28 Мая
28.05.2020

Як справіцца з канцэрафобіяй. Вымяраем узровень страху

logo
Жыццё з анкалогіяй
155 0 14
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адчуваць страх перад хваробай, не маючы для гэтага аб'ектыўных прычынаў, – абсалютна нармальна. Пра гэта мы вычарпальна распавялі ў папярэднім матэрыяле. Ірацыянальная боязь захварэць на рак дапамагае больш уважліва ставіцца да свайго здароўя і ладу жыцця. Гэта значыць, у ёй ёсць пэўны станоўчы складнік, пакуль страх не выходзіць за рамкі нармальных эмацыянальных перажыванняў.

Канцэрафобія. Калі страх нармальны, а калі залішні.

Але як вызначыць мяжу, за якой эмоцыя перарастае ў фобію, а натуральная трывога – у дакучлівы хваравіты стан, які запаўняе сабой усю жыццёвую прастору? Ці можна прыручыць страх? І што правільна: навучыцца з ім жыць ці спрабаваць выкараніць?

На гэтыя пытанні адказваюць эксперты ў галіне анкапсіхалогіі – практычны псіхолаг, псіхолаг Цэнтра падтрымкі «У імя жыцця», кагнітыўна-паводніцкі кансультант, сааўтар курса «Анкапацыент, сям'я, соцыум» Іна Малаш і анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку Ія Слабінская.

Як выяўляецца страх?

Існуе тры фактары, па якіх праяўляецца страх захварэць на анкалагічнае захворванне:

  1. Некантралюемая трывога, якая ўзнікае пры любым сутыкненні з тэмай анкалогіі (даведаліся пра хваробу родзіча альбо знаёмага, прачыталі трагічную гісторыю публічнай персоны ў СМІ і г.д.).
  2. Немагчымасць нармальнага функцыянавання. Страх, які ўзнік, запаўняе ўсе сферы жыцця, з'яўляюцца дакучлівыя думкі, ад якіх немагчыма адцягнуць увагу альбо пазбавіцца. На фоне трывогі, якая расце, знікае апетыт, парушаецца сон, дэстабілізуецца эмацыянальны стан, зніжаецца працаздольнасць.
  3. Адчуванне вострай неабходнасці, выкарыстоўваючы любыя крыніцы і метады, шукаць пацвярджэнне або абвяржэнне уласным страхам.

Канцэрафобія. Шукаем прыкеты анкалогіі ў інтэрнэце і параўноваем са сваімі сімптомамі.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
У першую чаргу людзі пачынаюць «шарсціць» інтэрнэт у пошуках інфармацыі, якая іх супакоіць. Гэта тое, што мы называем кіберхондрыяй. Часта людзі, схільныя да канцэрафобіі, ідуць на кансультацыю да псіхолага і просяць: скажыце, што ў мяне ніколі не будзе раку, тады мой страх знікне. Г.зн., у іх ёсць вострая неабходнасць дзейнічаць: шукаць каго-небудзь ці што-небудзь, што іх супакоіць, дасць пэўныя гарантыі.

Але нават гэтыя праявы страху могуць цалкам укладвацца ў паняцце нормы. Усё залежыць ад іх частаты і інтэнсіўнасці.

Вызначыць, ці з'яўляецца ваш страх натуральнай эмоцыяй, ці гаворка ідзе ўжо пра фобіі, дапамогуць адказы на наступныя пытанні:

  1. Наколькі інтэнсіўныя вашыя страхі і асцярогі захварэць на анкалогію? Калі страх узнікае часам, час ад часу і/або слаба выяўлены, гэта нармальна. Калі ж чалавек пастаянна (або даволі часта) знаходзіцца ў стане павышанай трывожнасці, гэта можа быць сведчаннем развіцця канцэрафобіі.
  2. Ці пазбягаеце вы тэмы анкалогіі ў размовах, публікацыях, сацыяльным асяроддзі? Калі вы свядома абралі для сябе так званую стратэгію пазбягання (не чытаеце публікацыі і не глядзіце перадачы, у якіх так ці інакш закранаецца тэма раку, перапыняеце стасункі з хворым знаёмым або калегам, перастаеце наведваць спортклуб, калі даведваецеся, што ў трэнера па фітнэсу захварэла жонка, і г.д.), гэта можа казаць аб праявах канцэрафобіі.

Канцэрафобія. Перапыняем стасункі з анкахворымі.

  1. Ці наведваеце вы сайты, форумы, іншыя рэсурсы для таго, каб у апісанні анкахваробаў знайсці сімптомы, падобныя да вашых? Калі гэта адбываецца часам, час ад часу, турбавацца няма пра што: калі ёсць патрэба ў інфармацыі, абсалютна натуральна яе задаволіць. Але калі вы з дня ў дзень гадзінамі праседжваеце ў інтэрнэце ў пошуках адказаў на пытанні, падобна, страх выйшаў за межы нормы.
  2. Наколькі страх замінае вашаму нармальнаму псіхічнаму і фізічнаму функцыянаванню? Калі дакучлівыя думкі ў літаральным сэнсе пазбаўляюць вас супакою, вы не можаце канцэнтравацца на працы і выкананні бытавых абавязкаў, ночы праводзіце без сну, думаючы пра тое, што вас чакае, калі вы захварэеце, самы час звярнуцца па дапамогу да псіхолага з нагоды магчымай канцэрафобіі.
  3. Як часта вы самастойна маніторыце стан свайго арганізма, будучы ўмоўна здаровым чалавекам (правяраеце вагу, пульс, артэрыяльны ціск, стан скурнага покрыва, слізістых абалонак, малочных залоз)? Рэдка і час ад часу – норма. Але калі гэтыя дзеянні набываюць штодзённы рытуальны характар абсалютна штодня, гэта таксама можа сведчыць пра паталагічны страх.
  4. Як часта вы наведваеце медустановы для скрынінгавых абследаванняў? Праходзіць рэгулярныя скрынінгавыя абследаванні час ад часу, у вызначаныя тэрміны нават правільна і неабходна. Але абследавацца ледзь не штомесяц, не шкадуючы сіл, нерваў і грошай, не адчуваючы ў гэтым рэальнай патрэбы – таксама адзін з магчымых сімптомаў канцэрафобіі.

Канцэрафобія. Вельмі частае наведванне ўрачоў.

  1. Наколькі часта вас наведваюць дакучлівыя думкі пра наяўнасць недыягнаставанага анкалагічнага захворвання? Рэдка, час ад часу такія думкі цалкам дапушчальныя. Але калі чалавек думае пра гэта штодня, накручвае сябе і працягвае праходзіць абследаванні па прынцыпе: не знайшлі, значыць, дрэнна шукалі – гэта таксама прыкмета.
  2. Ці перашкаджае страх планаваць будучае? Схільныя да канцэрафобіі людзі не плануюць будучае, матывуючы гэта немагчымасцю будаваць планы, паколькі ў іх няма ўпэўненасці ў тым, што заўтра ім не агучаць дыягназ.

Калі хаця б на адно пытанне вы адказалі так, што гэта не ўкладваецца ў паняцце нормы, ёсць важкая падстава пагаварыць з псіхолагам. Калі такіх пытанняў некалькі, дапамога спецыяліста вельмі неабходная, бо самастойна справіцца з такім узроўнем страху зусім няпроста.

Як справіцца са страхам захварэць на рак

Да нядаўняга часу канцэрафобія ў краінах постсавецкай прасторы лічылася ірацыянальнай, г.зн. страхам, пазбаўленым усялякіх падстаў. Аднак, калі абапірацца на глабальную базу дадзеных СААЗ па захворванні і смяротнасці ад раку, у якую ўключаная нацыянальная статыстыка 185 краінаў свету, а таксама разлічаная верагоднасць сутыкнуцца са злаякаснымі новаўтварэннямі да ўзросту 75 гадоў, страх не такі ўжо і ірацыянальны.

Так, па дадзеных на сёння, анкалагічнае захворванне будзе выяўленае на працягу жыцця ў кожнай 6-й жанчыны і ў кожнага 5-га мужчыны. Разам з тым, працягласць жыцця павялічваецца, медыцына развіваецца. Таму ўжо ў бліжэйшыя гады сітуацыя прадказальна можа змяніцца ў лепшы бок. І гэта асноўная прычына, каб не дазваляць страху кіраваць вашым жыццём.

Канцэрафобія. Перахварэюць на рак многія.

