4 Снежня

Як працягнуць прафесійнае даўгалецце. Разважаем з герантолагам

Знайдзі сябе
136 0 18
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У 2019 годзе вялася работа па распрацоўцы на бліжэйшае дзесяцігоддзе праекта нацыянальнай стратэгіі, у аснову якой легла праблема старэння насельніцтва. Мяркуецца, што гэты дакумент вызначыць асноўныя напрамкі работы ў плане падтрымкі актыўнага даўгалецця, у тым ліку і прафесійнага, сярод сталых людзей.

Актыўнае даўгалецце.

Пасля надыходу пенсійнага ўзросту не ўсе сыходзяць на заслужаны адпачынак. Шмат хто хоча і можа працягнуць сваю працоўную дзейнасць. Яны поўныя сіл і энергіі, жадання працаваць. Іх працоўны стаж і атрыманыя навыкі без лішніх слоў сведчаць пра прафесіяналізм. Менавіта таму ў стратэгіі закладзеныя нормы, якія датычацца навучання сталых людзей, стварэння дадатковых магчымасцяў для таго, каб чалавек і пасля пенсіі мог працягваць працаваць. Дарэчы, у Беларусі прыкладна 25% жанчын якраз-такі працягваюць працаваць пасля выхаду на пенсію. Сярод мужчын гэты паказчык складае 25,2%.

Але ці заўсёды гэта магчыма? А калі ўсё ж такі здароўе не дазваляе застацца на ранейшым працоўным месцы, але ёсць жаданне працаваць? Што трэба зрабіць, каб выхад на пенсію не прынёс дадатковага стрэсу? Пра гэта мы паразважалі з галоўным пазаштатным герантолагам Міністэрства аховы здароўя, кіраўніком Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людмілай Жылевіч.

Сітуацыі бываюць розныя

Паспрабуем разабрацца. На думку Людмілы Жылевіч, у прафесійнага даўгалецця ёсць два аспекты. З аднаго боку, існуюць сітуацыі, калі жаданне чалавека працаваць не супадае з магчымасцямі. Напрыклад, стан здароўя не дазваляе заставацца на ранейшым працоўным месцы. Іншы варыянт, калі наяўнасць захворванняў ніяк не адбіваецца на працягу прафесійнай дзейнасці.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Наяўнасць аднаго і таго ж захворвання для кагосьці робіцца нагодай для змены віду дзейнасці, для іншых ніяк не адбіваецца на іх магчымасцях працягваць працу. У працаздольным узросце вельмі важны аспект здароўя, які дазваляе максімальна рэалізаваць сябе ў прафесіі. Тым не менш, калі ёсць пагроза здароўю пры працягу працоўнай дзейнасці на ранейшым месцы, варта задумацца пра змену працы.

Да пенсіі трэба рыхтавацца?

Выхад на пенсію. Стрэс.

Для многіх выхад на пенсію з'яўляецца вялікім узрушэннем, рысай, за якой нічога няма. Прывыкнуўшы штодня хадзіць на працу, прачнуўшыся раніцай і ўсвядоміўшы, што не трэба нікуды ісці, – такая сітуацыя для многіх робіцца моцным стрэсам, які можа прывесці да развіцця дэпрэсіі. Падобны стан, у сваю чаргу, запускае працэсы паталагічнага старэння, сардэчна-сасудзiстых захворванняў.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Насельніцтва цяпер жыве даўжэй, і сталыя людзі, выходзячы на пенсію, яшчэ дастаткова захавваныя ў плане здароўя, могуць і хацелі б працягнуць сваю працоўную дзейнасць. У дадзенай сітуацыі, вядома, шмат што залежыць ад рашэння кіраўніка. Тым не менш, за два-тры гады да пенсіі неабходна задумацца пра набыццё новых навыкаў або змену працоўнай дзейнасці. Напрыклад, скончыць якія-небудзь навучальныя курсы, пашукаць варыянты ў іншай сферы. Перайсці на больш гнуткі графік або працаваць анлайн. Заставацца ў калектыве, але ў іншай якасці. На жаль, падобныя меры пакуль не замацаваныя на заканадаўчым узроўні.

Пачуццё страху, якое звязанае з верагоднасцю страты працы пасля выхаду на пенсію, прыводзіць да таго, што нават калі стан здароўя не дазваляе чалавеку працягваць працаваць, людзі застаюцца на сваім працоўным месцы, наракае Людміла Жылевіч. Усё гэта ў далейшым робіцца прычынай пэўных цяжкасцяў пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама пагаршэння здароўя. Асабліва гэта актуальнае для прафесій, якія звязаныя з небяспечнымі фактарамі, напрыклад, са шкоднай вытворчасцю.

Дарэчы, штогод у свеце рэгіструецца ад 68 млн да 150 млн новых выпадкаў прафзахворванняў. Не менш важны і псіхалагічны аспект, упэўненая Людміла Жылевіч. Многія працавалі ўсё жыццё на адным месцы, і ўжо сама думка пра змену працоўнай дзейнасці або месца працы выклікае шок.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Перадпенсійны перыяд у дачыненні да развіцця захворванняў самы ўразлівы. Гэта звязанае яшчэ і з тым, што пасля пенсіі з работнікам заключаецца кантракт на кароткі тэрмін, у чалавека няма ўпэўненасці ў сваёй будучыні. Дарэчы, тэма, якая тычыцца працягу працоўных адносінаў, для чалавека ў пенсійным узросце з'яўляецца дамінуючай. Ён максімальна выкладваецца, але не ўпэўнены, пакінуць яго ў прафесіі ці не. Атрымліваецца замкнёнае кола. Гэта прыводзіць да пастаяннага стрэсу.

Даўгалецце. Праца. Стрэс.Эксперт упэўненая, што ў нашай краіне мэтазгодна стварыць сістэму дапамогі тым, хто выходзіць на пенсію, каб пенсіянеры ведалі, куды можна звярнуцца па параду ў выпадку пошуку працы або навучання іншым навыкам. Магчыма, неабходная таксама дапамога псіхолага, каб лепей адаптавацца да пераменаў. Бо менавіта ў перадпенсійны перыяд і першыя гады пенсіі рэгіструецца больш выпадкаў інфарктаў і інсультаў, у тым ліку і па прычыне дэпрэсіўных станаў.

Клопат пра здароўе – у першую чаргу

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Ацэнка стану свайго здароўя – не менш важны аспект падрыхтоўкі да пенсіі. І яе павінен праводзіць герыятр. Ён вызначыць не толькі стан здароўя, напрыклад, частату сардэчных скарачэнняў, артэрыяльны ціск, наяўнасць хранічных захворванняў, але і дасць прагноз адносна рызыкаў развіцця паталагічнага старэння. У гэтым выпадку ўсе працэсы ў арганізме паскараюцца, значна вырастае верагоднасць развіцця сасудзістых і іншых катастроф, анкалагічных захворванняў. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да страты функцыянальнасці ў будучым.

Па выніках такога комплекснага герыятрычнага агляду, дадала спецыяліст, можна спрагназаваць, ці будзе чалавек без наступстваў для здароўя працягваць сваю прафесійную дзейнасць альбо яна справакуе паталагічныя працэсы ў арганізме.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Але і ў гэтым выпадку не варта апускаць рукі. Гэта не канец, а нагода зазірнуць у сябе, паглядзець, якія ёсць рэсурсы, бо для многіх выхад на пенсію робіцца пачаткам новага жыцця.

Фактары, якія негатыўна ўплываюць на прафесійнае даўгалецце:

  • празмерная загружанасць;
  • працягласць працоўнага дня;
  • вялікая колькасць сітуацый, якія могуць выклікаць хранічны стрэс;
  • высокі ўзровень складанасці задач, што выконваюцца;
  • шкодныя ўмовы працы, у тым ліку манатонная праца, псіхалагічная напружанасць і інш.;
  • перагрузка і эмацыянальнае перанапружанне;
  • няпоўнасць інфармацыі (сітуацыі, калі работніку даюць якое-небудзь заданне, але не падаюць па ім поўную інфармацыю);
  • высокі страх зрабіць памылку;
  • дэфіцыт часу пры прыняцці адказных рашэнняў;
  • недахоп прафесійных ведаў.

Як захаваць прафесійнае даўгалецце? Эксперт інфармацыйнага партала Здаровыя людзі рэкамендуе:

  • рэальна (!!!) ацэньваць свой стан здароўя;
  • не забывацца на фізічную нагрузку і паўнавартаснае харчаванне;
  • выбіраць камфортныя ўмовы працы і зручны графік работы;
  • надаваць увагу псіхалагічнаму мікраклімату;
  • не баяцца пераменаў і атрымліваць новыя веды.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Нам неабходна фарміраваць культуру прафесійнага даўгалецця. Але гэта не павінна быць «гульня ў адны вароты». Павінны быць два зацікаўленыя бакі: работнік, які яшчэ можа і хоча прыносіць карысць, дзяліцца вопытам, – і працадаўца, які павінен стварыць камфортныя ўмовы працы, што пашырыць магчымасці для самарэалізацыі сталага супрацоўніка і захавае кваліфікаваныя і падрыхтаваныя кадры.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

136 0 18

Каб перайсці да абмеркавання, выканайце уваход або зарэгіструйцеся

Наверх