22 Снежня
22.12.2019

Як папярэдзіць падзенні ў сталых людзей. Распавядае герантолаг

logo
Навiны
140 0 21
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У сталых людзей падзенне можа скончыцца цяжкімі пашкоджаннямі і пераломамі. Падобныя выпадкі нярэдка заканчваюцца інваліднасцю, стратай магчымасці рухацца і нават смяротным зыходам. Самымі небяспечнымі, што часта цягнуць за сабой сур'ёзныя ўскладненні, з'яўляюцца чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы шыйкі сцягна, вывіхі суставаў, пашкоджанні пазваночніка.

Падзенні сталых людзей. У чым небяспека.

Падзенні ў сталым узросце шмат у чым абумоўленыя зменамі ў стане здароўя: рознымі неўралагічнымі і саматычнымі паталогіямі, якія могуць стаць прычынай парушэння раўнавагі, пагаршэння зроку, а таксама ломкасці касцей. Пагаршае сітуацыю галалёд, няроўная паверхня, дрэннае асвятленне і г.д.

Як пазбегнуць падзенняў у сталым узросце? Якія меры засцярогі неабходна выконваць? Пра гэта інфармацыйнаму парталу Здаровыя людзі распавяла галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.

Прычыны падзенняў у сталых людзей

Падзенні сталых людзей. Небяспека дома.

З узростам у чалавека назапашваецца шмат захворванняў, якія ў той ці іншай ступені ўплываюць на адчуванне раўнавагі. Гэта можа быць артэрыяльная гіпертэнзія, парушэнні слыху і зроку, праблемы з суставамі, узроставая дэфармацыя ступні. Акрамя гэтага, адбываюцца змены ў працы вестыбулярнага апарата, ён ужо не можа ў поўнай меры выконваць сваю функцыю, а таксама развіваецца мышачная астэнія (слабасць), кагнітыўныя парушэнні.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Прыкладна 30-40% сталых людзей штогод пакутуюць у выніку падзенняў. З іх каля 30% выпадкаў заканчваюцца траўмай. Прыкладна 5% сярод гэтых выпадкаў – пераломы касцей (часцей – шыйка сцягна, косці запясця, чэрапна-мазгавыя траўмы, вывіхі суставаў, траўмы пазваночніка). Найбольш схільныя да рызыкі падзення – жанчыны.

Самыя частыя падзенні звязаныя:

  • з грэбаваннем правіламі бяспечнага перамяшчэння: нязручны абутак, няправільна падабраныя акуляры, адсутнасць дадатковых сродкаў перамяшчэння, напрыклад, кія;
  • з дрэнным уладкаваннем жылля, у прыватнасці, з няякасным пакрыццём падлогі. Гэта можа быць слізкае пакрыццё, невялікія дываны, якія слізгаюць па паверхні або заварочваюцца, раскіданыя правады на падлозе, высокія парогі, дрэннае асвятленне.

Падзенні сталых людзей.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Падзенні нярэдка адбываюцца падчас карыстання сталымі людзьмі ванным пакоем або прыбіральняй. Асабліва ў тых месцах, дзе ёсць высокія борцікі і слізкае пакрыццё, але няма спецыяльных поручняў.

Другая частая прычына падзенняў – узроставыя змены апорна-рухальнага апарата, пагаршэнне зроку і захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Асабліва важна звярнуць увагу на рызыку падзенняў у людзей, якія схільныя да скачкоў артэрыяльнага ціску, а таксама з парушэннямі сардэчнага рытму. У гэтых выпадках трэба памятаць, што нельга рэзка ўставаць з ложка або рэзка змяняць становішча цела.

Яшчэ адна прычына падзенняў – змяненні псіхічнага стану чалавека ці прыём пэўных лекавых сродкаў. У гэтым выпадку прафілактыка падзенняў – стварэнне ўмоў для бяспечнага перамяшчэння.

Падзенні сталых людзей. Прычына – галавакружэнні.

Сталым людзям непажадана насіць мультыфакальныя лінзы, якія парушаюць глыбіннае ўспрыманне прасторы і кантрасную зрокавую адчувальнасць. Гэта перашкаджае своечасоваму выяўленню знешніх перашкодаў, што асабліва небяспечна пры хадзе па лесвіцы і ў незнаёмай абстаноўцы.

Калі падзенні звязаныя з прыёмам лекавых сродкаў, варта звярнуцца па кансультацыю да ўрача. Пры прызначэнні новых лекаў не лішнім будзе ўдакладніць у доктара пра пабочныя эфекты прэпарата і як яны могуць паўплываць на верагоднасць падзенняў. Не варта таксама ігнараваць правілы прыёму лекаў.

Парушэнні рэжыму харчавання, бедны рацыён таксама могуць прывесці да высокай рызыкі падзенняў. У прыватнасці, гэта тычыцца людзей з нізкім індэксам масы цела. Дэфіцыт вітаміну D, да якога схільныя сталыя людзі, можа выклікаць парушэнні хады, мышачную слабасць, астэамаляцыю (характарызуецца недастатковасцю мінералізацыі касцяной тканкі) і астэапароз.

Як пазбегнуць

Падзенні сталых людзей. Падпоркі для прафілактыкі.

Якімі б ні былі фактары, якія могуць стаць прычынай падзення, іх важна і трэба ўлічваць, а таксама выкарыстоўваць усе сродкі, каб пазбегнуць гэтага.

Некалькі практычных парадаў, якія дапамогуць прадухіліць падзенне:

  • рэгулярныя фізічныя нагрузкі ўмацуюць мышцы і косткі;
  • правядзіце інспекцыю свайго дома і прыбярыце рэчы, за якія можна зачапіцца, а таксама прадметы, якія замінаюць свабоднаму перамяшчэнню;
  • рэчы першай неабходнасці лепей захоўваць у лёгкадаступных месцах;
  • ванны пакой абсталюйце адмысловымі поручнямі, за якія ў выпадку неабходнасці можна хутка схапіцца або зручна трымацца;
  • не грэбуйце добрым асвятленнем памяшкання, асабліва гэта тычыцца вітальні  і лесвіцы;
  • калі вы прымаеце прэпараты, абавязкова спытайцеся ва ўрача пра іх уздзеянне на апорна-рухальны апарат ці на каардынацыю;
  • аддавайце перавагу зручнаму абутку, у зімовы час выбірайце абутак з няслізкай падэшвай;
  • калі ёсць неабходнасць, карыстайцеся артапедычнымі вусцілкамі, якія дапамогуць кампенсаваць статычную недастатковасць ступні;
  • пры няўстойлівасці хады выкарыстоўвайце кій або мыліцы.

Парады на кожны дзень для сталага чалавека

Падзенні сталых людзей. Не ўставаць рэзка.

  • Не варта падымаць цяжкія рэчы. Не рабіце таго, што можа стаць прычынай напружання ў спіне.
  • Каб падняць з падлогі які-небудзь прадмет, непажадана нізка нахіляцца. Для гэтага варта прысесці і трымаць спіну роўна.
  • Калі вам неабходна дастаць прадметы, якія ляжаць высока, не варта станавіцца на крэсла або зэдлік. Гэта неапраўданая рызыка. Лепей папрасіце каго-небудзь дастаць вам гэтую рэч.
  • Акрамя гэтага, нельга рэзка мяняць становішча, напрыклад, хутка ўставаць, калі ляжыце. У такіх выпадках паніжаны артэрыяльны ціск не паспявае прыйсці ў норму, што прыводзіць да слабасці і, як магчымае следства, – да падзенняў.
  • Пажадана, каб уначы ў памяшканні тэмпература паветра была не ніжэйшай за 20°С. Доўгае знаходжанне ў халодным пакоі прыводзіць да зніжэння тэмпературы цела. Гэта, у сваю чаргу, можа стаць прычынай дрымотнасці і наступных падзенняў.
  • Рэгулярна правярайце зрок і абнаўляйце пры неабходнасці свае акуляры. Старыя і непадыходзячыя скажаюць прастору.
  • Пры дрэнных умовах надвор'я, напрыклад, пры галалёдзіцы, не варта лішні раз выходзіць на вуліцу.

Падзенні сталых людзей. Асцярожна ў галалёд.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Падзенні – гэта пагроза незалежнасці сталага чалавека. Таму важна расказаць урачу пра гэты выпадак. Вельмі важна высветліць яго прычыну, каб папярэдзіць падзенні ў будучым.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

140 0 21

Наверх