23 Мая
23.05.2020

Як не прапусціць і як лячыць рак тоўстай кішкі? Адказвае анкапрактолаг

logo
Вострае пытанне
162 0 62
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Беларусі ў 2018 годзе выяўлена 5415 новых выпадкаў каларэктальнага раку (злаякасная пухліна тоўстай кішкі). У 45% з іх пухліна дыягнаставаная на III і IV стадыях, што зніжае шанцы на выжывальнасць і якасць жыцця пасля аператыўнага лячэння. Рост захворвання звязваюць са старэннем насельніцтва і культурай нашага харчавання.

Каму варта больш уважліва сачыць за здароўем кішэчніка? Якія сімптомы павінны насцярожыць? Што абмежаваць у харчаванні для прафілактыкі каларэктальнага раку? На пытанні чытачоў адказаў Генадзь Калядзіч, загадчык калапракталагічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, кандыдат медыцынскіх навук, анколаг вышэйшай катэгорыі.

Як правярацца і што выключыць з харчавання?

Чуў, што найбольш значных поспехаў у дыягностыцы і лячэнні раку кішэчніка дасягнулі ў Японіі, адзін з ключавых фактараў – абавязковы скрынінг па ўнікальным імунахімічным тэсце на гемаглабін і трансферын у кале. Ці можна ў Мінску зрабіць такі тэст?

Каларэктальны рак – адзін з нямногіх, для якіх ёсць скрынінг з даказанай эфектыўнасцю. Краіны, дзе ўкаранёныя скрынінгавыя праграмы, дасягаюць значных поспехаў у лячэнні раку тоўстай кішкі і памяншэнні смяротнасці.

У Беларусі дзейнічае праграма скрынінгу злаякасных новаўтварэнняў тоўстай кішкі ў рамках дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека 2015-2020гг.», якая ўключае правядзенне імунахімічных тэстаў на схаваную кроў у кале.

Гэты тэст – найбольш дакладны і эфектыўны метад на дадзены момант, які дазваляе выявіць перадпухлінную паталогію. Пры станоўчым тэсце пацыенту выконваецца каланаскапія пад анестэзіяй. Калі ў кішэчніку выяўляюцца паліпы, яны выдаляюцца і накіроўваюцца на марфалагічнае даследаванне. Пасля гэтага ўстанаўліваецца канчатковы дыягназ.

Скрынінг добры тым, што дазваляе выявіць злаякасныя пухліны і перадпухлінныя захворванні ў бессімптомных асобаў. Таксама ёсць даследаванні, якія паказваюць зніжэнне частаты пасляаперацыйных ускладненняў у пацыентаў, паколькі захворванне выяўленае на больш ранняй стадыі.

Гэты рак можна прадухіліць, бо практычна 90% злаякасных пухлінаў тоўстай кішкі ўзнікаюць з дабраякасных паліпаў. Гэта адбываецца не адразу, можа прайсці 5-10 гадоў. Трансфармацыя ў рак залежыць ад памеру паліпа. Рызыка павялічваецца, калі паліп больш за 1 см, а паліп каля 4 см у 90-100% выпадкаў перарасце ў ракавую пухліну.

Немалаважную ролю адыгрывае спадчынная схільнасць.

У нашай краіне скрынінг праводзіцца пацыентам з 50 гадоў, бо асноўная маса злаякасных захворванняў кішэчніка ўзнікае пасля гэтага ўзроставага парога і дасягае піку пасля 70 гадоў.

Але ў апошні час у краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі планка зніжаная да 45 гадоў, паколькі назіраўся прырост захваральнасці на рак тоўстай кішкі ў маладых людзей. Таму міжнародныя рэкамендацыі для прафілактыкі захворвання раяць прайсці тэст на схаваную кроў і каланаскапію ў 45 гадоў.

Калі ўсё добра, дык наступная каланаскапія выконваецца праз 5-10 гадоў, а тэст калу на схаваную кроў – раз у два гады. Калі ж былі выяўленыя паліпы, урач вызначыць тактыку назірання і кратнасць абследавання.

Працяг працы скрынінгавых праграмаў чакаецца і ў наступным годзе.

Ад рэдакцыі: Імунахімічны тэст на схаваную кроў праводзіцца ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, анкадыспансерах, некаторых паліклініках, бальніцах, медыцынскіх камерцыйных лабараторыях.

У мяне язвавы каліт. Ці дастаткова раз у паўгода здаваць аналізы (у тым ліку на кальпратэкцін і схаваную кроў) і раз у год аглядацца ў практолага, каб прадухіліць анкапаталогію? Якое харчаванне пажаданае?

Язвавы каліт – гэта адно з перадракавых захворванняў. Чым даўжэй чалавек на яго хварэе, тым вышэйшая рызыка развіцця раку тоўстай кішкі. Калі язвавым калітам пашкоджаная ўся тоўстая кішка, дык развіццё раку можна чакаць на працягу 5-8 гадоў, калі пашкоджаны левы фланг і прамая кішка, гэты перыяд можа расцягнуцца на больш доўгі тэрмін.

Аднаго аналізу крыві на кальпратэкцін недастаткова. Трэба абавязкова выконваць каланаскапію з біяпсіяй з розных частак слізістай тоўстай кішкі. Кратнасць абследавання залежыць ад актыўнасці працэсу захворвання і лячэння. Пацыентам з нізкай актыўнасцю працэсу каланаскапія рэкамендуецца раз у 3-4 гады, пры актыўным працэсе – раз у год.

У харчаванні варта абмежаваць або выключыць смажанае, вострае, вэнджанае, чырвонае мяса і паўфабрыкаты з яго (каўбасы, сасіскі), шашлыкі. У апошні час з'явіліся даследаванні, якія «рэабілітуюць» чырвонае мяса. Але анкаэпідэміёлагі, вывучыўшы метады і дадзеныя гэтых даследаванняў, паказваюць на шэраг недахопаў. Таму я б не выключаў чырвонае мяса з фактараў рызыкі. Да канца не вывучаны і ўплыў хімічных харчовых дабавак. Таму прадукты з іх утрыманнем трэба абмежаваць.

Мне 36 гадоў. Ці неабходна правяраць кішэчнік, калі ёсць хранічны гастрыт?

Рызыка развіцця злаякаснай пухліны тоўстай кішкі ў маладых людзей можа быць звязаная з генетычнымі фактарамі. У групе рызыкі знаходзяцца асобы, у чыіх родзічаў у маладым узросце былі пухліны тоўстай кішкі, жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, паліпы ў кішэчніку, рак у 2-3 пакаленнях, запаленчыя захворванні тоўстай кішкі. Ім неабходна сачыць за сабой больш уважліва.

У цэлым, абследаваць кішэчнік варта пры змене характару стула (запоры, дыярэя), з'яўленні крыві і слізі ў кале, беспадстаўнай слабасці і страты вагі, дыскамфорце ў брушной поласці.

Сам па сабе хранічны гастрыт не з'яўляецца фактарам рызыкі развіцця раку кішэчніка.

Чуў, што хелікабактар выклікае рак кішэчніка. Я ўжо некалькі разоў яго лячыў, але зноў і зноў заражаюся. Што рабіць, калі я вяду актыўнае сэксуальнае жыццё (гэтая бактэрыя перадаецца праз пацалункі)?

Бактэрыя хелікабактар пілоры можа выклікаць рак страўніка, але не кішэчніка. Каб выключыць рэцыдывы хваробы, трэба больш старанна пралячыцца ў гастраэнтэролага, магчыма, правесці дадатковыя абследаванні. Зараз хелікабактарную інфекцыю лечаць досыць паспяхова.

Гемарой можа быць прадвеснікам каларэктальнага раку?

Сам па сабе гемарой не прыводзіць да раку тоўстай кішкі. Але часам пад яго сімптомамі можа хавацца пухліна прамой кішкі. Сверб, боль, смыленне ў заднім праходзе, выдзяленне крыві могуць быць сімптомамі не толькі гемарою, але і пухліны тоўстай кішкі.

Ці можа сядзячы лад жыцця справакаваць развіццё раку прамой кішкі?

Разам са злоўжываннем алкаголем, паленнем, празмерным ужываннем чырвонага мяса маларухомы лад жыцця – фактар рызыкі каларэктальнага раку.

Запор, уздуцце, дыярэя, множныя паліпы: што рабіць?

Я цяжарная (28 тыдняў). Апошнія паўтара месяца назіраю ўстойлівыя запоры ад 3 да 6 дзён. Пры гэтым не хочацца есці і няма пазываў у прыбіральню. Стул і апетыт наладжваюцца, толькі калі ем у вялікіх колькасцях ежу, што паслабляе. У анамнэзе ёсць гіпатэрыёз, аўтаімунны тырэяідыт з медыцынскай кампенсацыяй эўтыраксам. Ці варта біць трывогу і як абследавацца пасля родаў?

Па-першае, трэба распавесці пра гэтыя скаргі свайму акушэру-гінеколагу. Калі дадзеныя сімптомы захоўвацца пасля родаў, неабходна выканаць каланаскапію. Развіццё пухлінаў у перыяд цяжарнасці – сур'ёзная праблема. У нашай практыцы бываюць выпадкі, калі адначасова ў аперацыйнай акушэры-гінеколагі прымаюць роды, а анколагі-хірургі выдаляюць злаякасныя ўтварэнні.

У 2011 годзе ў 33 гады ў мяне быў дыягнаставаны множны паліпоз кішэчніка, два паліпы былі злаякаснымі (2 ст.). Была татальная рэзекцыя кішэчніка, складаная аперацыя, каластому не вывелі. Генетычны аналіз паказаў наяўнасць мутацыі BRCA1. У астатніх 60 см тоўстага кішэчніка штогод з'яўляюцца паліпы (у гэтым годзе – 23). Можна штосьці зрабіць для запаволення такога інтэнсіўнага росту, для прафілактыкі?

Найбольш распаўсюджанымі спадчыннымі анкалагічнымі сіндромамі, звязанымі з ракам тоўстай кішкі, з'яўляюцца сямейны адэнаматозны паліпоз і сіндром Лінча. Мутацыі ў гене BRCA1-2 абумоўліваюць развіццё сіндрому спадчыннага раку малочнай залозы, раку яечнікаў, пры якім найбольш часта ўзнікае рак малочнай залозы, яечнікаў, падстраўнікавай залозы, прадсталёвай залозы. Каларэктальны рак у такіх асобаў узнікае значна радзей.

Для выяўлення сямейнага адэнаматознага паліпозу і сіндрому Лінча неабходна прайсці малекулярна-генетычнае даследаванне. Для гэтага неабходна здаць кроў і ўзоры пухліны. Такое даследаванне можна прайсці ў Рэспубліканскай малекулярна-генетычнай лабараторыі канцэрагенэзу нашага РНПЦ. Калі дадзеныя захворванні будуць выяўленыя, магчыма, давядзецца ставіць пытанне аб выдаленні пакінутай часткі тоўстай кішкі. Гэта вырашаецца індывідуальна, узважваюцца ўсе «за» і «супраць».

Пакуль стопрацэнтных метадаў прафілактыкі не існуе. Пры сіндроме Лінча, да прыкладу, пацыентам прызначаюць штодзённы прыём аспірыну (вядуцца даследаванні па вызначэнні найбольш эфектыўнай дозы).

Абследаванне і дынамічнае назіранне пацыентаў з сямейным адэнаматозным паліпозам і сіндромам Лінча праводзяцца з 14-15 гадовага ўзросту.

Маёй маме 80 гадоў. Хранічныя хвароба Паркінсона і гіпертанія. У апошні год для вызвалення кішэчніка два разы на тыдзень прымае лактулозу. Са жніўня 2019 года пачало турбаваць уздуцце жывата: трымаецца па 4-5 гадзін, праходзіць, затым паўтараецца. Чорны хлеб, малочнае, бабовыя практычна не ўжывае. Усе паказчыкі ў норме, УГД новаўтварэнняў не паказала. Ці можа быць рэгулярнае доўгае ўздуцце кішэчніка прыкметай анкалагічнага захворвання? Ці можна абысціся без каланаскапіі?

Такія скаргі не заўсёды можна спісаць на ўзрост. Таму калі ўздуцці працягваюцца, варта абследавацца. Аналіз крыві і УГД не заўсёды могуць паказаць на паталогію. Таму каланаскапію неабходна прайсці. Зараз у шэрагу выпадку гэтая працэдура выконваецца пад анестэзіяй. Калі ёсць супрацьпаказанні да анестэзіі, тады можна выканаць ірыгаскапію (рэнтгеналагічнае даследаванне тоўстай кішкі). Але гэты метад таксама не заўсёды дазваляе добра яе даследаваць.

Мне 46 гадоў. У снежні 2018 г. з прычыны кішэчнай непраходнасці была выдаленая падуздышная частка кішэчніка. На сёння застаецца дыярэя сярэдняй ступені цяжкасці. Рэжым харчавання выконваю, плюс Нутрыэн Стандарт. Вагі не набіраю. Ці магчыма развіццё раку ў сувязі з неаднаразовым умяшаннем і дыярэяй?

Прамой сувязі паміж неаднаразовым умяшаннем, дыярэяй і развіццём раку кішэчніка няма. Трэба шукаць прычыны самой дыярэі. Гэта можа быць звязана як з выдаленнем вялікага ўчастка тонкай кішкі, так і з іншымі праблемамі. Неабходна пракансультавацца ў тэрапеўта і гастраэнтэролага, выканаць каланаскапію.

Мне 50 гадоў. Пасля смерці блізкага чалавека на нервовай глебе ела шмат прысмакаў. Пачаўся метэарызм, дыярэя, далучыўся гемарой, перыядычна з'яўляецца слізь у кале шчыльнага белага колеру. Паказчыкі агульнага аналізу крыві і біяхіміі ў норме, злёгку павышаныя лейкацыты. Што гэта можа быць і як пазбавіцца?

Многія паліпы і пухліны выпрацоўваюць слізь у празмернай колькасці. Таму слізь у кале – сур'ёзны сімптом, які нельга пакідаць па-за ўвагай. Пры такіх скаргах паказаная каланаскапія. Паводле яе вынікаў прызначаць лячэнне.

Мне 33 гады. Апошнія некалькі гадоў адчуваю дыскамфорт у ніжняй правай частцы жывата (быццам надзімаецца шар і пачынаецца газаўтварэнне). Гэты лёгкі боль у асноўным залежыць ад прыёму ежы. УГД брушной поласці ў норме, у страўніку – лёгкая эрозія. Раней дыскамфорт выяўляўся 1-2 разы на тыдзень, цяпер моцнае газаўтварэнне штодня. З чым гэта звязана? Да каго звяртацца па лячэнне?

Залішняе газаўтварэнне штодня – трывожны сігнал. Неабходна звярнуцца да хірурга, прайсці каланаскапію.

Ці ёсць альтэрнатыва каланаскапіі?

Каланаскапія паказала, што ў мяне эразіўны проктасігмаідыт. Аналіз на схаваную кроў адмоўны. Кальпратэкцін – 60,6. Пасля лячэння месалазінам  кальпратэкцін – 10. Ці абавязкова рабіць кантрольную каланаскапію? Наколькі аналіз на кальпратэкцін інфарматыўны?

У дадзеным выпадку паўторную каланаскапію з біяпсіяй рабіць абавязкова. Аднаго аналізу на кальпратэкцін недастаткова. Калі праблемы з тоўстай кішкай захоўваюцца, неабходна паўторна звярнуцца да практолага, гастраэнтэролага, якія вызначаць кратнасць абследаванняў.

Мама другі месяц перажывае жудасны боль унізе жывата/у кішэчніку. Ёй рэкамендавалі каланаскапію. Яна некалькі разоў спрабавала падрыхтавацца да працэдуры, але па стане здароўя не змагла прапіць і палову дозы. Ці ёсць альтэрнатыва падрыхтоўкі да каланаскапіі? Як трапіць да вас на прыём, каб зразумець прычыну болю?

Некаторым пацыентам цяжка прымаць моцныя паслабляльныя перад каланаскапіяй. Таму іх рыхтуюць пры дапамозе ачышчальных клізмаў і пэўнай дыеты за некалькі дзён да працэдуры (пераход на больш вадкае харчаванне, прыём вазелінавага, касторавага алею). Пра метады падрыхтоўкі больш падрабязна трэба пагаварыць з тэрапеўтам.

Каб запісацца да нас на прыём, трэба патэлефанаваць у кол-цэнтр РНПЦ: +375 (17) 389-99-00/+375 (17) 389-99-10.

У РНПЦ ёсць кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне, куды можна звярнуцца па накірунку і самастойна як з наяўнасцю анкалагічнага захворвання, так і з падазрэннем на яго. Працуе два кабінеты, дзе прымаюць анкапрактолагі і я кансультую.

Што рабіць пасля аперацыі?

Брату 47 гадоў. Дыягназ – стэназуючы рак сігмападобнай кішкі. Хранічная абтурацыйная кішэчная непраходнасць. Множныя метастазы ў печань, адсеў па брушыне малога таза. Стадыя 4. У сакавіку 2020 г. была праведзеная аперацыя ў Магілёве: паліятыўная пярэдняя рэзекцыя, біяпсія печані, дрэнажыраванне малога таза. Праходзіць другі курс хіміятэрапіі. Пасля аперацыі з'явіўся боль у плячах. Часта павышаецца тэмпература (да 37.5). Ці збіваць яе? Ці варта прымаць абязбольвальныя? Што параіце з фізічнымі нагрузкамі ў перыяд рэабілітацыі?

Пра ўсе новыя сімптомы, якія з'яўляюцца падчас правядзення хіміятэрапіі, трэба паведамляць урачу, хіміятэрапеўту. Існуюць прэпараты, якія могуць знізіць рызыкі і выяўленасць пабочных эфектаў лячэння. Тэмпература, боль у мышцах нярэдка могуць узнікаць пры хіміятэрапіі. Можна самастойна прымаць гарачкапаніжальныя (парацэтамол), калі тэмпература цяжка пераносіцца. Фізічныя нагрузкі патрэбныя, але яны павінны быць суразмерныя стану. Паказаныя пешыя прагулкі, лёгкія прабежкі, ровар.

У 2015 г. была рэзекцыя сігмападобнай кішкі з накладаннем кішэчнага анастамоза. Якія кантрольныя аналізы і даследаванні раіце ў далейшым і з якой перыядычнасцю? Ці не шкодныя ўмераныя фізічныя нагрузкі: ровар, лёгкае мацаванне прэса? Наколькі трывалы гэты сшыты ўчастак (анастамоз)?

Праз 5 гадоў пра трываласць сшытага ўчастка перажываць не варта: як правіла, ускладненні ўзнікаюць у бліжэйшы пасляаперацыйны перыяд. Фізічныя нагрузкі, у тым ліку ровар, лёгкія нагрузкі на прэс не супрацьпаказаныя, наадварот, актыўнасць – гэта добра, калі чалавек нармальна сябе адчувае.

Лячэнне і далейшае назіранне за анкапацыентамі праходзіць па пэўных алгарытмах, у якіх выразна вызначаныя і тэрміны абследавання.

Каланаскапія выконваецца праз 1 і 3 гады пасля выдалення першаснай пухліны, далей кожныя 5 гадоў з мэтай выяўлення паўторнай пухліны або выдалення выяўленых паліпаў тоўстай кішкі. Пры выяўленні паліпаў каланаскапія выконваецца штогод. Калі да аперацыі тоўстая кішка была абследаваная не цалкам (калі пухліна перашкаджае агляду яе вышэйшых аддзелаў), працэдуру трэба выканаць у бліжэйшыя 2-3 месяцы пасля хірургічнага лячэння.

Пасля лячэння пухлінаў тоўстай кішкі ў першы год 2 разы на год праводзіцца УГД ці КТ органаў брушной поласці і таза, раз у год – КТ або рэнтген лёгкіх.

Рэнтген лёгкіх і УГД органаў брушной поласці трэба працягваць рабіць раз у год. Гэта звязана з тым, што лёгкія і печань – першыя органы, куды можа метастазаваць пухліна.

Таксама даследуюцца анкамаркеры, у прыватнасці ракава-эмбрыянальны антыген (РЭА): першы-другі гады – 1 раз у 3 месяцы, трэці-пяты – 1 раз у год. Калі паказчык пасля хірургічнага лячэння павышаецца, гэта сігнал урачам, што пацыента трэба больш дэталёва абследаваць.

Мерапрыемствы па абследаванні дакладна прапісаныя, і анколагі павінны паведамляць пацыентам пра гэта. Першыя пяць гадоў пасля аперацыі пацыенты знаходзяцца пад строгім кантролем.

У жніўні 2019 г. тату выдалілі злаякасную пухліну тоўстага кішэчніка. Ці перадаецца гэты рак у спадчыну? І як мне абследавацца ў такім выпадку?

Мае значэнне, ці захварэў бацька на рак кішэчніка ў маладым узросце, ці былі ў іншых родзічаў пухліны тоўстай кішкі і іншых органаў, паліпы ў кішэчніку. Каб выключыць сямейны адэнаматозны паліпоз і сіндром Лінча, можна прайсці малекулярна-генетычнае даследаванне. Калі ж бацька захварэў у познім узросце, тады трэба прытрымлівацца стандартных рэкамендацый: у 45 гадоў прайсці каланаскапію і тэст на схаваную кроў у кале.

Якія абмежаванні будуць пасля аператыўнага лячэння раку кішэчніка?

Мае значэнне лакалізацыя пухліны. Калі яна справа, пасля аперацыі пацыенты хутка аднаўляюцца і ў большасці выпадкаў вядуць звычайны лад жыцця. Больш сур'ёзныя наступствы ўзнікаюць пры выдаленні пухліны прамой кішкі: у пацыентаў узнікае сіндром нізкай пярэдняй рэзекцыі: больш частыя пазывы ў прыбіральню і больш працяглыя апаражненні. Давядзецца старанна падбіраць прадукты для рэгуляцыі дзейнасці кішэчніка.

У тоўстай кішцы адбываецца ўсмоктванне вады і фарміраванне шчыльных калавых мас. Таму пры яе поўным выдаленні ўзнікае дыярэя, адбываюцца вялікія страты вадкасці, з-за чаго магчымыя праблемы з нырачнай і сардэчна-сасудзістай сістэмай. У дадзеным выпадку давядзецца старанна сачыць за водным балансам, асцярожна прымаць прэпараты па купіраванні дыярэі.

Фота Віталь Гіль.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

162 0 62

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх