7 Мая
07.05.2020

Як эфектыўна працаваць у падаленым рэжыме падчас пандэміі

logo
Перамажы стрэс
156 0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ужо каля месяца мы жывем ва ўмовах новай рэальнасці, у якой вымушаныя сацыяльна дыстанцыявацца і большую частку сутак знаходзіцца дома. Шматлікія кампаніі, да таго ж, перавялі сваіх супрацоўнікаў на падаленую працу. Адпаведна, дом зрабіўся і сямейным ачагом, і офісам адначасова. Перабудавацца на новы рытм і ўмовы працы не ўсім аказалася проста. Паспрабуем разабрацца ў нюансах, як заставацца эфектыўным на падаленай працы.

Падаленая праца. Плюсы.

Перш за ўсё, варта адзначыць, што ў фармаце дыстанцыйнай працы ёсць свае плюсы:

  • адсутнасць дрэс-кода,
  • памяншэнне кантролю «зверху»,
  • магчымасць самастойна планаваць дзень і распараджацца часам.

Пабочны эфект падаленай працы

Разам з тым, існуюць і складанасці:

1.Зніжэнне эмацыянальнага фону

Вымушаная ізаляцыя скарачае жывыя стасункі з сябрамі, калегамі і кліентамі. Аднак для падтрымання стабільнага настрою нам неабходна кантактаваць з іншымі людзьмі. Пры жывых стасунках мы дзелімся адно з адным не толькі навінамі, але і сваім эмацыянальным станам. На невербальным узроўні можам счытваць стаўленне да нас чалавека, яго настрой.

Адсутнасць «жывых» кантактаў на працягу некалькіх дзён можа прывесці да зніжэння настрою, а ў больш працяглых выпадках – да дэпрэсіўнага стану.

Засцерагчы сябе ад праблемы дапаможа перавод звыклых стасункаў у відэа-рэжым з выкарыстаннем спецыяльных месэнджараў і праграм. У такім фармаце можна не толькі праводзіць працоўныя нарады, але і працягваць весці нефармальныя стасункі з калегамі ў перапынках паміж працай.

Падаленая праца. Стасуемся ў месэнджарах.

2.Хуткае выгаранне

Людзям з высокім узроўнем адказнасці падаленая праца можа пагражаць хуткім выгараннем, асабліва, калі падціскаюць тэрміны здачы праекта.

У офісе мы абмежаваныя рамкамі працоўнага часу. Таксама знаходзімся ў асяроддзі калег, якія, заўважыўшы нашу стомленасць, параяць адпачыць або прапануюць сваю дапамогу.

Дома ж адказны перфекцыяніст можа так захапіцца рашэннем працоўных задач, што будзе працаваць на знос без перапынкаў на адпачынак і абед. У канчатковым выніку гэта можа прывесці да фізічнага і эмацыянальнага знясілення.

Таму не спрабуйце зрабіць усё і адразу. Заводзьце будзільнік на час запланаваных перапынкаў і заканчэння працоўнага дня, калі мяркуеце, што можаце занадта захапіцца працай.

Падаленая праца. Робім перапынкі.

3.Зніжэнне эфектыўнасці ў працы

Для людзей з недастатковым узроўнем самакантролю, дысцыпліны і самаарганізацыі рэжым падаленай працы багаты на спакусы: ад жадання паглядзець фільм і пагуляць у сацсетках ў працоўны час да адкрытай пракрасцінацыі. Натуральна, гэта можа негатыўна адбіцца на выніках працы.

Калі аб'ём працы ў сувязі з карантынам паменшыўся, гэта не падстава расслабляцца канчаткова. Лепей правесці час, які вызваліўся, больш эфектыўна. Напрыклад, асвойваючы новыя навыкі або ўдасканальваючы старыя. Тым больш, што зараз з'явілася шмат бясплатных навучальных анлайн-курсаў у розных напрамках. Як доўга працягнецца пандэмія і якім чынам адаб'ецца на эканоміцы краіны, пакуль незразумела. Таму лепей быць гатовымі да магчымых выклікаў. Бо ў крытычнай сітуацыі мы не падымаемся да ўзроўню сваіх чаканняў, а апускаемся да ўзроўню сваёй падрыхтоўкі.

Правілы эфектыўнай працы дома

Што рабіць, каб праца ва ўмовах вымушанай ізаляцыі дома не страціла эфектыўнасці, а магчыма, зрабілася нават больш выніковай? Выконвайце простыя правілы.

1.Захоўвайце рэжым працоўнага дня

Зрабіце так, каб рэжым дня максімальна адпавядаў працоўнаму. Пачынайце, заканчвайце працу і рабіце перапынкі ў той жа час, што і ў офісе.

Падаленая праца. Абед па раскладу.

Ранішні пад'ём пажадана пакінуць у той жа час, як калі б вам давялося ездзіць на працу ў офіс. Той прамежак часу, які звычайна займае дарога туды, можна з чыстым сумленнем выдаткаваць на выкананне хатніх спраў, заняткі спортам ці чытанне кніг.

2.Абсталюйце працоўнае месца

Аддзяліце працу ад дома! Абсталюйце працоўнае месца так, каб вам лёгка было засяродзіцца на працы. Ідэальна, калі гэта будзе асобны пакой, у якім ёсць усё неабходнае для выканання службовых абавязкаў. Лепей развярнуць стол так, каб, седзячы за ім, вы не адцягвалі ўвагу на хатнюю абстаноўку: напрыклад павярнуць яго да сцяны або да акна. Таксама дамоўцеся з хатнімі (калі і яны працуюць або вучацца дыстанцыйна) не перашкаджаць адзін аднаму ў працоўны час.

Адмоўцеся ад спакусы працаваць на канапе ці ў ложку. Па-першае, нізкая эфектыўнасць на такім «працоўным месцы» практычна гарантаваная. Па-другое, месцы, дзе вы будзеце выконваць свае службовыя абавязкі, будуць потым асацыявацца з працай. Таму важна размяжоўваць хатнюю прастору на месца для працы i месца для адпачынку і сну.

Падаленая праца. Абсталёўваем працоўнае месца дома.

3.Плануйце працоўны дзень

Дакладны план на дзень дапаможа вам самаарганізавацца. На раніцу і першую палову дня плануйце самыя складаныя заданні, а таксама тыя, да якіх душа не ляжыць. Калі адкладаць іх на потым, думкі пра іх будуць пераследаваць і адцягваць увагу на працягу дня, адпаведна, зніжаючы эфектыўнасць працы.

Не забывайцеся ўключыць у распарадак працоўнага дня перапынак на абед. Таксама павышэнню прадуктыўнасці будуць спрыяць перапынкі кожныя 2 гадзіны на 15 хвілін. У гэтыя перапынкі можна рабіць невялікія і нескладаныя хатнія справы, але лепей даць сабе час проста адпачыць. Гэта неабходна нашаму мозгу для таго, каб перазагрузіцца і пачаць працаваць з новымі сіламі.

4.Не паддавайцеся паніцы

Трывога, страх, паніка не спрыяюць прадуктыўнасці ні на працы, ні ў побыце. І што немалаважна ў наш час – саслабляюць імунітэт.

Старайцеся канцэнтравацца на прыемных і пазітыўных момантах на працягу дня. Не злоўжывайце праглядам праграмаў навінаў і каналаў. Выдзеліце для гэтага абмежаваны час і атрымлівайце інфармацыю толькі з надзейных крыніц.

Падаленая праца. Чытаем навіны з надзейных крыніц.

Зараз мы апынуліся ва ўмовах, да якіх не былі гатовыя. Лепшае, што мы можам зрабіць у сітуацыі, якая склалася, – не чакаць, калі пандэмія скончыцца, а прыняць рэальнасць такой, якая яна ёсць. Жыццё – гэта ж заўсёды перамены. Важна ўмець адаптавацца да новых умоў і спрабаваць узяць з іх для сябе лепшае, карыснае, важнае.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

156 0 15

Кар'ерны кансультант, псіхолаг у сферы пазітыўнай і кагнітыўна-паводніцкай псіхатэрапіі
Наверх