22 Сакавіка
22.03.2020

Туберкулёз. Сучасныя стратэгіі ў яго лячэнні і прафілактыцы

logo
Кантралюй здароўе
132 0 10
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У 2018-ым годзе ў свеце на туберкулёз (сухоты) захварэлі 10 млн чалавек, 1,5 млн пацыентаў памерлі ў выніку хваробы. Прычым адной з сур'ёзных праблемаў, якая значна ўскладняе лячэнне захворвання, з'яўляюцца сухоты з множнай лекавай устойлівасцю. Так, у 2018-ым годзе мультырэзістэнтная форма туберкулёзу была дыягнаставаная ў больш чым 480 тысяч выпадкаў, распавёў на прэс-канферэнцыі ў Мінску каардынатар праграмаў па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Гранькоў.

Туберкулёз. Сухоты. Прэс-канферэнцыя.

Штогод 24 сакавіка па ініцыятыве СААЗ адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. Менавіта ў гэты дзень у 1882-м годзе нямецкі мікрабіёлаг Роберт Кох паведаміў пра сваё адкрыццё ўзбуджальніка туберкулёзу – палачкі Коха. У 1905-м вучоны быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй у галіне медыцыны.

Пра эфектыўныя стратэгіі ў лячэнні і прафілактыцы туберкулёзу ішла размова ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Спікерамі выступілі:

  • Вячаслаў Гранькоў – каардынатар праграмаў па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі;
  • Генадзь Гурэвіч – галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі.

Па словах Вячаслава Гранькова, меры, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні, грамадскімі і пацыенцкімі арганізацыямі па барацьбе з сухотамі, а таксама Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, дазволілі значна знізіць смяротнасць у выніку захворвання. Так, дзякуючы сучасным мерам па прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні сухотаў, аказанні своечасовай дапамогі такім пацыентам на працягу 20 гадоў атрымалася выратаваць 58 млн жыццяў.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграмаў па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Тым не менш, у сярэднім штодня больш за 4 тысячы чалавек паміраюць ад сухотаў, а захворваюць – каля 30 тысяч. Сёлета дэвіз Сусветнага дня барацьбы з сухотамі – «Надышоў час дзейнічаць». СААЗ заклікае ўсе дзяржавы, а таксама арганізацыі сістэмы аховы здароўя, сацыяльнай дапамогі, фінансавыя інстытуты прыкласці як мага больш намаганняў, каб сапраўды пакончыць з праблемай туберкулёзу.

Туберкулёз. Сухоты. Здымак лёгкіх.

У Беларусі, распавёў Вячаслаў Гранькоў, тэмпы зніжэння захваральнасці ў выніку захворвання вышэйшыя, чым у іншых краінах Еўрапейскага рэгіёну СААЗ. Напрыклад, на працягу апошніх 10 гадоў у сярэднім у Еўрапейскім рэгіёне СААЗ захваральнасць на туберкулёз зніжалася на 4,3% у год. У Беларусі за гэты ж перыяд сярэднегадавое зніжэнне склала 6%. Прычым на працягу апошніх пяці гадоў гэты паказчык перавысіў 10%. Не апошнюю ролю тут адыграла ўкараненне хуткіх бактэрыялагічных і малекулярна-генетычных метадаў дыягностыкі туберкулёзу.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграмаў па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Мы наблізіліся да 100% ахопу насельніцтва дадзенымі метадамі для дыягностыкі. Гэта цалкам адпавядае рэкамендацыям СААЗ. У Беларусі такія метады ўжываюцца ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, што дазваляе дакладна паставіць дыягназ, перш чым пачаць лячэнне.

Застаецца актуальнай праблема туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю. Беларусь па-ранейшаму адносіцца да ліку краінаў-лідэраў па ўзроўні колькасці мультырэзістэнтнага туберкулёзу сярод упершыню выяўленых і паўторна лечаных выпадкаў захворвання. У 2019-м годзе СААЗ выдала новыя рэкамендацыі, якія тычацца тэрапіі гэтай формы туберкулёзу. У іх прадугледжана, што ўсе пацыенты з такім дыягназам павінны атрымліваць новыя прэпараты. Беларусь, падкрэсліў Вячаслаў Гранькоў, стала адной з першых сярод краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе для ўсіх пацыентаў забяспечылі доступ да новых прэпаратаў (летась такое лячэнне атрымалі больш за 97% пацыентаў).

Туберкулёз. Сухоты. Новыя прэпараты.

 
Генадзь Гурэвіч
Галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі
Звыш 1 тысячы пацыентаў з сухотамі з множнай лекавай устойлівасцю пралечаныя новымі супрацьтуберкулёзнымі прэпаратамі. Гэта дазволіла павысіць эфектыўнасць лячэння мультырэзістэнтнага туберкулёзу, што дае важныя перадумовы для элімінацыі захворвання.

Зараз наша краіна можа падзяліцца з замежнымі калегамі атрыманым вопытам. Так, напрыканцы ліпеня 2019 года адкрыўся першы цэнтр СААЗ па ўкараненні новых прэпаратаў і рэжымаў для лячэння туберкулёзу з множнай і шырокай лекавай устойлівасцю. Правядзенне ў адукацыйным цэнтры РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі курсаў павышэння кваліфікацыі запатрабаванае спецыялістамі з усяго свету, паведаміў прадстаўнік Краінавага бюро СААЗ.

Сярод перспектыўных напрамкаў Вячаслаў Гранькоў адзначыў прафілактычнае лячэнне туберкулёзу. Справа ў тым, што існуе так званы латэнтны туберкулёз. У арганізме чалавека мікабактэрыі туберкулёзу знаходзяцца ў неактыўным стане, але пры неспрыяльным збегу абставінаў могуць актывізавацца і выклікаць захворванне. Для асобнай катэгорыі грамадзянаў, напрыклад, для тых, хто жыве з ВІЧ, такая сітуацыя можа быць жыццёва небяспечнай.

Туберкулёз. Сухоты. Лёгкія з палачкай Коха.

 
Вячаслаў Гранькоў
Каардынатар праграмаў па інфекцыйных захворваннях Краінавага офіса СААЗ у Беларусі
Мы будзем актывізаваць працу па выяўленні латэнтнага туберкулёзу ў групаў рызыкі з выкарыстаннем самых сучасных метадаў дыягностыкі. У выпадку станоўчага выніку будзе прызначанае прафілактычнае лячэнне для папярэджання развіцця хваробы ў будучым.

Па словах Генадзя Гурэвіча, мінулы год быў паспяховым для айчыннай фтызіятрычнай службы. На 7,5% знізілася захворванне на туберкулёз з улікам рэцыдываў, колькасць смяротных зыходаў скарацілася на 14,5%. Сярод узроставай групы да 18 гадоў колькасць выпадкаў туберкулёзу ў 2019 годзе склала 23. Гэта – адзін з самых нізкіх паказчыкаў на постсавецкай прасторы і сярод краінаў Усходняй Еўропы, падкрэсліў Генадзь Гурэвіч, дадаўшы, што прычынай заражэння дзяцей часцей за ўсё з'яўляецца блізкі кантакт з інфіцыраванымі людзьмі.

Туберкулёз. Сухоты. Захворванне ў дзяцей.

Летась, распавёў дырэктар РНПЦ, паўсюдна быў укаранёны праект па пацыент-арыентаванаму лячэнню туберкулёзу. Акрамя таго, змены закранулі мадэлі фінансавання супрацьтуберкулёзнай службы. Як растлумачыў Генадзь Гурэвіч, у 2018 годзе ў Брэсцкай вобласці быў рэалізаваны пілотны праект. Ён быў накіраваны на скарачэнне часу знаходжання ў стацыянары хворых на туберкулёз. Пасля таго, як пацыент перастае ўяўляць небяспеку для навакольных (не з'яўляецца бактэрыявыдзяляльнікам), яго пераводзяць на амбулаторны этап, дзе працягваецца лячэнне пад кантролем медыцынскіх работнікаў.

 
Генадзь Гурэвіч
Галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі
Пацыент-арыентаваная мадэль аказання дапамогі ўключае такія спецыфічныя кампаненты, як індывідуалізацыя арганізацыі лячэння з улікам патрэбаў пацыента, інтэграванае аказанне паслугаў па месцы лячэння чалавека, аказанне псіхасацыяльных дапамогі і падтрымкі.

Укараненне новай мадэлі аказання дапамогі пацыентам з сухотамі дазволіла палепшыць знаходжанне пацыентаў у стацыянары, а таксама павысіла эфектыўнасць эпідэміялагічнай абароны і інфекцыйнага кантролю пацыентаў. Акрамя гэтага, скарочана працягласць знаходжання ў стацыянарных аддзяленнях, што значна паменшыла рызыку «суперінфіцыравання», упэўнены Генадзь Гурэвіч.

Спецыяліст таксама адзначыў поспехі айчынных фтызіятраў у лячэнні і дыягностыцы сухотаў. Верыфікацыя дыягназу дасягае 91% (пры ўпершыню выяўленых выпадках) і 99% – сярод рэцыдываў.

 
Генадзь Гурэвіч
Галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі
У выпадку, калі ўзбуджальнік не выдзяляецца з макроццем, у нас у цэнтры эфектыўна праводзіцца відэаасіставаная таракаскапія (у міжрэбернай прасторы робяць невялікія разрэзы і бяруць на даследаванне кавалачкі тканкі лёгкага, плеўры і г.д.). Затым з дапамогай малекулярна-генетычных і бактэрыялагічных метадаў вызначаецца ўзбуджальнік туберкулёзу.

Літаральна на працягу некалькіх дзён робіцца дакладны дыягназ і вызначаецца тактыка лячэння. Гэта дазваляе ў 93-94% выпадках паставіць дыягназ правільна.

Усяго ў Беларусі летась было зафіксавана 1 тысяча 759 наноў выяўленых выпадкаў туберкулёзу. Гэта на 155 чалавек меней, чым у папярэднім годзе. На ўліку ў супрацьтуберкулёзных дыспансерах знаходзіцца крыху больш за 3 тысячы пацыентаў, якія актыўна назіраюцца і лечацца. А літаральна 10 гадоў таму на ўліку ў спецыялістаў знаходзіліся ад 30 да 40 тысяч чалавек.

Фота з Нацыянальнага прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

132 0 10

Наверх