31 Кастрычніка

Гарбузовы хлеб

Здаровае меню
173 0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Няма нічога смачнейшага за хатні хлеб. З хрумсткай скарыначкай, порыстым духмяным мякішам! М-м-м... Спрэчкі пра тое, што больш карысна: есці гарачы хлеб або злёгку чэрствы, чорны ці белы, пакінем на потым. Тым больш, што і спрачацца сёння няма пра што. Мы прапануем вашай увазе рэцэпт не толькі смачнага, але і, безумоўна, карыснага хлеба.

Яго галоўная «разыначка» – гарбуз – багатая крыніца вітамінаў і мінералаў, неабходных нам для моцнага здароўя і бездакорнага знешняга выгляду. Але, уласна, без разынак таксама не абышлося. Спалучэнне сухафруктаў і грэцкага арэха дазволіць надоўга спатоліць голад і ў разы павысіць працаздольнасць. А духмяныя спецыі тонка адценяць смак гарбуза і падымуць настрой.

Ну што, гатовыя? Тады да справы!

Інгрэдыенты:

  • пшанічная мука вышэйшага гатунку – 150-200 г;
  • цукар – 100 г;
  • харчовая сода – 1 ч. л.;
  • молатая карыца – 1 ч. л.;
  • соль – ¾ ч. л.;
  • молаты мускатны арэх – ½ ч. л.;
  • молаты гваздзік – ¼ ч. л.;
  • яйкі вялікія – 2 шт.;
  • гарбузовае пюрэ – 100-150 г;
  • раслінны алей – 100 г;
  • вада – ½ шклянкі;
  • грэцкія арэхі – 30 г;
  • разынкі – 30 г.

Спосаб прыгатавання:

Уключыце духоўку на 180°, хай разаграваецца.

Тым часам трэба змяшаць усе сухія інгрэдыенты: муку, цукар, соль, харчовую соду, мускатны арэх, карыцу і гваздзік.

Дарэчы, калі дадаць у цеста соль, смак харчовай соды не будзе адчувацца.

У асобнай місцы ўзбіце яйкі з раслінным алеем. Затым дадайце ваду і гарбузовае пюрэ. Можна выкарыстоўваць як кансерваванае пюрэ без дадання цукру, так і свежы гарбуз, папярэдне нацёрты на дробнай тарцы.

Спалучыце сухія інгрэдыенты з узбітай сумессю і старанна вымешайце цеста. Яго кансістэнцыя павінна нагадваць смятану сярэдняй тлустасці.

Перад тым, як адправіць цеста ў духоўку, дадайце ў яго здробненыя грэцкія арэхі і разынкі.

Выпякаць хлеб трэба не менш за 60 хвілін пры тэмпературы 180°. Праверыць гатоўнасць стравы можна, праткнуўшы цэнтр буханкі зубачысткай. Калі яна застанецца чыстай пасля таго, як вы яе дастанеце, значыць, хлеб спёкся. Перш, чым дастаць яго з формы, пачакайце хвілін 10 – хай духмяная выпечка адпачне.

Дарэчы, гэты рэцэпт можна выкарыстоўваць у якасці базавага. Калі дадаць крыху менш цукру, а замест разынак выкарыстоўваць насенне сланечніка або кунжут, гарбузовы хлеб выдатна падыдзе да супу або агародніннай салаты. Больш салодкі варыянт з разынкамі, курагой або чарнаслівам стане ідэальным дадаткам да чаяпіцця.

Усяго вам смачнага і карыснага!

173 0 14

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх