырульніка, чым да двух добрых. Як зразумець, што майстар добры? Адназначнага адказу няма. Прафесіянал не будзе выкарыстоўваць фарбу з мас-маркету, адмовіцца выкарыстоўваць і тую, якую вы прынеслі з сабой. Нават калі яна добрай маркі, нельга даць гарантыю, што прадавец або вы самі яе правільна захоўвалі. Яшчэ, як правіла, да добрага майстра немагчыма запісацца з сёння на заўтра. У яго ёсць чарга.

Міф 4. Аб'ёмная ўкладка – маст-хэў кожнай дагледжанай жанчыны.

Аб'ёмная ўкладка абавязковая.

Калі валасы густыя і шчыльныя і мы не гаворым пра начосы а-ля «гняздо», дык, безумоўна, добрая ўкладка пойдзе толькі на карысць. Але ў большасці жыхарак Беларусі валасы мяккія. Таму без тоны лаку многія ўкладку і не ўяўляюць. Але ці надае такая застылая канструкцыя нам прэзентабельны выгляд?

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Як бы вы ні ўкладвалі мяккія славянскія валасы, ужо да сярэдзіны дня, калі галава спацее, ад гэтай прычоскі не будзе і следу. Любыя залішне моцныя аб'ёмы глядзяцца ненатуральна. Бываюць выпадкі, што жанчына з трох валасінаў робіць начос. А калі стаіш насупраць святла, у яе арэол замест прычоскі, галава прасвечваецца. Лепей не гнацца за аб'ёмам, няхай валасы ляжаць натуральна. Я насцярожана стаўлюся да хімічных завівак. Але славянскі тонкі волас – адзіны выпадак, калі я рэкамендую яе зрабіць. Завіўкі зараз больш сучасныя, не бабуліны. Але локаны будуць з відавочным і прыкметным завітком. Лёгкая натуральная хваля з дапамогай хімічнай завіўкі немагчымая. Калі працэдура зробленая мякка, добрым спецыялістам і якасным прэпаратам, дык зразаць такія валасы потым не абавязкова.

Міф 5. Колер валасоў можна мяняць хоць кожны год.

Які колер валасоў лепшы?

Спакусе «штосьці зрабіць з валасамі» падвяргаецца перыядычна кожная жанчына. Мы істоты эмацыянальныя, таму адлюстраваць на сваёй галаве пераход да важнага этапу жыцця – справа святая. Часцяком у ход ідуць радыкальныя перамены ў колеры валасоў. Маўляў, новае жыццё – новы колер. Аднак прафесійныя цырульнікі перасцерагаюць: з гадамі такія «арэлі» не надаюць прывабнасці.

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Чым больш вам гадоў, тым больш старанна трэба сачыць за валасамі і менш адыходзіць ад свайго прыроднага тыпу знешнасці. Для юнай дзяўчыны пераход з бландзінкі ў брунэтку, затым рыжую, чырвоную і назад цалкам дарэчы. Пасля 30 гадоў гэта будзе глядзецца не так эфектна. А ў 40 ужо дадасць узрост. Хаця мы бачым галівудскіх зорак, якім далёка не 16, але яны мяняюць колер валасоў і выдатна выглядаюць. Сакрэт у тым, што пры гэтым яны імгненна мяняюць і гардэроб, і мейкап. Калі фінансавыя сродкі дазваляюць, тады гэта дапушчальна. Можа атрымацца зусім іншы ўнікальны вобраз.

Міф 6. Сівізна – папулярная.

Кіяну Рыўза-Аляксандра Грант

Калі раней сівыя валасы заўсёды імкнуліся замаскіраваць, дык сёння ў свеце з'яўляецца ўсё больш жанчын розных узростаў, якія выступаюць за натуральнае старэнне або адмыслова афарбоўваюць валасы «пад сівізну», перастаючы саромецца гэтага колеру. Прыкладаў мноства. Узяць хаця б новую каханую Кіяну Рыўза – мастачку Аляксандру Грант.

 
Аляксей Яроцкі
Цырульнік-тэхнолаг
Не магу сказаць, што сівізна ў модзе. Яна больш папулярызуецца сярод жанчын-палітыкаў. Гэта адзін з маркераў феміністычнага руху, калі жанчына заяўляе пра тое, што яна – асоба, а не сэксуальны аб'ект. Ёсць прыклады прымянення сівізны ў сферы прыгажосці, але гэта адзінкавыя і ўнікальныя выпадкі. У цэлым заможныя жанчыны, якія могуць дазволіць сабе не думаць пра грамадскае меркаванне, усё ж фарбуюць валасы. Вядома, такі колер – асабісты выбар. Але якім бы свежым ні быў твар і выдатнай – фігура, у нашай падсвядомасці сівізна выклікае асацыяцыі з узростам. Як мінімум плюс пяць гадоў гарантавана.

Стан і выгляд валасоў – адна з «візітных картак» жанчыны. Іх догляд патрабуе і творчасці, і натхнення, і ўмелых рук добрага спецыяліста. Усе міфы разбіваюцца аб адзін просты факт: універсальнага рэцэпту няма. Кожная жанчына заслугоўвае індывідуальнага падыходу.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

154 0 17

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (2 оценок, среднее: 5,00 из 5)
Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх