15 Снежня
15.12.2019

Валанцёры – не прафесія… Гэта стан душы і шчодрасць сэрца

logo
Навiны
140 0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Асабіста ў мяне пры слове «валанцёр» узнікаюць розныя асацыяцыі з мінулага. Звычай талакі на Беларусі. Цімураўскі рух савецкіх школьнікаў. Сучасныя беларускія валанцёры – людзі розных узростаў, прафесій, дастатку. А беларускае валанцёрства – частка міжнароднага руху.

Валанцёры. Дапамога інвалідам.

Хтосьці афіцыйна ўваходзіць у склад валанцёрскіх арганізацый, хтосьці стыхійна далучаецца да гэтай кагорты, прапануючы сваю дапамогу ў экстрэмальных сітуацыях.

Наколькі цяжэй было б жыць, калі б не валанцёры, ішла размова падчас тэматычнага круглага стала.

«МНС Беларусі: Дапамога побач…»

Ва ўсіх яшчэ на памяці магутны цыклон «Хаўер», што наляцеў на Беларусь 15 сакавіка 2013 года. У Чэрвеньскім раёне фура, лёгшы на бок, перакрыла дарогу. Заторы з машын расцягнуліся на дзясяткі кіламетраў. І менавіта валанцёры прапаноўвалі тым, хто апынуўся ў снежным палоне, гарачае пітво, ежу, а таксама начлег у бліжэйшых населеных пунктах.

Пра валанцёраў падчас «Хаўера» і іх неацэнную дапамогу згадаў афіцыйны прадстаўнік МНС Рэспублікі Беларусь Віталь Навіцкі. Не толькі пастаянным, але і так званым спантанным валанцёрам тут заўсёды рады.

Таму і стварылі ў вядомым мабільным дадатку «МНС: Дапамога побач» дадатковы функцыянал, які дапаможа скаардынаваць людзей, што бачаць тую ці іншую праблему і гатовыя дапамагчы ў яе ліквідацыі.

Валанцёры. Мабільны дадатак МНС Беларусі.

Апрача карыснай інфармацыі, якую можа атрымаць любы карыстальнік дадатку, запампаваўшы яго ў тэлефон, там змешчана інтэрактыўная карта, створаная МНС у супрацоўніцтве з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, чые валанцёры таксама навучаныя правільна дзейнічаць падчас надзвычайных сітуацый.

 
Віталь Навіцкі
Афіцыйны прадстаўнік МНС Рэспублікі Беларусь
Мы плануем, што ў выпадку сур’ёзнай надзвычайнай сітуацыі карта актывізуецца і дапаможа людзям самаарганізавацца. Валанцёры будуць пазначаныя чырвонымі і зялёнымі кропкамі. Мы некалькі разоў тэсціравалі адпаведны раздзел і атрымлівалі зваротную сувязь. Гэта не пражэкт, які невядома калі будзе рэалізаваны, а гатовы прадукт. Усталюйце наш мабільны дадатак – і пераканайцеся самі.

«Валанцёры ўсіх краін, яднайцеся!»

Калі дзесьці на зямным шары надараецца надзвычайная сітуацыя і людзі не могуць справіцца ўласнымі сіламі, тады на дапамогу спяшаюцца спецыяльна абучаныя валанцёры з розных краін. А бывае, дастаткова і мясцовых актывістаў.

Валанцёры. Землятрус у Албаніі.

Апошні яскравы прыклад працы валанцёраў таварыства Чырвонага Крыжа – нядаўні землятрус у Албаніі.

 
Кацярына Лялека
Краінавы каардынатар праграм Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Беларусі
Рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі – гэта самае яркае і запамінальнае ў дзейнасці нашых валанцёраў. Падчас землятрусу ў Албаніі там працавала 350 чалавек. Іх родзічы, сябры, знаёмыя пацярпелі. Але яны не гаравалі, а дапамагалі ў пошуку людзей пад заваламі, раздавалі прадукты харчавання, ваду, коўдры, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, псіхалагічную падтрымку. Якая матывацыя ў людзей прыйсці ў таварыства Чырвонага Крыжа любой краіны і стаць валанцёрамі? Многіх прыцягваюць 7 прынцыпаў (гуманнасць, нейтральнасць, неперадузятасць, незалежнасць, добраахвотнасць, універсальнасць, адзінства. – заўв. аўтара). Многія хочуць дапамагаць, быць карыснымі. Валанцёры робяць усё, каб палепшыць жыццё канкрэтных людзей.

«Калі валанцёр – гэта ўрач…»

Тады ён добраахвотна аказвае дапамогу людзям з рознымі захворваннямі, непераадольнымі заганнымі звычкамі, якія адмоўным чынам уплываюць на жыццё і здароўе. Прыклад таму – дзейнасць Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання псіхалагічнай дапамогі «Абуджэнне», якое ўзначальвае псіхолаг наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Іна Каласоўская.

Вваланцёры. Таварыства ананімных алкаголікаў.

Гэтае аб’яднанне было зарэгістравана ў 1996 годзе з мэтай аказання дапамогі залежным ад алкаголю. І найперш – праз арганізацыю груп самадапамогі самім залежным і іх сямейнікам. Зараз тут працуюць групы ананімных алкаголікаў, курцоў, гульняманаў.

 
Іна Каласоўская
Псіхолаг наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя, дырэктар Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання псіхалагічнай дапамогі «Абуджэнне»
Наша дзейнасць – выключна валанцёрская. Магу з гонарам сказаць, што за час свайго існавання мы дапамаглі тысячам людзей узнавіцца. Мы аказваем псіхалагічную дапамогу залежным і іх сем’ям. А медыцынскую – 21-е наркалагічнае рэабілітацыйнае аддзяленне РНПЦ псіхічнага здароўя, з якім узаемадзейнічаем. Лічбы я называць не буду, бо няма адпаведнага сацыялагічнага даследавання, найперш – з прычыны ананімнасці. Але нашы праграмы сапраўды працуюць. З 2001-га года на базе РНПЦ з’явіліся групы ананімных алкаголікаў і для жанчын. За гэты час шмат хто з іх змог вярнуць сваіх дзяцей і аднавіць сям’ю.

«РАЗАМ» – супраць дзіцячага раку

Валанцёры. Дзіцячы анкацэнтр.

Калі размова заходзіць пра анкалогію, часам не стрымаць слёз. А калі гэта датычыцца дзяцей… Лічу, што патрэбна асаблівая мужнасць, каб стаць валанцёрам у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. І многія робяць гэта.

 
Маргарыта Міткевіч
Старшыня сацыяльна-дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Разам»
Наша асноўная задача – скаардынаваць валанцёраў, творчых людзей і граматна размеркаваць іх. Працаваць не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі. А таксама з супрацоўнікамі РНПЦ дзіцячай анкалогіі, якім трэба шмат маральных сіл для сваёй нялёгкай штодзённай працы. Нашы валанцёрскія праграмы яшчэ толькі набіраюць абароты. Але мы спадзяёмся, што з дапамогай неабыякавых людзей у нас усё атрымаецца. Адзін з праектаў, які «Разам» ужо распачалі, – кінапаказ у дзіцячым анкацэнтры. У вялікім памяшканні валанцёры арганізоўваюць своеасаблівы кінатэатр. Раздаюць папкорн, салодкую вату, білецікі… Быццам дзеці і не ляжаць у бальніцы. Нібыта яны завіталі ў звычайны кінатэатр… З дзеткамі прыходзяць і мамы, якія вельмі ўдзячныя за такое баўленне часу.

Даспадобы мамам ды дзеткам з анакацэнтра і майстар-класы, якія прыносяць мора станоўчых эмоцый.

Яшчэ два праекты грамадскага аб’яднання «Разам» звязаныя з майстэрствам фотаздымкаў. Мэта першага – паказаць, што і людзі з анкалогіяй могуць быць прыгожымі. Другога, яшчэ больш маштабнага, – знайсці валанцёраў, якія будуць навучаць дзяцей уменню фатаграфаваць. А калі хтосьці ў далейшым захоча зрабіць гэта сваёй прафесіяй, усяляк спрыяць ім.

Каб дапамагчы рэабілітавацца ўсёй сям’і, адцягнуць увагу ад захворвання, бальнічных сценаў, «Разам» плануюць арганізоўваць рэабілітацыйную праграму «Сямейны ўікэнд». У яе рамках будуць наладжаныя выезды сем’яў на тры дні ў пэўнае месца адпачынку, дзе яны будуць пазбаўленыя бытавых праблем і нават напаміну пра хваробу.

 
Маргарыта Міткевіч
Старшыня сацыяльна-дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Разам»
Многія дзеці ў анкацэнтры пачынаюць займацца літаратурнай творчасцю: пісаць вершы, казкі, аповеды. Таму мы разгортваем творчы праект «Я – пісьменнік». Ужо адгукнулася шмат валанцёраў, якія гатовыя збіраць гэтыя дзіцячыя творы, вычытваць іх, афармляць. Плануем знайсці магчымасць іх публікацыі, а да мая арганізаваць выставу работ, вызначыць пераможцаў, узнагародзіць іх.

«Валанцёрскі рух – гэта шчодрасць грамадства»

Валанцёры. Дзіцячы анкацэнтр.

Так вызначае яго псіхолаг РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Алена Клачко. І працягвае: многія валанцёрскія праекты тут народжаныя самім жыццём. Дзеці, калі доўга знаходзяцца ў анкацэнтры, робяцца  трывожнымі, шмат плачуць, ім хочацца бачыць новых асоб.

 
Алена Клачко
Псіхолаг РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі
У нашых маленькіх пацыентаў падчас хваробы мяняецца знешнасць. Хтосьці худзее, хтосьці папраўляецца, страчваюць валасы… Мы ганарымся сацыяльным партнёрствам з ініцыятывай «Вязальшчыцы Беларусі». Яны вяжуць для нашых дзетак цудоўныя шапачкі! І калі дзяўчынка ведае, што, пазбавіўшыся валасоў, атрымае такую шапачку… У яе зусім іншы настрой! І яшчэ пра фотапраект. Валанцёры прыязджаюць з касцюмамі, парыкамі і прапануюць дзеткам пераапрануцца ў іх любімых герояў. У нас была дзяўчынка 5 гадоў. Яна не ўставала, нічога не хацела. А калі ўбачыла сябе на фота ў парыку, у цудоўным вобразе Феі… Абабегла не толькі ўсе палаты, але і ў ардынатарскую забегла з выгукам: «Вы што –мяне не пазналі?! Я – Ксюша, Ксюша»! Колькі шчасця было! Фота паказалі родным. І гэты шлейф пазітыву доўжыцца не адзін дзень…

«Няхай табе глыбока «за…», а валанцёрам стаць ты можаш!»

Для мяне было вялікім здзіўленнем даведацца пра валанцёраў, якім ужо глыбока «за…». У сацыяльнай сферы іх называюць валанцёрамі сярэбранага ўзросту. 5 снежня для іх нават арганізавалі першы рэспубліканскі злёт валанцёраў. Узрост ведаеце які? 60+!

Валанцёры сярэбранага ўзросту.

Пра актыўных валанцёраў сярэбранага ўзросту цудоўна распавяла Наталля Ганціеўская, спецыяліст па камунікацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сапраўды, тут змагаюцца са стэрэатыпамі, што валанцёр – гэта малады чалавек. Некаторыя выйшлі на пенсію, але маюць патрэбу падзяліцца сваімі ведамі, энергіяй, творчасцю. Іншых прывяла ў валанцёрства… адзінота. І тут усіх прымаюць, падтрымліваюць, навучаюць, дапамагаюць.

Так, Галіне Немцовай з Пружанаў… 92 гады! Але яна актыўная, пазітыўная. Валанцёрка дапамагае медсястры даглядаць сталых і слабых дома. І хаця большасць з іх маладзейшыя за яе, яна адным сваім прыкладам падбадзёрвае.

Алена Шчэрбак з Мінска ўсё жыццё марыла стаць… культарганізатарам. І вось пасля выхаду на пенсію, дзякуючы прыходу ў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, валанцёрка разам з аднадумцамі рэалізавала даўнюю мару – праз арганізацыю канцэртаў у дамах-інтэрнатах.

Уладзімір Аладзьеў з Наваполацка – інвалід 2-й групы. Але гэта не замінае яму дапамагаць іншым. Напрыклад, у дапамогу медсястры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, якая апякуецца над чалавекам у інваліднай калясцы, ён звозіць падапечнага… па прыступках з 5-га паверха. Валанцёрам ён з’яўляецца з 2003-га года. Любіць бавіць час са сваімі падапечнымі.

Валанцёры. Уладзімір Аладзьеў з Наваполацка.

Ёсць людзі, якія перажылі інсульты, узнавіліся, сталі валанцёрамі і дапамагаюць іншым.

 
Наталля Ганціеўская
Спецыяліст па камунікацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа
Валанцёрам насамрэч можа стаць кожны. І няважна, які ў цябе сацыяльны статус, узрост, заробак, фізічныя ці ментальныя асаблівасці… Важна жаданне і гатоўнасць змяняць сітуацыю вакол сябе. Я ганаруся кожным сваім валанцёрам!

Праект «Няня замест мамы» і педагагічны атрад Нацыянальнага дзіцячага адукацыйнага-аздараўленчага цэнтра «Зубраня»… Праекты «Гарачыня», «Добрая авоська», выратаванне заказніка «Ельня», якімі займаюцца супрацоўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь»… Самыя разнастайныя студэнцкія атрады… Праявы валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі шматлікія. І гэта цудоўна!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

140 0 43

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх