1 Снежня
01.12.2019

Хто, калі не мы? Чаму твой тэст на ВІЧ такі важны

logo
Навiны
136 014
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У 1988 годзе сусветная супольнасць упершыню адзначыла Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, падкрэсліўшы тым самым крайнюю ступень наступстваў, якія пагражаюць чалавецтву, ад распаўсюджвання смяротнай інфекцыі. За апошнія 30 гадоў у свеце ад СНІДу памерлі каля 32 мільёнаў чалавек. Большасць з іх – у той час, калі яшчэ не было ні дакладных рашэнняў адносна ранняй дыягностыкі захворвання, ні антырэтравіруснай тэрапіі. Усё, што па сутнасці маглі ўрачы, – назіраць, як павольна і часцяком пакутліва гінулі іх пацыенты. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася.

СНІД. Лекі.

ВІЧ ужо не азначае смяротны дыягназ. Гэта няхай і цяжкая, але цалкам кантралюемая хранічная інфекцыя. Прэпараты антырэтравіруснай тэрапіі абсалютна даступныя. А іх эфектыўнасць высокая настолькі, што дазваляе чалавеку з ВІЧ-інфекцыяй мець такія ж працягласць і якасць жыцця, як і ў здаровага чалавека. Распрацаваная і паспяхова рэалізуецца ў большасці краінаў свету стратэгія «90-90-90», глабальнай мэтай якой з'яўляецца спыненне распаўсюджвання ВІЧ/СНІД да 2030 года. Тым не менш, каб яе дасягнуць, трэба прыкласці яшчэ нямала намаганняў. Паслухаўшы экспертаў, журналіст партала Здаровыя людзі даведалася, якіх поспехаў дамаглася наша краіна ў рэалізацыі праграмы «90-90-90», з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца і якія рашэнні неабходна прыняць, каб амбіцыйныя мэты зрабіліся рэальнасцю.

Яшчэ крыху...

Эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі па ВІЧ/СНІДу ў лічбах абмаляваў намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ Алег Скрыпко. Выглядае яна наступным чынам.

Зараз у краіне на афіцыйным уліку знаходзяцца 21811 чалавек з ВІЧ-станоўчым статусам, якія атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію (АРВ-тэрапію), – 0,2% насельніцтва. Шмат гэта ці мала? Гэта нядрэнна, падкрэслівае спецыяліст. Крытычнай лічбай, паводле ацэнак сусветных экспертаў, прынята лічыць колькасць ВІЧ-станоўчых грамадзян, якая перавышае 1% насельніцтва рэгіёну. Напрыклад, у Пецярбургу гэты паказчык ушчыльную наблізіўся да 2% жыхароў мегаполіса. У нас жа нават у лідзіруючай па колькасці ВІЧ-інфікаваных Гомельскай вобласці гэтая лічба ў разы меншая – каля 0,5%.

Здаць кроў на ВІЧ.

Упершыню за 10 месяцаў гэтага года было зарэгістраванае рэкорднае зніжэнне колькасці новых выпадкаў інфекцыі – на 9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Цалкам аптымістычна выглядаюць і намаганні Беларусі па рэалізацыі глабальнай стратэгіі «90-90-90».

Нагадаем яе сутнасць: 90% насельніцтва павінны ведаць свой ВІЧ-статус. 90% людзей са станоўчым ВІЧ-статусам павінны прымаць АРВ-тэрапію. У 90% з іх лячэнне павінна прывесці да падаўлення вірусу да невызначальных значэнняў.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі 83,9% людзей, якія жывуць з ВІЧ, ведаюць свой статус (першыя 90). 80,4% з іх праходзяць спецыфічнае лячэнне (другія 90). У 75,7% пацыентаў дасягнуты паказчык невызначальнай віруснай нагрузкі.

СНІД. ВІЧ. Беларусь.

 
Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ
Ахоп АРВ-тэрапіяй мае цяпер ключавое значэнне, паколькі яна разглядаецца не толькі як сродак лячэння ВІЧ-інфекцыі, але і як мера прафілактыкі. Г.зн., калі ў ходзе лячэння дасягнутае падаўленне віруса, дык гэта роўна неперадавальнасці інфекцыі. Чалавек перастае быць крыніцай небяспекі.

З 1 студзеня 2018 года ў Беларусі ўкаранёны ўніверсальны доступ да АРВ-тэрапіі. Гэта значыць, што лячэнне пацыенту ў абавязковым парадку прапануюць з моманту пастаноўкі дыягназу, а не так, як гэта было раней, калі прэпараты прызначалі толькі пры дасягненні пэўнай ступені падаўлення імунітэту. Гэты крок таксама павінен наблізіць нашу краіну да акрэсленых мэтаў, упэўнены спецыяліст.

АРВ-тэрапія.

 
Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ
Арганізацыя работы па прафілактыцы і лячэнні ВІЧ-інфекцыі мае вырашальнае значэнне. Пра гэта яскрава сведчыць той факт, што сярод краінаў, якія дасягнулі невызначальнай віруснай нагрузкі ў 73 працэнтаў і больш людзей, якія жывуць з ВІЧ, ёсць не толькі краіны з высокім узроўнем даходаў, але і такія, напрыклад, як Намібія, Руанда, Камбоджа, Свазілэнд (зараз Эсватыні. - заўв. В.М.).

Акрамя таго, ужо ёсць гарады, дзе глабальныя мэты па спыненні распаўсюджвання ВІЧ/СНІД амаль ці ўжо дасягнутыя. Вось як выглядае пяцёрка лідараў:

  • Лондан: 95 – 98 – 97
  • Амстэрдам: 95 – 94 – 96
  • Нью-Ёрк: 93 – 86 – 93
  • Мельбурн: 89 – 98 – 96
  • Парыж: 88 – 96 – 94

У нашай краіны, упэўненыя эксперты, ёсць рэальныя шанцы працягнуць гэты спіс.

Чырвоная стужка. ВІЧ\СНІД.

 
Алег Скрыпко
Намеснік галоўнага ўрача гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з ВІЧ
Але, трэба заўважыць, што яшчэ 5-10 гадоў таму ў Беларусі пераважна быў распаўсюджаны парэнтаральны шлях перадачы віруса. На яго долю прыпадала да 80% выпадкаў заражэння. Цяпер – усяго 17,3%. Затое больш за 80% выпадкаў інфіцыравання адбываецца палавым шляхам. Іншымі словамі – цалкам змяніўся партрэт пацыента. Калі раней лічылася, што СНІД – гэта хвароба наркаманаў, кажучы папросту, дык сёння відавочна, што захварэць можа хто заўгодна. Нязменным застаўся толькі ўзрост. Асноўная маса людзей, якія жывуць з ВІЧ, знаходзяцца ва ўзросце ад 19 да 49 гадоў.

Вірус – у галаве

Гэта здаецца неверагодным, але за тыя 30 з лішкам гадоў, калі свет дасканала вывучыў вірус імунадэфіцыту чалавека – ад механізмаў заражэння і дыягностыкі да эфектыўнага лячэння, у свядомасці многіх людзей хвароба носіць пячатку стыгмы. Кажучы пра нашых суайчыннікаў, прадузятасці ў дачыненні да ВІЧ-станоўчых абумоўленыя ў большай ступені тым страхам 30-гадовай даўніны, калі дыягназ прыраўноўваўся да смяротнага прысуду, лічыць намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

ВІРУС – у галаве.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
У краіне ёсць пэўныя зрухі ў памяншэнні стыгмы і дыскрымінацыі ў дачыненні да такіх людзей. Тым не менш, яны ўсё яшчэ існуюць, бо ў насельніцтва недастатковыя веды пра шляхі перадачы віруса, многія не разумеюць, што ВІЧ не перадаецца ў побыце. Наша задача – пастаянна нагадваць пра гэта. Важна, каб людзі ўсвядомілі: той, хто мае станоўчы ВІЧ-статус, але прымае АРВ-тэрапію, – бяспечны для навакольных, не з'яўляецца крыніцай інфекцыі. Нам трэба перастаць баяцца ў самым шырокім разуменні гэтага слова.

Нездарма акцэнт сёлетняга Сусветнага дня барацьбы са СНІДам зроблены на вырашальнай ролі супольнасцяў у прафілактыцы распаўсюджвання інфекцыі. Спецыяліст канстатуе: на сёння мы можам казаць толькі прыкладна пра 80% людзей, якія ведаюць пра свой ВІЧ-станоўчы статус. Астатнія жывуць і не падазраюць пра хваробу. Бо не ўсе надаюць важнае значэнне тэставанню, многія проста баяцца ведаць праўду.

Экспрэс-тэст на ВІЧ па крыві.

 
Іна Карабан
Намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя
Таму ўдзел супольнасцяў, грамадскіх арганізацый, якія непасрэдна працуюць з людзьмі, што жывуць з ВІЧ, з уразлівымі групамі рызыкі, – гэта важны напрамак, які трэба развіваць і падтрымліваць. Акрамя таго, я заклікаю ўсіх, хто недастаткова ведае пра ВІЧ, у каго ёсць пытанні: звярніцеся да ўрача-спецыяліста, кансультанта з грамадскага аб'яднання, які працуе з ВІЧ-станоўчымі людзьмі, – і атрымаеце ўсю цікавую і праўдзівую інфармацыю.

Зручная нагода атрымаць адказы на ўсе пытанні – узяць удзел у прафілактычнай акцыі «Прайдзі тэст – абараніся ад ВІЧ», якая будзе праходзіць да 10 снежня. Акцыю, паведаміла Іна Карабан, суправаджае аўтобус, дзе ўсе жадаючыя могуць прайсці экспрэс-тэставанне на ВІЧ па сліне, атрымаць кансультацыю эпідэміёлага, паразмаўляць з псіхолагам, прайсці анкетаванне на веданне праблематыкі і прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі. Аўтобус курсуе па буйных прадпрыемствах сталічнага рэгіёну. Яго паслугамі ўжо паспелі скарыстацца работнікі Камароўскага рынку, Мінскага аўтамабільнага завода, кандытарскай фабрыкі «Слодыч», Мінскага завода пеністых вінаў, Мінскай агародніннай фабрыкі. Зараз акцыя праходзіць у Дзяржынску.

Экспрэс-тэст на ВІЧ па сліне.

Валодаць дакладнай інфармацыяй пра ВІЧ, ведаць свой статус – гэта тое, што трэба ў першую чаргу нам самім, кожнаму з нас. Хаця б для ўпэўненасці: я зрабіў усё неабходнае, каб абараніць свой дом – спыніць распаўсюджванне віруса ў краіне, дзе мы жывем побач адно з адным.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

136 0 14

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх