20 Жніўня
20.08.2019

«Хачу пахаваць выкідыш». Ці заўсёды можна паўнавартасна развітацца з памерлым дзіцем?

logo
Вострае пытанне
74 0 113
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штогод больш за 300 жанчын у нашай краіне перажываюць страту дзіцяці падчас цяжарнасці ці родаў, у больш за 5000 жанчын здараюцца выкідышы. Але развітанне з такімі стратамі чамусьці адбываецца па іншых правілах. У выпадку смерці дзіцяці ў радзільні бацькам даюць выбар: ці забраць цела, ці пакінуць у бальніцы, якая возьме на сябе абавязак пахаваць, а ў выпадку выкідыша наогул цела маме не аддаюць і ўтылізуюць, як біялагічны матэрыял, або (кажам, як ёсць) спальваюць, як адходы.

Што можа быць з бацькамі, якія самі не пахавалі сваё памерлае дзіця? Ці могуць яны потым знайсці яго магілу? Што рабіць тым, хто не лічыць выкідыш біяматэрыялам і хацеў бы пахаваць самастойна? Разбіраемся з экспертамі і ставім пытанне перад заканадаўцамі.

З трох двух пакідаюць у бальніцы

– Летась у Мінску было 63 мёртванароджаныя, целы 42 з іх бацькі адмовіліся хаваць самастойна. Гэта значыць, з трох двух пакідаюць у бальніцы, якая займаецца пахаваннем, – кажа галоўны пазаштатны дзіцячы патолагаанатам Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Няроўня.

На думку эксперта, гэта можна растлумачыць дзвюма прычынамі.

– Тыя плады, што гінуць унутрывантробна, з-за дэфармацыі часам выглядаюць даволі страшна, і не ўсе бацькі гатовыя ўбачыць тое, што дакладна застанецца ў памяці надоўга. Па-другое, часта маці адмаўляюцца ад самастойнага пахавання дзіцяці, каб хутчэй забыць трагедыю: «з вачэй далоў, з сэрца прэч». Можа, яны будуць потым каяцца, але на той момант гэта быў іх выбар: у такіх сітуацыях жанчыны пішуць афіцыйную адмову. Хаця ў маёй практыцы выпадкі, калі людзі перадумвалі, адзінкавыя. Памятаю, маладая мама адмовілася ад цела дзіцяці, а потым да нас прыехалі яе бацькі, каб забраць і пахаваць ўнука. Паколькі мы можам вырашаць гэтае пытанне толькі з бацькамі, бабуля з дзядулем крыху пазней прывезлі завераную галоўным урачом бальніцы заяву ад маці, што яна перадумала і хоча забраць цела.

Ці можна знайсці магілу «адказнога»?

–  У выпадку бацькоўскай адмовы цела памерлага дзіцяці або мёртванароджанага плода з бальніцы паступае ў патолагаанатамічнае бюро, дзе пасля патолагаанатамічнага даследавання захоўваецца не менш за 45 дзён, – тлумачыць загадчык аддзялення дзіцячай паталогіі гарадскога клінічнага патолагаанатамічнага бюро Мінска Сямён Клецкі. – Калі бацькі перадумалі, яны павінны звярнуцца спачатку ў бальніцу, а затым да нас, і тады мы перададзім ім цела. Мы не спяшаемся з пахаваннем, у тым ліку і па гэтай прычыне. Зразумела, што жанчына ў стрэсавым стане пасля страты жаданага дзіцяці можа прыняць хуткае рашэнне, але адышоўшы ад стрэсу, перадумае. Калі ж памерлае дзіця (мёртванароджаны плод) ужо пахаванае, знайсці яго магілу па жаданні бацькоў, сваякоў можна. Для гэтага неабходна звяртацца ў спецыялізаваныя камбінаты камунальна-бытавога абслугоўвання, якія непасрэдна займаюцца пахаваннем. «Адказны» мёртванароджаны хаваецца па прозвішчы маці.

Як патлумачылі нам у Спецкамбінаце КБА г.Мінска, каб знайсці месца пахавання, бацькі павінны будуць паведаміць прозвішча дзіцяці, дату смерці і бальніцу, дзе адбываліся роды. Кожнае такое дзіця хаваецца ў асобную магілу.

Пахаванне ці ўтылізацыя?

Калі ў выпадку страты дзіцяці ў бацькоў ёсць пэўны выбар, дык пры выкідышы яго зусім няма – цела вам не аддадуць, паколькі на яго не распаўсюджваюцца нормы заканадаўства i не выдаецца пасведчанне аб смерці. Адпаведна, пахаваць яго нельга. Гэта тлумачыцца тым, што, па крытэрыях СААЗ, чалавек сёння пачынаецца з 22 тыдняў, 25 см росту і 500 грамаў вагі – пры інтэнсіўным доглядзе ён можа выжыць па-за матчыным арганізмам. Усе, хто не дацягнуў да гэтых крытэрыяў, называюцца выкідышамі і не надзеленыя правамі чалавека.

Не ўсе людзі гатовыя мірыцца з гэтым, лічачы, што загінулы плод нельга абмежаваць у правах на аснове медыцынскіх крытэрыяў. У свеце дадзеная праблема ўзнімаецца рознымі спосабамі. Хтосьці вырашае гэтае пытанне нелегальна і хавае цельца ў сямейную магілу, хтосьці спрабуе змяніць заканадаўства, хтосьці публікуе фоткі выкідышаў, якія шакіруюць, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

– Пакуль мы не можам аддаць плод бацькам, бо не ведаем, што яны з ім будуць рабіць, закон не рэгулюе такія пахаванні. Але права выбару ў людзей, напэўна, павінна быць, – лічыць Аляксандр Няроўня. – Гэта пытанне не да медыкаў, а да заканадаўцаў і юрыстаў. Вырашаць яго трэба таксама зыходзячы з традыцый нашага грамадства. Трэба паглядзець, як гэта было раней.

– Раней існавалі могілкі для мёртванароджаных, у тым ліку выкідышаў, – кажа Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, протаіерэй Сергій Лепін. – Пазіцыя Царквы тут адназначная – усіх трэба хаваць па-чалавечы. Эмбрыён – гэта чалавек на пэўнай стадыі развіцця. Нельга быць чалавекам у вялікай ці меншай ступені, паўчалавекам або недачалавекам. Наша меркаванне заснаванае не толькі на царкоўным вучэнні, але і на банальных навуковых ісцінах. Такое бачанне вызначае наша стаўленне да абортаў як да забойства чалавека, і на гэтым жа заснаванае наша стаўленне да цела выкідышу – гэта труп чалавека. А калі так, дык і пахаваны ён павінен быць па-чалавечы. Ён – не адходы, не смецце і павінен быць на могілках, а не «ўтылізаваным» пэўнымі іншымі метадамі. Не ўпэўнены, што тэхнічна магчыма сёння зрабіць асобныя могілкі для выкідышаў, але прадугледзець адвядзенне пэўнай тэрыторыі для такіх маленькіх нябожчыкаў, вядома, трэба. І мне здаецца, што бацькам варта не проста даць права хаваць, а неабходна само пахаванне зрабіць абавязковым, паколькі чалавечы статус эмбрыёна не залежыць ад волі бацькоў, урачоў ці кагосьці яшчэ. Зразумела, для гэтага трэба пераглядаць заканадаўства на больш глыбокім узроўні, чым проста дазволіць ці не дазволіць развітвацца. Тэма вельмі актуальная і абавязкова заслугоўвае працягу.

Бацькі павінны прайсці працэс да заканчэння

Цэнтр падтрымкі сям'і і мацярынства «МАТУЛЯ» ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя даўно працуе з жанчынамі, якія перанеслі страту дзіцяці на розных тэрмінах, у тым ліку і ў першым трыместры. Псіхолагі арганізацыі прайшлі спецыяльнае навучанне і маюць вялікі практычны вопыт, каб выказаць сваё меркаванне, як жа сям'я павінна развітвацца са сваімі ненароджанымі дзецьмі.

– Мы лічым, што бацькі павінны прайсці працэс да заканчэння, і ў іх павінна быць права распараджацца астанкамі свайго дзіцяці на любым тэрміне страты, – кажа кіраўнік арганізацыі Вераніка Сярдзюк. – Думаць, што мы аказваем ласку, шкадуем псіхіку бацькоў, не аддаючы ім загінулы плод, – няправільны падыход. Мы бачым, што маці, якія не перажылі паўнавартаснага развітання, потым доўгі час жывуць у дэпрэсіі, адмаўляюцца або баяцца нараджаць зноў. Забыць не атрымліваецца. Трэба паважаць гэтае жыццё, прызнаваць, што яно было ўпісанае ў гісторыю сям'і, аддаваць яму неабходную пашану. Працэдура можа быць рознай, але яна павінна быць прапанаваная, павінен быць выбар. Я бачыла, як гэта адбываецца ў замежных клініках: калі нараджаецца мёртвае дзіця, уся сям'я прыходзіць развітацца, чытаюць малітвы, апранаюць цельца, робяць фотаздымкі. Важна, каб бацькі і іх блізкія ведалі, што можна звярнуцца да псіхолага, абмеркаваць гэтую частку свайго жыцця, адрэфлексаваць і адгараваць.

Мне здаецца, гэтае пытанне трэба разгледзець на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Магчыма, не адразу гэта будзе зразумелым, але потым зробіцца нормай, як зрабілася ўжо нормай перадабортнае кансультаванне, партнёрскія роды.

На думку Веранікі Сярдзюк, вытокі праблемы ў тым, што маштабная абартыўная практыка мінулага і сучаснасці не сфарміравала ў нашым грамадстве глыбокай павагі перад жыццём.

Як у іншых краінах?

У Швецыі бацькам прапануюць два варыянты развітання з плодам: ананімны і персанальны. Ананімны спосаб мяркуе крэмацыю як біяматэрыял. Пры персанальным спосабе ладзіцца цырымонія надання імя з удзелам бальнічнага святара, калі дзіцяці даюць імя, фатаграфуюць, робяць адбітак далоні ці ступні на памяць для бацькоў. Калі плод зусім маленькі, няхай нават 10 см, яго прыносяць бацькам на сурвэтцы. У бальніцах ёсць асобныя спецыялісты-куратары, якія бяруць на сябе падтрымку сям'і ў такіх сітуацыях.

У ЗША існуе цэлая сістэма перынатальнай паліятыўнай дапамогі. Яна ўзнікла якраз па запыце грамадства, незадаволенага існуючым парадкам рэчаў. Каманда з педыятра, медсястры і сацработніка дапамагае родным перажыць страту дзіцяці. Як распавядала ў СМІ кіраўнік такога аддзялення Бостанскай дзіцячай бальніцы Джоан Вульф, у ЗША ўжо даўно рэкамендуюць бацькам развітацца з дзіцем ці плодам, які б ён ні быў, актыўна ўдзельнічаць у правядзенні жалобных мерапрыемстваў, як бы балюча гэта ні было.

– Раней у ЗША таксама прытрымліваліся пазіцыі, што не трэба траўмаваць бедных бацькоў і паказваць мёртвых дзяцей і выкідышы. Але навуковыя даследаванні паказалі, што ў доўгатэрміновай перспектыве ў многіх такі нібыта «клопат пра псіхіку» прыводзіў да сур'ёзных праблем. У жанчыны застаецца непрапрацаваная псіхатраўма. Яна не разумее – было што-небудзь ці не. Абрад развітання быццам ставіць кропку. Таму цяпер усім маці задаюць пытанне: ці хочаце? Большасць згаджаюцца, – удакладняла спецыяліст.

Калі дзіця з фізічнымі заганамі, урачы папярэджваюць родных пра гэта, а перад тым, як перадаць ім у рукі, яго спавіваюць, апранаюць шапачку, каб палепшыць недахопы, хаця для многіх гэта не трэба, бо бацькі поўныя любові і ўспрымаюць малое як сваю часцінку. Выкідышы аддаюць бацькам гэтак жа, як і дзяцей пасля 22 тыдняў, – там усё вырашае сям'я. Звычайна такое дзіця хаваюць, як усіх іншых.

У Расіі ў 2019 годзе распачаты эксперымент па развіцці такога перынатальнага паліятыву. Пілотны праект запушчаны ў дзвюх бальніцах Масквы (Гарадская клінічная бальніца імя С.С.Юдзіна і ГКБ № 24). Для дапамогі сям'і хочуць аб'яднаць намаганні акушэраў/перынатолагаў, анестэзіёлагаў, неанатолагаў, медсясцёр аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі нованароджаных, псіхолагаў, супрацоўнікаў сацслужбаў, святароў. Спецыялісты пройдуць спецыяльнае навучанне, будуць сфарміраваныя алгарытмы і стандарты дапамогі.

У Казахстане ў 2018 годзе пытанне, як хаваць выкідышы і мёртванароджаных, вынеслі на сход (фетву) казахстанскіх улемаў – вучоных-ісламазнаўцаў. Яны далі такія рэкамендацыі: калі ў жанчыны адбудзецца выкідыш да 81 дня пасля зачацця, гэта значыць, калі ў плода яшчэ не сфармаваныя рукі, ногі, валасы, дык пахавальныя абрады не праводзяцца. Калі выкідыш адбудзецца пасля 81 дня (каля 12 тыдняў), ён павінен быць загорнуты ў чыстую белую матэрыю і пахаваны. Калі дзіця цалкам сфармавалася, але пры гэтым народзіцца мёртвым, яго трэба абмыць, даць яму імя і пахаваць.

У Польшчы і Ізраілі ёсць асобныя могілкі для мёртванароджаных дзяцей.

Што рабіць?

Як бачна, тэма паўнавартаснага развітання з дзецьмі, якія не выжылі, ужо прапрацаваная ў свеце і пачынае актыўна абмяркоўвацца на постсавецкай прасторы. Ёсць стандарты, якія мы можам вывучаць і рэкамендаваць у бальніцах.

Сёння ў кожным стацыянары ёсць псіхолагі, якія працуюць з жанчынамі ў крызіснай сітуацыі. Напэўна, яны могуць больш актыўна супрацоўнічаць з урачамі і выбудоўваць прафесійную камунікацыю з пацыентамі па новых прынцыпах. Больш складанае пытанне са статусам выкідышаў – тут трэба сумеснае абмеркаванне і рашэнне юрыстаў, медыкаў, дэпутатаў і грамадскіх арганізацый.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

74 0 113

Журналіст
Наверх