Што ж можа дапамагчы знізіць узровень трывогі? На думку нашых экспертаў, ёсць некалькі спосабаў узяць пад кантроль свае эмоцыі.

У першую чаргу, гэта засяроджанасць на пазітыўнай інфармацыі. Наш мозг такі, што фіксуе і адкладае ў памяці негатыў: хтосьці памёр, хтосьці моцна пакутаваў... Між тым, вялізная колькасць людзей справіліся з анкалогіяй або лечацца і працягваюць жыць доўгія гады.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
У нас ва Украіне ёсць такі матывуючы дзядуля, яму 101 год. Ён вылечыўся ад раку кішэчніка, і ўрачы кажуць, што прыйшоў час перапісваць пратаколы, бо раней такіх сталых пацыентаў проста не бралі на лячэнне. Або свежы прыклад: жанчына з Ізраіля, 102 гады. Была анкалогія, потым рэцыдыў. Яна вылечылася. Так у 102 гады яна перанесла яшчэ і кавід. Так што рэсурсы чалавечага арганізма дастаткова вялікія і могуць быць вельмі магутнымі. А такія гісторыі вельмі матывуюць. Напэўна, падобных гісторый шмат, і пра іх трэба распавядаць.

Важны складнік перамогі над страхам – сямейнасць, родавая супольнасць. Гэта своеасаблівая прышчэпка ад страху. У свеце ёсць так званыя «блакітныя зоны» – месцы, дзе жывуць доўгажыхары. Адно з іх на востраве Сардзінія (Італія). Даследчыкі не раз вывучалі, у чым феномен тутэйшых доўгажыхароў, і высветлілі 3 фактары:

  • геаграфічнае становішча (мора і горы);
  • рацыён, багаты на бабовыя, рыбу, малочныя прадукты;
  • сацыяльны фактар – там вельмі моцная падтрымка ўнутры сямейнай абшчыны. Людзі, якім нават глыбока за 70, не застаюцца адны, яны акружаныя сям'ёй, уцягнутыя ў грамадскае жыццё. У чалавека няма падстаў загружаць сябе негатыўнымі думкамі. Там культывуецца магутны пасыл да жыцця. І кожны 10-ы дажывае да 100 гадоў.

Канцэрафобія. Доўгажыхары Сардзініі.

Настрой і падтрымка – гэта наймагутнейшы фактар, які можа супакоіць чалавека. Важна, каб побач была сям'я, людзі, якія кажуць: калі што, вось мая рука і маё плячо.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
Акрамя таго, ёсць пацыенцкія супольнасці, у якія ўваходзяць не толькі самі людзі, якія хварэлі або хварэюць на рак, але і іх родзічы. Многія з іх застаюцца дапамагаць анкапацыентам нават пасля смерці сваіх родзічаў. Яны адчуваюць патрэбу ў гэтай дапамозе. Валанцёрская праца, калі ты маеш стасункі штодня з пацыентамі, бачыш іх перамогі і радуешся разам з імі, таксама зніжае верагоднасць канцэрафобіі і надае ўпэўненасці.
 
Іна Малаш
Практычны псіхолаг, псіхолаг Цэнтра падтрымкі «У імя жыцця», кагнітыўна-паводніцкі кансультант, сааўтар курса «Анкапацыент, сям'я, соцыум»
Але больш за ўсё на пераадоленне страхаў уплываюць нашыя перакананні і ўяўленні пра анкалогію і пра сябе. Як я стаўлюся да хваробы? Ці веру ў міфы? Што я магу, калі захварэю? Вельмі важна прыняць і прызнаць той факт, што мы такія ж людзі, як і тыя, хто ўжо захварэў. І значыць, няма ніякай гарантыі, што хвароба абміне нас. Але гэта таксама не значыць, што мы дакладна захварэем. Калі з'яўляецца моцны страх, дакучлівыя думкі, іх трэба аналізаваць і адпускаць. Гэты навык не прыходзіць за адзін дзень. І пры неабходнасці не трэба грэбаваць дапамогай спецыяліста-псіхолага. Не ўсе думкі і эмоцыі варта трымаць пры сабе. Ёсць эвалюцыйнае правіла – выжывае не самы моцны, а той, хто змог найлепшым чынам прыстасавацца да новых абставінаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

155 0 14

Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама
Наверх