26 Снежня
26.12.2019

Ядомае – неядомае? Іншароднае цела ў арганізме дзіцяці

logo
Трывожны сімптом
129 0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У той момант, калі дзіця пачынае ўжо самастойна сядзець, поўзаць ці хадзіць, для яго адкрываецца новы і цікавы свет, які абавязкова трэба вывучыць, а лепей – пакаштаваць «на зуб». Як засцерагчы дзіця ад выпадковага «паглынання» розных прадметаў і што трэба рабіць, калі бяда ўжо здарылася?

Напэўна, няма такога хлопчыка ці дзяўчынкі, якія б штосьці ды не праглыналі, пачынаючы ад вялікай цукеркі. А далей гэты спіс можа расці ў геаметрычнай прагрэсіі.

 
Валянціна Ваўчок
Галоўны спецыяліст аддзела меддапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
З-за знешніх прычынаў гіне ад 20 да 24 дзяцей ва ўзросце да 1 года. 12% ад агульнай колькасці загінуўшых дзяцей (0-17 гадоў) памерлі ад праглынутых іншародных целаў альбо тых, што трапілі ў дыхальныя шляхі.

Прадметы, якія дзеці праглынаюць часцей за ўсё:

  • дробныя цацкі
  • пярсцёнкі
  • шпількі
  • іголкі
  • лязо
  • манеты
  • невялікія дэталі канструктара
  •  батарэйкі
  • магніты
  •  шкляныя прадметы.

Яркія прадметы часцей выклікаюць дзіцячую цікавасць. Але вялікую небяспеку для арганізма ўяўляюць батарэйкі, магніты і колюча-рэжучыя прадметы.

Да моманту ўводу ў абарачэнне манетаў выпадкаў хірургічнага ўмяшання па даставанні іншародных целаў было 26 у год. А ў 2017 -м годзе гэтыя лічбы выраслі да 155.

 За 2019 год толькі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі было праведзена 106 аперацый.

Чаму батарэйкі і магніты вельмі небяспечныя?

 
Кірыл Санфіраў
Урач-эндаскапіст РНПЦ дзіцячай хірургіі
Што адбываецца, калі дзіця глытае батарэйку, асабліва моцна зараджаную? Часцяком, прымацаваўшыся да слізістай стрававода, яна аддае свой разрад. Батарэйка разаграваецца і пачынае кіпець. Пры гэтым яна адначасова абпальвае слізістую і падвяргае яе ўздзеянню салянай кіслаты страўнікавага соку. Плюс у гэтыж момант утварае шкодныя хімічныя злучэнні, якія ўсмоктваюцца і выклікаюць цяжкую інтаксікацыю і паражэнне ўнутраных органаў. Тут ужо лік ідзе на хвіліны. Найбольш небяспечныя батарэйкі памерам з манету ў 20 капеек, бо яны захрасаюць унутры часцей за іншыя.

Праведзены дактарамі эксперымент з кавалкам мяса і новай батарэйкай паказаў, як ужо праз паўтары хвіліны добра зараджаная батарэйка пачала сваё дзеянне. А праз паўтары гадзіны ўсе ўбачылі выразнае паражэнне мяса на палову сантыметра ад бакоў батарэйкі.

Не менш небяспечны прадмет пры праглынанні – магніт. Асабліва, калі гэта дэталі ад магнітнага канструктара.

 
Кірыл Марахоўскі
Урач-эндаскапіст, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык дыягнастычнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі
Калі дзіця праглынула некалькі магнітных дэталяў ад канструктара з розным інтэрвалам у часе, дык, злучыўшыся ў арганізме паміж сценкамі ўнутраных органаў, за пару гадзін яны ўтвараюць пролежань. А праз суткі ў гэтым месцы ўжо з'яўляецца дзірка.

Што рабіць, калі дзіця ўжо праглынула іншародны прадмет?

Калі дзіця праглынула батарэйку, дык яе ўжо не вытрасеш. Таму, калі ёсць хаця б пэўнае падазрэнне на гэты конт, дык тэрмінова трэба збірацца і ехаць у любы дзіцячы хірургічны стацыянар. Ці хаця б знайсці, дзе можна хутка зрабіць рэнтген.

 
Кірыл Марахоўскі
Урач-эндаскапіст, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык дыягнастычнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі
У залежнасці ад таго, што праглынула дзіця, і будзе залежаць парадак дзеяння доктара. Калі гэта батарэйка, магніт ці штосьці вострае, дык дзеянні будуць досыць хуткімі.

 
Кірыл Марахоўскі
Урач-эндаскапіст, кандыдат медыцынскіх навук, загадчык дыягнастычнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі
Калі гэта манеты або прадметы, якія не ўяўляюць моцную небяспеку для арганізма, дык у спецыяліста будзе час паназіраць за пацыентам. Калі іншародны прадмет не затрымаўся ў страваводзе, а адразу трапіў у страўнік, дык на працягу пэўнага перыяду спецыялісты могуць прыняць рашэнне пачакаць, пакуль іншароднае цела выйдзе самастойна натуральным шляхам.

Калі ў дзіцяці не назіраецца прыкметаў удушша, дык забяспечце яму максімальны спакой і прасачыце за тым, каб ён знаходзіўся ў камфортным становішчы, робячы мінімум рухаў.

Любыя дзеянні ў гэтым выпадку не толькі недарэчныя, але і небяспечныя: можна выпадкова перамясціць праглынуты прадмет так, што ён перакрые дыхальныя шляхі ці выкліча востры боль.

Калі вы не медык і навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі ў вас няма, дык лепей не рызыкуйце жыццём дзіцяці, а хутка імчыцеся ў хірургічнае аддзяленне найбліжэйшай бальніцы, асабліва калі прадмет трапіў у дыхальныя шляхі ці, на вашу думку, уяўляе пагрозу для жыцця.

Што катэгарычна забаронена рабіць да прыезду медыкаў?

  • Не спрабуйце самастойна выцягнуць іншароднае цела ці «прапхнуць» ежай прадмет.
  • Па магчымасці не давайце дзіцяці піць, бо гэта можа перашкодзіць правядзенню наркозу ў выпадку неабходнасці.
  • Калі ўсё ж такі дзіцяці хочацца піць, дык лепей проста намачыць вусны або працерці іх вільготнай анучкай.
  • Не давайце слабіцельных сродкаў.

Як утрымаць дзіця ад праглынання іншародных целаў?

  • Старайцеся трымаць дзіця ў полі вашага зроку.
  • Уважліва аглядайце ўсе цацкі, што набываеце, і сачыце за ўжо набытымі.
  • Са старэйшымі дзецьмі праводзьце гутаркі аб бяспецы даступнай для іх узросту мовай.
  • Прыбірайце прадметы, якія ўяўляюць нават маленькую небяспеку (пульты ад тэлевізараў, падлогавыя вагі з батарэйкамі і г.д. трымайце ў месцах, недаступных для дзяцей).

 
Ганна Котава
Галоўны ўрач 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г.Мінска
Самы просты спосаб вызначэння дробнага прадмета пры дапамозе звычайнай утулкі ад паперы для прыбіральні. Неабходна зразумець: усё, што праз яе праходзіць, катэгарычна небяспечнае для дзіцяці. Таксама даросламу вельмі важна ўмець апусціцца на ўзровень вачэй дзіцяці – для таго, каб візуальна ацаніць наяўнасць або адсутнасць дробных прадметаў у зоне даступнасці малыша.

Шаноўныя дарослыя! Менавіта вашыя клопат і пільнасць змогуць не толькі зрабіць свет дзіцяці лепшымі, але і прадухіліць бяду!

Фота – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

129 0 26

Журналіст, радыёвядучая.
Глядзіце таксама
Наверх