22 Лютага
22.02.2020

Як захаваць зрок. Афтальмолагі адказалі на вашыя пытанні

logo
Вострае пытанне
141 0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці перадаецца блізарукасць і глаўкома ў спадчыну? Ці рэальна дапамагаюць акуляры Панкова? Як правяраць зрок пры цукровым дыябеце? На пытанні чытачоў адказваюць Вікторыя Красільнікава, галоўны пазаштатны дзіцячы афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, прафесар кафедры афтальмалогіі БелМАПА, доктар мед.навук, і Ігар Забароўскі, загадчык аддзялення лазернай мікрахірургіі Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й ГКБ Мінска, кандыдат мед.навук. Пачатак анлайн-канферэнцыі тут.

врачи-офтальмологи

Ступень блізарукасці дзецям не перадаецца

Якія мерапрыемствы праводзяцца ў краіне для зніжэння колькасці дзяцей з блізарукасцю? Якія новыя методыкі і тэхналогіі выкарыстоўваюцца для яе лячэння?

Вікторыя Красільнікава: Урбанізацыя не спрыяе паляпшэнню зрокавых функцый не толькі ў дзяцей у нашай краіне, але і ў цэлым у свеце. Мы страцілі неабходнасць бачыць далёка, наадварот, наша якасць жыцця сёння залежыць ад таго, наколькі мы валодаем навыкамі працы з сучаснымі гаджатамі, вочы нам патрэбныя для дзеянняў на блізкай адлегласці. Для гэтага «ідэальная» невялікая блізарукасць: ад 1 да 3 дыёптрый. Таму ў некаторых высокатэхналагічных краінах, напрыклад, у Японіі, блізарукасць да 3 дыёптрый лічыцца нормай.

У краіне дзейнічаюць школьныя санітарныя нормы, накіраваныя на захаванне зроку. Але дзіця не ўвесь дзень у школе, большую частку часу яно праводзіць дома. Таму галоўная задача бацькоў сёння – прывіваць дзецям культуру актыўнага ладу жыцця. Мы выразна бачым: калі рэжым працы і адпачынку выконваецца, развіццё блізарукасці спыняецца. Часта бацькі, каб адцягнуць дзяцей ад гаджатаў, нагружаюць іх іншай зрокавай нагрузкай, напрыклад, запісваюць на заняткі музыкай і прымушаюць шмат займацца. Але гэта таксама праца на блізкай адлегласці, якую трэба чаргаваць з іншымі відамі дзейнасці. Дзіцяці павінна быць дадзенае права на «долю разгільдзяйства», каб яно не ператамілася ў занятках, каб быў час на актыўную дзейнасць. Новыя методыкі і апараты для прафілактыкі блізарукасці з'яўляюцца, але яе трэба пачынаць у сям'і.

Хваробы вачэй.

Дачцэ 15 гадоў. На працягу 5 гадоў падае зрок на адным воку. Зараз адно вока бачыць 0,1, другое – 1. Наколькі гэтая сітуацыя сумная і што нам можна зрабіць? У мяне блізарукасць, - 6 вочы. Можа, гэта спадчыннасць?

Вікторыя Красільнікава: Сітуацыя зусім не сумная, паколькі міяпія – не прысуд. Калі ў аднаго з бацькоў маецца блізарукасць, дык верагоднасць яе развіцця ў дзіцяці – больш за 50%. Але ступень блізарукасці ў спадчыну не перадаецца. Розніцу паміж правым і левым вокам можна растлумачыць перабудовай вока на працу на блізкай адлегласці. Каб другое вока хутка не дагнала першае, трэба правільна арганізаваць рэжым працы і адпачынку дзіцяці. Гэта вельмі важна. Рэкамендацыі – тут.

Сыну 16 гадоў. Міяпія слабай ступені. Як прадухіліць пагаршэнне і ці можна аперыравацца?

Вікторыя Красільнікава: Паўтаруся: міяпія – не прысуд, а прынцып жыцця. Выбар карэкцыі міяпіі вельмі індывідуальны. Можна ў 18 гадоў зрабіць аперацыю, можна, як альтэрнатыва, насіць начныя артакераталагічныя лінзы, можна выкарыстоўваць акуляры. Зараз прамысловасць выпускае шмат прыладаў і гаджатаў, якія дазваляюць карыстацца акулярамі ў поўнай меры. Напрыклад, ёсць дадатковыя накладкі для акулярных апраў, якія змяняюць колер шкла, дазваляюць працаваць з камп'ютарам і вадзіць машыну ў пахмурнае надвор'е або начны час. Цяпер існуюць акуляры з дыёптрыямі для плавання, для катання на горных лыжах і г.д.

Ці прымяняецца ў Беларусі атрапін у лячэнні блізарукасці ў дзяцей? Ваша меркаванне з нагоды прыбора АІСТ-01 ЛК для зніжэння блізарукасці? У сына (9 гадоў) – блізарукасць, якая прагрэсуе, на дадзены момант на левае і правае вока аднолькава -3,75.

Вікторыя Красільнікава: Лячэнне дзяцей атрапінам у Беларусі не прымяняецца. Ён выкарыстоўваецца толькі для вызначэння сапраўднай рэфракцыі і зняцця спазму акамадацыі ў момант правядзення дыягнастычнай маніпуляцыі. «АІСТ» – добры прыбор, але ён у асноўным выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння развіцця амбліяпіі. Для прафілактыкі зніжэння блізарукасці ён не дае такога эфекту.

офтальмолог

Ужо некалькі разоў асабіста чула параду ад замежных афтальмолагаў, што доўгае закапванне атрапіну 0,01% дапамагае прыпыніць падзенне зроку. Ваша меркаванне? І ці можна выраб кропель заказваць у нас?

Вікторыя Красільнікава: Атрапін адносіцца да моцнадзейных прэпаратаў з досыць вялікім пералікам пабочных эфектаў. Некалькі гадоў таму заходнія афтальмолагі былі катэгарычна супраць атрапіну, шырока ўжывальнага на тэрыторыі Садружнасці. Ёсць прэпараты з меншай колькасцю пабочных эфектаў і не менш эфектыўных. У апошнія гады фармацэўтычная прамысловасць перайшла на гатовыя вочныя формы ў кроплях, так што замовіць дадзены раствор не атрымаецца.

Акуляры Панкова – не панацэя

Хваробы вачэй. Акуляры Панкова.

Як вы ставіцеся да акуляраў Панкова? Ці ёсць у іх які сэнс ці гэта плацэба? Рэкамендавалі іх у якасці падтрымліваючай тэрапіі пры частковай атрафіі глядзельнага нерва ў выніку рэтрабульбарнага неўрыту. Зрок не аднаўляецца.

Ігар Забароўскі: Гэта адна з тыповых сітуацый, калі дастаткова просты, вядомы ўсім афтальмолагам эфект увасабляецца ва «ўнікальны» сродак лячэння практычна ад усіх захворванняў вачэй. Казаць пра шкоду дадзеных акуляраў пры адсутнасці супрацьпаказанняў не даводзіцца: функцыянальнае ўздзеянне на радужку вока ў шэрагу выпадкаў можа мець станоўчы эфект. Пры вашым дыягназе не варта чакаць зрокавага выніку ад выкарыстання названых акуляраў.

Мне 31 год. За год да нашэння брэкетаў па выніках медыцынскага абследавання зрок быў ідэальным. Праз год абследаванне паказала: 0,5 на левае вока, паказчык па правым воку не змяніўся. Ці можа нашэнне брэкет-сістэмаў сапсаваць зрок?

Ігар Забароўскі: Няма дакладнай інфармацыі пра ўплыў нашэння брэкет-сістэмаў на вастрыню зроку пацыентаў. Для знаходжання сапраўднай прычыны зніжэння вашага зроку і ўстанаўлення тэарэтычна магчымай сувязі з нашэннем брэкетаў трэба прайсці дэталёвае афтальмалагічнае абследаванне.

Игорь Заборовский офтальмолог РБ

Пры цукровым дыябеце – рэгулярна наведваць афтальмолага

Жанчына, 64 гады, дыябет 2-й ступені, прымае інсулін. Ёсць праблемы са зрокам. Якія абследаванні неабходна прайсці, каб устанавіць дыягназ і прызначыць лячэнне?

Ігар Забароўскі: Дыябетычная рэтынапатыя (паталагічныя змены сятчаткі з прычыны цукровага дыябету) – важная праблема, якая прыводзіць да зніжэння вастрыні зроку. Таму кожны пацыент пры наяўнасці цукровага дыябету павінен рэгулярна праходзіць афтальмалагічнае абследаванне. У вашым выпадку неабходна прайсці агляд сятчаткі з фундус-лінзай для выключэння альбо пацверджання дыябетычнай рэтынапатыі. У залежнасці ад стадыі для лячэння дадзенага захворвання можа выкарыстоўвацца лазерная каагуляцыя сятчаткі.

У мяне міяпія сярэдняй ступені, зараз нашу акуляры з дыёптрыямі -5,75 і -5,25. На аглядзе ва ўніверсітэце паставілі спецмедгрупу па фізкультуры. Да гэтага я актыўна займалася спортам (фітнэс, кардыётрэніроўкі). Наколькі сур'ёзныя мае абмежаванні ў занятках фізкультурай? Ці магу я працягваць займацца, абмежаваўшы сябе ў пэўных відах дзейнасці, ці заняткі спортам мне цалкам супрацьпаказаныя?

Ігар Забароўскі: Каб вырашыць пытанне, ці з'яўляецца міяпія сярэдняй ступені абмежаваннем для пэўных заняткаў фізкультурай, варта прайсці агляд з фундус-лінзай, гэта значыць агледзець перыферыю сятчаткі. Выкажу сваё меркаванне: калі на сятчатцы няма праблемаў, я не бачу неабходнасці ў абмежаванні заняткаў фізкультурай – за выключэннем сілавых нагрузак, да прыкладу, цяжкай атлетыкі, працяглых практыкаванняў у перавернутым становішчы. У цэлым, умераная фізічная актыўнасць дабратворна ўплывае на ваш агульны стан здароўя і зрок у прыватнасці. Разгледзьце магчымасць выкарыстання кантактных лінзаў для выключэння рызыкі траўмавання вачэй у выпадку пашкоджання акуляраў.

Хваробы вачэй. Заняткі фітнэсам не пашкодзяць.

Ці ёсць якія-небудзь спосабы выправіць памутненне рагавіцы пасля кератыту? У дадатак ёсць міяпія, вока з пашкоджанай рагавіцай не карэктуецца шклом.

Вікторыя Красільнікава і Ігар Забароўскі: Гэта залежыць ад ступені памутнення і яго месца размяшчэння. У шэрагу выпадкаў рагавіца сама паступова выпраўляе падобныя дэфекты. Калі памутненне закранае глыбокія слаі, можна выкарыстоўваць паслойную або скразную кератапластыку. Пры размяшчэнні памутнення ў павярхоўных слаях рагавіцы можа быць праведзеная фотатэрапеўтычная кератэктомія пры дапамозе эксімернага лазера.

Мне 41 год. У падлеткавым узросце ўпаў зрок, шмат гадоў нашу кантактныя лінзы (на правае і левае вока -4). Зніжэння зроку на працягу многіх гадоў няма. Паўгода таму мне паставілі дыягназ «глаўкома». Зараз карыстаюся кроплямі «Травапрэс» з моманту пастаноўкі дыягназу, раз у 2 месяцы правяраю вочны ціск. Пакуль усё нармальна. Куды далей звяртацца? Якая верагоднасць, што ў маіх дзяцей будзе глаўкома?

Вікторыя Красільнікава: Пры глаўкоме неабходнае дынамічнае назіранне ў акуліста па месцы жыхарства, пры кампенсацыі ўнутрывочнага ціску дастаткова тых прызначэнняў, якія зробленыя. Раз у год можна праводзіць паглыбленае абследаванне органа зроку ва ўмовах глаўкомных кабінетаў вядучых клінік краіны. Прамога атрымання ў спадчыну глаўкомы няма, але ў спадчыну можа перадавацца схільнасць да глаўкомы, звязаная з анатамічнымі асаблівасцямі вока.

Слёзазаменнікі пры працяглай працы за камп'ютарам – абавязковыя

Хваробы вачэй. Слёзазаменнікі абавязковыя.

Працую 8 гадзін у дзень за камп'ютарам. Часта чую, што ў мяне чырвоныя вочы, адчуванне трэснутых сасудаў. На выходных агульная карцінка не мяняецца, хаця камп'ютар не ўключаю, пастаянна ў тэлефоне ці ля тэлевізара не сяджу. Звярталася да афтальмолага: ціск вочны ў норме, зрок выдатны, вочы часам баляць, сухасці не назіраю, але пэўны час капала штучныя слёзы. Купіла акуляры для камп'ютара, але безвынікова. Вочы такія ж чырвоныя пастаянна (аналізы ўсе ў норме, печань таксама, але ёсць яшчэ і трохі жоўты налёт на яблыках вачэй). У чым можа быць прычына?

Вікторыя Красільнікава: Як мы ўжо казалі, вельмі важны рэжым працы на блізкай адлегласці і з гаджатамі. Падчас працы на камп'ютары мы рэдка міргаем, што прыводзіць да падсыхання вочнага яблыка, спачатку непрыкметнага і кампенсуемага выпрацоўкай дадатковай колькасці слязы, якая па якасці не адпавядае нармальнай. Болевыя адчуванні ў вачах называюцца астэнапічнымі скаргамі і могуць сведчыць аб працы вока ў некамфортных для яго умовах і паступовай перабудове ў міяпічнае вока. Прымяненне слёзазаменнікаў пры працяглай працы за камп'ютарам практычна абавязковае, і яно павінна быць працяглым, а не эпізадычным.

врачи-офтальмологи

Ці ёсць у Беларусі і дзе эфектыўныя метады лячэння харыёрэтыніту вачэй?

Вікторыя Красільнікава: Лячэнне харыёрэтыніту ў Беларусі праводзіцца па сусветных канонах у залежнасці ад прычыны і шляхоў яго развіцця. На жаль, запаленчыя з'явы ў сятчатцы прыводзяць да развіцця дыстрафічных ачагоў (рубцоў), якія не вяртаюцца да нармальнай структуры. У 35% выпадкаў, паводле міжнародных дадзеных, устанавіць прычыну харыёрэтыніту не атрымліваецца, і тады лячэнне праводзіцца сімптомна.

Дзіцяці 8 месяцаў, ад нараджэння трохі гнаілася левае вока і крыху больш слязы ў ім. Дыягназ – дакрыёцыстыт. Лячылі лекамі, рабілі масаж, праціралі фурацылінам. На момант лячэння каларголам гною ўжо не было, па носаслёзнаму каналу кроплі ў нос праходзілі. Але праз некалькі тыдняў старэйшае дзіця прынесла з саду кан'юктывіт, і ў малодшага зноў пачаліся праблемы з вочкамі, але ўжо адразу з двума. Пралячылі лекамі. Але практычна штодня і ў старэйшага, і ў малодшага па раніцах засохлае ў кутках вачэй. Да кан'юктывіту такога не было. Гэта нармальна ці мы ўсё ж не да канца вылечылі кан'юктывіт? І ці трэба ў дадзенай сітуацыі рабіць малышу зандаванне носаслёзнага канала?

Вікторыя Красільнікава: Засохлае раніцай – не паказчык паталогіі, гэта натуральны працэс. Іншая справа, калі пры націсканні ў вобласці слёзнага мяшка бачныя выдзяленні – тады можна казаць пра цяжкасці ў праходжанні носаслёзнага канала. Акрамя таго, інфекцыі ў нязначнай колькасці могуць захоўвацца ў слёзным мяшку пасля кан'юктывіту. На мой погляд, прамыванне слёзных шляхоў не пашкодзіць. Гэта дазволіць вызначыць, наколькі добра праходныя слёзныя шляхі, і вымыць інфекцыю. Прамыванне – больш зберагальная маніпуляцыя, чым зандаванне. Аб пралечанасці кан'юктывіту, не бачачы дзіця, сказаць немагчыма.

Хваробы вачэй.

У маёй дачкі ДЦП, ускладненая міяпія высокай ступені (-18; -15), перыферычная дыстрафія сятчаткі, частковая атрафія зрокавых нерваў. Выпраўлялі касавокасць, рабілі склерапластыку вачэй. Што яшчэ можна зрабіць, каб захаваць і палепшыць зрок дзіцяці?

Вікторыя Красільнікава: У дадзенай сітуацыі асноўную ўвагу неабходна надаваць прафілактыцы прагрэсавання захворвання. Раз у год праводзіць агляд вочнага дна з фундус-лінзай, каб не прапусціць утварэння новых дыстрафічных ачагоў і своечасова правесці лазерную каагуляцыю сятчаткі.

Натуральныя роды – рызыка рэцыдыву адслаення сятчаткі

Ці з'яўляецца адслаенне сятчаткі ў анамнэзе цяжарнай жанчыны і міяпія высокай ступені паказаннямі да кесарава сячэння? Ці ёсць рызыка пагаршэння і страты зроку пры натуральных родах у такім выпадку?

Ігар Забароўскі: Як правіла, адслаенне сятчаткі пры міяпіі высокай ступені з'яўляецца абмежаваннем патужнага перыяду родаў. Вядзенне родаў праз натуральныя родавыя шляхі можа прывесці да рэцыдыву адслаення сятчаткі з парушэннем зрокавай функцыі. На мой погляд, падобныя выпадкі трэба разглядаць індывідуальна, у тым ліку са стварэннем кансіліуму ўрачоў, які ўключае афтальмолага і акушэр-гінеколага.

офтальмологи о болезни глаз

Ці можна пры хваробе Бехцерава зрабіць лазерную карэкцыю зроку і да якога ўзросту? Маецца блізарукасць -7 дыёптрый і астыгматызм.

Ігар Забароўскі: Хвароба Бехцерава з'яўляецца супрацьпаказаннем да лазернай рефракцыённай хірургіі. Правядзенне дадзенай аперацыі не рэкамендаванае.

Мне 40 гадоў. Ці можна зрабіць паўторную лазерную аперацыю па лячэнні блізарукасці? Першая была 16 гадоў таму пры блізарукасці -6 і -7 на вачах. Зараз зрок пачаў пагаршацца: 0,7 і 0,5.

Ігар Забароўскі: Ва ўзросце 40 гадоў пры названых паказчыках зроку непажадана праводзіць паўторную лазерную карэкцыю з прычыны істотнай траўматызацыі рагавіцы пры аперацыі і магчымага парушэння зроку на блізкай адлегласці.

Фота экспертаў – Яўген Крэч.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

141 0 63

Журналіст
Глядзіце таксама
Наверх