31 Мая
31.05.2019

СААЗ: У Беларусі хваробы, звязаныя з курэннем, забіраюць жыццё 40 чалавек у дзень

logo
Навiны
65 023
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Па ацэнках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прыблізна 40 чалавек у дзень у Беларусі памірае ў выніку захворванняў, справакаваных ужываннем тытуню. Усяго ж паліць у нашай краіне больш за 2 млн чалавек. Такія дадзеныя былі агучаныя спецыялістамі на сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, прымеркаванай да Сусветнага дня без тытуню, які штогод адзначаецца 31 мая. Экспертамі выступілі:

  • каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Краінавага бюро СААЗ Валянцін Русовіч;
  • вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева.

Толькі факты

Па словах Валянціна Русовіча, у Беларусі сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын – 69 гадоў, у жанчын – 79 гадоў. Разам з тым, СААЗ лічыць кожную смерць, якая наступіла раней за 70 гадоў, заўчаснай. І адна з прычын такіх лятальных выпадкаў – распаўсюджанасць фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, у тым ліку курэння. Па дадзеных маштабнага даследавання STEPS, у Беларусі ўжываюць тытунь 48% мужчынскага насельніцтва ва ўзроставай групе 18-69 гадоў, сярод жанчын – 12% (трохразовае павелічэнне ў параўнанні з 1995 годам).

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Краінавага бюро СААЗ
Паводле ацэнак СААЗ, у Беларусі з 300 смерцяў, якія штодня рэгіструюцца ў выніку розных захворванняў, 14%, або прыкладна 40 чалавек, штодня паміраюць з-за хваробаў, якія звязаныя з тытунём. І яшчэ адны важны момант. Кожная 10-я смерць, звязаная з тытунём, – гэта смерць ад пасіўнага курэння. Г.зн., з 40 чалавек, якія гінуць у дзень у Беларусі ад тытуню, прыкладна 3-4 смерці звязаныя з пасіўным курэннем.

запрет курения

На першым месцы сярод прычын смяротнасці ў выніку курэння, адзначыў эксперт, – сардэчна-сасудзістыя захворванні (інфаркты і інсульты). На другой пазіцыі – анкалагічныя захворванні, абумоўленыя тытунекурэннем. І гэта не толькі рак лёгкіх, але і 28 іншых лакалізацый ракавых пухлінаў, у тым ліку рак мачавога пузыра, прамой кішкі, страўніка, прадсталёвай залозы. Трэцяя найбольш масавая прычына смяротнасці ад захворванняў, звязаных з тытунём, – эмфізэма і хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх.

Паводле ацэнак СААЗ, кожны другі, які паліць зараз і не зможа адмовіцца ад гэтай звычкі, загіне ад захворванняў, звязаных з тытунекурэннем.

Актуальнай застаецца праблема палення сярод моладзі і непаўналетніх. У пацверджанне Валянцін Русовіч прывёў наступныя факты. Сярэдні ўзрост пачатку курэння, паводле даследавання STEPS, ва ўзроставай групе 18-29 гадоў складае 16,1 года – сярод юнакоў і сярод дзяўчат – 17,3 года.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Краінавага бюро СААЗ
Міністэрства аховы здароўя ў супрацоўніцтве з ЮНІСЕФ правяло даследаванне па распаўсюджанасці курэння сярод непаўналетніх (14-17 гадоў). 20% падлеткаў адзначылі, што яны ўжываюць цыгарэты, з іх практычна палова – штодня. Гэта значыць, што прыблізна 50 тысяч падлеткаў паляць, з іх каля 20 тысяч – штодня набываюць цыгарэты.

Забарона на курэнне ў памяшканнях і павышэнне акцызаў на цыгарэты

Разам з тым, адзначыў Валянцін Русовіч, на працягу апошніх 10 гадоў распаўсюджанасць курэння ў Беларусі зніжаецца: з больш чым 56% да 48% (сярод мужчын). Калі кожны працэнт ад агульнага ліку курцоў – гэта 20 тысяч чалавек, дык зніжэнне нават на 7% азначае, што ўжо ў 140 тысяч чалавек меншая рызыка развіцця захворванняў.

Значным крокам, падкрэсліў эксперт, стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта РБ «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў». З 27 ліпеня 2019 года курэнне будзе забаронена: у цягніках працяглага накірунку і пакоях гасцініц, кафэ і бараў, у дапаможных памяшканнях жылых дамоў, ліфтах, аўтамабілях, калі там знаходзяцца дзеці да 14 гадоў, на дзіцячых пляцоўках, працоўных месцах, тэрыторыях і ў памяшканнях спартыўна-аздараўленчых лагераў, падземных пераходах, на прыпыначных пунктах і пасадачных пляцоўках.

 
Валянцін Русовіч
Каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Краінавага бюро СААЗ
Персанал бараў і кафэ, дзе паляць, атрымлівае дозу, эквівалентную 7 цыгарэтам у дзень. Калі чалавек засяляецца ў пакой, у якім палілі, ён сутыкаецца з наступствамі так званага троеснага курэння (канцэрагены, што ўтрымліваюцца ў тытунёвым дыме, застаюцца на мэблі, фіранках, дывановых пакрыццях). Забарона на курэнне ўнутры памяшканняў прыносіць каласальны станоўчы эфект. Гэта дазволіць за 40 гадоў прадухіліць 116 тысяч смерцяў і на 15% знізіць распаўсюджанасць курэння, у тым ліку і пасіўнага.

вред курения

Спецыяліст дадаў, што ў дзяцей, бацькі якіх кураць, пачашчаюцца выпадкі рэспіраторных інфекцый, вострых сярэдніх атытаў, павялічваецца верагоднасць развіцця пнеўманіі, у два-тры разы вышэйшая схільнасць да бранхітаў і бранхіяльнай астмы.

Яшчэ адной стратэгічнай мерай па далейшым скарачэнні курэння і зніжэнні смяротнасці ад захворванняў з'яўляецца значнае павышэнне акцызных падаткаў на тытунь. Цяпер ён складае 34% ад кошту пачкі цыгарэт, а мінімальны рэкамендуемы СААЗ узровень – 75%. Гэтая мера дазволіць у два разы знізіць колькасць распаўсюджанасці курэння сярод беларусаў, у тым ліку сярод моладзі, упэўнены Валянцін Русовіч.

Кожныя 6 секунд – 1 смерць ад тытуню

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела наркалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Інэса Грыгор'ева падкрэсліла, што кожныя 6 секунд у свеце з-за курэння памірае чалавек, а гэта 6 млн смерцяў у год. З іх 600 тысяч чалавек гіне ў выніку пасіўнага курэння. Спецыяліст нагадала, што цыгарэтны дым змяшчае 4 тысячы шкодных рэчываў і 13 безумоўных ядаў. Пры пасіўным курэнні чалавек удыхае паветра, якое змяшчае тытунёвы дым, пры гэтым у яго арганізм трапляе каля 60% небяспечных таксінаў.

У Беларусі ва ўсіх абласных цэнтрах псіхіятрыі і наркалогіі, у РНПЦ працуюць кабінеты дапамогі асобам з залежнасцю ад тытуню, дадала эксперт.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

65 0 23

Наверх