27 Жніўня
27.08.2019

У імя жыцця... У Мінску прайшла эстафета для анкалагічных хворых і іх блізкіх

logo
Жыццё з анкалогіяй
3 018
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Акцыя для анкапацыентаў і іх блізкіх «Эстафета «У імя жыцця» прайшла 24 жніўня ў Мінску. У гэты дзень у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сабраліся тыя, хто не па чутках ведае, што такое анкалагічнае захворванне, іх родныя і сябры. Арганізатарам мерапрыемства выступіла сацыяльна-асветніцкая ўстанова «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» пры інфармацыйнай падтрымцы партала Здаровыя людзі, на інтэрнэт-старонках якога напярэдадні акцыі была змешчаная серыя інтэрв'ю з удзельнікамі эстафеты, а таксама рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік».

Падчас лячэння і пасля яго пацыенты з анкалагічнымі захворваннямі сутыкаюцца з вялікай колькасцю пытанняў, не ведаюць, да каго можна звярнуцца па параду і дапамогу. Многія паглыбляюцца ў сябе, спрабуючы самастойна справіцца з бядой.

Акцыя закліканая дапамагчы такім хворым, распавесці, што яны не адны, у іх ёсць тыя, хто іх падтрымае і не кіне ў цяжкую хвіліну. «Супраць раку мы мацнейшыя разам» – такім стаў дэвіз першай эстафеты «У імя жыцця».

Як адзначыла ў гутарцы з журналістам партала Здаровыя людзі Ірына Жыхар, плануецца, што падобныя сустрэчы зробяцца традыцыйнымі і будуць праходзіць у кожную чацвёртую суботу жніўня. Яна не выключыла таксама магчымасць, што на працягу года спікеры, якія ўзялі ўдзел у цяперашняй акцыі, выступяць і ў іншых гарадах Беларусі.

 
Ірына Жыхар
Дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця»
Чаму гэта важна? Такім чынам мы гаворым грамадству, што мы ёсць. Асабліва гэта актуальна ў сітуацыі, калі тыя, хто сутыкнуўся з анкалагічным захворваннем, думаюць, што яны засталіся сам-насам з хваробай. Мы паказваем, што яны не самотныя, што ёсць тыя, хто гатовы ім дапамагчы, гатовы дзяліцца інфармацыяй і ведае, як гэта зрабіць. У нас у планах і далей праводзіць падобныя мерапрыемствы, а таксама запрашаць да дыялогу ўрачоў розных спецыялізацый.
 
Вольга Святліцкая
Анестэзіёлаг-рэаніматолаг, к.м.н, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, член Прэзідыума Беларускага таварыства анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў, Беларускай асацыяцыі ўрачоў і Еўрапейскай асацыяцыі клінічнага харчавання і метабалізму, кіраўнік партала Здаровыя людзі
Акцыя закліканая дапамагчы пацыентам з анкалагічнымі захворваннямі і іх блізкім, сваякам адчуць новы смак да жыцця. Ірына Жыхар прыдумала зусім новы варыянт дапамогі такім людзям. Мерапрыемства прапаноўвала некалькі актыўнасцяў, якія адрозніваліся па свайму інфармацыйнаму пасылу і духоўнаму складніку. На гэтай пляцоўцы сустрэліся пацыенты, урачы, а таксама людзі, якія займаюцца мастацтвам, танчаць, пішуць музыку, спяваюць. Эстафета накіраваная на тое, каб навучыць людзей жыць з гэтым захворваннем, радавацца кожнаму дню жыцця, кожнаму імгненню. Мы разлічваем на тое, што яна будзе працягвацца і дзякуючы ёй людзі – анкалагічныя пацыенты – будуць вучыцца наноў адкрываць для сябе свет.

Пачалася эстафета з танцавальнага старту «Раніца новага дня», харэографам якога выступіла і выканала простыя танцавальныя па, а разам з ёй і ўсе ўдзельнікі эстафеты, Аляксандра Косціна. Музыку да танцавальнага нумару напісаў кампазітар Тэймур Пагасян. Лёгкая мелодыя і немудрагелістыя рухі настроілі на пазітыўны лад і зарадзілі энергіяй на ўвесь дзень.

Трэці паверх Нацыянальнай бібліятэкі быў падзелены на чатыры зоны. У кожнай з іх удзельнікі маглі наведаць майстар-класы, якія іх зацікавілі, і паслухаць запрошаных экспертаў. Дарэчы, многія са спікераў самі ў мінулым перамаглі хваробу. Падчас дыскусій ніхто не застаўся абыякавым, гучала шмат пытанняў. Удзельнікі акцыі дзяліліся сваімі назіраннямі, абменьваліся думкамі і досведам.

Так, напрыклад, урач-тэрапеўт РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Таццяна Заўялава распавяла пра актыўныя метады рэабілітацыі і дала рэкамендацыі на кожны дзень.

Даведацца пра «жыццё» эмоцый у целе чалавека можна было, праслухаўшы выступленне псіхатэрапеўта таго ж навукова-практычнага цэнтра Эвеліны Сінкявічуце. Ная Раманская, педагог вакальнага майстэрства, правяла майстар-клас «Голас – больш, чым гук».

Анкалагічных пацыентаў і іх блізкіх навучылі адметнасцям гутаркі з урачом. Парадамі падзяліліся псіхолаг Цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» Іна Малаш і Ёланта Масян з Асацыяцыі псіхалагічнай анкалогіі Вільнюскага хоспіса імя М.Сапоцькі (Літва).

Размова адбылася ў фармаце «пытанне-адказ», хаця, як прызналіся самі выступоўцы, яны рыхтаваліся прачытаць лекцыю. Але літаральна ў апошні момант было прынятае рашэнне пабудаваць свой выступ па прынцыпе дыскусіі.

Так, Ёланта Масян параіла на кожны прыём да ўрача браць з сабой блізкага чалавека – сваяка ці сябра, таго, хто зможа падтрымаць і задаць доктару пытанні, якія цікавяць, уважліва выслухаць адказы. Бо ў стрэсавай сітуацыі засвойваецца толькі ад 15 да 30% інфармацыі.

Яшчэ адна практычная парада ад псіхолагаў: неабходна скласці сваю так званую карту пацыента, якая ўтрымлівае сем асноўных пытанняў. Іх абавязкова трэба запісаць і затым задаць урачу:

  1. Якое лячэнне мяне чакае?
  2. Якія могуць быць ускладненні?
  3. Якія абследаванні, аналізы мне трэба прайсці?
  4. Навошта патрэбныя гэтыя даследаванні?
  5. Хто мне растлумачыць гэтыя вынікі і калі?
  6. Якія лекі я буду атрымліваць?
  7. Што я павінен зрабіць, каб дапамагчы ў працэсе лячэння?

Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, кіраўнік інфармацыйнага партала Здаровыя людзі Вольга Святліцкая падзялілася сакрэтамі, як не патануць у моры інфармацыі і абысці ўсе падводныя камяні сеткі Інтэрнэт.

Акрамя гэтага, адбыўся практычны занятак «Дыхальная гімнастыка», прэзентацыя Кнігі смачных і карысных рэцэптаў для анкапацыентаў, лекцыі, прысвечаныя беларускаму фальклору, арт-тэрапіі і сіле творчасці, якая вылечвае. Слухачы лекцыі «Чалавек – гэта арнамент» сталі ўдзельнікамі ўнікальнага майстар-класа і стварылі «сваю карціну свету».

Пацыенты, якія прайшлі курс тэрапіі, нярэдка сутыкаюцца з праблемамі са скурай, з якімі не спраўляюцца звычайныя касметычныя сродкі. Падчас эстафеты касметолаг-эстэтыст Людміла Лапікава правяла майстар-клас і дала практычныя парады, як даглядаць скуру падчас і пасля лячэння.

У перапынках паміж актыўнасцямі можна было наведаць фотавыставу «Са-тварэнне», набыць аўтарскія паштоўкі, абмяняцца парыкамі, прымерыць галаўныя ўборы.

Завяршылася эстафета канцэртам-прыпавесцю «З любоўю».

Па словах Ірыны Жыхар, наведалі акцыю звыш 100 чалавек. На жаль, не ўсе змаглі дачакацца завяршэння эстафеты, бо доўжылася яна больш за 4 гадзіны. Зрэшты, як прызналася арганізатар, цяперашняе мерапрыемства сталася толькі першым крокам на складаным і доўгім шляху. Яно выклікала шмат станоўчых эмоцый, а самі ўдзельнікі эстафеты атрымалі магутны зарад аптымізму і мора інфармацыі.

Фота – Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

3 0 18

Глядзіце таксама
Наверх