6 Снежня

«Уключыце тытры!» Як інклюзіўны інтэрнэт змяняе лёсы

Навiны
149 0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Інтэрнэт здольны змяняць лёсы. Асабліва востра адчуваюць на сабе гэта тыя, чые магчымасці абмежаваныя з-за хваробы або няшчаснага выпадку. У Дзяніса Няверкі – поўная параплегія. Калісьці марай хлопца быў тэлевізар, якім можна кіраваць пры дапамозе голасу. Але з дапамогай актывістаў і развіцця інтэрнэт-тэхналогій ён атрымаў нашмат больш: магчымасць працаваць за камп'ютарам, мець стасункі, заводзіць сяброў. Нават з парашутам скокнуў.

Адзін няправільны крок...

Дзяніс Няверка заўсёды працаваў на вышыні: манціраваў сістэмы пажаратушэння. І на шчасце, нягледзячы на небяспечную працу, усё заўсёды праходзіла добра. А жыццё хлопца змяніў крыўдны і банальны выпадак. Улетку 2013 г. разам з сябрам падвозіў сястру, ехаў за горадам. Горача. Дзяніс вырашыў выкупацца ў незнаёмым вадаёме, якраз і дамба мелася. Залез на яе, сігануў у ваду... І «ўвайшоў» галавой у дно возера. Аказалася, што трапіў на мелкаводдзе. Што было далей, не памятае: страціў прытомнасць. Сябар убачыў ногі Дзяніса, якія тырчалі з вады, выцягнуў яго, выклікаў «хуткую».

Першыя дні ў рэанімацыі Дзянісу не казалі праўду пра яго стан, ды і ён асабліва не ўнікаў.

«Я лічыў, што зламаны пазваночнік – гэта штосьці тыпу зламанай нагі ці рукі. Зажыве – і ўсё будзе добра. Але аказалася, што пацярпеў спінны мозг. Наступіла поўная параплегія, – распавядае Дзяніс. – Пасля праходжання рэабілітацыі ўрачы распавялі, як рабіць мінімальную гімнастыку, навучылі бацькоў, як даглядаць мяне, мяняць памперс. І ўсё».

Пасля таго, як прайшоў шок, Дзяніс раптам усвядоміў, як рэзка змянілася яго жыццё. Для таго, каб патрапіць на вуліцу, трэба было заўсёды прасіць кагосьці дапамагчы. А ва ўсіх свае справы, сем'і. Адзіным «акном у свет» заставаўся тэлевізар. Дзяніс марыў толькі пра адно: купіць такі, які б рэагаваў на каманды голасу.

Але аднойчы Дзяніс па шчаслівай выпадковасці даведаўся аб працы Сашы Макарчука, кіраўніка Дабрачыннага фонду «У САВЫ». Сам цалкам паралізаваны, Саша займаецца тым, што дапамагае асвойваць інтэрнэт людзям, якія не могуць рухацца. Саша змог наладзіць Дзянісу праграмы падалена, навучыў, як працаваць на камп'ютары, выкарыстоўваючы праграмы, якія рэагуюць на голас або рухі галавы. І ў Дзяніса пачалося новае жыццё. Нягледзячы на інвалідную каляску, у жыцці цяпер шмат сяброў і руху.

Інтэрнэт-інклюзія існуе. Пра яе павінны ведаць

Інтэрнэту ў Беларусі ўжо 25 гадоў. І менавіта цяпер востра паўстала пытанне пра тое, што гэтая незаменная сёння тэхналогія павінна быць даступная для ўсіх без выключэння людзей. Гаворка тут і пра якасць жыцця, і аб правах.

Пра тое, якія меры і магчымасці забеспячэння роўнага доступу ўсіх людзей да лічбавай інфармацыі і тэхналогій існуюць, што такое даступны інтэрнэт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія ёсць праблемы і што можна зрабіць ужо зараз, паразмаўлялі ўдзельнікі круглага стала «Даступны інтэрнэт». Мерапрыемства арганізаваў ПРААН у Беларусі сумесна з Праграмай добраахвотнікаў ААН і ў партнёрстве з хостынг-правайдарам hoster.by.

Падыскутаваць на актуальную тэму змаглі не толькі прадстаўнікі распрацоўшчыкаў вэб-сайтаў, правайдараў анлайн-паслуг, грамадскіх арганізацый, Мінпрацы і сацабароны, Міністэрства аховы здароўя, СМІ, але і самі людзі з рознымі формамі інваліднасці (глухата, слепата, параплегія), якія актыўна карыстаюцца інтэрнэтам.

 
Аляксандр Севярын
Майстар вытворчага навучання МДКЭ, праграміст з аслабленым зрокам
Магу сказаць, што звычайна ўзнікае такая сітуацыя: арганізацыя ўкладваецца ў адну асноўную версію сайта. А спецверсія для людзей, што дрэнна бачаць, ідзе пастолькі, паколькі. Па ўсім свеце праводзілася апытанне. І зрабілася зразумелым, што на гэтыя спецверсіі амаль ніхто і не ходзіць. Таму ёсць шмат прычын. Да прыкладу, вядома, што абслугоўваецца такая версія часцей за ўсё па астаткавым прынцыпе. Па-другое, рэальна ніхто не тэстуе іх на тое, наколькі яны падыходзяць для людзей са слабым зрокам. Пакутуе кантраснасць, вышыня шрыфта. Да таго ж, знайсці кнопачку на сайце, дзе можна перайсці на версію для слабавідушчых, вельмі складана і звычайнаму чалавеку. А ўжо калі я, да прыкладу, захачу правесці на сайце пэўныя дзеянні, мяне адразу «выкіне» ў звычайную версію. Выхад, як мне бачыцца, тут такі: першапачаткова пры распрацоўцы сайта рабіць адну версію, але адразу адаптаваную пад патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі і адмысловымі патрэбамі. У той ці іншай ступені яны складаюць 20% карыстальнікаў сайтаў. І ў нас таксама ёсць свае правы і патрэбы. Чамусьці лічыцца, што інвалід – гэта няшчасны бедны чалавек, і ўпор на яго рабіць не варта. Аднак гэта таксама пакупнік паслуг. Чаму камерцыйныя арганізацыі не бяруць гэта пад увагу? Што да дзяржаўных сайтаў, лічу, што гэта маё права як грамадзяніна атрымліваць інфармацыю. Тут адаптацыя павінна праводзіцца па змаўчанні.

 
Саша Макарчук (поўная параплегія)
Кіраўнік Дабрачыннага фонду «У САВЫ»
Існуюць праграмы, з дапамогай якіх людзі, якія пазбаўленыя руху, могуць працаваць у інтэрнэце з дапамогай голасу або рухаў галавы. Мы актыўна навучаем усіх, хто да нас звяртаецца. Гэта людзі з розных краінаў свету. На шчасце, доступ да сусветнага павуціння дазваляе нам праводзіць навучанне падалена. Цяпер часта пачалі звяртацца бацькі дзяцей, якія не могуць рухацца, размаўляць, маюць трахеястому. Для іх ёсць спецыяльныя дзіцячыя праграмы, дзе пры дапамозе вачэй дзіця можа паказаць самыя простыя дзеянні: «хачу ў прыбіральню», «глядзець мульцікі», «есці» і г.д. Усе гэтыя праграмы мы распаўсюджваем бясплатна. Ёсць праблема ў тым, што не ўсе, хто мае ў іх патрэбу, ведаюць пра нас. Напрыклад, чалавека з інваліднасцю даглядаюць сталыя бацькі, якія далёкія ад інтэрнэту, жывуць у вёсцы. Таму нам хацелася б дастукацца да ўрачоў і медустаноў. Было б добра, калі б разам з праграмай медыцынскай рэабілітацыі чалавеку маглі распавесці пра тое, куды яму звярнуцца, каб захоўваць сацыяльную актыўнасць. Для такіх хворых гэта вельмі важна. А інтэрнэт дужа часта – адзіны спосаб.

Кантэнт для ўсіх. Рэальна?

Вядома, стварыць прымальны кантэнт, адаптаваны асобна для кожнай катэгорыі інвалідаў, затратна ва ўсіх адносінах. Аднак ёсць рэчы, пра якія час задумацца. Напрыклад, людзі з глухатой, асабліва моладзь, аддаюць перавагу актыўнаму карыстанню YouTube. Але з улікам асаблівага пажадання – субтытраў і хаця б мінімальнага з'яўлення сурдаперакладчыкаў, якія валодаюць мовай жэстаў.

Для сталых людзей з ментальнымі асаблівасцямі ва ўсім свеце рэкамендуецца выкарыстоўваць прынцыпы яснага маўлення: мінімум тэксту, зразумелыя вялікія карцінкі, простыя словы. Гэтыя матэрыялы, вядома, немагчыма прымяніць да кожнага сайта. Гаворка хутчэй ідзе пра тыя, дзе можа быць максімальна патрэбная інфармацыя для гэтых катэгорый людзей.

Аб праблемах развіцця інтэрнэт-тэхналогій з улікам інклюзіі сёння кажуць ва ўсім свеце. Гэта, мабыць, тая сфера, дзе асабліва важнае супрацоўніцтва прафесіяналаў з самых розных абласцей. У тым ліку экспертаў сярод людзей з інваліднасцю. Пытанне пачало гучаць на прасторах беларускай інтэрнэт-прасторы. Хацелася б, каб не для «птушачкі».

Фота – Яўген Крэч.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

149 0 17

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх