15 Снежня

Як не стаць ахвярай марозу. Парады камбустыёлага

Кантралюй здароўе
131 0 20
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для таго, каб атрымаць халадовую траўму, дастаткова даволі доўга знаходзіцца на вуліцы нават пры тэмпературы паветра мінус 5 С°. Рызыка адмарожванняў і пераахаладжэння значна павялічваецца пры высокай вільготнасці і моцным ветры.

Пра меры прафілактыкі і першай дапамогі пры халадовай траўме ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавёў загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па камбустыялогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрый Мазалеўскі.

Не толькі ў холад...

Паводле слоў спецыяліста, халадовыя траўмы ўмоўна можна падзяліць на два віды: мясцовыя пашкоджанні, або адмарожванні, і агульнае пераахаладжэнне.

Дарэчы, атрымаць халадовую траўму можна і ўлетку. Напрыклад, з-за парушэнняў тэхнікі бяспекі пры запраўцы аўтамабіля звадкаваным газам. Пры кантакце са скурай ён хутка выпараецца і траўмуе скурныя пакровы.

У халодную пару года нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя з'яўляецца асноўным фактарам, які прыводзіць да халадовай траўмы. Пры гэтым зусім не абавязкова, каб за акном тэмпература паветра была ніжэйшай за 20 С°.

Халадовыя траўмы. Адмаражэнні і пераахаладжэнні.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па камбустыялогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
У гэтым сезоне, пачынаючы з кастрычніка, да нас у бальніцу ўжо былі шпіталізаваныя 2 пацыенты з агульным пераахаладжэннем і 1 чалавек з адмарожваннем. Часам адмарожванні адбываюцца пры досыць мяккіх умовах навакольнага асяроддзя, асабліва калі ёсць пэўны фонавы стан. У прыватнасці, захворванні перыферычных сасудаў, венаў або артэрый. Халадовая траўма для чалавека з сасудзістай паталогіяй можа прывесці да цяжкага і глыбокага адмарожвання, якое запатрабуе аператыўнага лячэння, ажно да ампутацыі канечнасцяў.

Як распавёў Дзмітрый Мазалеўскі, да 85% выпадкаў адмарожванняў і пераахаладжэнняў адбываецца з-за алкагольнага ап'янення. Алкаголь спрыяе хутчэйшаму замярзанню чалавека.

Халадовыя траўмы. Адмаражэнні. Алкаголь.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па камбустыялогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Алкаголь выклікае пашырэнне сасудаў, да іх прыцякае цёплая кроў знутры арганізма. Чалавек адчувае прыліў цяпла. Але гэта адчуванне зманлівае. Дзеянне алкаголю прыводзіць да таго, што чалавек хутчэй аддае сваё ўнутранае цяпло ў навакольнае асяроддзе. У выніку значна ўзрастае рызыка атрымаць агульную або мясцовую халадовую траўму.

Як пазбегнуць халадовых траўмаў

Эксперт даў некалькі парадаў, як усё ж такі пазбегнуць адмарожванняў і пераахаладжэння:

Халадовыя траўмы. Адмаражэнні. Тры слаі вопраткі.

  • у моцны мароз, калі трэба выйсці на вуліцу, загадзя сплануйце свой маршрут. Пажадана, каб на шляху былі размешчаныя месцы, дзе можна сагрэцца;
  • вопратку варта апранаць у тры слаі і па надвор'і. Пальчаткі лепей змяніць на рукавіцы;
  • калі вы займаецеся спортам на вуліцы ў халодную пару года, паклапаціцеся пра зменную сухую і цёплую вопратку. Вільготная ад поту, яна можа стаць прычынай халадовай траўмы.

Першая дапамога

Пры адмаражэнні пашкоджаная частка цела робіцца халоднай, бледнай, дрэнна адчуваюцца дотыкі і тэмпература. Як сабе дапамагчы?

Першая памылка, якую робяць многія, – спрабуюць хутка сагрэць пашкоджаную канечнасць, напрыклад, пад струменем гарачай вады. Гэтага рабіць катэгарычна нельга. Такія дзеянні могуць стаць прычынай больш глыбокага пашкоджання тканак, што павышае рызыку сур'ёзных аператыўных умяшанняў, ажно да ампутацыі.

Каб гэтага не адбылося, пашкоджаны ўчастак цела неабходна абараніць як ад нізкай, так і высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя. Прасцей кажучы, накласці цеплаізалюючую павязку. Гэта можа быць шалік альбо цёплая хустка. На вобласць падпахаў і пахвінную варта пакласці цёплую грэлку. Для таго, каб пацярпелае ад марозу месца хутчэй сагравалася знутры, добра выпіць гарачай гарбаты або іншых цёплых напояў, але не алкаголь!

Як доўга трэба сагравацца? Галоўнае правіла: калі максімум праз 1 гадзіну пасля пачатку сагравання ў пашкоджаным месцы не аднавілася адчувальнасць, чакаць далей не варта, а трэба звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска, галоўны пазаштатны спецыяліст па камбустыялогіі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
Калі чалавек з такой траўмай трапляе ў рукі спецыялістаў у першыя суткі ад моманту пачатку сагравання, у большасці выпадкаў атрымліваецца выратаваць тканкі.

Падрабязна пра тое, як аказаць першую дапамогу пры пераахаладжэнні і адмарожванні, можна прачытаць тут і тут

Фота з Нацыянальнага прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

131 0 20

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх