2 Лютага
02.02.2020

Хоць сурок, хоць вожык, а ў нас і так вясна! Плюс дзень магічны!

logo
Думкі ўслых
152 0 61
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну, хто здагадаўся, пра што сёння размова?! Правільна, пра Дзень сурка, які адзначаецца менавіта 2-га лютага, прычым у ЗША шырока так, з размахам! І пра яго прадказанні будучага надвор’я, будучай вясны. Хаця ў нас што прадказваць? Зіму хіба? Са снегам? Ага, можа, у сакавіку. Толькі (цьфу-цьфу-цьфу!) абмініце нас, «Хаўер», «Даніела» ды іншыя «снегазавальныя» навалы! А пакуль і так вясна… Але аб усім – па парадку.

Дзень сурка. Дзень вожыка. Сурок Філ.

Сёння ў нас – не проста нядзеля. Дзень, калі можна адпачыць. Ну, ці заняцца хатнімі справамі. Сёння – цікавае супадзенне па лічбах: 02.02.2020. Люстраная дата! Магічная!!!

Асабіста я не дужа веру ў знакі, прыкметы і гэтак далей. Не, не зусім шчыра… Больш правільна будзе сказаць: не фанатычна веру. І спецыяльна ніякіх рытуалаў магічных не праводжу. Але вось загадаць жаданне…

А гэта мы заўсёды! Гэта мы з радасцю! Апоўначы на Новы год, на Раство, Стары Новы год, Вадохрышча… Калі ўпершыню ў годзе бачыш снегіроў… На ўласны Дзень народзінаў… А вы любіце загадваць жаданні? Часта гэта робіце?

Дзень сурка. Дзень вожыка. Загадваем жаданне.

Дык вось на заўтра нам прапаноўваюць якраз-такі гэтым заняцца! Ды яшчэ, аддаючы даніну сучаснасці, паставіць сабе нагадванне на тэлефон! Каб не забыцца загадаць жаданне яшчэ і ў патрэбны час. Для каго гэта – цалкам сур’ёзна, для каго – гульня… Але ж нічога благога і ў гэтым няма, праўда?

Тым больш, што заўтра, падчас такога магічнага супадзення, быццам бы расчыняецца Брама Лёсу. Ой, у мяне ўжо мурашкі па скуры… У мяне-то, матэрыяліста-рэаліста… А вось штосьці прабіла.

Дзень сурка. Дзень вожыка. Магічныя супадзенні лічбаў.

Дык чаму б і не паспрабаваць, як раяць?! Для ўсіх, хто пажадае гэта зрабіць:

  • 02:02 у ноч з 1-га на 2-га – загадваем пра шлюб, дзяцей, прыемнае знаёмства, пра шчасце ў асабістым жыцці;
  • 02:20 ці 20:20 – загадваем самае таемнае жаданне;
  • 22:22 – загадваем жаданне фінансавае.

Ну, і верыць трэба, абавязкова. Што спраўдзіцца… Не фанатычна, але…

А цяпер вяртаемся да сурка ды вожыка. Хаця, захоўваючы гістарычную справядлівасць, да вожыка і сурка. Ды і нам, беларусам, вожык лепей падыходзіць.

Пра Дзень сурка вы, вядома ж, чулі? Тым больш – па-амерыканску? Гэта калі шмат-шмат дарослых людзей збіраюцца разам толькі для таго, каб пабачыць, як знакаміты сурок Філ у Пенсільваніі выходзіць са сваёй норкі. І традыцыі гэтай больш за 100 год! Ён павінен прадказаць надыход вясны:

Дзень сурка. БДзень вожыка. Сурок Філ і яго цень.

  • калі бачыць свой цень, значыць, яшчэ будзе 6 тыдняў зімы і, адпаведна, вясна позняя;
  • калі ценю не бачыць, значыць, цёплая вясна блізка;
  • калі хуценька вярнуўся ў норку – зіма разгуляецца, са снегам і завірухамі;
  • трохі затрымаўся – усё ж вясна хутка;
  • калі зусім у норку не пайшоў – снег хутка пачне таяць, але вясна будзе халодная.

А чаму вожык?! Бо, аказваецца, ён быў першым у прадказаннях такога кшталту. Яшчэ ў старажытным Рыме! І ўжо значна пазней магічныя вызначэнні надвор’я з дапамогай жывёл, якія на зіму ўпадаюць у спячку, з’явіліся і ў іншых краінах.

Напрыклад, у Германіі і Францыі – барсук, у Англіі – тхор… А дзесьці і ўвогуле мядзведзь! А вось Беларусь можа сабе дазволіць паназіраць за вожыкамі! Толькі яны, магчыма, і не ўлегліся гэтай, так бы мовіць, зімой спаць…

Дзень сурка. Дзень вожыка.

А самае цікавае – сёння, 2 лютага, па традыцыі гэтага дня трэба:

  • знаходзіцца ў добрым настроі;
  • ні з кім не сварыцца і не высвятляць адносіны;
  • не пазычаць грошы;
  • не перабіраць крупы.

Пра апошняе не разумею, але за што купіла, за тое і прадаю! 🙂 Таму, аматары грэчкі ды іншых крупаў, сёння не ваш дзень… Альбо вы ведаеце месцы, дзе крупы прадаюцца настолькі чыстымі, што можна іх не перабіраць! 🙂

А што можна і трэба, хаця традыцыя і не наша, – запальваць шмат свечак у памяшканні! Таксама, думаю, пры цяперашнім пахмурным надвор’і – не пашкодзіць.

Дзень сурка. БДзень вожыка. Запальваем свечкі.

Так што сёння, у такі цікавы дзень, ёсць чым заняцца, праўда? Альбо пайсці да норкі вожыка, альбо сачыць за гадзіннікам і загадваць жаданні, альбо… перагледзець фільм «Дзень сурка»! Ці паглядзець, хто яшчэ яго не бачыў…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

152 0 61

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх