8 Снежня

Узрост 50+. Як не страціць працу. Меркаванне экспертаў

50+ Другое дыханне
137 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У нашых матэрыялах мы пісалі ўжо пра вопыт буйной аптэчнай сеткі «Адэль», якая дала магчымасць уладкавацца на працу тым, хто ўжо выйшаў на пенсію. Многія, хто даслаў заяўкі і затым скончыў спецыяльны адукацыйны курс, няхай і не сталі працаваць у аптэках сеткі, затое змаглі знайсці сябе ў іншых прафесіях і нават пачаць сваю справу.

Праца ў сталым узросце.

Як людзям старэйшага ўзросту застацца ў прафесіі? Што могуць прапанаваць працадаўцы для працаўладкавання супрацоўнікаў «трэцяга ўзросту»? Пра што варта задумацца людзям перадпенсійнага ўзросту, каб не «выпасці з абоймы»? Пра гэта падчас круглага стала ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь разважалі:

  • начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алег Такун;
  • рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Лісейчыкаў;
  • старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін;
  • старшыня праўлення Асацыяцыі кадравікоў, дырэктар ТАА «Сэрвіс кадраў», кандыдат псіхалагічных навук Вадзім Сарока;
  • вядучы юрысконсульт СГА «Праліў» Ірына Мшар.

Адукацыя праз усё жыццё

Як паведаміў начальнік упраўлення кадравай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у нашай краіне сёння працуюць прыкладна 625 тысяч пенсіянераў. Усяго ж у эканоміцы занята крыху больш за 4 млн 300 тысяч чалавек.

Сярод тых, хто звяртаецца на біржу працы, доля беспрацоўных, старэйшых за 50 гадоў, складае толькі каля 4,5% (у службу занятасці можна звярнуцца і зарэгістравацца беспрацоўным да моманту атрымання пенсіі). Асноўная маса тых, хто звяртаецца па дапамогу ў пошуку працы, – моладзь і людзі ва ўзросце да 31 года, адзначыў Алег Такун.

Сталыя людзі на біржы працы.

На думку эксперта, людзі, старэйшыя за 50 гадоў, не гараць жаданнем памяняць сваю прафесію. Яны хочуць працягваць працаваць у той спецыяльнасці, якая ў іх ужо ёсць, і, як правіла, з цяжкасцю згаджаюцца прайсці перападрыхтоўку.

 
Алег Такун
Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі
Чалавек, доўга працуючы на адным месцы, не задумваецца, што праз пэўны час альбо па стане здароўя, альбо па іншай прычыне не зможа працягваць сваю працоўную дзейнасць. Сёння тэхналогіі развіваюцца такімі тэмпамі, што многія спецыяльнасці могуць знікнуць, а іншыя з'явіцца. Я задаюся пытаннем: наколькі ў нас людзі гатовыя думаць на 5-10 гадоў наперад, займаючыся пэўнай працай, аналізаваць, што будзе з гэтай спецыяльнасцю далей? Наколькі цяпер людзі гатовыя павышаць свой узровень прафмайстэрства і сыходзіць у сумежныя спецыяльнасці або мяняць прафесію, каб не застацца ў перадпенсійным узросце без працы?

Сталыя людзі. Перанавучанне.

Зрэшты, заўважыў Алег Такун, у розных пакаленняў і стаўленне да навучання на працягу жыцця рознае. Маладыя людзі ва ўзросце 25-30 гадоў больш гнуткія і лёгка пераходзяць працаваць на сумежныя спецыяльнасці, атрымліваюць новыя або сумежныя веды. Яны могуць мяняць працу раз у 2-3 гады.

А калі прыгадаць не такое далёкае мінулае, калі лічылася правільным, каб у чалавека ў працоўнай кніжцы былі 1-2 запісы за ўсё жыццё? Спецыялісту, які адпрацаваў у сваёй прафесіі 20-30 гадоў, кардынальна мяняць жыццё вельмі цяжка, упэўнены эксперт.

 
Алег Такун
Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі
Свет змяняецца хутка, і не ўсе за ім паспяваюць. Лозунг «Навучанне праз усё жыццё» сёння – гэта жорсткая неабходнасць. І справа не толькі ў аўтаматызацыі і камп'ютарызацыі. Мяняюцца падыходы да працы, з'яўляюцца новыя прафесіі. Няма поўнай упэўненасці ў тым, якія спецыяльнасці застануцца праз пяць гадоў. Напрыклад, па прагнозах экспертаў, 50% прафесій, якія ёсць цяпер, праз 10 гадоў знікнуць.

Як паведаміў Алег Такун, гарантыі занятасці для людзей ва ўзросце 50+ плануецца пашыраць. Вядзецца праца над дадатковымі праграмамі, якія былі б цікавыя як наймальнікам, так і самім грамадзянам, каб яны імкнуліся атрымліваць новую прафесію. Так, у наступным годзе запланаваныя змены ў закон пра занятасць, у якім частка з іх знойдзе сваё адлюстраванне.

З тым, што існуе праблема нізкай матывацыі насельніцтва старэйшага ўзросту да асобаснага росту і працягу актыўнай занятасці, згодны і Алег Лісейчыкаў. Вырашэнне гэтай праблемы эксперт бачыць, у тым ліку, і праз рэалізацыю Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця (плануецца, што праект стратэгіі напрыканцы снежня будзе ўнесены на разгляд ва ўрад).

Дакумент прадугледжвае стварэнне ўмоў для ўсебаковага ўключэння ў жыццё грамадства пажылых грамадзян, стымуляванне больш доўгага працоўнага жыцця, адаптацыю рынку працы да патрэбаў людзей старэйшага ўзросту ды інш.

Для гэтага, адзначыў спецыяліст, у краіне ёсць сур'ёзны адміністрацыйны рэсурс. У прыватнасці, сістэма сацыяльнага забеспячэння, якая ўключае тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамы-інтэрнаты і шэраг іншых устаноў, якія аказваюць розныя віды паслуг, у тым ліку навучаюць пажылых людзей.

У інстытуце распрацаваныя 12 пакетаў навучальных праграм для 12 спецыяльнасцяў перападрыхтоўкі на базе вышэйшай адукацыі. Ёсць магчымасць авалодаць спецыяльнасцю псіхолага, вывучыць праграмнае забеспячэнне інфармацыйных сістэмаў, бухгалтарскі ўлік і кантроль у прамысловасці, спасцігнуць асновы сацыяльнай работы і пенсійнага забеспячэння, аховы працы і шэрагу іншых.

 
Алег Лісейчыкаў
Рэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
Сярод тых, хто авалодваў прафесіяй бухгалтараў і праграмістаў, узрост 50+ складае 15%. Для тых, хто авалодваў асновамі прадпрымальніцкай дзейнасці і прафесіямі адміністратара і кладаўшчыка, – 26-35%.

Цвяроза ацаніць перспектывы

Работнікі сталыя і маладыя.

На думку Уладзіміра Карагіна, рэаліі сучаснага грамадства такія, што бізнес-працадаўцы ў сацыяльным партнёрстве адыгрываюць ключавую ролю, бо без працадаўцы няма сэнсу нікога навучаць – заказ дае менавіта ён.

 
Уладзімір Карагін
Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва
Сучасныя працоўныя месцы – гэта прыкладна 2,5 тысячы найноўшых прафесій, шмат на стыку навук і спецыяльнасцяў. Мы бачым гэтую мадэль, якая ўступіць у дзеянне праз 3-5-10 гадоў. Сёння на працягу жыцця чалавек будзе як мінімум 5 разоў мяняць сваю прафесію, не менш за 7 разоў перанавучацца.

Уладзімір Карагін упэўнены, што трэба глядзець не на бліжэйшую перспектыву, а на 20-30 гадоў наперад. А гэта – патрэба ў новых працоўных рэсурсах, а таксама ў спецыялістах, якія валодаюць пэўнымі навыкамі.

 
Уладзімір Карагін
Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва
Сёння выратаваць старога чалавека – гэта даць яму магчымасць атрымаць новыя веды, навыкі і практыку, убудаваць яго ў пэўную сістэму.

У сваю чаргу Вадзім Сарока адзначыў, што адно з праблемных пытанняў людзей старэйшага ўзросту – адсутнасць кар'ернага кансультавання і ацэнкі рызык, фінансавага стану ў старасці. Мала хто задумваецца пра тое, што будзе праз 15-20 гадоў, як выбудаваць сваё жыццё, каб у старасці было камфортна, лічыць эксперт.

Асабісты вопыт

Вопытам працаўладкавання сталых супрацоўнікаў падзялілася Ірына Шмар. Паводле яе слоў, на дадзены момант у іх у штаце 50 вадзіцеляў, сярод якіх 20% – ва ўзросце 50+.

Як распавяла спецыяліст, выконваць працяглыя міжнародныя перавозкі кіроўцу ва ўзросце можа быць цяжка, але і працу губляць не хочацца. Для вырашэння гэтай праблемы на прадпрыемстве знайшлі свой выхад. Некаторых супрацоўнікаў перавялі на выкананне ўнутраных рэспубліканскіх перавозак, іншых прызначылі кіроўцамі-настаўнікамі для маладога пакалення. Сваіх маладых калег такія настаўнікі кансультуюць, навучаюць, правяраюць практычныя навыкі, праводзяць стажыроўку, навучаюць тонкасцям разгрузкі і пагрузкі грузаў і г.д.

Такім чынам, сталыя супрацоўнікі могуць дзяліцца сваім вопытам, выконваць абавязкі ў камфортным рэжыме і заставацца на ранейшым працоўным месцы, падагульніла Ірына Шмар.

Фота з прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

137 0 24

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх