21 Кастрычніка

Выбірай ды правярай. Пры набыцці тавару ўключайце пільнасць

Здароўе дзяцей
113 0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыйсці ў краму і набыць тавар для дзіцяці, які пасля можа стаць для яго не самым бяспечным? На жаль, такое магчыма. Са студзеня 2019 года Беларусь адмяніла «перашкоду на ўнутраным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)», вызваліўшы пастаўшчыкоў і вытворцаў ад неабходнасці атрымліваць у нашых службаў санітарна-гігіенічнае заключэнне на прадукцыю, якая ўжо прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Прасцей кажучы, замежны вытворца цяпер сам вырашае – патрэбная яму ўнутраная санітарна-гігіенічная экспертыза, каб прадаваць свой тавар на тэрыторыі РБ, ці не. Увогуле ж, для бесперашкоднага гандлю досыць мець дакументы на пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС і маркіраваць свой тавар адзіным знакам абарачэння на рынку – ЕАС.

Тым не менш, толькі за бягучы перыяд 2019 года, дзякуючы працы кантралюючых органаў, 78 найменняў імпартнай і небяспечнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў былі забароненыя да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі. Адмененае дзеянне 91 дакумента на пацвярджэнне адпаведнасці патрабаванням ТР.

Хто стаіць на варце беларускага рынку? Як шараговаму спажыўцу, прыйшоўшы ў краму, ацаніць, наколькі прадукцыя якасная і бяспечная? Пра гэта і многае іншае журналіст партала Здаровыя людзі даведалася ад урача-гігіеніста аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ангеліны Міцковіч і загадчыцы сектара аддзела дзяржнагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі Інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і г.Мінску Людмілы Панковай.

У краму – з бязменам і лінейкай

Адным з накірункаў дзейнасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі і падведамнай яму санітарна-эпідэміялагічнай службы з'яўляецца абарона рынку ад недабраякаснай прадукцыі. Усё, што з'яўляецца на прылаўках айчынных крамаў, павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням бяспекі. Асобна ўстаноўлены на парадак больш жорсткія патрабаванні бяспекі да прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў.

 
Ангеліна Міцковіч
Урач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
Паказчыкі бяспекі прадукцыі залежаць ад шматлікіх фактараў: які гэта від прадукцыі, яе прызначэнне, з якіх матэрыялаў яна вырабленая, якая ступень кантакту са скурай ці слізістымі і гэтак далей. Ёсць і спецыфічныя паказчыкі: напрыклад, гіграскапічнасць і паветрапранікальнасць для адзення; комплекс фізіка-механічных уласцівасцяў для абутку (вага, гнуткасць, трываласць мацавання дэталяў нізу, дэфармацыя падноскі, задніка абутку, вышыня абцаса...). Да выдавецкай прадукцыі прымяняецца параметр бяспекі, які вызначаецца шрыфтавым афармленнем, аб'ёмам тэксту аднаразовага прачытання, узросту чытача... Гэта ўсё нарміруецца з улікам фізіялагічных асаблівасцяў арганізма і ўзросту карыстальніка. Гэта значыць, спіс паказчыкаў бяспекі даволі шырокі. Уся прадукцыя правяраецца на хімічную бяспеку, на ўтрыманне (міграцыю) шкодных хімічных рэчываў; таксікалагічныя паказчыкі; паказчыкі біялагічнай, механічнай бяспекі…

 
Людміла Панкова
Загадчыца сектара аддзела дзяржнагляду за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі ў лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будіндустрыі Інспекцыі Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і г.Мінску
Кантрольныя праверкі (выбарачныя або планавыя), а таксама маніторынгі прадукцыі ў мэтах недапушчэння недабраякаснага тавару на рынак краіны – наша ўсё. І трэба прызнаць, нярэдкія выпадкі, калі прадукцыя, што прадаецца, не адпавядае паказчыкам бяспекі. Напрыклад, сярод вырабаў швейных і трыкатажных часцей за ўсё падводзіць паветрапранікальнасць і гіграскапічнасць. Што тычыцца абутку для дзяцей, слабае месца – прымяненне штучнай, сінтэтычнай або кампазіцыйнай скуры для дэталяў падшэўкі і вышыня абцаса. На вучнёўскіх ранцах і партфелях часта адсутнічаюць святлоадбівальныя элементы, шырыня плечавых рамянёў не адпавядае нормам бяспекі. Вельмі часта парушаюцца патрабаванні па маркіроўцы тавару.

Трэба ўлічыць, што ўсе паказчыкі бяспекі даследуюцца лабараторна, і толькі спецыяліст сваёй справы ведае ўсе нормы назубок. А што рабіць спажыўцу, які прыходзіць у краму з адзінай мэтай: купіць не толькі якаснае і патрэбнае, але і бяспечнае.

Эксперты прапануюць некалькі крытэрыяў ацэнкі тавару, для якіх не спатрэбяцца асаблівыя веды і навыкі.

  1. Дзіцячы абутак. Звяртайце ўвагу на вусцілку і падшэўку. Яны абавязкова павінны быць вырабленыя з натуральных матэрыялаў. Для ўсіх полаўзроставых груп дзяцей не дапускаецца выраб вусцілкі і падшэўкі са штучнай, сінтэтычнай і кампазіцыйнай скуры.
  2. Калі ў вас добры вакамер, ацаніце вышыню абцаса. Для дашкольнікаў ён павінен быць не больш за 10 мм. Для дзяўчынак 7-12 гадоў – не больш за 2,5 см; 12-16 гадоў – максімум 3,5 см. Для хлопчыкаў 7-16 гадоў вышыня абцаса ў абутку павінна быць не вышэйшай за 2,5 см.
  3. Вучнёўскія ранцы і партфелі абавязкова павінны быць аснашчаныя святлоадбівальнымі элементамі і мець шырыню плечавага рамяня 35-45 мм. У заплечніках для дзяцей малодшых класаў абавязковая наяўнасць формаўстойлівай спінкі. Значэнне мае і вага ранца: для вучняў малодшых класаў – не больш за 700 грамаў; для вучняў сярэдніх і старэйшых класаў – максімум 1000 грамаў. Падрабязна пра тое, як адрозніць правільны школьны заплечнік ад падробкі і ў чым розніца паміж школьным партфелем і моладзевай торбай – тут.

  1. Што тычыцца сшыткаў, школьных альбомаў, звяртайце ўвагу на якасць паперы і яе колер. Яна павінна быць даволі шчыльнай, не шэрай. Але і ярка-белая таксама не варыянт.
  2. Выбіраючы вопратку, важна глядзець не толькі рост/памер, але і ўважліва чытаць этыкетку. Што ў ёй павінна быць паказана і якімі яшчэ крытэрыямі кіравацца пры выбары школьнага адзення, мы падрабязна распавялі ў гэтым матэрыяле.
  3.  І вядома, любы рэзкі, насычаны, спецыфічны пах ад тавару – відавочны знак, каб устрымацца ад пакупкі. Прычым гэта адносіцца да любой прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў – няхай гэта будзе абутак, адзенне або канцтавары.
 
Ангеліна Міцковіч
Урач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя
І вядома ж, спажывец перш за ўсё павінен глядзець на маркіроўку. Да яе афармлення таксама прад'яўляюцца жорсткія патрабаванні. Яна павінна быць поўнай і чытацца, з указаннем наймення вырабу, краіны і назвы вытворцы, адраса імпарцёра, даты вырабу, спосабаў эксплуатацыі і догляду тавару, узроставых абмежаванняў, складу матэрыялу, з якога выраблены тавар. У маркіроўцы абутку павінна быць указаная інфармацыя пра матэрыял верху, падшэўкі, падэшвы, умовы эксплуатацыі і догляду абутку. Акрамя таго, на маркіроўцы для абутку не дапускаецца выкарыстанне указанняў «экалагічна чысты», «артапедычны» без адпаведнага пацвярджэння.

Фота экспертаў – Валянціна Мохар.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

113 0 19

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх