24 Снежня
24.12.2018

«Ёлкі»!!!

logo
Думкі ўслых
66 0 19
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ў нас традыцыя! Кожны год напрыканцы снежня мы... ходзім у кіно – глядзець «Ёлкі»! Дакладней, такую традыцыю некалькі гадоў таму завялі мой брат і яго старэйшая дачка. А я ўжо далучылася.

Фільм хто хваліць, а хто крытыкуе... Для кагосьці без яго ўжо і Новы год не свята... Як для аматараў «Іроніі лёсу» са стажам. Кожны мае права на сваё меркаванне. Але я проста няшмат ведаю такіх сучасных фільмаў, якія б краналі душу і выклікалі слёзы на вачах.

Сама я гэтую серыю фільмаў пачынала глядзець не з першага, а з трэцяга, здаецца. Гэта пасля прыахвоцілася ўжо. А паколькі апошнім часам добра так узяліся за пірацкія копіі і аўтарскае права... Дык у нармальным разрашэнні і з нармалёвым гукам «Ёлкі»  напрыканцы снежня можна паглядзець толькі ў кінатэатры.

У мінулым годзе разам з намі яго глядзела яшчэ адна дзяўчына – 4 чалавекі ва ўсёй зале чэрвеньскага кінатэатра. Сёлета нас, гледачоў, было пяцёра. А шкада... І яшчэ цікава, што на ўсіх афішах напісана, што фільм у кінатэатрах сёлета з 27 снежня. А мы яго паглядзелі ўжо 23-га...

Вядома ж, не буду пераказваць сюжэт. Толькі калі дзесьці пра фрагменты напішу. У асноўным жа – пра ўласныя ўражанні. Дык вось «Ёлкі апошнія» – фільм вельмі добры. Фільм пра веру, надзею і любоў. Пра чалавечыя адносіны. Пра каханне і вернасць. Пра тое, што трэба ўмець дараваць.

У гэтыя перадсвяточныя дні нават самы вялікі скептык у глыбіні душы верыць у цуд. І цуды сапраўды здараюцца. І самі па сабе, і калі хтосьці стварае іх для іншага сапраўды сваімі рукамі... Галоўнае – верыць. У цуды, у іншых і ў сябе.

А яшчэ фільм – пра душэўнасць. Пра тое, што можна адмаўляцца ад многага, толькі каб камусьці стала цёпла, хораша і прыемна. А мы ў большасці сваёй у рэальным жыцці ўжо так навучыліся стрымліваць парывы сваёй душы... З-за таго, што могуць няправільна зразумець, не прыняць нашага дарунку... Нам могуць адмовіць, і гэтага так баімся! Хаця што можа здарыцца ад звычайнай адмовы? Ды нічога кепскага. Усе застануцца жывымі і здаровымі...

Калі чалавек чымсьці моцна пакрыўдзіў, нават калі здрадзіў, усё ж трэба даваць яму яшчэ адзін шанц. На выпраўленне. І ў «Ёлках апошніх» гэта таксама паказана вельмі яскрава. Любы чалавек не павінен заставацца адным і адзінокім... Асабліва ў навагоднюю ноч...

Прыйсці сваім сямействам да чужога сталага чалавека, якому ніяк не даруе ўласны сын, і прапанаваць яму: «Будзьце нашым дзедам! Давайце разам святкаваць! А калі не адчыніце, мы застанёмся пад дзвярыма...» Думаеце, такое бывае толькі ў фільмах??? А я веру, што і ў сапраўднасці. І так кранальна пастаўлена сцэна, што слёзы градам... І хочацца прамаўляць на ўвесь свет: «Не крыўдзіце сваіх састарэлых сваякоў!»

«Эх, мабыць, не засталося на свеце сапраўднага сяброўства, сапраўднага кахання!» – часцяком уздыхаем мы, не робячы нічога для таго, каб самім падтрымліваць гэтыя пачуцці... А сапраўдны сябар – гэта той, каго проста немагчыма адпусціць за тысячы кіламетраў... А сапраўднае каханне – зусім не да знакамітасцяў – яркіх, заваблівых, але ўжо чыіхсьці мужоў і жонак у рэале, а да таго, хто побач з намі...

Вось такія яны, гэтыя «Ёлкі»... Прымушаюць перажываць, смяяцца і плакаць, задумвацца над сваімі ўчынкамі. Яны робяць нас, гледачоў, хаця б трошачкі чысцейшымі душой. Сапраўдная магія кіно... Навагодняя...

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

66 0 19

Рэдактар беларускай версіі сайта, журналіст, блогер
Наверх