17 Снежня
17.12.2019

Як захаваць здароўе сасудаў? Адказвае сасудзісты хірург

logo
Вострае пытанне
178 0 110
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як вызначыць, што сасудам патрэбная дапамога? Якія захворванні правакуюць збоі ў працы сасудзістай сістэмы? Ці можна ачысціць сасуды і ці дапамагаюць народныя сродкі? Як папярэдзіць развіццё такіх хваробаў? Што значыць «эластычнасць» сасудаў? Ці ёсць новыя спосабы лячэння варыкознай хваробы?

На пытанні адказвае галоўны пазаштатны сасудзісты хірург камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска ім. М.Я.Саўчанкі, к.м.н. Іван Пятровіч Клімчук.

Добры дзень! Мне 41 год, 15 гадоў хварэю на гіпатэрыёз, апошнія пяць гадоў халестэрын вышэйшы за норму ў 1,3-1,5 раза. Аднак пры гэтым захоўваю дыету, вага аптымальная. Ці трэба ў гэтым выпадку прымаць якія-небудзь меры (прэпараты, што зніжаюць узровень халестэрыну, і інш.) альбо гэта наступствы гіпатэрыёзу і змагацца няма сэнсу? Чым гэта небяспечна? Дзякуй. Ганна

Іван Клімчук: У гэтай сітуацыі, верагодна, ёсць другаснае павышэнне ўзроўню халестэрыну на фоне гіпатэрыёзу. Калі ўсе меры (дыета, падтрыманне масы цела, фізічная актыўнасць, адсутнасць шкодных звычак) на працягу 8-12 тыдняў не прыводзяць да стабілізацыі ўзроўню халестэрыну, дык неабходна на працягу доўгага тэрміну прымаць статыны.

Ужо прыкладна 2 гады я хаджу па ўрачах з праблемай: «У мяне з'яўляюцца сінякі». У асноўным, на нагах, пару разоў былі заўважаныя ў вобласці жывата (невялікія). Калі будзе ўдар, дык гематома будзе вялікая. А ў асноўным, сінякі з'яўляюцца проста так, часам з падскурным ушчыльненнем. За гэты час я звярталася да тэрапеўтаў, была накіраваная для кансультацыі на кафедру гематалогіі ў 9-ю бальніцу.Там правялі аналізы на фактар Вілебранда, фактар 8 і правялі ацэнку агрэгацыі трамбацытаў. З усяго гэтага мне паставілі дыягназ – тромбацытапенія (або -патыя, прабачце, паперы пакінула дома) і парэкамендавалі выключыць НСЗС. У аналізах ААК і БАК (на працягу 2 гадоў) сустракалася паніжэнне трамбацытаў (мінімум быў – 177), а таксама гемаглабін зніжаўся да 112. Тэрапеўт прызначала лячэнне таблеткамі фэрытаб (на працягу 1 месяца) + кантроль: гемаглабін узняўся да 123. Гэтак жа прымала рутаскарбін і флебадыю (не разам), пры першым ужыванні паляпшэнне адзначалася, пры наступных курсах праз паўгода асаблівых зменаў не заўважаю. УГД АБП адхіленняў не выявіла. УГД венаў ніжніх канечнасцяў: вянозная сетачка на правай назе. Работа клапанаў не парушаная (калі правільна напісала). Каагулаграма таксама адхіленняў асаблівых не паказала (здавала ў розных лабараторыях і паліклініках). Адхіленне было толькі ў адным паказчыку: АПТВ 39 - 41. S (Synlab). Яшчэ на целе вырасла шмат чырвоных радзімак (ангіём, мабыць). Тэрапеўты не звярталі асаблівай увагі на гэта. Пытанне ў мяне такое: да якога ўрача варта звярнуцца для больш дэталёвага абследавання?

Іван Клімчук: Для больш дэталёвага абследавання трэба звярнуцца да гематолага.

Наколькі праўдзівы тэст шляхам балансавання на адной назе з расплюшчанымі вачыма на працягу адной хвіліны для вызначэння ступені паражэння сасудаў мозгу бляшкамі? Якая ступень рызыкі пры 50%-ым звужэнні прасвету сонных артэрый за кошт бляшак? Ці ёсць сродкі для растварэння бляшак у сонных артэрыях?

Іван Клімчук: Такі тэст у сасудзістай хірургіі не выкарыстоўваецца. Для верыфікацыі ступені паражэння сасудаў галаўнога мозгу атэрасклератычным працэсам у нас ёсць ультрагукавыя метады дыягностыкі і розныя варыянты КТ. Пры такім звужэнні прасвету рызыка мінімальная (рызыка інсульту). Патрабуе дынамічнага УГД-кантролю. Сродкаў растварэння бляшак няма. Неабходна абмеркаваць прыём статынаў з вашым урачом.

Мне 58 гадоў, дыягназ: ІБС, ішэмічны кардыясклероз, эктапічны ніжнеперадсардэчны рытм. НО.NMHA ФК 1 Атэрасклероз і пашырэнне ўзыходзячага аддзела аорты. Умераная недастатковасць аартальнага клапана. Артэрыяльная гіпертэнзія 2 ступені. Якімі будуць рэкамендацыі?

Іван Клімчук: Вам неабходна прытрымлівацца ўсіх пастулатаў здаровага ладу жыцця, а менавіта – рацыянальнае харчаванне, фізічная актыўнасць, абмяжоўваць ужыванне алкаголю і выключыць курэнне. Неабходную медыкаментозную карэкцыю трэба абмеркаваць з вашым урачом – тэрапеўтам або кардыёлагам.

Ці ёсць сэнс для 60-гадовага мужчыны прафілактычна прымаць прэпараты на аснове гінкга-білоба (БАДы або лекі)? Калі ТАК, дык у якой дазіроўцы і як доўга? Ігар Аляксандравіч

Іван Клімчук: На жаль, прэпараты гінкга-білоба не знайшлі свайго адлюстравання ў сучасных рэкамендацыях, прынятых у сасудзістай хірургіі на падставе прынцыпаў доказнай медыцыны.

Мне 43 гады, вага 58, рост 167. Тэрапеўт ставіць дыягназ «гіперхалестэрынамія», бо ў мяне на працягу многіх гадоў заўсёды павышаны халестэрын. Агульны, як правіла, у раёне 6.8. Пры гэтым ЛПВШ каля 2.3-2.5, а ЛПНШ – 3.1-3.4. Пры гэтым ніякіх статынаў і да т.п. не прызначае, бо вага заўсёды стабільная, не п'ю і не палю. УЗІ сасудаў у норме, ніякіх бляшак няма. Скажыце, ці сапраўды ў маім выпадку нічога не трэба прадпрымаць і павышаны халестэрын не ўяўляе асаблівай небяспекі? Маргарыта, Магілёў

Іван Клімчук: Вам неабходна прайсці комплекснае абследаванне, якое ўключае УГД органаў брушной поласці, малога тазу для выключэння магчымых прычынаў павышэння ўзроўню халестэрыну. Выконваць рэкамендацыі па зніжэнні халестэрыну без медыкаментозных сродкаў (харчаванне, адэкватная фізнагрузка, адмова ад шкодных звычак, мінімізацыі стрэсу). У выпадку недасягнення мэтавых паказчыкаў халестэрыну, а жаданы ўзровень павінен быць меншым за 5,2 ммоль/л, разгледзець пытанне аб  выкарыстанні статынаў.

Мне 37 гадоў, апошнія два гады ў біяхімічным аналізе крыві выяўляецца павышаны ўзровень халестэрыну (6-6.5). Гэтак жа год таму на УГД БЦА выявілі пачатак утварэння бляшкі. Урач раіць піць разувастатын для змяншэння ўзроўню халестэрыну. Ааднак дадзеныя прэпараты (статыны) маюць шэраг сур'ёзных пабочных эфектаў, уключаючы цукровы дыябет, у сувязі з чым я адмовіўся ад іх прыёму. Спрабаваў выключыць з рацыёну мяса, за месяц такой дыеты ўзровень халестэрыну знізіўся нязначна (у межах 10%). Што вы можаце параіць? Як знізіць узровень халестэрыну і пазбегнуць нарастання бляшкі? Яўген

Іван Клімчук: Неабходна прытрымлівацца прынцыпаў рацыянальнага харчавання, а таксама тых пастулатаў здаровага ладу жыцця, пра якія мы пісалі вышэй, і ўважліва прааналізаваць свой радавод і генетыку. І адказаць сабе на пытанне: ці былі блізкія сваякі, асабліва па мужчынскай лініі, якія раптам памерлі ў маладым узросце? Калі такі акт будзе ўстаноўлены, дык вашая рызыка сардэчна-сасудзiстых захворванняў дастаткова высокая, і неабходна разгледзець прыём статынаў.

Тры гады таму мне паставілі стэнт. Урач сказаў, што гэты стэнт арганічны і што ён рассмокчацца з часам. Прыкладна праз пару гадоў. Наведваючы кардыёлагаў, я сутыкаюся з пэўным здзіўленнем на твары, калі паўтараю гэта. А менавіта, што ў мяне стэнт арганічны і ён павінен быў ужо рассмактацца. Ёсць адчуванне, што мне нешта не сказалі пра стэнт такога роду. Калі ласка, патлумачце для мяне, ці бываюць такія стэнты (што рассмоктваюцца) і на што мне звярнуць увагу? Ці варта прымаць пастаянна плавікс, аспірын, статыны? Віктар, 36 гадоў

Іван Клімчук: Удакладніць, які вам паставілі стэнт, неабходна ў той установе, у якой была выкананая аперацыя. З-за таго, што ў вашым маладым узросце вы перанеслі ўжо стэнтаванне, рызыка сардэчна-сасудзістых ускладненняў высокая. Таму прыём названых прэпаратаў неабходны, а дазіроўкі і канкрэтныя прэпараты варта абмеркаваць з вашым урачом.

У мужа павышаны агульны халестэрын – 6.49. І каэфіцыент антэрагеннасці 4.9. Піў мертыніл, не дапамагло. Потым прапіў 10 дзён Разуліп плюс – і ўсе паказчыкі ўпалі, а каэфіцыент наогул стаў 1.4. Займаецца спортам, есць мала тлустага, рабіў УГД сасудаў галаўнога мозгу і шыі – усё ў норме. Тэрапеўт кажа, што высокі халестэрын для яго – гэта норма. Ці праўда гэта? Перажываю, што будуць халестэрынавыя бляшкі. Што трэба яшчэ праверыць?

Іван Клімчук: Высокі халестэрын – гэта не норма ні для якога ўзросту. Калі ён павышаны ўжо, дык неабходна разгледзець мерапрыемствы па нармалізацыі ўзроўню халестэрыну, пачынаючы з немедыкаментозных, з наступным магчымым прымяненнем лекавых прэпаратаў. Што тычыцца дадатковага абследавання, дык можна выканаць ЭКГ, холтэраўскае манітарыраванне, УГД АБП.

Мяне завуць Ларыса, 47 гадоў. Я хударлявага целаскладу, без шкодных звычак, менапаўза не наступіла. Год таму здарыўся скачок артэрыяльнага ціску (160/80, 180/100). На працягу двух тыдняў збіць яго не атрымлівалася нават ўколамі. Прапісалі мне перындапрыл 4мг. Прымаю рэгулярна на працягу года. Ціск у норме. Але ўсе пабочныя элементы ад прэпарата прысутнічаюць. Адчуваю пастаянны дыскамфорт. Як мне адмовіцца ад прыёму прэпарата, ці магчыма гэта?

Іван Клімчук: Трэба звярнуцца да кардыёлага для падбору тэрапіі.

Якімі будуць вашыя рэкамендацыі пры такім ДЗ?! Закаркаванне і стэноз соннай артэрыі ЦБВ. Стэноз правай ВСА да 55% з паскарэннем ЛСК да 180 см/сек. Стэноз левай ВСА да 50% з паскарэннем ЛСК да 145 см/сек. ХСМН 2-й ступені.

Іван Клімчук: Здаровы лад жыцця. Пры адсутнасці алергіі і пабочных дзеянняў прэпаратаў і супрацьпаказанняў неабходны прыём ацэтылсаліцылавай кіслаты (аспірын) 75 мг і статынаў. Від і дазаванне – у залежнасці ад паказчыкаў вашай ліпідаграмы. Кантроль УГД БЦА 1 раз на год.

Апошнія 5 з паловай гадоў у мяне дыягназ «дыплапія» (дваіцца ўваччу на адлегласці ад 1,5-2 метраў і далей, гарызантальна злева направа). Мне 31 год, ніякіх траўмаў і захворванняў, звязаных з мозгам, не было. Была ў больш чым 8 афтальмолагаў і неўролагаў, нейраафтальмолага Кубаркі. Дыягназы ўрачоў розныя. Калі сцісла – афтальмолагі запэўніваюць, што з вачыма ўсё добра і прычыну дыплапіі варта шукаць у неўролагаў (дыягназ – дыплапія цэнтральнага генэзу). Неўролагі рэкамендуюць усё ж пашукаць прычыну ў афтальмолагаў альбо кажуць, што, магчыма, гэта наступствы цяжкай інфекцыі (акрамя прастуды, нічым не хварэла, ды і прастуда была рэдка). Нядаўна рабіла МРТ галаўнога мозгу і МР-ангіяграфію. Цытую з заключэння: «Пры МР-ангіяграфіі адзначаецца падаўжэнне і S-падобная звітасць шыйнага сегменту левай ВСА без петлеўтварэння, шыйны сегмент правай ВСА не зменены. Сіфоны сонных артэрый з абодвух бакоў выяўленыя выразна, без прыкметаў кампрэсіі. Сярэднія мазгавыя артэрыі, як звычайна, адыходзяць ад ВСА з кожнага боку. Пярэднія мазгавыя артэрыі размешчаныя звычайна, не змененыя. V4 сегменты пазваночных артэрый асіметрычныя з прычыны прыроджанай гіпаплазіі правай пазваночнай артэрыі – шырыня прасвету 0,1 см, з процілеглага боку – 0,3 см. Асноўная артэрыя мае звычайны ход і дыяметр, дзеліцца на заднія мазгавыя артэрыі, якія не змененыя. У пералічаных артэрыях гемадынамічна значных стэнозаў, сасудзістых мальфармацый, анеўрызмаў і паталагічнага петлеўтварэння не выяўлена». З УГД бранхіяцэфальных сасудаў у 2014 г: «Паталагічная звітасць ПА з абодвух бакоў (прыступкападобная), памяншэнне дыяметра ПА справа». У сувязі з доўгім пошукам дыягназу правярала розныя версіі прычыны сваёй праблемы. Пытанне маё такое. Ці магчымая хаця б маленькая верагоднасць таго, што мой стан сасудаў мог выклікаць дыплапію (наколькі мне вядома, ПА сілкуюць зрокавы цэнтр у патылічнай частцы). Ці можаце даць якія-небудзь рэкамендацыі па ладзе жыцця (харчаванні, фізнагрузцы і г.д.) для пазбягання ў будучым праблемаў, звязаных з вузкімі і звілістымі сасудамі?

Іван Клімчук: Вам варта зрабіць УГД БЦА, бо папярэдняе вы рабілі 5 гадоў таму. УГД БЦА выканаць з ацэнкай хуткасных паказчыкаў кроватоку ў сонных і пазваночных артэрыях. Пры выяўленні адхіленняў звярнуцца па кансультацыю ў Гарадскі сасудзісты цэнтр да сасудзістага хірурга (4ГКБ).

Шмат ад каго чуў, што курэнне аказвае істотны ўплыў на сасуды. Пра сэрца – зразумела, а як на іншыя сасуды і крывяносную сістэму ўплываюць цыгарэты? Кінуць пакуль не магу, таму хачу спытацца: як паменшыць шкоду курэння для крывяноснай сістэмы?

Іван Клімчук: Цыгарэты ўплываюць на ўсе артэрыяльныя сасуды нашага арганізма (сэрца, галаўнога мозгу, канечнасцяў). Яны запускаюць адзіны працэс, які называецца атэрасклероз. Такія вядомыя сасудзістыя катастрофы, як інфаркт, інсульт і гангрэна канечнасцяў, – гэта праява адной глабальнай хваробы, атэрасклерозу. У залежнасці ад таго, у якім басейне раней наступіла дэкампенсацыя, там і ўзнікнуць першыя праявы. Курэнне – адзін з самых значных фактараў, якія прыводзяць да ўзнікнення і прагрэсавання атэрасклератычнага працэсу ва ўсіх артэрыяльных басейнах. І паменшыць шкоду для арганізма можна, толькі кінуўшы паліць.

У майго мужа (56 гадоў) гадоў 8 таму пры абследаванні ў кардыёлага і здачы аналізаў выявіўся высокі халестэрын 9.5 ммоль (агульны, нізкай шчыльнасці, высокай шчыльнасці быў і ёсць у норме). Тады сімптомы былі – задыхаўся пры невялікай нагрузцы і хадзе. Тады яшчэ трохі пакурваў. Цяпер даўно не паліць. Кардыёлаг прапісаў Аторыс і сказаў, што яго давядзецца піць усё жыццё. І захоўваць дыету. Мы перыядычна правяралі халестэрын. Калі п'ём Аторыс 20мг/суткі – халестэрын норма, а калі кідае піць – адразу да 10 ммоль скача. Дыету выконваем, але не жорсткую, фізічная нагрузка ўмераная пастаянна. Усе паказчыкі астатнія ў яго ў норме. Задышкі ўжо даўно няма. Параметры таліі і сцёгнаў для мужчыны выдатныя, Апалон нават :). У мяне пытанне. Ці можна неяк без гэтых таблетак трымаць халестэрын у норме? Можа, ёсць пэўныя нехімічныя сродкі? Можа, сасуды можна і трэба неяк чысціць?

Іван Клімчук: Сасуды немагчыма ачысціць, а прыём статынаў у дадзенай сітуацыі жыццёва неабходны.

У мяне халестэрын 5.4 =, ЛПВШ 1.6 =, ЛПНШ 3.6 =. Мне 39 гадоў. Два гады таму выдалены жоўцевы пузыр. Скажыце, мае паказчыкі халестэрыну павінны мяне насцярожыць? Як прывесці халестэрын у норму, пачысціць сасуды?

Іван Клімчук: На паказчыкі халестэрыну ў вашым выпадку варта звярнуць увагу, бо агульны халестэрын і яго атэрагенныя фракцыі перавышаюць аптымальныя значэнні. І звярнуцца да метадаў немедыкаментознай карэкцыі, пра якія мы гаварылі раней. Працэдуры чысткі сасудаў няма, як і цудадзейных напояў для ачышчэння сасудаў.

Ці можна кантраляваць ступень паражэння сасудаў пры атэрасклерозе? У 2019 годзе пры УГД БЦА у падключычнай артэрыі выяўленая кальцынаваная бляшка 55% у дыяметры, у соннай артэрыі – 25%. Зараз прымаю статыны (мертэніл 10), сачу за халестэрынам (АХ 3,88; ЛПНШ 1,5; ЛПВШ 2,16), штодня прымаю аспірын-кардыё 100. Ці дастаткова гэтага лячэння для прыпынення «закаксоўвання» сасудаў? Кантроль за станам сасудаў ажыццяўляць маніторынгам з дапамогай УГД ці ёсць іншыя метады? Да якога крытычнага значэння дапускаецца звужэнне прасвету сасудаў БЦА і ці магчымы зваротны працэс?

Іван Клімчук: Медыкаментознай тэрапіі цалкам дастаткова, пажадана дадаць здаровы лад жыцця. Дастаткова ўльтрагукавога маніторынгу. 75% з'яўляюцца тым парогавым значэннем, калі мы разглядаем варыянты хірургічнага ўмяшання.

Ці праўда, што алкаголь чысціць сасуды?

Іван Клімчук: Няпраўда. Ён з'яўляецца прадуктам, які спрыяе пашкоджанню сасудаў, развіццю цукровага дыябету і ўзнікненню атэрасклерозу. Таму бяспечных дозаў алкагольных напояў няма.

Як вегетарыянства адбіваецца на сасудах? Сярод людзей, якія прытрымліваюцца такога харчавання, меней тых, хто пакутуе ад захворванняў сасудаў?

Іван Клімчук: У нашай краіне з-за адсутнасці шырокага распаўсюджвання вегетарыянства сярод тых людзей, якія зараз з'яўляюцца пацыентамі сасудзістых хірургаў, мы не можам дакладна ацаніць уплыў гэтай з'явы на стан сасудзістай сценкі. Тэарэтычна перадумовы вегетарыянства ў падтрыманні больш здаровага стану артэрый існуюць. Але гэтае пытанне патрабуе далейшага навуковага вывучэння.

Як вызначыць якасць павышанага халестэрыну? Які аналіз трэба для гэтага здаваць?

Іван Клімчук: Трэба здаць разгорнуты аналіз, які называецца ліпідаграма. Ён пакажа і якасны, і колькасны склад халестэрыну.

Мне 65 гадоў. Прымаю Molsidomine і amlodipine на працягу 6-ці месяцаў. 2 месяцы таму спыніліся прыступы. Калі можна спыніць прыём гэтых лекаў?

Іван Клімчук: Гэтыя праблемы знаходзяцца па-за маёй кампетэнцыяй. Вам неабходна звярнуцца да кардыёлага.

Падкажыце, калі ласка, як вызначыць, што з сасудамі не ўсё ў парадку? Асноўныя сімптомы? Чытала, што гэта могуць быць сутаргі, скура робіцца сухой, можа пагаршацца нават выгляд валасоў і пазногцяў?

Іван Клімчук: У нас ёсць тры віды сасудаў. Гэта вены, артэрыі і лімфатычныя сасуды. Пры паталогіі кожнай групы сасудаў будзе свая сімптаматыка. Пры варыкознай хваробе асноўныя сімптомы – гэта пачуццё цяжару ніжніх канечнасцяў, асабліва пасля фізічнай нагрузкі і напрыканцы працоўнага дня. Наяўнасць сутаргаў часцей у начны час. Пачуццё ацёку да заканчэння дня. Пагаршэнне выгляду валасоў і пазногцяў характэрнае для паталогіі артэрый ніжніх канечнасцяў, калі з-за парушэння сілкавання выпадаюць валасы на галёнцы, парушаецца іх рост, пазногці на пальцах ног страчваюць свой бляск і робяцца слаістымі.

Што «губіць» нашы сасуды? Чуў, што галаданне можа дапамагчы пачысціць іх? Ці так гэта? Калі так, дык колькі па часе і як правільна трэба галадаць? Генадзь, 49 гадоў

Іван Клімчук: На нашы сасуды ўздзейнічае адмоўна курэнне, ужыванне спіртных напояў, ежа, багатая на тлушчы і вугляводы, адсутнасць штодзённай фізічнай нагрузкі. Што тычыцца галадання, дык яно не знайшло свайго прымянення ў афіцыйнай медыцыне.

Працяг – у наступным матэрыяле на гэтую тэму. Сачыце за абнаўленнямі на сайце!

Фота – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

178 0 110

Глядзіце таксама
Наверх