22 Лютага
22.02.2020

Хіміятэрапія гінекалагічнага раку: як паменшыць пабочны эфект

logo
Жыццё з анкалогіяй
135 0 30
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як працуе хіміятэрапія? Як знізіць яе негатыўны ўплыў на арганізм? Як пазбегнуць страты валасоў? Працягваем распавядаць пра лячэнне «жаночага» раку.

Як дзейнічаюць прэпараты

Хіміятэрапія – адзін з асноўных метадаў лячэння анкалагічных захворванняў, пры якім выкарыстоўваюцца прэпараты, што знішчаюць ракавыя клеткі. Гэты метад значна маладзейшы за хірургічны і прамянёвы. Ён пачаў актыўна развівацца толькі ў другой палове мінулага стагоддзя. Пасля хіміятэрапіі пухліна можа знікнуць зусім або часткова. Але нават калі яе памеры застануцца ранейшымі, казаць пра няўдалае лячэнне рана.

У якасці самастойнага спосабу лячэння метад ужываюць пры харыёкарцыноме, у спалучэнні з аперацыяй – пры раку яечнікаў, у спалучэнні з прамянёвай тэрапіяй – пры раку маткі з неспрыяльным прагнозам.

У свеце зарэгістравана больш за сотню супрацьпухлінных лекаў, іх спіс увесь час папаўняецца. Першы супрацьпухлінны прэпарат эмбіхін быў створаны ў 1946 годзе на аснове баявога атрутнага газу іпрыту. Эмбыхін – «дзядуля» ўсіх сучасных цытастатыкаў.

Усе супрацьпухлінныя лекі можна ўмоўна падзяліць на дзве вялікія групы: цытастатыкі і цытатаксіны. Яны адрозніваюцца механізмам дзеяння.

Хіміятэрапія. Супрацьпухлінныя лекі.

У прыродзе любая клетка гіне за кошт двух галоўных працэсаў: некрозу і апаптозу. Пры некрозе пашкоджваюцца абалонка, ядро і іншыя кампаненты клеткі, што і прыводзіць да яе смерці. Такім чынам дзейнічае большасць цытастатыкаў (даксарубіцын, цысплатын, 5-фторурацыл, цыклафасфан).

Апаптоз азначае самазнішчэнне, яго праграма «запісаная» ў любой клетцы. Калі яна робіцца непатрэбнай (хворая ці замінае іншым клеткам арганізма), дык праграма апаптозу ў ёй ўключаецца аўтаматычна. Цытатаксіны (таксол, тамаксіфен) якраз спрыяюць запуску такой праграмы ўнутры ракавай клеткі.

Хіміятэрапію праводзяць часам ва ўмовах стацыянара, а часам амбулаторна – дома ці ў паліклініцы. Лекі жанчына атрымлівае па-рознаму: унутрывенна з дапамогай шпрыца/кропельніцы або ў выглядзе таблетак/парашкоў. У большасці выпадкаў даводзіцца прымаць адразу некалькі прэпаратаў. Працягласць і частата курсаў лячэння залежаць ад выгляду і цяжкасці захворвання. Увядзенне прэпаратаў можа праводзіцца штодня, штотыдзень або штомесяц. Для аднаўлення сіл арганізма робяцца перапынкі ў лячэнні.

Хіміятэрапія. Унутрывеннае ўвядзенне лекаў.

Пабочныя эфекты «хіміі»

Усе супрацьпухлінныя прэпараты – даволі моцныя яды. Таму лячэнне часта даводзіцца прыпыняць з-за таксічнага дзеяння супрацьпухлінных прэпаратаў на кроў, імунную сістэму, сэрца, ныркі, печань, лёгкія, мозг. Кожны прэпарат ставіць пад пагрозу пэўны орган чалавека: пры лячэнні блеаміцынам могуць пакутаваць лёгкія, цысплатынам – ныркі, цыклафасфамідам, вепезідам, 5-фторурацылам, метатраксатам, вінбластынам – кроў, даксарубіцынам – сэрца, вінкрыстынам – мозг.

Ступень таксічнага ўздзеяння супрацьпухлінных прэпаратаў на арганізм залежыць ад фізічнага стану жанчыны, спадарожных захворванняў, дозаў і працягласці курса.

Большасць супрацьпухлінных прэпаратаў негатыўна ўплываюць на клеткі крыві – выклікаюць міеласупрэсію, гэта значыць зніжэнне лейкацытаў і трамбацытаў. Звычайна пік міеласупрэсіі здараецца на 7-14-ы дзень, а аднаўленне – да 21-28-га дня пасля пачатку хіміятэрапіі.

Хіміятэрапія. Падзенне лейкацытаў.

Як пазбегнуць ускладненняў

Клеткі слізістай абалонкі поласці рота, страўніка, кішэчніка і похвы таксама ўразлівыя для хіміяпрэпаратаў. Запаленне, якое называюць эпітэліітам, можа прывесці да ўтварэння  балючых язваў.

Прадухіліць эпітэлііт поласці рота можа добрая гігіена. Да хіміятэрапіі хворым рэкамендуецца наведаць стаматолага. Пасля сеансаў хіміятэрапіі неабходна паласкаць рот растворам соды, фурацыліну або хлоргексідыну. У некаторых выпадках дапамагае лёд, які трэба патрымаць у роце.

Калі ўзнікла інфекцыя (а гэта часцей за ўсё Candida, гэта значыць малочніца, ці вірус простага герпесу), папрасіце ва ўрача прызначыць супрацьгрыбковыя або супрацьвірусныя сродкі. У выпадку развіцця эптэлііту похвы мэтазгодныя апрацоўкі слізістай аналагічнымі прэпаратамі.

Ці непазбежныя млоснасць і ваніты?

Хіміятэрапія. Млоснасць і ваніты.

Кожны дваццаты хворы адмаўляецца ад хіміятэрапіі або перапыняе яе з-за млоснасці. Гэтыя непрыемныя сімптомы выклікаюць не ўсе хіміяпрэпараты. Шмат што залежыць ад спосабу ўвядзення лекаў: тое, што выклікае цяжкую рэакцыю пры аднаразовай ін'екцыі, пераносіцца лягчэй у выпадку ўвядзення пры дапамозе кропельніцы.

Прэпараты, якія папярэджваюць ваніты, называюцца антыэметыкамі (зафран, рэглан, метаклапрамід і інш.). Іх прымаюць да і пасля хіміятэрапіі. Вельмі рэдка прэпараты могуць аказваць пабочны эфект – нядоўгае парушэнне каардынацыі рухаў.

Што рабіць, калі прэпарат уведзены няўдала

Некаторыя прэпараты настолькі таксічныя, што пры іх трапленні пад скуру з-за няўдалага ўнутрывеннага ўвядзення могуць узнікнуць моцныя пашкоджанні тканак, ажно да некрозу.

Калі пэўная колькасць даксарубіцыну або мітаміцыну С патрапіла пад скуру, пашкоджаны ўчастак трэба абкласці лёдам, а пры няўдалым увядзенні вінкрыстыну і вінбластыну, наадварот, гарачым – гэтыя лекі разбураюцца пад дзеяннем цяпла. Хворым з тонкімі ломкімі венамі патэнцыяльна небяспечныя прэпараты звычайна ўводзяць праз цэнтральныя катэтары.

Ці можна пазбегнуць страты валасоў

Валасы растуць з фалікулаў, або валасяных сумак. Гэтыя клеткі асабліва пакутуюць ад дзеяння хіміяпрэпаратаў. Страта валасоў (алапецыя) часцей адбываецца пры лячэнні даксарубіцынам, і ў большай ці меншай ступені можа быць пры лячэнні цыклафасфанам, вепезідам, тыяфасфамідам. У першыя тыдні лячэння страта валасоў бывае больш моцнай, потым запавольваецца, але ў любым выпадку пасля заканчэння хіміятэрапіі валасы адрастуць. Цікава, што яны адрастаюць больш густымі, чым былі, могуць памяняць колер, а часам пачынаюць кучаравіцца нават у тых, хто насіў прамыя валасы.

Існуе арыгінальны спосаб прадухілення аблысення. Падчас хіміятэрапіі, калі прэпараты ўводзяць пад кропельніцай, жанчыне на галаву надзяваюць спецыяльны астуджальны шлем. Паніжэнне тэмпературы станоўча адбіваецца на выжыванні фалікулаў, і валасы атрымліваецца захаваць.

Хіміятэрапія. Ахаладжальны шлем для галавы.

Спявачка Кайлі Міноўг, якая перанесла курс хіміятэрапіі пры лячэнні раку малочнай залозы, таксама губляла свае шыкоўныя валасы.

Цяпер яе валасы выглядаюць яшчэ больш густымі і здаровымі, чым да лячэння. Спявачка запэўнівае, што ўсё гэта дзякуючы простаму і эфектыўнаму сродку – лавандаваму алею. Кайлі наносіць яго на валасы перад сном. Паводле яе слоў, начная маска паскарае рост валасоў, робіць іх бліскучымі і паслухмянымі, прадухіляе з'яўленне перхаці і сячэнне кончыкаў, а таксама нармалізуе працу сальных і потавых залозаў скуры галавы.

Думаю, што для валасоў карысная маска не толькі з лавандавага алею. Рэкамендую маску з лапуховага алею, жаўтка, 1 ст.л. каньяку і 1 ст.л. шампуню (колькасць залежыць ад даўжыні валасоў). Уцерці ў скуру галавы за 2 гадзіны да мыцця, затым надзець цэлафанавую шапачку, а зверху завязаць баваўняную хустку.

Хіміятэрапія. Маска для валасоў.

Як паводзіць сябе падчас хіміятэрапіі

Паводзіны падчас гэтага віду лячэння ў цэлым такія ж, як і пры праходжанні курсу прамянёвай тэрапіі. Тым больш, што ў хворых на рак шыйкі маткі, похвы або вульвы звычайна праводзяць абодва метады лячэння. Правільныя паводзіны ўключаюць у сябе пазітыўнае мысленне, паўнавартаснае харчаванне, багатае пітво да 2 л, рух, прагулкі на свежым паветры.

Чытайце ў наступным артыкуле: як дапамагае ў лячэнні раку фотадынамічная тэрапія (ФДТ), гіпертэрмія і імунатэрапія.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

135 0 30

Урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Глядзіце таксама
Наверх