30 Красавіка
30.04.2019

«Я раблю іх прама зараз». Практыкаванні Кегеля для лянівых (+відэа)

logo
Трэніруйся
96 0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Прыхільнікі культавага серыяла «Сэкс у вялікім горадзе», напэўна, прыгадаюць гэтую фразу гераіні Саманты. Хараство практыкаванняў Кегеля заключаецца ў тым, што яны не патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. Выконваць іх можна, нават седзячы на працы ці ў транспарце. Саманта, да прыкладу, займалася трэніроўкай, міла размаўляючы ў бары з сяброўкамі. Але сучасны свет пайшоў далей. Сёння для таго, каб трэніраваць мышцы тазавага дна, можна наогул не напружвацца. Дастаткова толькі... прысесці на спецыяльны стул. Навінка была прадстаўлена на выставе «Ахова здароўя Беларусі-2019».

вибростул на выставке «Здравоохранение Беларуси ‒ 2019»

Што такое практыкаванні Кегеля?

Сваю назву практыкаванні атрымалі ад імя амерыканскага гінеколага з нямецкімі каранямі Арнольда Кегеля. У 1948 годзе ён упершыню выказаў думку, што не заўсёды пры лячэнні нетрымання мачы патрабуецца хірургічнае ўмяшанне. Эфектыўнымі могуць быць і самастойныя заняткі па ўмацаванні мышцаў тазавага дна.

Уявіце, што вам вельмі хочацца пісаць, але цяпер трэба пацярпець. Сцісніце мышцы так, як быццам трэба прама зараз утрымаць мочаспусканне. Гэта і ёсць мышцы тазавага дна.

Чаму слабеюць мышцы тазавага дна?

  • З узростам;
  • пры наяўнасці генетычнай схільнасці;
  • пры расцяжэнні мышцаў пахвіны ў сувязі з родамі;
  • з-за аперацый, запаленчых працэсаў мочапалавой сістэмы;
  • у сувязі з атлусценнем, парушэннем абмену рэчываў;
  • пры нізкай фізічнай актыўнасці.

Як рабіць практыкаванні?

Сцісніце мышцы тазавага дна і ўтрымлівайце ў такім стане 5-7 секунд. Паўтарайце 10-20 разоў. І так 2-3 разы на дзень.

Магчыма, з першага разу выканаць такую нагрузку не атрымаецца. Уся справа ў рэгулярных трэніроўках.

упражнения Кегеля

Для чаго жанчынам практыкаванні Кегеля?

  • Дазваляюць не дапусціць апушчэння ўнутраных органаў (маткі, мачавога пузыра, тонкай і прамой кішкі);
  • з'яўляюцца прафілактыкай нетрымання мачы;
  • спрыяюць павышэнню якасці сэксуальнага жыцця за кошт таго, што мышцы похвы застаюцца ў тонусе (ўласна, таму іх і выконвала Саманта).

Чаму практыкаванні Кегеля карысныя для мужчын?

Насуперак стэрэатыпам, практыкаванні Кегеля карысна рабіць не толькі жанчынам, але і мужчынам. Карысць для мужчынскага здароўя яны аказваюць неацэнную.

  • Утрымліваюць на месцы органы малога таза (мачавы пузыр, прамую і тонкую кішку);
  • дапамагаюць кантраляваць мочаспусканне. І можна не баяцца маленькіх нечаканасцяў пры вялікіх нагрузках або, напрыклад, моцным кашлі і чханні;
  • спрыяюць паляпшэнню эрэкцыі.

Калі няма часу і лянота

Спецыяльна для тых, хто гатовы да «інтымных» трэніровак, але ніяк не знаходзіць для гэтага часу або сіл, вынайдзены апарат для трэніроўкі мышцаў тазавага дна. Выглядае ён як звычайнае крэсла. А ўся працэдура заключаецца ў тым, каб проста пасядзець на ім на працягу 8 хвілін.

 
Юлія Валатоўская
Кансультант па касметалагічнаму і фізіятэрапеўтычнаму абсталяванню, дэрматавенеролаг, урач-касметолаг
Нетрыманне мачы – праблема, пра якую не прынята казаць. Аднак з ёй сустракаецца кожная чацвёртая жанчына ва ўзросце пасля 50 гадоў. Гэта нязручнасць перашкаджае жыць паўнавартасна. Падобнае крэсла дапамагае палепшыць якасць жыцця такіх жанчын.

У гэтай тэхналогіі выкарыстоўваецца сфакусаванае высокачастотнае магнітнае поле, якое выклікае скарачэнне папярочна-паласатай мускулатуры. У дадзеным выпадку гэта мышцы тазавага дна. Апарат падыходзіць для прафілактыкі і лячэння некаторых відаў нетрымання мачы, хранічных запаленчых захворванняў тазавых органаў, пачатковых стадый пралапсу маткі.

Калі мы гаворым пра пацыентаў мужчынскага полу, для іх крэсла можа быць карысна пры нетрыманні мачы, цяжкасцях з кантролем мочаспускання, утрымання струменю мачы. Такія праблемы часта сустракаюцца пасля прастатэктоміі – выдалення прастаты з нагоды злаякасных новаўтварэнняў ці іншых захворванняў.

 
Таццяна Сотнікава
Менеджэр
Калі знаходзішся ў крэсле, дык адчуваеш «сцісканне-расцісканне» мышцаў. Калі жанчына робіць практыкаванні Кегеля, яна сама павінна кантраляваць мышцы, арганізаваць сябе для таго, каб займацца. Тут усё нашмат прасцей. Прыйшла, села ў вопратцы, атрымала працэдуру і сышла. Крэсла робіць усё само. Пры гэтым няма болевага сіндрому, напружання.

Супрацьпаказанні

Гэта любыя хранічныя паталогіі ў стане дэкампенсацыі: усе вострыя захворванні. А таксама:

  • унутрыматачная спіраль;
  • злаякасныя новаўтварэнні;
  • гіпертэрмія (высокая тэмпература);
  • запаленчыя працэсы ў вострай стадыі;
  • імпланты ў тазасцегнавым суставе;
  • інсулінавая помпа;
  • штучны кіроўца рытму сэрца;
  • кахліярныя імпланты.

Працэдуру рэкамендуецца праводзіць 4 разы (праз 3 дні кожны) прыкладна раз на паўгода. Але паколькі крэсла ў нас яшчэ няма... Не будзем ленавацца: пачнем рабіць практыкаванні Кегеля самастойна прама зараз!

А ўсё цікавае пра вібрастул – у гэтым відэа.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Відэа – Генадзь Сукач, Святлана Стахоўская.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

96 0 41

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх