12 Красавіка
12.04.2017

Як абуць красоўкі і не зламаць нагу, або Маленькі сакрэт вялікага спорту

logo
Трэніруйся
133 0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пранацыя. Як шмат у гэтым слове... Чужога і незнаёмага. Між тым, тып пранацыі – гэта ці не першае, што неабходна ведаць пры выбары спартыўнага абутку, пасля памеру нагі, відавочна. Калі не ўлічваць гэтую адметнасць, любая фізічная актыўнасць – хай гэта будзе аэробіка, бег або заняткі ў трэнажорнай зале – у далейшым можа мець негатыўныя для здароўя наступствы: вывіхі, расцяжэнні, пераломы стоп, калень, ладыжак і нават сцёгнаў. Прынамсі, пра гэта сведчаць высновы сінгапурскіх навукоўцаў, якія правялі амаль 30 даследаванняў узаемасувязі тыпу ступні і траўмаў ног.

Вучоныя запэўніваюць: недастатковая або залішняя пранацыя ступні на 23% павялічвае рызыку траўміравання. Акрамя таго, яна можа стаць прычынай боляў у суставах, хрыбетніку, а таксама ў літаральным сэнсе крыніцай няспыннага галаўнога болю.

Такім чынам, што такое пранацыя ступні, як вызначыць яе тып і як з гэтым веданнем жыць далей без шкоды для здароўя і фізічнай актыўнасці? Дапаможа разабрацца Генадзь Ур’еў.

 
Генадзь Ур’еў
Кандыдат медыцынскіх навук, траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі

Пранацыя, папросту кажучы, – гэта ступень прагіну ступні пры дотыку да цвёрдай паверхні. Тып пранацыі – індывідуальны паказчык, які залежыць ад пабудовы ступні канкрэтнага чалавека, а таксама яго росту і вагі. У сваю чаргу ад тыпу пранацыі залежыць тое, наколькі раўнамерна размяркоўваецца нагрузка на апорна-рухальны апарат пры хадзе, бегу, скачках і г.д. Пранацыя – у пэўным сэнсе амартызатар ў арганізме чалавека. Толькі ўявіце, у момант дотыку нагой да паверхні зямлі ўдарная нагрузка на цела чалавека ў 6-8 разоў перавышае яго ўласную вагу. І так кожны крок! У той жа час мы не адчуваем ніякага цяжару, не падаем, а прадаўжаем рухацца. Усё дзякуючы пранацыі.

Вылучаюць тры тыпы пранацыі:

  1. Нейтральная. Яе лічаць нормай. Нагрузка на апорна-рухальны апарат пры нейтральнай пранацыі размяркоўваецца аптымальна. Пры хадзе / бегу ступня дакранаецца да паверхні спачатку знешнім бокам пяткі, ступня выгінаецца ўнутр прыблізна на 15%, адштурхоўванне ад паверхні раўнамернае з упорам на ўсе пальцы.
  2. Недастатковая (гіпапранацыя). У гэтым выпадку дотык ступні да паверхні таксама пачынаецца з вонкавага боку пяткі, але прагін унутр не дасягае 15%. Ударную нагрузку прымае знешняя частка ступні, нераўнамерна размяркоўваючы яе на ўвесь апорна-рухальны апарат. Адштурхванне ад паверхні адбываецца ў асноўным за кошт чацвёртага і пятага пальцаў ног.
  3. Залішняя (гіпапранацыя). Пры гіпапранацыі ступня ў першую чаргу датыкаецца да паверхні ўнутраным бокам пяткі, ступня прагінаецца ўнутр больш як на 15%. Адштурхоўванне ад паверхні адбываецца за кошт ўпору на вялікія пальцы ног.

Ёсць як мінімум 4 даступныя спосабы вызначэння тыпу пранацыі ступні.

Спосаб 1. Уважліва вывучыце падэшву зношанага абутку. 

Пры нейтральнай пранацыі падэшва будзе сцёртая раўнамерна. Пры недастатковай – асабліва моцна з вонкавага боку абутку. Пры залішняй – найбольш «пацярпелай» апынецца частка падэшвы з унутранага боку ступні.

Але гэты спосаб самы доўгі, не самы прыемны і, зрэшты, не заўжды дакладны. Па-першае, абутак трэба знайсці дастаткова ношаны. Па-другое, разглядаць сцёртыя красоўкі ці туфлі – задавальненне сумніўнае.

Спосаб 2. Звярніцеся па дапамогу да кансультанта ў спецыялізаванай краме, якая гандлюе спартыўнай экіпіроўкай.

Не бойцеся, што вас падмануць. Як правіла, у вялікіх спортмаркетах не толькі з разуменнем ставяцца да такіх просьбаў, але і самі прапануюць прайсці міні-тэст, перш чым набыць спартыўны абутак. Вам давядзецца пару-тройку хвілін пабегаць на месцы (або па бегавой дарожцы), пакуль кансультант дасведчаным позіркам вызначыць характар бегу і пранацыю ступні.

У гэтага спосабу таксама ёсць недахопы. Хутчэй за ўсё, «бегчы» давядзецца на вачах у іншых пакупнікоў. А эксперту давядзецца паверыць на слова, не маючы магчымасці праверыць яго кампетэнцыю і вопыт.

Спосаб 3. Так званы «мокры тэст».

Той выпадак, калі вам не трэба ні памочнікі, ні спецыяльнае абсталяванне. Варта добра намачыць ступню і пастаяць каля хвіліны на чыстым аркушы паперы, каб след застаўся. Затым параўнаць атрыманы адбітак з малюнкам, прыведзеных ніжэй. Для большай нагляднасці контуры мокрага следу можна абвесці алоўкам.

Злева – адбітак ступні пры залішняй пранацыі; у цэнтры – пры недастатковай; справа – пры нейтральнай.

Як правіла, ступням уласцівы аднолькавы тып пранацыі. Аднак не палянуйцеся і правядзіце тэст для абедзьвюх ног.

«Мокры тэст» досыць папулярны і калі выкананы правільна, няма падстаў не давяраць яго вынікам. І ўсё ж самым надзейным і дакладным будзе наступны спосаб.

Спосаб 4. Абсалютна дакладна вызначыць тып пранацыі ступні можа толькі ўрач-артапед.

Правільны спартыўны абутак з пункту гледжання пранацыі

 

 

 

 

 

 

Выбар правільнага спартыўнага абутку вызначаецца мноствам фактараў: ад віду спорту і да сезону і тыпу паверхні. Але з улікам пранацыі ступні красоўкі для гіперпранатараў абавязкова павінны мець супінатары. Яны здольныя прадухіліць залішні прагін ступні, тым самым палепшыць натуральную амартызацыю і зберагчы вашы шчыкалаткі-калені ад траўмаў за кошт правільнага пераразмеркавання нагрузкі на апорна-рухальны апарат.

Спартыўны абутак для ўладальнікаў гіпапранацыі, адпаведна, не мусіць мець супiнатараў, каб не справакаваць і без таго высокую верагоднасць падвярнуць нагу.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

133 0 15

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх