6 Красавіка
06.04.2020

Хатнія жывёлы таксама хварэюць на каранавірус?

logo
Кантралюй здароўе
142 0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адзін з самых аўтарытэтных агульнанавуковых часопісаў Nature днямі апублікаваў папярэднія высновы даследаванняў кітайскіх вучоных пра магчымасць заражэння новым каранавірусам хатніх гадаванцаў ды іншых жывёл.

Каранавірус. Ці хварэюць хатнія жывёлы?

Вынікі даследаванняў выклікалі пэўную цікавасць у навуковых колах. Напрыклад, дакладна высветлена, што ўспрымальныя да новага каранавіруса каты і коткі. Пры гэтым вучоныя пакуль не ведаюць пэўна, ці могуць хатнія гадаванцы, зрабіўшыся носьбітамі інфекцыйнага агента, служыць крыніцай заражэння для людзей.

Котка – сябар чалавека?

Тэма навуковых пошукаў узнікла не на пустым месцы. Не будзе перабольшаннем сказаць, што CОVID-19 заспеў знянацку ўвесь свет: ніхто не быў у дастатковай ступені гатовы да таго, з якой імклівай хуткасцю інфекцыя будзе распаўсюджвацца паміж краінамі і кантынентамі, збіраючы штодня сотні ахвяраў. Натуральна, на фоне ўсеагульных турботаў і нявызначанасці не маглі не прагучаць апасенні пра магчымасць перадачы віруса паміж людзьмі і іх гадаванцамі. Да гэтага часу, піша выданне, былі зафіксаваныя тры паведамленні пра заражэнне CОVID-19 жывёл: коткі і двух сабак.

Каты і сабакі адносяцца да хатніх гадаванцаў, якія знаходзяцца з людзьмі ў найбольш блізкім кантакце. Таму дакладнае веданне пра іх успрымальнасць (або адсутнасць такой) да SARS-CoV-2 – тая неабходная інфармацыя, якая дапаможа больш эфектыўна кантраляваць распаўсюд каранавіруснай інфекцыі.

Каранавірус. Хатнія жывёлы.

Даследаванні праводзіліся кітайскімі вучонымі ў лабараторных умовах. Некалькім хатнім коткам у нос былі ўведзеныя ўзоры новага каранавіруса. Частку жывёл змясцілі ў клеткі са здаровымі суродзічамі. Праз некалькі дзён, правёўшы тэсты, вучоныя выявілі вірусную РНК у верхніх дыхальных шляхах заражаных жывёл. А таксама ў адной са здаровых котак, якая знаходзілася ў клетцы з інфіцыраванымі, што наводзіць на думку пра магчымае заражэнне паветрана-кропельным шляхам.

Цікава. Але не пераканаўча

Разам з тым, ні ў адной жывёлы не было выяўленых сімптомаў хваробы, і толькі ў адной коткі з клеткі, у якой знаходзіліся здаровыя і штучна інфіцыраваныя жывёлы, тэсты паказалі наяўнасць віруснай РНК. Гэта, на думку вучоных, дазваляе зрабіць выснову, што ў адносінах да жывёл вірус не валодае высокай ступенню заразнасці. Ёсць і пэўныя хібнасці пры правядзенні даследаванняў. Напрыклад, незразумела, якім чынам здаровая котка магла быць інфіцыраваная: паветрана-кропельным шляхам або заражэнне адбылося ад кантакту з забруджанымі фекаліямі і мачой.

Іншыя вучоныя хаця і выказалі цікаўнасць да папярэдніх вынікаў даследаванняў, выказалі шэраг скептычных заўваг. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на той факт, што даследаванні, праведзеныя ў лабараторных умовах, не адлюстроўваюць рэальных узаемадзеянняў паміж людзьмі і іх гадаванцамі. Акрамя таго, жывёлам уводзіліся наўмысна высокія дозы SARS-CoV-2, але пры гэтым відавочная сімптаматыка хваробы адсутнічала.

Каранавірус. Як заражаюцца коткі.

Адным са скептыкаў, хто выказаў свае заўвагі, з'яўляецца вірусолаг Лінда Саіф з Універсітэта штата Агаё (ЗША). Яна не адмаўляе важнасць даследаванняў, вынікі якіх можна было б улічваць для кантролю над распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Пры гэтым доктар перакананая, што неабходныя дадатковыя тэсты з прызначэннем паддоследным жывёлам розных дозаў віруса і больш дбайным выкананнем умоў пры правядзенні новых даследаванняў.

Трэба заўважыць, што падобныя выпрабаванні праводзіліся і з узбуджальнікам цяжкага вострага рэспіраторнага сіндрому (SARS), таксама з групы каранавірусаў. Вынікі паказалі высокую ўспрымальнасць да яго котак і магчымасць перадаваць яго іншым суродзічам. Тым не менш, «падчас пандэміі SARS не было ніякіх прыкметаў таго, што SARS-CoV атрымаў шырокае распаўсюджанне ў хатніх котак або быў перададзены ад котак людзям», – нагадала Саіф.

Іншымі словамі, падстаў для панікі ва ўладальнікаў хатніх котак няма.

І ўсе, усе, усе...

Што да іншых жывёл, тут заявы вучоных яшчэ больш аптымістычныя. Вучоныя Харбінскага ветэрынарна-даследчага інстытута, якія праводзілі выпрабаванні на хатніх котках, падвергнулі эксперыменту і іншых жывёл.

У свіней, качак, куранятаў, якія былі штучна інфіцыраваныя, паўторныя тэсты не паказалі наяўнасці віруснай РНК. Даследаванні паказалі і меншую ўспрымальнасць да каранавіруса сярод сабак.

Затое высокую адчувальнасць паказалі тхары, што, на думку вучоных, робіць іх прыдатнай мадэллю для тэсціравання патэнцыяльных вакцынаў і лекавых прэпаратаў супраць CОVID-19.

Тым не менш, каб цалкам выключыць рызыку магчымага інфіцыравання паміж людзьмі і іх гадаванцамі, і вучоныя, і ўрачы раяць на час абмежаваць кантакты з хатнімі жывёламі і выконваць меры прафілактыкі. У прыватнасці, старанна мыць лапы жывёлам пасля прагулкі, выконваць гігіену рук, пазбягаць цеснага кантакту (аблізванне жывёламі, кармлення гадаванцаў з рук і тым больш з аднаго посуду), устрымацца ад пагладжванняў жывёл. Па словах Лінды Саіф, гэта звычайныя меры засцярогі, якіх разумна прытрымлівацца ў выпадку любога новага захворвання пры адсутнасці вычарпальнай інфармацыі пра яго.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

142 0 26

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх