15 Мая
15.05.2020

«Сям’я – гэта шчасце, любоў і ўдача…»

logo
Думкі ўслых
157 0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Да Міжнароднага дня сям’і, які святкуецца сёння, 15 мая, звычайна ўсюды ладзілі шмат мерапрыемстваў. Чаму ў мінулым часе? Зразумела ж, пандэмія каранавіруса ўплывае на наша цяперашняе жыццё. І збіраць шмат сем’яў з дзецьмі разам… Ды проста небяспечна для здароўя. А вось прыгадваць, як яно было… Чаму б і не?!

Сям'я. Міжнародны дзень сям'і. Конкурс шматдзетных сем'яў.

За час сваёй працы журналістам у раённай, а затым і ў абласной газеце я наведвала шмат мерапрыемстваў такога кшталту, пісала пра шматдзетныя, няпоўныя, праблемныя, прыёмныя і апякунскія, шчаслівыя сем’і і сем’і-юбіляры... Пра абсалютна розныя. Найперш і найбольш – у сваім Чэрвеньскім раёне. Затым – у Старадарожскім і Уздзенскім.

Многія запомніліся, запалі ў душу. І калі перасякаешся зараз з кімсьці хаця б у сацыяльных сетках і месэнджарах… Радасна і прыемна даведвацца пра добрыя навіны ад іх. У шматдзетных сем’ях яшчэ дадалося дзетак… Хтосьці ўжо вырас і стаў студэнтам… Дзеці з сем’яў няпоўных стварылі свае і шчаслівыя…

А што датычыцца конкурсаў шматдзетных сем’яў, дык гэта заўсёды было яркае відовішча! Асабліва калі ўдзельнікі выходзілі на сцэну з маленькімі дзеткамі. Іх непасрэдныя рэакцыі заўсёды зачароўвалі і гледачоў, і журы. Малыя сапраўды не схлусяць. І не будуць рабіць тое, чаго не хочуць… Таму часцяком добра адпрацаваны дома сцэнар ламаўся лёгкім рухам рукі малечы ці тупатам ножкі, упартым выглядам з-пад ілба.... Затое якія бывалі экспромты!

Сям'я. Міжнародны дзень сям'і.

То малое ў танцы закружыцца… І ўсе гледачы дружна запляскаюць у ладкі, падтрымліваючы… То, зручна ўладкаваўшыся на руках у таты, так пяшчотна абдыме яго, пакладзе галаву на плячо і… засне, нягледзячы на шум навокал… З вершыкам ці песняй уступіць не там, дзе трэба, але ж так міла!

Таксама мы захапляліся не столькі талентамі дзяцей, колькі адносінамі ў сям’і, якія праглядаліся ва ўсім. Тады з упэўненасцю можна было сказаць, што сям’я – «гэта шчасце, любоў і ўдача…» Зрэшты, яно і не дзіўна: для ўдзелу ў конкурсе кожны сельсавет выбіраў самых дастойных прадстаўнікоў шматдзетных сем’яў. І ў іх было чаму павучыцца. Нават калі назіралі за імі такі непрацяглы час…

Хтосьці дэманстраваў дзіцячыя таленты, хтосьці – сямейныя традыцыі… Захапленне кулінарыяй альбо здаровым ладам жыцця… І кожная сям’я адрознівалася ад іншай. І кожная паўставала настолькі самабытнай…

Беларуская сям'я. Міжнародны дзень сям'і.

Прыёмныя і апякунскія сем’і… Таксама асаблівая катэгорыя. Не ўсе згаджаліся сустракацца з журналістам. Не ўсе хацелі распавядаць для іншых пра сваё жыццё. Але тыя, хто згадзіўся, таксама да гэтага часу ў маім сэрцы. Бо прыняць чужое дзіця як сваё… Дзіця часцяком (чытай – заўсёды) праблемнае… Гэта насамрэч трэба мець шчырую і шчодрую душу, чулае любячае сэрца.

А як жа пашанцавала тым дзецям! Сустракаючыся з сем’ямі – героямі маіх матэрыялаў – рэгулярна проста дзесьці ў горадзе, назірала, як дзеткі і падлеткі мяняліся ў лепшы бок, як літаральна расцвіталі… І калі сыходзілі па ўзросце з-пад апекі, з’язджалі на вучобу ў іншы горад, усё роўна не гублялі сувязі з сям’ёй. Бо яна, не біялагічная па сутнасці, стала для іх сапраўды роднай.

Таксама даволі часта даўней даводзілася бываць у сем’ях праблемных, асабліва – з рэйдамі, якія ладзіла камісія па справах непаўналетніх. І вось там, наадварот, сціскалася сэрца, калі бачылі поўную абыякавасць бацькоў да сваіх дзяцей. А тыя бы не заўважалі такіх адносінаў, цягнуліся да дарослых…

Як і ў прытулку, куды іх часова змяшчалі па Дэкрэце №18, пакуль бацькі ні возьмуцца за розум. А калі тыя не браліся… Што ж, дзяцей чакалі дзяржаўныя ўстановы і… Апякунскія і прыёмныя сем’і. Калі пашчасціць, вядома ж.

Сям’я – гэта сапраўдная каштоўнасць для ўсіх дзяцей. Нават калі яна не ідэальная. І даволі далёкая ад ідэальнай. Таму шчаслівы той чалавек, у якога ёсць сям’я. Не толькі ў дзіцячым – у любым узросце.

З Міжнародным днём сям’і ўсіх, хто святкуе! Любіце, кахайце, шануйце, цаніце адно аднаго!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

157 0 57

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх